Tribuna/Футбол/Блоги/Артыкулы Дылетанта/Хто спрабуе загубіць усю працу АБФФ?

Хто спрабуе загубіць усю працу АБФФ?

Засланіць тэму мінулага тыдня не можа ні чарговае чэмпіёнства БАТЭ, ні бягучыя матчы еўракубкаў. Страта ачкоў у матчы з Люксембургам моцна ўжо засела ў розуме беларусаў.

Автор — Пан Дзі Мон
19 октября 2016, 16:05
3

Засланіць тэму мінулага тыдня не можа ні чарговае чэмпіёнства БАТЭ, ні бягучыя матчы еўракубкаў. Страта ачкоў у матчы з Люксембургам моцна ўжо засела ў розуме беларусаў. Цягнуць справу не буду, скажу адразу, каго я вінавачу ў дыскрэдытацыі працы беларускай федэрацыі футбола - саму зборную Беларусі. 

Вайна паміж заўзятарамі і гульцамі зборнай працягваецца ўжо даўно, можна падумаць, што з спрадвечных часоў. Першыя абвінавачваюць другіх у «сырой» і безыдэйнай гульні, другія ж кажуць, што першыя сталі нахабнымі, не вераць і не ходзяць на матчы зборнай. Ад вечнай крытыкі з боку журналістаў і заўзятараў (больш за тое, несправядлівай, як лічаць самі гульцы) футбалісты стаміліся. Капітан каманды Аляксандр Мартыновіч казаў, што нашы заўзятары - гэта наогул асобная тэма. Мы, маўляў, усе тут канапавыя крытыкі і на трыбуны не жадаем хадзіць. І тут адразу паўстае пытанне: а як жа тыя 2-3 тысячы, якія стабільна ходзяць на матчы, яны што не вашыя заўзятары? 

Аднак стоп, гэты запіс не для таго, каб зноў развязаць вечную бітву. Я павінен выказаць сваю думку і расказаць, у чым жа зборная вінаватая перад АБФФ.

Раней з боку федэрацыі футбола падрыхтоўка да кваліфікацыі на ЕЎРА або ЧС абмяжоўвалася толькі агучкай супернікаў, кошце і пачатку продажаў квіткоў. У гэтым годзе АБФФ быццам выйшла са спячкі, змяніўшы твар і нават імя зборнай. Усё пачалося з таго, што ў федэрацыі пацярпеў змены аддзел маркетынгу, які ўзначаліў Уладзімір Беражкоў (а дакладней, каб не пакрыўдзіць, узначаліў дэпартамент па маркетынгу і камунікацыях Беларускай федэрацыі футбола, што б гэта не значыла).

Беражкоў і Ко сталі для гульцоў нацыянальнай зборнай гэткім «чараўніком ў блакітным верталёце», вырашыўшы выканаць іх мару: поўныя трыбуны на хатнія матчы. І на дадзены момант, варта сказаць, абяцанне выконвае. За час правядзення матчаў зборнай на «Барысаў-Арэне» гульня з Францыяй (12920 гледачоў) стала другой па наведвальнасці, саступіўшы толькі леташняй гульні з Іспаніяй (13121). А наведвальнасць матчу са сціплай зборнай Люксембурга (9011) стала чацвёртай у Барысаве, саступіўшы Украіне (11000) і ўжо згаданым раней матчам.

Адсюль бачна, што беларускаму гледачу цікавы толькі статус суперніка, а не магчымы зыход матчу.

Мінулыя разы аўдыторыю на матчы Беларусі збіралі яе супернікі: Іспанія - аншлаг, Люксембург - тыя ж верныя 2-3 тысячы. Адсюль і карані вечнага канфлікту.

У гэтым сезоне ў АБФФ адбылася сапраўдная рэвалюцыя ў сферы маркетынгу: поўны рэбрэндынг, анлайн прэс-канферэнцыі, адкрытыя трэніроўкі і іншыя плюшкі. Федэрацыя актыўна пачала паводзіць сябе ў медыя і сацыяльных сетках, завяла свой блог на Трыбуне і часцяком выкладвае відэа на свой YouTube-канал (прасцей кажучы, у інтэрнэце АБФФ стала значна больш). А падрыхтоўка да будучай кваліфікацыі на ЧС пачалася яшчэ за тры месяцы. Уся гэтая праца была апраўданай.

Здаецца, што аддзел маркетынгу АБФФ за гэты невялікі час зрабіў у разы больш, чым за апошнія 10 гадоў.

Мара футбалістаў нарэшце спраўдзілася. Матчы праходзяць пры падтрымцы (а галоўнае не аморфнай падтрымцы) поўных ці амаль поўных трыбун. І быццам бы павінна рушыць зваротная рэакцыя, у выглядзе абяцанага задзёрыстага футбола. Але… Шчыра кажучы матч з Францыяй быў маркотным, але гэта перакрэслівацца з канчатковым вынікам, ды і гулялі з фіналістам ЕЎРА, так што нічога дзіўнага. Выязную гульню з Нідэрландамі таксама спішам, усё ж такі забілі гол, ды і галандцы ўжо дужа хацелі перапыніць няўдалую хатнюю серыю, а нас чакала галоўная гульня гэтай восені. І вось гульня з Люксембургам. Татальнае дамінаванне на полі, але амаль без удараў па варотах.

Я думаю, вы са мной згадзіцеся, калі скажу, што матчы зборнай ўспрымаюцца не так, як гульні любімага клуба, неяк асабліва. Падчас гульні зборнай Іспаніі на трыбунах будуць побач сядзець фанаты «Рэала» і «Барселоны», пры гэтым ніякага канфлікту, бо заўзеюць за адну каманду. Ды і сама зборная становіцца мацней любога клуба сваёй краіны, сабраўшы лепшых з лепшых. Адсюль і значнасць такіх турніраў, як Чэмпіянат Еўропы і Свету, да якіх рыхтуюцца па чатыры гады. У адпаведнасці і кошты на квіткі ў разы больш за матчы нацыянальнага чэмпіянату.

У нас жа ўсё наадварот. Плаціш у разы больш, а атрымліваеш абсалютна тую ж гульню, што і ў чэмпіянаце. Дастаткова замест новай формы апрануць гульцоў у жоўтую (палове складу гэтая форма звыклей) і адбываецца магія, гэта ўжо не матч Беларусь - Люксембург, а БАТЭ - «Славія». Але тут ёсць падвох! У адрозненні ад сапраўднага БАТЭ гэты склад не здольны перамагчы. Дык што ж атрымліваецца, матч «вышцы» значна цікавей для тутэйшага гледача? Хоць сам змест гульні мае той жа сюжэт, але толькі адзін матч апраўдвае чаканне заўзятара, а другі - не.

Ды і можна было б заплюшчыць вочы на страту ачкоў, будзь там сапраўды бойкі матч. Я гатовы прадаць чэмпіёнства БАТЭ, калі каманда будзе губляць пункты, як у хатняй гульні з «Астаной». Хуткая, актыўная гульня, мяшок нерэалізаваных момантаў, але гэта было сапраўды выдатна. Пасіўнае перакочванне мяча, прадказальная гульня на флангах, мяшок нерэалізаваных момантаў - гэта пра матч з Люксембургам. І як вынік зноў падрыў даверу да зборнай. Усё, што рабіла федэрацыя, трэба было падмацаваць гульнёй з «чырвонымі ільвамі». Чатыры ачкі, трэцяе месца дзяліць разам з Нідэрландамі, і зборная зноў цікава гледачу.

АБФФ зноў прыйдзецца круціцца ды вярцецца, каб прыцягнуць любімага гледача. У прынцыпе, так і павінна быць, проста для нас гэта пакуль не звыкла. Можа яно і лепш, што ўсё так склалася, магчыма, мы ўбачым нешта новае ў выкананні нашай федэрацыі?

Другие посты блога

Неапошні самурай
19 ноября 2015, 10:06
1
Наш адказ Тоці
29 сентября 2015, 07:04
Все посты