Tribuna/Футбол/Блоги/Беларускі пармезан/Memento-1994. Дзэн паразы

Memento-1994. Дзэн паразы

Я памятаю тое італьянскае лета. Першы год, калі мы ездзілі на адпачынак на востраў Эльбу. Для гомельскага хлопчыка ўсё было ў навінку. Не ўсё падабалася :) Але людзі былі цудоўныя. Я ведаю шмат італьянцаў асабіста, і часам яны вялікія прыдуркі. Але ніколі не скончыцца падзяка ў маім сэрцы за тое, што яны зрабілі для тысяч беларускіх дзяцей…

Автор — strelnikov
11 июня 2014, 10:54

Два гады таму я нарэшце навучыўся карыстацца торэнтамі. На хвалі цікавасці да Чэмпіяната Еўропы я накачаў гульняў, якія бачыў даўным даўно ў дзяцінстве, перагледзеў іх і напісаў вось тыя шэсць пастоў, якія вы прачыталі.

А сёмую гульню – фінальную для італьянцаў – я паглядзець так і не здолеў. Я памятаю тое італьянскае лета. Першы год, калі мы ездзілі на адпачынак на востраў Эльбу. Для гомельскага хлопчыка ўсё было ў навінку. Не ўсё падабалася :) Але людзі былі цудоўныя. Я ведаю шмат італьянцаў асабіста, і часам яны вялікія прыдуркі. Але ніколі не скончыцца падзяка ў маім сэрцы за тое, што яны зрабілі для тысяч беларускіх дзяцей…

У вечар перад фіналам дарослыя дзеці сям’і, дзе мы жылі, нафарбавалі твары і пайшлі глядзець футбол у горад. Мы засталіся дома з гаспадарамі. Я помню боль ад уколаў бразільскіх нападнікаў. Я помню адчай ад немагчымасці забіць. Але я зусім не помню моманту, калі Баджо прамазаў – у гэтым месцы ў маёй памяці вялікая дзірка.

Я памятаю ўжо наступныя дні, калі вясёлыя і пазітыўныя італьянцы сумна ўсміхаліся. Мала каго мне было так моцна шкада, як іх. Гэты ўзыход у фінал быў цудам, які адрадзіў іх гонар і еднасць, і гэты цуд разбурыўся пасля промаху чалавека, які так шмат зрабіў, каб цуд зрабіўся рэальнасцю… Гэта быў сапраўдны беспрабудны адчай доўгай і марнай дарогі ў некуды.

Герой, які марна дзейсніў шмат подзвігаў, каб не здзейсніць самага галоўнага. Баджо назаўжды застаўся для мяне любімым іграком. Я выразаў яго партрэцікі з Прэсбола, зачытваў артыкул Ручыя з серыі пра “Залаты мяч” літаральна да дыр. Я вельмі здзівіўся, даведаўшыся, што Баджо – будыст, але на мяне гэта паўплывала нейкім чынам потым. Сачыў за ўсімі перапеціямі яго кар’еры, якой, па сутнасці, не было. Вельмі радаваўся кожнаму яго з’яўленню ў 98-м. І ў PES я пачаў граць, каб пракачаць Lon Baron з нуля да 600 галоў за доўгую 15-цігадовую кар’еру.

Але вярнуцца да ўспамінаў таго вечара 1994 года мне патрэбны былі адмысловыя сілы. Як перажыць любую паразу. А што такое параза ўвогуле? Гэта калі ты дарма шмат часу працаваў. Для таго, каб фізічна і эмацыйна аднавіцца пасля паразы – патрэбны хіба што “дзэн”, тое самае будысцкае вучэнне, якое на карысць самадасканалення цалкам адмаўляецца ад памкнення да перамогі. Імкнуцца забіць гол – у гэтым сутнасць дзэну. Будзе гол забіты ці не – ужо не так важна.

Я дагэтуль перакананы на падставе свайго досведу тых часоў, што прайграваць больш карысна, чым перамагаць. Гэта больш дае для характару, ты атрымліваеш досвед спачування, ты атрымліваеш загартаванне для будучых перамог. У паразах 94-га і 2000-га гартавалася італьянская перамога 2006-га. Па сутнасці, сама параза тых часоў згубіла свой сэнс, дзэн вярнуў італьянцам доўг.

Не зразумела было толькі ці змагу гэта наноў перажыць я сам…

Я папярэдзіў жонку загадзя, што мы маем глядзець гэтую гульню. Яна, штопраўда, не дала рады прачытаць гэтыя 6 запісаў у блогу, якія вы, спадзяюся, прачлі. Мы з Алёнкай павячэралі. Трошкі расказаў пра гісторыю чэмпіянатаў свету, пра бэкграўнд гэтай гульні, пра 1970 год, пра тое, як зараз ішлі да фіналу.

Я чуў, што гэты фінал называюць самым сумным. Але на свежае вока ён мне падаўся цалкам цікавым. Хаця Алёна ўсё роўна засыпала ў нейкія моманты, але перыядычна прачыналася, таму што ўвесь час нехта нарэшце біў. Я маўчаў на яе запыты, калі ўжо будуць галы?.. Бо прыгожыя галы, гэта тое, што яна яшчэ можа зразумець. А прыгожыя пасы, яна зразумець не можа. А мне было дужа цікава менавіта дуэль Кафу і Мальдзіні на правым фланзе. Жаржыньё атрымаў траўму, і малады абаронца літаральна ўзрываў сваю броўку. Мальдзіні перавялі пад яго. І гэта было бачна, як ён проста не дае хуткаму Кафу не разбегчыся. Колькі разоў здавалася таму ўжо атрымлівалася прарвацца, але ў апошні момант следаваў падкат, і бразільцам трэба было пачынаць наноў.

Другая гульня была Баджо на Масара. Геніяльна гралі бразільскія абаронцы, перасекаючы разумныя пасы Баджо, які не мог з-за траўмы працаваць на хуткасці. Хуткі энергічны Масаро здолеў прарвацца толькі колькі разоў. Але большасць пасоў на яго накрываліся. Затое адабраць мяч у Баджо, калі ён ім проста валодаў, бразільцам так і не атрымалася. Паляванне было сур’ёзным, узмоцнены прэсінг з абодвух бакоў, але на Баджо ён проста не дзейнічаў. Два моманты былі ў яго, моцны ўдар, здаецца, пад канец другога тайма і ўдар збоку штрафной у дадатковы час, але для перамогі таго было недастаткова.

У бразільцаў было момантаў значна больш, яшчэ падчас асноўнага часу, ім атрымлівалася немагчымае, прарваць італьянскую абарону колькі разоў. Але яны вельмі няўдала білі здалёк – а гэта, здаецца, быў адзіны правераны спосаб забіць італьянцам. А Рамарыо і Бебето блакавалі ўжо ў цэнтры поля паўабаронцы.

Карацей, мне было цікава сачыць за гэтымі тактычнымі і валявымі перамогамі. А вось для жонкі той факт, што будзе дадатковы час і нават пенальці – быў хутчэй непрыемным сюрпрызам.

Ты што, кажу, пенальці – гэта самае цікавае. Толькі фанаты Баджо ведаюць, што не ён адзін прамахіваўся ў той дзень. Данадоні і Масара паставілі Баджо ў становішча, калі ад яго ўдару залежыла не перамога, а толькі працяг барацьбы. Менавіта на іх ударах на мае вочы накаціліся слёзы. Дзеля справедлівасці серыя пенальці мусіла быць такой, каб бразільцы забілі гол і гэтым перамаглі. Але злы лёс прымусіў італьянцаў і менавіта Баджо самім упусціць перамогу. Мяч узляцеў вышэй брамкі. Жонка ўстрапянулася і спытала: як так? Я думала яны перамогуць?!

Я нічога не адказаў у гэтым момант, а хіба толькі больш крэпка абняў яе.

Я не ведаю, хто пераможа на чэмпіянаце свету, але ўпэўнены, што тых, хто будзе расчараваны і пакрыўджаны, будзе значна больш. Навучыцца прайграваць, знаходзіць у паразе крыніцу для свайго самаразвіцця, захоўваць спакой і павагу да другіх… Як шмат магчымасцей мы атрымліваем ад гэтага свята.

Я ўжо стаміўся яго чакаць.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты