Tribuna/Футбол/Блоги/Артыкулы Дылетанта/Беларуская дарога да фіналу жаночай Лігі чэмпіёнаў

Беларуская дарога да фіналу жаночай Лігі чэмпіёнаў

13 тысяч заўзятараў прысутнічала на матчы БАТЭ супраць «Ромы», і, напэўна, яшчэ столькі ж купілі б квіткі, будзь «БА» у 2 разы больш. Але ў нас ёсць яшчэ адзін шанец патрапіць на Лігу чэмпіёнаў да прыезду «Барселоны», больш за тое, вы не згубіце ні капейкі на квіток хіба што на праезд у тралейбусе або аўтобусе. Гэта тэкст гонару за жаночы футбольны клуб «Мінск».

Автор — Пан Дзі Мон
7 октября 2015, 12:03

Жаночая Ліга чэмпіёнаў не самы вядомы футбольны турнір у свеце, аднак пры гэтым самы важны для футбалістак на кантыненце. У гэтым годзе ЖФК «Мінск» бездакорна прайшоў кваліфікацыйны раўнд і трапіў у 1/16 ЛЧ. Аднак пра ўсё па парадку.

Перш, чым казаць пра сам ЖФК «Мінск», разбярэмся ў якім жа турніры беларускі клуб выступае.

З 2001 па 2009 турнір называўся жаночым кубкам УЕФА і амаль кожны сезон у рэгламенце правядзення дадзенага спаборніцтва ўводзіліся папраўкі:

Сезон 2001/02. У першым розыгрышы прынялі ўдзел 33 клубы. Пасля адзінага кваліфікацыйнага раўнда, які адбыўся з аднаго матчу, засталося 32 клубы, якія былі падзеленыя на 8 груп па 4 каманды. У 1/4 праходзілі толькі пераможцы сваіх груп. Пасля 1/2 і фінал, дзе згулялі нямецкі «Франкфурт» і шведскі «Умеа». Немкі сталі першымі ўладальнікамі жаночага Кубка УЕФА.

У наступным сезоне ўжо прымалі ўдзел 35 каманд. У кваліфікацыйным раўндзе гулялі 4 каманды з самымі нізкім рэйтынгам, дзе чэмпіён дадзенай групы далучаўся да астатніх 31 каманд. А далей 8 груп па 4 каманды, 1/4, 1/2 і фінал паміж дацкай «Фартунай» і леташнім фіналістам «Умеа», дзе шведкі выйгралі свой першы кубак.

У сезоне 2003/04 ужо 40 каманд. Кваліфікацыйны раунд адбыўся з 3-ма групамі, дзе пераможцы іх ішлі далей. А ў фінале сустрэліся ўжо знаёмыя сапернікі: «Франкфурт» і «Умеа», і шведкі бяруць 2-і кубак запар.

2004/05. 43 каманды і правілы трохі карэктуюцца: 9 кваліфікацыйных груп па 4 каманды, далей выходзіць пераможца, і да 9 каманд далучаюцца леташні ўладальнік кубка УЕФА і 6 каманд чэмпіёнак нацыянальных першынстваў з найвышэйшым рэйтынгам. Далей 16 каманд дзеляцца на 4 групы, дзе 2 мацнейшыя ідуць у 1/4. У фінале ж зноў сустракаюцца немкі і датчанкі, аднак на гэты раз потсдамскі  «Турбінэ» і стакгольмскі «Юргардэн». Фінал упершыню праводзіўся ў 2 матчы (у Стакгольме і Потсдаме), па выніках якога немкі становяцца чэмпіёнкамі.

У сезоне 2005/06 у розыгрышы зноў прымае ўдзел 43 клубы. У фінале сустрэліся два нямецкія клубы «Турбінэ» і «Франкфурт». Па выніках 2-х матчаў «Франкфурт» бярэ свой 2-і тытул.

У сезоне 2006/07 фармат турніру не зведаў ніякіх змен. У фінал ўпершыню выйшаў англійскі клуб лонданскі «Арсэнал», дзе яго сустракаў ужо тытуляваны «Умеа». Англічанкі сваіх заўзятараў не падвялі і ўзялі свой першы Кубак.

У сезоне 2007/08 удзел у турніры прынялі 45 клубаў. 10 кваліфікацыйных груп, 4 асноўныя групы. Таксама вярнулі аднаматчавы фінал, дзе «Франкфурт» атрымаў перамогу над даўняй суперніцай «Умеа».

Сезон 2008/09 стаў апошнім пад назвай Кубак УЕФА. Удзел прымалі 43 каманды. У фінал выйшлі нямецкі «Дуйсбург 2001» і расійскі клуб «Зорка 2005», якія ўпершыню прымалі ўдзел у еўракубку. У двухматчавым супрацьстаянні немкі атрымалі перамогу.

Перад сезонам 2009/10 выканаўчы камітэт УЕФА прыняў пастанову аб перайменаванні Кубка УЕФА сярод жанчын, які стаў называцца Лігай чэмпіёнаў УЕФА. Акрамя назвы, змяніўся і фармат турніру, у якім стала прымаць удзел прадстаўнікі 45 нацыянальных асацыяцый і пачаў праводзіцца аднаматчавы фінал на нейтральным полі. 7 кваліфікацыйных груп па 4 каманды, з якіх лідэры выходзіць у 1/16. Сюды ж далучаюцца чэмпіёны нацыянальных першынстваў з найбольшым рэйтынгам.

Першы фінал разыгралі нямецкая «Турбінэ» і французскі «Ліён». Немкі сталі першымі ўладальнікамі жаночай Лігі чэмпіёнаў

У 2010/11 фінал разыгрывалі тыя ж каманды, толькі на гэты раз «Ліён» змог рэабілітавацца.

На наступны год у фінале зноў гулялі немкі і францужанкі, толькі на гэты раз «Франкфурт» змяніў «Турбінэ». «Ліён» выйграе 2-і тытул запар.

У сезоне 2012/13 нямецкі «Вольфсбург» абыгрывае ў фінале «Ліён».

У сезоне 2013/14 «Ліён» упершыню не даходзіць да фіналу, не прайшоўшы нават стадыю 1/16. У фінале жа «Вольфсбург» адолеў шведскі «Цюрэсо».

2014/15. Зноў французска-нямецкі фінал. «Франкфурт» перамагае ПСЖ.

У Лізе Чэмпіёнаў «Мінск» дэбютаваў у мінулым годзе, і скажам, што дэбют быў не вельмі удалым: адна перамога, адна і нічыя і адна параза, у выніку клуб заняў трэцяе месца і скончыў сваю лігачэмпіёнскую дарогу. Аднак што было, то мінула. Нас цікавіць цяперашні «Мінск». У гэтым годзе нашы дзяўчынкі гулялі ў групе разам «Сараева-2000» (Боснія), «Конак» (Турцыя) і «Влазнія» (Албанія). Гаспадарамі адборачнай групы стала Боснія і Герцагавіна, куды мінчанкі і накіраваліся.

Першая гульня была супраць «Конака», з якім «Мінск» гуляў у леташняй кваліфікацыі. Тады, дарэчы, турчанкі перамаглі з перавагай у 1 мяч (2-1), і на гэты раз напэўна чакалі лёгкай прагулкі. Але не тут-то было. Да 15-й хвіліны «Мінск» забіў 2 безадказныя мячы, а да канца 1-га тайма змаглі забіць яшчэ раз. Другі ж тайм, напэўна, стаў самым жудасным у гісторыі турэцкага клуба. На 84-й хвіліне мінчанкі забіваюць 10-ы гол, толькі на 87-й «Конак» здолеў забіць гол прэстыжу. Палова галоў забіла форвард «Мінска» Учэчы Сандэй, якая родам з Нігерыі.

Наступная гульня была супраць гаспадароў. У адрозненні ад турчанак, баснійкі змаглі перажыць амаль усе атакі мінчанак, прапусціўшы толькі пасля ўдару Ганны Піліпенка на 15-й хвіліне. У 2-м тайме «Мінск» працягнуў атакаваць, і на 80-й Сандэй робіць лік 2-0, а праз 9 хвілін Марыя Бузунова даводзіць лік да буйнага — 3:0.

 Матч супраць албанак ўжо нічога не вырашаў, «Мінск» ужо і так быў у ліку несеянных у 1/16. Але нашы дзяўчынкі вырашылі не аддаваць ні аднаго ачка саперніцам. У матчы супраць «Влазнія» забівалі тыя ж гульцы, што і ў мінулай гульні: 19-я хвіліна Бузунова, 25- Піліпенка, 27-Сандэй. У выніку ў кваліфікацыйным раўндзе «Мінск» забіў 16 галоў і толькі аднойчы прапусціўшы. Таксама Учэчы Сандэй з 7-ю галамі займае 2-е месца ў спісе бамбардзіраў і 1-е ў спісе асістэнтаў (4 галявыя пасы)

У 1/16 мінчанкі згуляюць з дацкай «Фартунай», якая ў сезоне 2002/03 была фіналістам Кубка УЕФА, Аднак гэта было занадта даўно, каб гэтым пужаць беларускіх футбалістак.

Пасля лёсавання галоўны трэнер «Мінска» Ёнас Пятраўскас сказаў: «Чаму бы і не выйграць жаночую Лігу чэмпіёнаў?». Сапраўды? А чаму б і не!? Першы ж матч адбудзецца ў Мінску 8 кастрычніка, вынік якога можа адказаць на пытанне: а ці зможа «Мінск» пазмагацца за фінал? І Менавіта таму гэты матч стане выдатнай альтэрнатывай мужчынскай Лізе чэмпіёнаў, бо нашым дзяўчатам таксама патрэбна падтрымка.

Убачымся 8 кастрычніка, Маякоўскага, 127/3 :)

Другие посты блога

Неапошні самурай
19 ноября 2015, 10:06
1
Наш адказ Тоці
29 сентября 2015, 07:04
Все посты