Ікра
Блог

Гісторыя першая. Пра чалавечую дабрыню.

Вітаю!

Шчыра вам прызнаюся: чалавек я дастаткова далёкі ад спорту, таму і не ведаю, навошта я завёў сабе яшчэ і асабісты блог на спартыўным партале. Першая гісторыя ў мяне ёсць, а новыя прыдзецца альбо выдумляць, альбо даставаць з глыбінь памяці. Ну, паглядзім, як усё атрымаецца - "попытка не пытка".

Восенню 2011 года студэнтам зрабілі шыкоўны падарунак - бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Гэта, па-першае, дазволіла замест пешых праменадаў свядома праязджаць два прыпынкі на тралейбусе, а таксама эканоміць нейкія грошы на квітках і праяздных. У той жа час я захапіўся тым самым посткросінгам, з чыёй дапамогай у "Слуцку" цяпер з'явіўся фанат у Афрыцы

Калі надакучыла чакаць "афіцыйных" паштовак, я пачаў пісаць людзям з цікавых мне гарадоў. Дамовіўся з парыжанкай аб Эйфелевай вежы, з мексіканкай з Барселоны - аб "Саграда Фамільі" (потым яна мне дасылала карткі з Месі і "Барсай", якую не люблю), а ў Лондан была адрасавана просьба не аб Біг Бэне ці Ўэстмінстарскім абацтве, а аб футбольнай паштоўцы, пажадана звязанай з "Арсеналам".

Паспяхова дайшла мая паштоўка, а з Лондана адказу няма. Мілая англічанка Эллі прасіла прабачэння і пыталася, ці будзе ОК, калі замест арсеналаўскай паштоўкі прыдзе картка "Тотэнхема"? Ну чорт з ім, добра. 

Праз 2 месяцы ў Слуцк прыйшоў латаны-пералатаны канверт.

Паходжанне канверта-франкенштэйна, з пячаткамі аб тым, што на "Белпошту" ён ужо прыбыў такім, маўляў, нічога не ведаем, калі што, можна было вызначыць толькі па марках з каралевай Элізаветай.

Я быў вельмі здзіўлены і ўзрадаваны, калі знайшоў унутры значок "Арсенала"! Майго улюбенага замежнага клуба!

Пэўна, праходзячы праз нейкі паштовы канвеер, лязо значка патрапіла ў нейкі механізм і разарвала канверт на шматкі. Але не гэта самае цікавае - тая самая Эллі зноў прасіла прабачэння за затрымку і вельмі спадзявалася, што мне спадабаецца. Мне было цяжка ўявіць сабе, што чалавек спецыяльна для мяне паехаў у краму "кананіраў" і набыў мне сувенір, каб я толькі не злаваўся. 

Тэкст, як я задумваў, увогуле не пра значок і не пра посткросінг, і нават не пра мяне. Ён пра людзей. З гэтай гісторыі пачалося маё развітанне са шматлікімі стэрэатыпамі наконт іх.

Я стаў прытрымлівацца меркавання, што няма няправільных і правільных рас, нацыянальнасцяў ці краін. Ёсць толькі людзі: добрыя і дрэнныя. І добрых, як мне здаецца, больш.

Дзякую за ўвагу. Спадзяюся, было цікава.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья