Tribuna/Футбол/Блоги/Ікра/Гісторыя другая. Настальгічна-лірычная

Гісторыя другая. Настальгічна-лірычная

Дзяцінства зайграла ў адным месцы.

Блог — Ікра
Автор — khvnsk
30 января 2015, 03:05
16

Эх, вярнуць бы той бесклапотны час дзяцінства... Вярнуць тыя шчаслівыя моманты, калі мама дазваляла табе дагледзець матч лігі чэмпіёнаў да канца, каб наступным ранкам ты, сонны, але ж вельмі радасны, мог упэўнена адказваць на пытанні аднакласнікаў на імправізіванай прэс-канферэнцыі. Бо ты-та ведаеш, як згулялі "Барса" з "Міланам", а гэтыя небаракі - не :)

Пасля школы ты прыходзіш дадому, адкрываеш свежы нумар "Всё о футболе", які ты набыў яшчэ перад заняткамі, бо днём часцей за ўсё газету ў кіёсках было не знайсці. Шчыра кажу, я нічога не чытаў цікавейшага, чым тыя старыя нумары "ВоФ". 

Увечары, ужо пасля таго, як дамашняе заданне зроблена, ты садзішся за кампутар, загружаеш любімую FIFA і працягваеш сваю футбольную кар'еру. Менавіта хацелася б спыніцца на футбольных сімулятарах.

З сусветам віртуальнага футболу ўпершыню я пазнаёміўся ў мамы на працы. Гэта быў год 2003 ці 2004. На адной з машын быў усталяваны FIFA 99. Шчыра кажучы, мне тады было абыякава, што гэта старая версія. Мне не было, з чым параўноўваць. 

Дарэчы, сёння я магу сказаць, што гэта была даволі якасна зробленая гульня. Улюбёнай фішкай у мяне было рабіць падкаты брамніку суперніка, за што адразу паказвалася чырвоная картка.

 

Таксама, у 99-й, я перарабіў зборную Даніі пад зборную Беларусі. Тады на слыху былі браты Цыгалкі, а таксама я недзе прачытаў, што за зборную хацеў гуляць Баба Адаму. Я пайшоў далей - у зборнай Беларусі аказалася цэлых 2 негры (уласна, Адаму, а таксама брамнік Мамука), а форвард Максім Цыгалка быў настолькі крутым, што гуляў пад першым нумарам. 

І тады, у першы і ў апошні раз, я згуляў віртуальны матч, дзе тайм доўжыўся 45 хвілін. Так зборная Беларусі перамагла Нідэрланды з лікам 38:9.

Потым на дзень нараджэння свайму аднакласніку, да якога я прыходзіў гуляць на кампутары, я падараваў дыск з FIFA 05. Ооо, ну гэта быў проста космас!

У параўнанні з 99-й, графіка здавалася абсалютна рэальнай. З'явіліся каментатары, чые фразы завучваліся на памяць. Саўндтрэк пачынаў раздражняць праз месяц, але быў блізкім сэрцу.

Самы галоўны здабытак "пятай" фіфы - рэжым кар'еры, дзе кожны, пачынаючы з нізоў, мог стаць трэнерам вялікага клуба! Наколькі памятаю, самым рэйтынгавым з клубаў, з якіх можна было стартануць, быў "Сэлцік".

Я, тады не надта разбіраючыся ў футбольных клубах, якіх не паказвалі па тэлебачанні, выбраў сабе галандскі "Вітэсс". 

Галоўным win-ам адразу стала тое, што на майках над нумарамі былі і прозвішчы, бо ў "Генгаме", які выбраў аднакласнік, іх не было. Дарэчы, "Вітэсс" быў не такім і дрэнным клубам: у ягоным складзе былі даволі неблагія гульцы: брамнік зборнай Сербіі і Чарнагорыі Драга Еўрыч, паўабаронцы Тэа Янсэн ды Стэйн Схаарс, а таксама форвард зборнай Ганы Мэцью Амоа, вельмі круты голеадор, дарэчы.

Зараз і казаць няма чаго. "Вітэсс" сёння - адзін з лідараў галандскага футболу, фарм-клуб "Чэлсі", праз які прайшлі Вільфрэд Бані, Рыкі ван Волфсвінкель, Марка ван Гінкель, Неманья Мація ды іншыя вядомыя гульцы.

Не памятаю, на якім узроўні складанасці мы тады гулялі, але ў чэмпіянаце ў мяне супернікаў не было. У еўракубках было цяжка. Бачачы сярод наступных суперніках МЮ ці "Манака" пачыналася нешта кшталту панікі, таму і заваяваць нічога не ўдалося.

Памятаю, як я набыў у "Вітэсс" Аляксандра Глеба. Ён каштаваў 30000 віртуальных грошай, і каб іх назбіраць, я прадаў палову каманды. Дзякуй богу, Глеб не адмовіў і пераехаў да мяне з Германіі, как стаць зоркай. Таксама я рэкрутаваў Ангеласа Харыстэаса, якога вельмі любіў, а таксама нікому яшчэ не вядомага Басінгву з "Порту".

Праз 3 сезоны мяне запрасіў да сябе "Ньюкасл", дзе я змог разгуляцца яшчэ больш: набыў Бэкхама, Муту, Клозэ ды іншых зорак. Але, на жаль, там выйшла новая фіфа, і маёй вялікай кар'еры прыйшоў канец. Але гэта было крута настолькі, што я і зараз па інэрцыі, калі бачу табліцу чэмпіяната Нідэрландаў, шукаю "Вітэсс".

FIFA 06 таксама была вельмі цікавай. Кар'ера была больш складанай: фінансамі трэба было распараджацца рацыянальна, з-за чаго мяне звольнілі з "Баварыі". Але быў мінус - можна было стартануць з любога топ-клуба, што мы і рабілі.

А далей усё ішло па інэрцыі. Сімулятары сталі копіяй адзін аднаго з мінімальнымі зрухамі, гульні сыходзілі на другі план. Але і па сённяшні дзень футбол - гэта, бадай, адзіная гульня, усталяваная на маім ноўце.

Спадзяюся, сваім тэкстам разварушыў нешта ўнутры вас. Будзе вельмі цікава пачытаць вашыя гісторыя з віртуальнага футбольнага мінулага!

Да новых сустрэч!

Лучшее в блогах
Больше интересных постов