Tribuna/Футбол/Блоги/Пристоличное дерби/Хочам «прывезці» ў Чэрвень каманду вышэйшай лігі чэмпіянату краіны. Інтэрв’ю з галоўным трэнерам «Коласа»

Хочам «прывезці» ў Чэрвень каманду вышэйшай лігі чэмпіянату краіны. Інтэрв’ю з галоўным трэнерам «Коласа»

У чэрвеньскіх аматараў футбола 30 красавіка адбылося сапраўднае свята. Матчам папярэдняга раўнду розыгрышу Кубка Беларусі “Колас” – “Партызан” (Салігорск) на стадыёне СДЮШАР стартаваў новы сезон.

Автор — KentYara98
4 мая 2022, 10:47
Хочам «прывезці» ў Чэрвень каманду вышэйшай лігі чэмпіянату краіны. Інтэрв’ю з галоўным трэнерам «Коласа»

У чэрвеньскіх аматараў футбола 30 красавіка адбылося сапраўднае свята. Матчам папярэдняга раўнду розыгрышу Кубка Беларусі “Колас” – “Партызан” (Салігорск) на стадыёне СДЮШАР стартаваў новы сезон.

Нажаль, хлопцы не змаглі адолець каманду Мікалая Януша – 1:1 у асноўны час і экстра-тайме, а па пенальці – 4:5.

Напярэдадні гульні карэспандэнт “Раённага весніка” пагутарыў з галоўным трэнерам чэрвеньскага “Коласа” Аляксандрам Курыловічам. Публікуем гэта інтэрв’ю і тут.

– Аляксандр, не сакрэт, што, каб паспяхова гуляць, важна правесці добрую перадсезонную падрыхтоўку. Як яна склалася для “Коласа”?

– Сёлета мы пачалі рыхтавацца да новага сезону як ніколі рана, яшчэ ў лютым. Спачатку былі заняткі ў трэнажорнай зале спартыўнага комплексу “Ігумен”, потым – таварыскія гульні. і трэніроўкі на адкрытым паветры. Паколькі ў Чэрвені няма штучнага футбольнага поля, усе спарынгі давялося праводзіць на выездзе.

Першымі сапернікамі былі мар’інагорская “Вікторыя” і дубліруючы састаў дзяржынскага “Арсенала”. Саступілі ім 0:3 і 1:5, адпаведна. У гэтых гульнях мы не ставілі мэты згуляць на вынік: правяралі, хто ў якіх фізічных кандыцыях пасля зімы, праглядалі патэнцыйных кандыдатаў у каманду.

У трэцім матчы, з “Жодзіна-Паўднёвым”, да нас на прагляд падцягнуліся хлопцы з Бабруйска. Пачаў збольшага з’яўляцца малюнак гульні. У выніку мы саступілі – 2:3, прапусціўшы мяч з пенальці на апошніх хвілінах.

Першую перамогу атрымалі ў другім спарынгу з “Вікторыяй”. Выйгралі з лікам 5:2, але па-сапраўднаму праверыць свае сілы не атрымалася, бо мар’інагорцы гулялі рэзервовым саставам. Хіба што парадавала выніковасць нашых атакуючых ігракоў: Сяргей Лізуноў забіў тры мячы, Павел Сёмкін – два.

У пачатку красавіка два запар выхадныя гулялі ў Мінску. Напачатку разграмілі “Серабранку” – 7:1. У гэтым матчы з відавочна слабейшым сапернікам пяць мячоў забіў Сяргей Лізуноў. На наступны дзень сустрэліся з “Трактарам”. Гульня, асабліва першы тайм, складалася не на нашу карысць, але напрыканцы, намаганнямі Дзяніса Трапашкі і Аляксандра Мрынскага, здабылі валявую перамогу – 3:2.

Затым быў яшчэ адзін матч з “Жодзіна-Паўднёвым”, у якім мы саступілі – 3:6. Адна з прычын такога паражэння навідавоку: не зусім удалая гульня ігракоў апорнай зоны паўабароны і абаронцаў. Серыю спарынгаў мы завяршылі ў Стоўбцах перамогай над мясцовым “Кронанам” – 4:0. Зноўку парадавала гульня ў атацы. У прыватнасці, дублем адзначыўся Павел Сёмкін.

У цэлым я задаволены тым, як прайшла перадсезоннай падрыхтоўка. Асобныя моманты будзем шліфаваць ужо на працягу чэмпіянату. Галоўнае, што ў нас сабраўся баяздольны калектыў, які па свайму патэнцыялу здольны справіцца з пастаўленымі задачамі.

– А якія яны, гэтыя задачы?

– Самыя сур’ёзныя. У Кубку рэгіёнаў УЕФА разлічваем выйграць папярэдні раўнд і выйсці ў прамежкавы, у Кубку Беларусі – “прывезці” ў Чэрвень каманду вышэйшай лігі чэмпіянату краіны (для гэтага трэба дайсці мінімум да 1/8 фіналу), у чэмпіянаце Беларусі сярод каманд другой лігі – выйсці ў плэй-офф і пазмагацца за тройку прызёраў.

– Ведаю, што ў новым сезоне “Колас” будзе гуляць у новай форме…

– …Так. Змянілася колеравая гама: жоўтыя майкі, чорныя шорты і гетры. Такія ж колеры – і ў спартыўных касцюмаў. Новая форма з’явілася пры асабістай падтрымцы старшыні райвыканкама Віталя Мікалаевіча Казлова, дзякуючы нашаму фундатару – Чэрвеньскаму лясгасу, які ўзначальвае Андрэй Мікалаевіч Галкоўскі. Дзякуй вялікі ім за гэта!

– Ужо ў наступную суботу – старт чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі. Як ацэньваеце сапернікаў па зоне “Поўнач”?

– Мяркую, што, акрамя “Коласа”, галоўнымі фаварытамі будуць “Жодзіна-Паўднёвае” і “Вікторыя” (Мар’іна Горка). Сюрпрызы таксама могуць паднесці “Фалько” (Дзяржынскі раён) і “Адзінства” (Дзяржынск).

– Знаёмячыся з заяўкай “Коласа” на сезон, заўважыў, што ў саставе адбыліся значныя змены. Давайце крыху падрабязней пра іх распавядзем.

– На сёння ў нашай абойме – тры дзясяткі чалавек. Абсалютныя дэбютанты – маладыя футбалісты: выхаванец чэрвеньскага футбола Мікіта Каваленка, Аляксандр Грынь, Аляксандр Мацвееў, Георгій Кудраўцаў, Яўген Юрчанка з Бабруйска, а таксама вопытныя Павел Сёмкін і Ілля Саплін. Упершыню згуляюць за “Колас” у чэмпіянаце Дзяніс Трапашка, Сяргей Лізуноў, Уладзіслаў Рубін, Яўген Мінянкоў і Вадзім Болбас.

У трэнерскім штабе мне будуць дапамагаць Ігар Шмідаў, Аляксандр Мрынскі, Ілля Прытыка, Ігар Кандрацьеў і спартыўны дырэктар Дзмітрый Чысты.

– Некаторыя нашы аматары футбола наракаюць на тое, што ў “Коласе” гуляе шмат не чэрвеньскіх футбалістаў. Што ім можна адказаць?

– Па-першае, тут ёсць аб’ектыўныя прычыны. Нельга параўноўваць магчымасці сабраць баяздольную каманду ў тым жа Салігорску, Маладзечна, ды ў менш буйных, але большых за Чэрвень гарадах. Па-другое, чэмпіянат Беларусі – гэта не спартакіяда працоўных калектываў. Тут кожны стараецца запрасіць мацнейшых ігракоў, незалежна ад таго, дзе яны жывуць. Дык што лепш: гуляць сваімі і займаць апошнія месцы ў турнірнай табліцы, ці стварыць моцны калектыў і змагацца за медалі? Мяркую, што і балельшчыкам цікава, каб каманда перамагала, а не плялася ў хвасце.

Карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх на футбол. Прыходзьце на стадыён сем’ямі, з дзецьмі Вельмі хочацца бачыць на трыбунах моладзь: паглядзець матч, пахварэць за каманду свайго горада – нашмат цікавей, чым сядзець у камп’ютары або тэлефоне.

Дарэчы, сёлета чэрвеньскіх балельшчыкаў чакае шмат сюрпрызаў: гэта і новае табло, і гульні з віктарынамі, і маскот “Коласа”, з якім можна будзе сфатаграфавацца. А каманда пастараецца ў кожным матчы радаваць сваіх прыхільнікаў цікавай і выніковай гульнёй.

Матэрыял: http://www.cherven.by/2022/04/91792/

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты