Tribuna/Футбол/Блоги/Артыкулы Дылетанта/Як павінен быў праходзіць апошні матч Ліхтаровіча ў БАТЭ

Як павінен быў праходзіць апошні матч Ліхтаровіча ў БАТЭ

Развітальнага матчу не будзе. Ён быў. Шкада, што ніхто не ведаў.

Автор — Пан Дзі Мон
15 января 2016, 13:23
18
Як павінен быў праходзіць апошні матч Ліхтаровіча ў БАТЭ

Гэта было ў нядзелю. Сіноптыкі абяцалі халаднаваты восеньскі дзень з магчымымі дажджамі. Але адной часткі жыхароў Барысава усё адно, што за дзень тыдня і што там за надвор’е, бо гэта быў 26 тур, апошні тур чэмпіянату Беларусі.

А 14.00 на поле, пакрытым лёгенькім туманам, гаспадары, ужо ў статусе чэмпіёна, прымалі «Слуцк». Ці то з-за надвор’я, ці то з-за часу, ці то яшчэ з-за 1000 іншых розных прычын старэнькі і любімы барысаўчанамі «Гарадскі» аншлагу не сабраў. А дарэмна. Бо гэта быў апошні дзень, калі на барысаўскі газон уступяць буцы Ліхтаровіча.

З кожным сезонам Дзмітрый Ліхтаровіч ўсё радзей і радзей з’яўляўся на футбольным полі, яно і зразумела, Ліхаму ўжо 37. У тым матчы Дзмітрый як звычайна пачынаў на лаўцы запасных, а Аляхновіч з капітанскай павязкай выводзіў каманду на поле. Адкрытая гульня ў выкананні абедзвюх каманд і ў выніку 2-0 пасля першага тайму на карысць гаспадароў. Другі тайм пачаўся з гола «Слуцка». Пасля ўдару з стандарту Чэрнік няўдала адбівае мяч перад сабой, а Бабко выдатна гуляе на дабіванні. БАТЭ працягнуў гнуць лініі, вынікам чаго стане далёкі стрэл ад Рыаса і выдатны па прыгажосці гол. На 68-й Алексіевіч саступіць месца Ліхтаровічу, а на 81-й Карніцкі зробіць канчатковы лік. Матч скончыўся, гульцы па традыцыі падзякуюць заўзятараў, а тыя паспрабуюць збегчы са стадыёна, каб хутчэй трапіць у свой цёплы дом. І ўсё. Так прайшоў апошні матч з удзелам легенды беларускага футбола…

Многія памятаюць слёзы Хаві ў развітальным матчы, стоячы «Энфілд» праводзіў Джэрарда, а «Парк дэ Прэнс» у слязах праводзіў гульца, які нават поўнага сезону не адыграў за ПСЖ, але як жа ўтрымаць слязу, калі сыходзіць легенда сусветнага футбола Дэвід Бэкхэм. «Олд Трафард» на палову гадзіны затрымаўся пасля матчу, стоячы выслухваючы гаворку Гігза. У Беларусі з легендай развітваюцца так, артыкулам на клубным сайце: «Дзмітрый Ліхтаровіч завяршыў гульнявую кар’еру».

«На той момант ніхто не ведаў, што гэта апынецца апошні сезон для капітана», — скажаце вы. Але давайце будзем рэалістамі. Ужо на працягу некалькіх сезонаў з Ліхтаровічам працягвалі кантракт толькі на год. А ў гэтым сезоне толькі ў 6 гульнях Дзмітрый прыняў удзел. Усё ішло да таго, што Дзед пакіне склад, і да такой падзеі можна было падрыхтавацца.

Гігз, Джэрард, Хаві і Ліхтаровіч не былі самымі моцнымі гульцамі ў сваіх клубах, яны не вылучаліся сваім вульгарнымі паводзінамі або ўчынкамі, не насілі модныя прычоскі, але яны былі ў сваіх краінах для многіх эталонам футбаліста. Яны былі сапраўднымі капітанамі. І я ўпэўнены на 100 адсоткаў, што Ліхтаровіч адмовіўся б праводзіць матч, які быў б прысвечаны яго персоне. Гэта звязана не з тым, што Дзмітрый можа быць прыніжае свой уклад у развіццё клуба і ўсяго футбола Беларусі, гэта звычайная чалавечая сціпласць. Калі «Крумкачы» пазіцыянуюць сябе як народны клуб, то Ліхі — народны капітан. Як у Англіі ніхто не асмеліцца нічога дрэннага сказаць пра Раяна, так і ў Беларусі ніхто не скажа дрэнна ў адрас Дзмітрыя, бо з ім звязаны толькі самыя пазітыўныя ўспаміны. Назаўжды б запомнілася і развітальная гаворка з газону «Гарадскога», не важна якога б яна была ўтрымання.

Калі ў мерсісайдца спытаюць, як сыходзіў Джэрард, то яму адкажуць, што ён сыходзіў пад «YNWA». Калі ў барысаўчаніна спытаюць, як сыходзіў Ліхтаровіч, то яму адкажуць, што ў яго проста скончыўся кантракт. А ўсё павінна было скончыцца так:

Гэта было ў нядзелю. Лістападскае надвор’е і ранні пачатак матчу нікога не спалохалі, бо Барысаў сустракаў апошнюю гульню чэмпіянату, Барысаў развітваўся з капітанам. Як сімвалічна, што апошні матч Ліхтаровіч праводзіць не на новай «Барысаў-арэне», а на старым «Гарадскім», дзе 13 гадоў таму дэбютаваў у футболцы БАТЭ. На 68-й хвіліне стадыён стоячы сустракае Ліхтаровіча, які выходзіць замест Аляксіевіча. Аляхновіч сустракае Дзмітрыя моцным поціскам рукі, а капітанская павязка апошні раз абгінае плячо сапраўднага Капітана. Заўзятараў не знерваваў незабіты пенальці Мазалеўскага, ды і пра лік яны ўжо забыліся. Фінальны свісток — 4-1. Але стадыён не спяшаецца разыходзіцца, бо ў рукі ўзяў мікрафон ён — Дзмітрый Ліхтаровіч. Апошняя гаворка многіх расчуліла, але ў Дзмітрыя ёсць козыр у рукаве, ён ведае як узрадаваць любімую публіку. Ліхі кажа, што з клубам яшчэ не растаецца, ён увойдзе ў трэнерскі склад каманды. Развітальны круг па стадыёне. Заслона. Гэты матч запомніцца надоўга.

І калі б гульню падалі як развітальную, то я ўпэўнены, што многія адклалі б запланаваныя справы і матч наведалі. Бо хто асноўная аўдыторыя на трыбунах? Мужыкі ад 40 і вышэй, якія заўсёды запаўнялі «Гарадскі» і якія рэгулярна наведваюць «БА». А каму як не ім не ведаць, хто такі Ліхтаровіч?

Футбол жа для фанатаў гэта не проста «22 мужыкі ганяюць па полі мяч». Тут, як і ў любой субкультуры, ёсць свае звычаі, правілы і ідалы. Фанаты прыходзяць падтрымаць клуб, а клуб пасля дзякуе фанатаў за падтрымку. Але ў нас неяк ўсё не так. Заўзятары хочуць імгненнага выніку, паліваюць брудам гульцоў, у прэсе вінавацяць гульцоў і кіраўніцтва, гульцы абвінавачваюць заўзятараў і прэсу… Ніхто не паважае нічыю працу. Нашы заўзятары будуць да канца матчу хутчэй сыходзіць на аўтобус. Ды што тут да канца? Пасля першага тайма, калі клуб гарыць 5-0! Трэнераў будуць па незразумелых прычынах выганяць, а легенды будуць ціха сыходзіць. І так да бясконцасці. І ўсё толькі таму, што ў нас няма банальнай культуры.

Што ж тычыцца самога Дзмітрыя, то яму я кажу шчыры дзякуй. Вы былі адданыя клубу да канца кар’еры, зрабілі ўсё магчымае дзеля каманды. Капітанская павязка пяройдзе Радзівонаву, ну а пасля хто? Замену вам, сапраўднаму капітану, знайсці не магчыма.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Неапошні самурай
19 ноября 2015, 10:06
1
Наш адказ Тоці
29 сентября 2015, 07:04
Все посты