Tribuna/Футбол/Блоги/Журнал «Большой Футбол»/«Дайце людзям магчымасць самавыяўляцца». Андрэй Клімовіч пра гісторыю, Курапаты і нацыю

«Дайце людзям магчымасць самавыяўляцца». Андрэй Клімовіч пра гісторыю, Курапаты і нацыю

Разважанні брамніка мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі.

15 июня 2017, 01:33
7
«Дайце людзям магчымасць самавыяўляцца». Андрэй Клімовіч пра гісторыю, Курапаты і нацыю

Брамнік мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі Андрэй Клімовіч – адзін з тых, для каго гісторыя роднага горада, мова і літаратура не пусты гук, а з’явы, без якіх жыццё ўжо не існуе. Праўда, прыйшоў Клімовіч да беларускай самасвядомасці не адразу, а паступова. Пра цаглінкі, на якіх грунтуецца ягоны светапогляд, Андрэй падрабязна распавёў часопісу «Большой футбол».

Ніжэй прывядзем невялікую частку добрага інтэрв'ю.

Гісторыя

— Калі вучыўся ў школе, амаль нічога не запамінаў са школьнай праграмы. Мяне вучоба зусім не кранала. Гэта цяпер я захапляюся Дастаеўскім, але ў той момант мяне літаратура не надта цікавіла. Даты я таксама дрэнна запамінаў. У той час у мяне было другое захапленне – футбол. Я хоць і жыў каля «Дынама» і ўвесь вольны час бавіў на знакамітай асфальтавай пляцоўцы, якую часам на чатыры паловы паміж сабой дзялілі 80 чалавек, але займацца ездзіў у РЦАП-БДУ да Уладзіміра Пігулеўскага. Увесь час аддаваў спорту, таму чымсьці другім цікавіўся мала.

Усё змянілася гадоў пяць таму нібыта па пстрычку пальцаў. Мне, напрыклад, проста стала цікава, хто такі Карл Маркс, у гонар якога назвалі вуліцу, дзе я жыў. Неяк вырашыў даведацца пра гісторыю помніка Сталіну, які калісьці стаяў на месцы сённяшняга Палаца Рэспублікі.

Я чытаў пра ВКЛ і ўсведамляў, чаму я беларус, чым мы гістарычна адрозніваемся ад іншых народаў, што ў нас і ў рускіх можа быць розная гісторыя, а не наадварот, як вучылі нашых бацькоў, бабуль і дзядуль. Некаторыя дасягненні нашых продкаў мяне наогул вельмі кранулі. 3 мая 1791 года ў Рэчы Паспалітай прынялі першую ў Еўропе і другую ў свеце канстытуцыю, якая стала прыкладам законатворчасці для многіх краін свету. Гэты факт мяне моцна ўразіў. А раней гэтаму я проста не надаваў увагі.

Нацыя

— Мы жывем у маладой краіне, якая бярэ свой пачатак у 1991-м годзе. Таму старэйшая частка насельніцтва яшчэ працягвае асацыяваць сябе з мінулым – з Савецкім Саюзам. Але пройдзе час – і  ўсё зменіцца. Праўда, раптоўна нацыяй ніхто сябе не пачне ўяўляць. На гэта неабходны час, і я бачу сёння шмат моладзі, якая цікавіцца беларускай мінуўшчынай і роднай мовай, да якой я таксама стаўлюся з вялікай пашанай. Чытаю беларускамоўныя кнігі і слухаю беларускае радыё. Аднак ёсць рэчы, якія я не разумею. Людзі ідуць у байках з «Пагоняй», годным нацыянальным сімвалам, на футбол, але іх не пускаюць. Гэта ж глупства. Дайце людзям магчымасць самавыяўляцца. У гэтым няма нічога дрэннага.

Курапаты

— Пра гэтае месца даведаўся яшчэ ў дзяцінстве, калі праязджаў міма па кальцавой аўтадарозе. Гэты лясок з крыжамі заўжды выклікаў шмат пытанняў, але толькі праз многія гады я даведаўся, што там пахаваны ахвяры рэпрэсій, расстраляныя НКУС. Падрабязна пра Курапаты не чытаў, але пра страшныя 1930-я ведаю з твораў таго ж Салжаніцына, і тое, што сёння адбываецца вакол гэтага месца, – жудасць. Я наогул не ведаю і не разумею, як можна нешта будаваць наўпрост каля могілак. Але калі ў людзей свярбяць рукі, ім можна ўсё. Хаця чаму тут здзіўляцца. У нас час ад часу з’яўляюцца будынкi, якія паскудзяць архітэктурны ансамбль горада. Ты чытаеш антыўтопіі, задаешся пытаннем, як можна так жыць, а пасля глядзіш, што адбываецца навокал, і разумееш – можна.

Я чуў, што зараз абмяркоўваюць мемарыял, які ўвекавечыць памяць пра людзей, пахаваных у Курапатах. На маю думку, там трэба паставіць абеліск і больш нічога не мяняць і не кранаць. Гэтага для памяці хапіла б.

****

Поўны тэкст інтэрв'ю Андрэя Клімовіча можна прачытаць у майскім нумары часопіса «Большой футбол».

P.S: У таварыскім матчы з Новай Зеландыяй (1:0) Андрэй дэбютаваў за зборную Беларусі, правёў увесь матч і адразу згуляў на нуль! Віншуем :)

 

Аўтар: Тарас Шчыры.

Вобраз футбаліста: LSTR Adzieńnie.

При использовании материала ссылка на блог обязательна.

Ежемесячный журнал «Большой футбол». № 5 (17), май 2017

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты