Блог Железный дровосек

«Такім чалавекам Беларусь можа ганарыцца». Алег Дулуб вачамі ўкраінскага журналіста

Каментатар Дзмітрый Паваразнюк распавёў, якім Алега Дулуба бачаць украінскія журналісты, футбалісты і заўзятары.

Да зімовага перапынку ў чэмпіянаце Украіны «Карпаты» Алега Дулуба падышлі з жахлівай статыстыкай. З беларускім трэнерам «зялёна-белыя» атрымалі адну перамогу ў васьмі матчах і ніяк не маглі выбрацца з аўтсайдэрскага балота. Тады нават падалося, што дні трэнера ў «Бандэрштадзе» ўжо злічаныя. Але зімовыя канікулы відавочна пайшлі на карысць камандзе. Пасля аднаўлення першынства львавяне набралі 7 балаў, не прапусцілі ў апошніх трох матчах ніводнага мяча і пакінулі дно турнірнай табліцы. Растлумачыць, што здарылася з «Карпатамі», як да Дулуба ставіцца футбольная грамада ва Украіне, ці ёсць у яго перспектывы з гэтай камандай, мы папрасілі журналіста і каментатара тэлеканала «2+2» Дзмітрыя Паваразнюка.

– Шчыра кажучы, для мяне нічога дзіўнага з «Карпатамі» не адбылося. Каманда і раней дэманстравала нядрэнны футбол. Не было толькі выніку. Ды і апошнія перамогі клуб атрымаў над «Александрыяй» і «Валынню», якіх лідарамі не назавеш. А тое, што калектыў ў апошніх трох матчах не прапусціў ніводнага мяча, звязваю найперш з гульнёй ад абароны. Дулуб намагаецца гуляць у хуткі футбол, але для гэтага ў яго пакуль не хапае патрэбных футбалістаў. Хаця лічу, што з сённяшнім складам і трэнерскім штабам «Карпаты» ў наступным годзе будуць змагацца за еўракубкі.

Пра Дулуба, дарэчы, да пераезду ў Львоў у нас нічога не чулі. Ніхто не разумеў, што гэта за трэнер. Ва Украіне наогул за беларускім футболам сочаць мала. Ведаем, што зборную пэўны час трэніраваў Аляксандр Хацкевіч, чэмпіёнам з’яўляецца БАТЭ...

- Але ж у нашым чэмпіянаце хапае ўкраінцаў. Уладзімір Пятэнка трэніруе «Крумкачы», Аляксандр Наёк гуляе за «Дынама», а колькі гадоў таму за салігорскі «Шахцёр» выступаў Васіль Кобін. І гэта толькі некалькі прозвішчаў.

– Ведаеш, у нас дужа нестабільная сітуацыя. У першынстве Украіны ўдзельнічаюць дванаццаць камандаў, і ў дзевяці з іх ёсць затрымкі па заробках. Людзям могуць па тры месяцы не плаціць, а камусьці – паўгода. За тры гады сярэдні заробак футбалістаў скараціўся прыкладна ў дзесяць разоў. Гульцы цяпер атрымліваюць па 2-3 тысячы долараў. Паміж нашымі чэмпіянатамі сёння невялікая розніца ў заробках, таму людзі едуць ахвотна гуляць у вашу краіну. Што да вышэйназваных футбалістаў, Наёк – былы капітан маладзёжнай зборнай Украіны. Дзейнічае на полі, як пітбуль, злы сабака. Аляксандра цанілі трэнеры ў данецкім «Шахцёры», але ў яго проста не было шанцаў зайграць у першай камандзе. Таму ён і сышоў. Такіх футбалістаў любяць, але, як бачыш, ва Украіне для яго не знайшлося варыянтаў, хаця рэпутацыя у Наёка была нядрэнная. Я не ведаю, як ён выступае ў Беларусі, аднак для вашага першынства гэта добры футбаліст.

Кобін – гулец, з якога любяць пасмяяцца. Ён паходзіць з сяла з Заходняй Украіны, і мова, на якой кантактуе, даволі пацешная. Зараз Васіль выступае за данецкі «Шахцёр» і пастаянна сядзіць на замене. За апошнія некалькі гадоў згуляў за каманду ўсяго 5-6 матчаў, калі асноўны правы абаронца Дарыё Срна быў дыскваліфікаваны. Кобін усіх задавальняе, ні з кім не мае канфліктаў, ніхто яго на трансфер не выстаўляе. Да таго ж у Васіля добры заробак, і роля запаснога яго цалкам задавальняе. Гэта такі суперрэзервіст, чалавек, які сам захацеў быць запасным, а не гуляць у полі. Хаця мог бы выходзіць у асноўным складзе любой другой украінскай каманды. Для Беларусі Кобін топ-футбаліст, для першынства Украіны добры гулец, а для «Шахцёра» – сярэдні ўзровень.

Васіль Кобін.

Напэўна, для Беларусі «Крумкачы» гэта нешта накшталт «Лестэра» ў Англіі. То бок, нязвыклая, нешаблонная каманда. Мы да такіх клубаў не прызвычаіліся. У нас астатнія дзесяць гадоў першыя 3-4 месцы прадказальна займалі адны і тыя ж каманды – «Шахцёр», «Дынама», «Металіст», «Дняпро» – і ніхто не выстрэльваў. А ў вас з’явіўся цікавы клуб «Крумкачы», які даказаў, што нават з не самымі моцнымі футбалістамі можна дасягнуць пэўнага выніку. Што тычыцца Пятэнкі, ён доўга працаваў у данецкім «Металурзе». Каманда была добрая, але высокіх вынікаў пры ім не дасягнула.  Як трэнер ён сябе яшчэ не рэалізаваў у футболе. І, мажліва, «Крумкачы» стануць для яго новым выклікам, каб праявіць сябе.

- Што ты першае пачуў пра будучага трэнера «Карпатаў»?

– Першая навіна пра Дулуба была пра тое, што прэзідэнт «Крумкачоў» і заўзятары не хочуць адпускаць спецыяліста ў «Карпаты». У яго там была даволі добрая рэпутацыя. Тады мы знайшлі ягоныя інтэрв’ю беларускім выданням і ўбачылі, што маем справу з інтэлектуальным, эрудаваным трэнерам. Калі ён пераехаў у Львоў, гэта пацвердзілася. Ён адразу пачаў разважаць пра псіхалогію каманды, аўру ў калектыве. З ім атрымліваліся глыбокія гутаркі, і яшчэ да першага матчу ў чэмпіянаце беларус прыцягнуў да сябе вялікую ўвагу і стварыў даволі добрае ўражанне. Дулуба адразу ўспрынялі пазітыўна. Але гэтага для «Карпатаў» было замала. Ён прыйшоў у калектыў, якім найперш трэба умець кіраваць.

- Што з сябе уяўляла каманда, якую прыняў Дулуб?

– «Карпаты» – гэта адзін з тых украінскіх клубаў, у якіх заўжды шмат амбіцый. У 2012-м яны ў апошні раз гулялі ў еўракубках і ўсе гэтыя пяць гадоў хацелі зноў туды патрапіць. Але ў каманды заўжды было катастрафічнае становішча ў чэмпіянаце. Кожны сезон львавяне праводзілі ў зоне вылету. Апошнім паспяховым трэнерам у «Карпатах» быў беларус Алег Конанаў. Пасля яго амаль усе праваліліся. Ніхто не вырашаў пастаўленыя задачы, і трэнеры пастаянна мяняліся. Падобная нестабільнасць напружвала, адштурхоўвала. Да таго ж у клуба даволі дзіўны прэзідэнт Пятро Дымінскі. Чаму? «Карпаты» часцей за астатнія клубы судзяцца з футбалістамі. Кожны год з-за скасавання дамоў футбалісты падаюць у суд. За няўстойку клуб ужо выплаціў гульцам вялікія грошы.

Тры гады таму Дымінскі выставіў на трансфер усіх футбалістаў. Людзі трэніраваліся ў жахлівых умовах. Такім чынам ён прымушаў футбалістаў перападпісаць кантракт ці пакінуць «Карпаты» па ўласным жаданні. Дымінскі – гэта дыктатар, які хоча ўсё вырашаць сам і мець над усім татальны кантроль. З-за гэтага ў яго неадназначная рэпутацыя. Акрамя таго, ён лічыць, што разбіраецца ў футболе. У нефармальных размовах я чуў, што ён любіць насаджваць трэнерам свой погляд. Працаваць з ім няпроста. Адзіным трэнерам, у справы якога ён не лез, быў усё той жа Конанаў. І Конанаў даў вынік. Таму, хочацца верыць, што на Дулуба ён таксама не будзе ўплываць, і трэнер здолее самастойна кіраваць камандай.

Олег Дулуб: «Сошлись с Дыминским во мнении, что «Карпатам» необходим хороший селекционный отдел»

Нягледзячы на гэта, у «Карпатах» заробак выплочваюць без затрымак. Для сённяшняй Украіны гэта рэдкасць. Пры клубе таксама даволі паспяхова працуе футбольная акадэмія.

- Які ў «Карпатах» бюджэт?

– Пяты ці шосты ў чэмпіянаце. Заробкі невялікія. Праўда, з-за таго, што клуб прадае маладых футбалістаў за невялічкія грошы, «Карпаты» выходзяць у плюс. Клуб даволі сур’ёзна падкасілі суды, і за фінансавым балансам там сочаць даволі сур’ёзна. Таму Дулуба запрасілі таксама як трэнера, які можа выхоўваць маладых гульцоў, каб пасля іх можна было паспяхова прадаваць і зарабляць.

- Ці здзівіла, што з Дулубам падпісалі пяцігадовы кантракт?

– У нас на такі тэрмін кантракты ніколі не падпісваюць. Нават у топ-клубах. Аднак, на маю думку, пяць гадоў – гэта нядрэнны пасыл. Ён сведчыць пра тое, што Дымінскі давярае трэнеру. Але мне падаецца, што ў кантракце ёсць пункт, паводле якога ён можа пакінуць клуб заўчасна пры дрэнных выніках. Некаторыя экс-трэнеры «Карпатаў» падпісвалі кантракт на тры гады, але ўжо праз год пакідалі Львоў.

- Пры Дулубе каманда пачала не вельмі добра. Некаторыя эксперты лічылі, што ён можа пакінуць яе яшчэ зімой.

– Пачатак у «Карпатаў» быў вельмі дрэнны, але каманда дэманстравала даволі якасны футбол. Трэнера крытыкавалі за вынік, але многія верылі, што ён зменіць сітуацыю і больш казалі пра тое, што львавянам не шанцуе.

Калі Дулуб прыйшоў у «Карпаты», адразу пачаў перабудоўваць гульнявы малюнак. Пры ім каманда пачала гуляць у тры цэнтральныя абаронцы. Ён пабудаваў на полі «елачку» – стаў выкарыстоўваць схему 5-2-2-1, па якой амаль ніхто не дзейнічаў ва Украіне. З-за яе з «Карпатамі» памучыліся і «Шахцёр», і «Дынама». Нягледзячы на гэта, не было вынікаў. На той момант каманда толькі аднойчы перамагла. І калі ў перапынку клуб пачаў прадаваць лідараў, я падумаў, што яго звольняць. Аднак неўзабаве «Карпаты» падпісалі 3-4 моцных гульцоў. У арэнду прыйшоў знаны нападаючы Аляксандр Гладкі, левы абаронца Мікалай Мацвіенка з «Шахцёра». Пасля перапынку калектыў пачаў набіраць балы, і зараз ён знаходзіцца на эмацыйным уздыме.

Каманда Дулуба нагадвае спружыну. Яна багата не валодае мячом, але можа даволі хутка пераключыцца падчас гульні і закрыць суперніка на яго палове поля. Так было ў нядаўнім матчы з «Александрыяй», у якім львавяне перамаглі з лікам 1:0. «Карпаты» перыядамі прыціскалі саперніка да іх варотаў, перыядамі адыходзілі да сваіх. То бок, атрымліваецца, што за матч каманда выкарыстоўвала два планы на гульню. І гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што гэты трэнер можа добра падрыхтавацца да саперніка.

- Ты лічыш, што Дулуб – гэта адкрыццё чэмпіянату Украіны?

– Ён адзін з найлепшых спецыялістаў новай фармацыі, якія толькі-толькі з’явіліся ў нашай краіне. Да нядаўняга часу яго ніхто не ведаў, ён прыехаў працаваць за маленькія грошы, але бачна, што ягоная футбольная філасофія можа прынесці ва ўкраінскі футбол шмат новага. Я да яго стаўлюся пазітыўна, але цалкам верагодна, што калі не будзе выніку, яго могуць прыбраць.

Калі быць аб’ектыўным, трэба казаць і пра недахопы. «Карпаты» – даволі нестабільная каманда. Добрая гульня на працягу аднаго матчу змяняецца дрэннай. Між іншым, калі Дулуб прыйшоў у клуб, казалі, што мэта каманды – гуляць сваімі выхаванцамі. Але цяпер, калі няма выніку, філасофія змянілася. Клуб пачаў арэндаваць даволі дасведчаных футбалістаў. Логікі няма. Перад пачаткам першынства былі адны мэты, а зараз ужо іншыя. Я аб гэтым размаўляў з Дулубам, і ён сказаў, што гэта робіцца толькі дзеля таго, каб зараз захаваць месца ў Прэм’ер-лізе. Па ўзроўні гульцоў каманда займае чацвёртае ці пятае месца ў чэмпіянаце, але знаходзіцца ў табліцы каля аўтсайдэраў. І так, як я казаў, апошнія пяць гадоў. Каманда мае якасных футбалістаў, добрае фінансаванне і інфраструктуру, але ўвесь час змагаецца за тое, каб не выляцець. Мне падаецца, праблема ў атмасферы, што пануе ў камандзе. І вельмі важна, каб Дулуб не дазволіў прэзідэнту ўмешвацца ў справы каманды. Калі будзе інакш, ён хутка страціць аўтарытэт. І для мяне вельмі цікава, як беларус будзе сябе паводзіць у гэтай сітуацыі.

 - Як футбалісты і заўзятары «Карпатаў» ставяцца да Дулуба?

– Усе расказваюць, што з’явіліся цікавыя трэніроўкі. Футбалісты сталі больш працаваць з мячамі. Нават тыя людзі, якія проста робяць у клубе, прызнаюцца, што прыходзяць паглядзець на трэніроўкі, бо людзям проста цікава сачыць за працай Дулуба.

Амбросий Чачуа: «Дулуб требует, чтобы мы играли низом»

Я рабіў на матчы з «Александрыяй» і сядзеў літаральна за пяць метраў ад яго. Бачыў на свае вочы, як ён размаўляе са сваімі гульцамі. Чалавек правёў увесь матч на нагах, перажываў. Шмат, дарэчы, падказваў флангавым абаронцам. Але нават калі нешта не атрымлівалася, ён не зрываўся, не лаяўся. Дулуб заўсёды паводзіць сябе падчас матчу і пасля яго даволі годна. Беларусь такім чалавекам можа ганарыцца.

Што тычыцца балельшчыкаў, яны ў Львове даволі спецыфічныя. У іх ад нянавісці да любові ляжыць кароткі шлях. Пры дрэнных выніках яны могуць з мацюкамі літаральна вынесці футбалістаў са стадыёна. Але, наколькі я ведаю, да трэнера ставяцца даволі прыязна. Праўда, калі не будзе выніку, усё можа змяніцца.

Аднак галоўнае, што Дулуб адкрыты людзям. Ён разумее, як паводзіць сябе на публіцы. На прэс-канферэнцыя заўжды адказвае на ўсе пытанні – зручныя і нязручныя – у адным тоне. Ніколі не зрываецца. Да яго няма ніякіх прэтэнзій, з ім ніколі не было канфлікаў.

Дарэчы, ведаеш, што аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, якія гулялі альбо  працавалі ў нашым футболе? Яны ўсе разумныя, умеюць прыгожа размаўляць, але закрытыя. Гэта тычыцца і Конанава, і Хацкевіча і Сівакова, які выступаў за «Чарнаморац» і «Зару». Дулуб інтэрв’ю дае, але ўсё роўна трымае ўсіх на адлегласці. Беларусы рэдка жартуюць і усміхаюцца. Мне гэта нагадвае вось якую сітуацыю. Мы нядаўна размаўлялі з бразільцамі і аргентынцамі. Бразільцы заўжды вясёлыя, жартуюць, пасміхаюцца, а аргентынцы больш сур’ёзныя. Мне падаецца, так і ў нашым футболе. Беларусы сціплыя, а украінцы, наадварот, разняволеныя

 - Ці з’яўляліся на трыбунах беларускія сцягі?

– Я сам не бачыў, але гэта цалкам верагодна. Усё ж такі да Беларусі ў Львове асаблівае стаўленне. Як я казаў, Конанаў папрацаваў з клубам даволі плённа. Ды і наогул ва Украіне Беларусь успрымаюць як вельмі блізкую краіну. Мы не лічым яе нейкім там замежжам. Беларусы – вельмі блізкія да нас людзі па менталітэце, па культуры. І калі ў Львове сустракаліся зборныя Беларусі і Украіны, фанаты паводзіліся сябе дружалюбна адно да аднаго, разам спявалі песні, скандзіравалі.

- Дулуб спрабуе размаўляць на украінскай мове?

– Ён разумее яе. І калі я спытаў у яго, на якой мове з ім кантактаваць, ён адказаў, што няма розніцы. Мы звяртаемся да яго па-ўкраінску, і ніякіх пытанняў не ўзнікае. Ну а калі ён пачне размаўляць на ўкраінскай мове, для яго гэта будзе велізарны плюс. У Львове багата патрыётаў, людзей, якія падтрымліваюць усё ўкраінскае. Два гады таму ў «Карпатах» працаваў харват Ігар Ёвічавіч, які вывучыў нашу мову і на ёй размаўляў лепш за некаторых украінцаў. Пасля гэтага Ёвічавіч займеў шмат прыхільнікаў.

Олег Дулуб заговорил по-украински. Новогоднее поздравление от «Карпат»

- Чым яшчэ паспеў адзначыцца беларускі трэнер у Львове?

– Ёсць даволі цікавая гісторыя, якая падкрэслівае яго прафесіяналізм. Калі я неяк быў на футболе ў Львове, гуляў па горадзе і вырашыў зайсці ў кнігарню ў цэнтры каля помніка Данілу Галіцкаму. У ёй прадаецца шмат футбольнай літаратуры. Я набываў біяграфію Карла Анчалоці і мне прадавец прызнаўся, што Дулуб у гэтай краме кожны тыдзень літаральна пачкамі набывае кнігі і замаўляе іншыя. Падобны прыклад яшчэ раз сведчыць пра тое, што ён цікавіцца новым вопытам, разнастайнымі падыходамі. І гэта крута. Чалавек не спыняецца і ўвесь час развіваецца.

- Якой ты бачыш будучыню Дулуба ў Львове?

– Яна залежыць ад трох фактараў. Па-першае, гэта вынік, па-другое, даволі істотна, якімі ў далейшым будуць ягоныя адносіны з адыёзным прэзідэнтам, а па-трэцяе, ці не захоча ён пры добрым выніку (а мне падаецца, што ён вывядзе каманду ў еўракубкі) перайсці на іншы ўзровень. Усё ж такі лічу, што «Карпаты» – гэта не вяршыня кар’еры трэнера Алега Дулуба.

ФОТА: з уласнага архіва Д.Паваразнюка, zahid.net

Автор

Комментарии

  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья