Tribuna/Футбол/Блоги/Железный дровосек/Як Васіль Быкаў аб’ядноўвае Беларусь і ўкраінскую Александрыю, дзе сёння будзе гуляць БАТЭ

Як Васіль Быкаў аб’ядноўвае Беларусь і ўкраінскую Александрыю, дзе сёння будзе гуляць БАТЭ

Чалавек, творчасцю якога захапляецца Віталь Радзівонаў.

Автор — Тарас Щирый
24 августа 2017, 14:32
15
Як Васіль Быкаў аб’ядноўвае Беларусь і ўкраінскую Александрыю, дзе сёння будзе гуляць БАТЭ

Чалавек, творчасцю якога захапляецца Віталь Радзівонаў.

Калі вы ўсё лета чакалі футбольны баевік, дык убачыце яго сённяшнім вечарам. БАТЭ правядзе проста звышнапружаны матч за выхад у групу Лігі Еўропы супраць украінскай «Александрыі». Задачка перад хлопцамі Ермаковіча, якія, будзем шчырымі, праводзяць даволі слабы сезон, стаіць няпростая. Трэба абавязкова забіваць і не саступіць. Іншых варыянтаў для выніковай вікторыі няма. Сумныя 1:1 пасля першай сустрэчы выводзяць у еўракубкавую восень «Александрыю».

Першы матч прадэманстраваў, што «Александрыя», сярэдняя каманда першынства Украіны, для сённяшняга БАТЭ – сапернік не такі і лёгкі. Хаця апошнія навіны з Украіны даюць барысаўскім балельшчыкам магчымасць дыхаць крыху лягчэй. З-за пашкоджання матч у адказ прапусціць цэнтральны абаронца «жоўта-чорных» Сяргей Басаў. Але і ў БАТЭ таксама ёсць праблемы. Па невядомай прычыне ў Украіну не паляцелі Юрый Кендыш і Валерыянэ Гвілія.

Гульня, дарэчы, адбудзецца ў Александрыі на стадыёне «Ніка», які адрэстаўравалі ў 1998-м годзе. Адначасова ён можа змясціць 7 тысяч гледачоў. Творам архітэкрутнага мастацтва яго не назавеш. Топавых матчаў ён ніколі не прымаў, і паядынак з БАТЭ стане самым статусным у гісторыі стадыёна. Мясцовым заўзятарам нагадваць пра гэта асабліва не трэба, і ў чацвер на «Ніцы» будзе сапраўдны аншлаг.

 

У адрозненне ад іншых украінскіх гарадоў, 100-тысячная Александрыя не можа пахваліцца знакамітымі мясцінамі. Але ў горадзе працуе адзіны ва Украіне музей міра, экспазіцыя якога прысвечана гістарычнай тэматыцы. Яго мог бы наведаць беларускі абаронца Цярэнці Луцэвіч, які ездзіў на прагляд у «Александрыю», але клубу не падышоў і накіраваўся ў Узбекістан (праўда, ненадоўга).

Затое ёсць іншы знакаміты наш суайчыннік, які аб’ядноўвае Беларусь і Александрыю. Гаворка ідзе пра класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава.

На жаль, яго з Александрыяй звязала не мірнае жыццё, а Другая Сусветная вайна. Летам 1942-га, пасля вучобы ў Саратаўскім пяхотным вучылішчы, яго прызвалі ў Чырвоную армію. Ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах, удзельнічаў у вызваленні Крывога Рога, Знаменкі і Александрыі. Гэты пункт у сваёй творчасці Быкаў бокам не абышоў і прыгадаў Александрыю ў сваіх аўтабіяграфічных «Пункцірах жыцця». Распавёў і аб тым, як ляжаў у александрыйскім шпіталі, што месціўся ў звычайнай школе.

Падчас Кіраваградскай аперацыі (Александрыя знаходзіцца менавіта ў Кіраваградскай вобласці) Быкаў патрапіў у даволі цікавую гісторыю. З-за памылкі бацькі Васіля Уладзіміравіча атрымалі трохкутную пахаронку. Яго імя як загінулага нават выбілі на помніку. І можна толькі паспрабаваць уявіць, якой была рэакцыя ягоных сваякоў, калі яны даведаліся, што Васіль насамрэч жывы.

Вайну Быкаў скончыў у Аўстрыі, пасля служыў на Далёкім Усходзе, дэмабілізаваўся. Жыў спачатку у Гродне, рабіў журналістам і з часам ператварыўся ў аўтара, ваенная проза якога амаль цалкам супярэчыла агульнапрынятаму ў Саюзе пафаснаму сацрэалізму. Цэнзары Быкава не шанавалі. Напрыклад, толькі ў адным першапачатковым рукапісе славутага «Сотнікава» (першая назва аповесці – «Ліквідацыя») даследчык Сяргей Шапран знайшоў мноства скалечаных фрагментаў. Паводле «пажаданняў» цэнзуры выкідваліся не толькі сказы, але і цэлыя старонкі.

Улада незалежнай Беларусі з-за ягонай супрацьлеглай палітычнай пазіцыі таксама не надта любіла празаіка. Некаторыя асобы нават прызнаваліся, што яшчэ ў школе чыталі ягоныя вершы, хаця Быкаў іх не пісаў.

У выніку пісьменнік пэўны час жыў за мяжой, але дажываць усё роўна вярнуўся на Радзіму. Спадара Васіля не стала 23 чэрвеня 2004 года. Ён не прасіў сабе вялікага помніка. На магіле ўсталявалі валун, які Быкаў убачыў, калі жыў у Фінляндыі.

Дакладна невядома, ці любіў Васіль Уладзіміравіч футбол, хаця ў аповесці «Воўчая зграя» гульню мільёнаў аўтар прыгадвае. Затое дакладна вядома, што творчасць Быкава шануюць нашы футбалісты. Віталь Радзівонаў наогул лічыць, што творы Быкава мусяць быць у бібліятэцы кожнага.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты