Tribuna/Футбол/Блоги/Артыкулы Дылетанта/Чым і як жыве фінскі СІК

Чым і як жыве фінскі СІК

Амаль год таму я адкрыў свой блог артыкулам пра «Дандалк». Аб клубе, які супрацьстаяў БАТЭ ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе ЛЧ мінулага года. Вырашыў працягнуць традыцыю і расказаць пра суперніка ў гэтым годзе. Прыемнага чытання :)

Автор — Пан Дзі Мон
23 июня 2016, 16:10
4
Чым і як жыве фінскі СІК

"Сейняйокскі футбольны клуб" у другім кваліфікацыйным раўндзе ЛЧ 2016/17 згуляе супраць "Футбольнага клуба Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання". Сапраўднае пекла для каментатараў. Але фіны і беларусы загадзя гэта прадугледзелі, і ў 2-м раўндзе згуляюць ўсяго толькі СІК і БАТЭ. Напэўна гэта адна з нешматлікіх навін, якая змагла адцягнуць беларусаў ад бягучага ЕЎРА, нагадаць пра будучую Лігу Чэмпіёнаў.

Зараз даведаемся чым і як жыве фінскі СІК. Як зразумела з поўнай назвы клуба, каманда грунтуецца ў невялікім фінскім горадзе Сейняйокі.

Гісторыя ў горада самая што ні на ёсць простая. У 19 стагоддзі на дадзенай тэрыторыі здабывалася жалезная руда, і шахцёры ў 1868 заснавалі пасёлак Сейняйокі. У 1880-я гады, будаўніцтва чыгункі справакавалі рост насельніцтва, што і стала адпраўной кропкай для развіцця будучага горада. Пасля вайны, у канцы 1940-х і ў пачатку 1950-х, міграцыя ў раёне павялічылася, а з паляпшэннем транспартных сувязяў, эканамічнае жыццё стала разнастайней. У 1960-м Сейняйокі атрымае званне горада. На дадзены момант у горадзе пражывае каля 62 тыс. жыхароў, 98% з якіх фіны.  

Сейняйокі не для "канапавых" турыстаў. Тут вам не атрымаецца пабываць у 100 буціках ці пасядзець у казіно - вас закінуць у некранутую прыроду Фінляндыі. Паляванне, рыбалка, гарналыжныя трасы, турыстычныя сцежкі па бязмежным лесе фінскай зямлі - вось сапраўдны здаровы актыўны адпачынак. Толькі вокамгненныя перапынкі дазволяць вам пашпацыраваць па старых вулачках або забегчы ў мясцовы паб. Са спортам наш горад размаўляе на «ты». На 60 тысяч насельніцтва прысутнічае больш за 60 спартыўных каманд і арганізацый па такіх відах спорту, як хакей, футбол, стральба з лука, гольф, бейсбол, валейбол, баскетбол, тэніс і г.д. У горадзе адных толькі футбольных каманд і дзіцячых акадэмій - 6 штук, якія раскінуты па розных дывізіёнах краіны. Галоўны гонар горада, вядома ж, СІК - дзеючы чэмпіён краіны. Але пра гэта крыху пазней, вернемся да горада. 

Як і агаворвалася раней Сейняйокі вельмі спартыўны горад. Лыжныя трасы, арэна для хакея, стадыён для бейсбола і, вядома ж, футбольны стадыён, які ў горадзе не адзін. Раней асноўным стадыёнам быў (не давяраю я гуглу транслейтару, таму напішу фінскі арыгінал :) «Seinäjoen keskuskenttä». Класічная для Беларусі футбольная арэна, бегавыя дарожкі, вядома, прысутнічаюць. Гэтакі «Гарадскі» ў Барысаве. Стадыён пабудавалі ў 1952, у 75-м і 99-м рэканструяваўся. Умяшчальнасць 4000 чалавек. Але ў 2011 гораду быў прадстаўлены праект новага стадыёна. Будаўніцтва "OmaSp Stadion" пачалося ў 2015-м, а 19 чэрвеня 2016 ! арэна прымала матч СІК -ХІК. Кампактная і вельмі ўжо прывабная арэна ўмяшчае 6000, а затраты пры будаўніцтве ўсяго 10.5 млн. еўра. 

Наведвальнасць у фінскім чэмпіянаце параўнальна з нашым. Сярэдняя наведвальнасць усёй лігі - 2245 чалавек. СІК згуляў 7 матчаў дома, і ў сярэднім атрымалася - 2678 гледачоў. Менш за ўсё заўзятараў прысутнічала на матчы з "Кемі Кінгс" - 947, а самым папулярным стаў матч адкрыцця "OmaSp Stadion" з ХІКам - 5817. Квіткі на Вэйкаўслігу па беларускіх мерках не маленькія: ад 10 да 70 еўра, на ЛЧ ад 13 да 75. Але хопіць казаць пра горад, цяпер разбярэмся, што з сябе ўяўляе сам клуб.

 СІК быў заснаваны ў 2007 годзе. І напэўна многія адразу зрабілі падобны прысуд клубу: "Такі клуб нічога не зможа зрабіць БАТЭ, занадта малады, каб супрацьстаяць нашаму чэмпіёну". Але гэтая лічба толькі ілюзія, на самой справе за клубам стаіць амаль 80-гадовая гісторыя фінскага футбола. СІК быў створаны не на пустым месцы, а на базе 2-х старажытных клубаў краіны: "TP-Seinäjoki" і "Sepsi-78". 

 "Sepsi-78" (спачатку проста "Seps"), быў заснаваны 17 лютага 1930. Улетку клуб гуляў у футбол, а ўзімку пераходзіў на лёд, удзельнічаючы ў чэмпіянаце хакея з мячом. Гісторыя клуба, як амерыканскія горкі. Каманда то павышалася ў дывізіёне, то падала. На вышэйшым узроўні клуб правядзе ўсяго толькі 3 сезоны, так і не дабіўшыся нічога значнага. З 1982 клуб кідаўся паміж прафесіяналамі і аматарамі (3-і і 4-і дывізіён). У 2007 першая каманда «Seps-78» стала часткай СІКа, сам жа клуб стаў абсалютна аматарскім. 

«TP-Seinäjoki» быў створаны ў 1955. Лёс у клуба такі ж, як і ў «Seps» - падарожжа паміж дывізіёнамі. Толькі ў 1997 клубу ўдалося на 1 сезон прабіцца ў «вышку». У 2007 першая каманда злілася з «Seps», утварыўшы СІК.  

Гісторыя сучаснага клуба Сейняйокі ўжо ў разы пераўзыходзіць сваіх папярэднікаў. За 3 сезоны ў вышэйшым дывізіёне клуб становіўся срэбраным прызёрам і чэмпіёнам. Аднак усё пачыналася не так гладка. Сезоны з 2008 па 2010, можна сказаць, былі халастымі. І толькі з прыходам Крыстафера Клу камандзе ўдалося наладзіць сваю гульню і атрымаць падвышэнне ў статусе. У жніўні 2012 з-за няўдалых вынікаў у чэмпіянаце Клу быў звольнены, а на яго месца прыйшоў Сіма Валакары. Ён і стаў галоўнай фігурай ва ўсіх дасягненнях СІКа. У 2012 клуб скончыў сезон на 2-м месцы і гуляў у стыкавых матчах за выхад у першы дывізіён, якія клуб праваліць. Але ўжо на наступны сезон каманда без праблем выйграе лігу.

У 2014 дэбютант годна правёў другую палову сезону і заняў 2-е месца, вышэй толькі ХІК. У гэтым жа годзе каманда возьме першы тытул - Кубак Лігі. А мінулы сезон стаў лепшым у гісторыі Сейняйокі - перамога ў чэмпіянаце. 

Сучасны склад укамплектаваны маладымі фінскімі хлопцамі. Сярэдні ўзрост гульцоў - 25,3 гадоў (у БАТЭ - 26,5). 6 гульцоў выклікаліся ў зборную Фінляндыі, адзін - Эстоніі. 3 футбалісты гуляюць за маладзёжную каманду Суомі. Селекцыйная палітыка клуба даволі цікавая: кожны сезон клуб пакідаюць ад 10-15 гульцоў, і столькі ж прыходзіць на замену. Г.зн. клуб абнаўляецца з году ў год. Часцей за ўсё гэта паўгадовыя арэнды або прыход вольных гульцоў. Да прыкладу, з верасня па канец снежня быў арандаваны Алан - бразільскі футбаліст, які выступае за зборную u-19 і належыць «Ліверпулю». 

Галоўную небяспеку для БАТЭ будуць прадстаўляць ветэраны сваіх каманд: Ёханэс Лааксонэн, Рычард Дорман, Тоні Лехцінен. Кожны гулец правёў больш за 100 матчаў за СІК, а статыстыка Лехцінена не можа радаваць абарону БАТЭ. Браму ж абараняе капітан каманды і гулец зборнай Эстоніі Міхкель Аксалу. Да гэтых гульцоў дадаць хутканогую моладзь, маладога і амбіцыйнга трэнера, і на выхадзе атрымаем не самы смачны кактэйль для барысаўскага клуба. 

Улічваючы, як БАТЭ гуляе ў другіх кваліфікацыйных раўндах лёгкага матчу чакаць не варта. З часоў "Лінфілда" лёгкіх гульняў не было. Фінам жа губляць няма чаго і пры поўных хатніх трыбунах будуць насіцца, як венгры на ЕЎРА. У БАТЭ мацней склад, велізарны досвед у еўракубках (СІК ў мінулым годзе гуляў у 1-м кваліфікацыйным раўндзе і прайграў 2 матчы "Хабнарф'ёрдзюру"). Увогуле, у гэтым супрацьстаянні хутчэй БАТЭ можа прайграць фінам, чым СІК зможа барысаўчан перамагчы. Калі яшчэ да гульні нашы пачнуць закідваць шапкамі фінаў, то чакайце бяды. 

Спадзяюся, мне атрымалася вам пераказаць самыя цікавыя і важныя дэталі суперніка беларускага чэмпіёна. І веру, што для БАТЭ гэта толькі пачатак дарогі да Лігі Чэмпіёнаў. 

Другие посты блога

Неапошні самурай
19 ноября 2015, 10:06
1
Наш адказ Тоці
29 сентября 2015, 07:04
Все посты