Tribuna/Футбол/Блоги/Диванный аналитик/Палёт Крумкі працягваецца

Палёт Крумкі працягваецца

Крумкачы пачынаюць новы сезон з перамогі

Автор — antiglamour
4 апреля 2017, 20:22
4
Палёт Крумкі працягваецца

 На мінулых выходных у Беларусь прыйшла вясна і сапраўдны футбол. Амаль, што ўсе клубы згулялі ў суботу. У апошнім матчы Крумкачы прымалі Віцебск.

 Я шмат чытаў і сачыў за праектам Дзяніса Шунта, але, па праўдзе кажучы, у мінулую суботу я ўпершыню трапіў на гульню Крумкачоў. Шкада, што толькі зараз, я наведаў матч гэтай каманды.

 Пачатак сезону – гэта час, калі мы яшчэ любім беларускі футбол. Так жа і я сачыў за суботнімі матчамі і з нецярпеннем чакаў матчу, на які заплянаваў схадзіць. 

 Надвор’е спрыяла футбольнаму настрою і я, як звычайна, пайшоў да прыпынку Эканамічны Універітэт, каб дабрацца да стадыёну. Ужо там сустрэў першых заўзятараў сталічнай каманды. 

 Негледзячы на тое,што да пачатку матчу заставалася 30 хвілін перад касамі сабралася добрая чарга. Набраўшыся цярпення, я пачаў чакаць. Чарга рухалася хутка, а АМАП на дзіва працаваў аператыўна і ветліва. Патрапіўшы на тэрыторыю спорткомплексу, я адразу адчуў атмасферу футбольнага свята. Грала музыка, а людзі бавілі час гуляючы каля стадыёну.А ў мяне, як і ў многіх другіх гледачоў, з’явілася вось такое фота.

  Яшчэ цікавей стала пасля таго, як у свае рукі ўзяў гітару Алег Хаменка. Фольк-кампазіцыя ў яго выкананні дадала яшчэ больш аўтэнтычнасці гэтаму вечару. 

 

Пасля песні ўсе пачалі разыходзіцца па сваіх месцах, а Павел Баранаў рыхтаваўся да першага ў сезоне эфіру.

 Сонца хавалася за гарызонт у той час калі футбалісты выходзілі на поле пад апладысменты трыбун. У цішы вясновага вечару прагучаў гімн і каманды пачалі гульню. Але на першых хвілінах увагу прываблівалі не дзеянні гульцоў, а па-сапраўднаму класная падтрымка фанатаў. Нават складалася адчуванне, што знаходішся дзе-небудь у Англіі, а не на ўскраіне Менску. Напэўна першы раз у жыцці мне хацелася пляскаць у далоні і падтрымліваць каманду.

 Што ж да гульні – гэта быў тыповы вясенні футбол з вялікай колькасцю стратаў і браку. У віцеблян не атрымоўліваліся тыповыя навесы ў штрафную, у Крумкачоў не ішла гульня асноўных гульцоў Вячаслава Глеба і Філіпа Іванова. Як гэта часта бывае гол адбыўся нечакана, Міхаіл Калугін нейкім неверагодным фінтом апрацаваў мяч і ўжо наступным дотыкам адправіў яго ў бліжнюю ад сябе дзявятку. Міша перад сезонам абяцаў фанатам, што будзе старацца і пакуль трымае слова.

Перапынку хапіла толькі на тое, каб падсілкавацца, а калі дакладней толькі на тое, каб пастаяць у чарзе. Па арганізацыі харчавання на стадыёне есць вялікія пытанні. Спадзяюся, што у гэтай сферы будзе паляпшэнне.

У другім тайме класнымі сэйвамі адзначыўся Антона Амельчанка. Мінімум два разы ён выратаваў каманду ад голу. Да таго ж Віцебск забіў гол, які затым быў адменены з-за афсайду. Але больш за усё запомніліся замены у матчы, а калі быць дакладным тое, як іх аб’яўляе дыктар Крумкачоў Ягор. Ён робіць гэта з нейкім асаблівым падлеткавым задорам і пры гэтым вельмі ўпэўнена. 

 

Фан-сектары каманд не змаўкалі амаль усю гульню, а напрыканцы матчу ўсе назіралі за гульнёй стоячы. Апошні раз я бачыў такое на стадыёне Дынама падчас гульні зборнай.

 Гульня скончылася не зусім заканамернай перамогай Крумкачоў. Каманда падышла павітацца з фанатамі, а я па старой звычцы рушыў да выхаду, пакуль там не з’явілася чарга. За стадыёнам я зноў апынуўся у беларускай рэчаіснасці, а футбольныя заўзятары ператварылися ў звычайных минакоў. 

 Ужо ў аўтобусе да мяне прыйшла думка, што ў цэлым беларускі футбол не такі і дрэнны, як аб ім многія кажуць, а пры добрай атмасферы і стаўленні ён нават можа стаць прывабным. Адным словам, прыходзьце на стадыён у сваім родным горадзе і падтрымлівайце мясцовую каманду. Только разам мы сможам змяніць наш футбол да лепшага.

Бонус: Добры настрой ад Лявона Вольскага

 

 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов