Tribuna/Хоккей/Блоги/Зямля пад белымі крыламі/Дзед і яйкі

Дзед і яйкі

Апавяданне пра ўпартага дзеда.

Автор — Karchmar
28 апреля 2020, 08:35
2
Дзед і яйкі

Апавяданне пра ўпартага дзеда. 

Жыў-быў дзед. Улетку паловіць язёў і шчупакоў на Дняпры, узімку бандарыць – так і меў пляшку гарэлкі ды мех бульбы. А да чаго ж упарты быў. Дзеці яго параз’яжджаліся – хто ў мястэчка, хто ў горад. А ён сядзіць на дзвюх скарбовых дзесяцінах і думае, як пратапіць сцюдзёную струхлелую хату. Калі хто з дзяцей запрашаў бацьку да сябе, Яўхім толькі і казаў: «А на каго ж я ўсё гэта пакіну?»

Па нядзелях падняпроўская інтэлігенцыя збіралася ў карчме і раскладвала карты. Рэдка  дзеду шанцавала ўзяць «дзявяты вал» – часцей аддаваў рубель ці два. Але адагнаць ад стала яго было немагчыма. А які ж заўзяты быў у выпіўцы! Тут роўных яму не знаходзілася.

– Дзед Яўхім, а давай па пляшцы? – пытаў часам недасведчаны юнак.

– А хадзем, байструк, – пагаджаўся дзед.

Пляшкі той яму было на пяць хвілін. Юнак вып’е чарку – рука адразу цягнецца да гурка ці кавалка вяндліны. А дзед ужо апаражніў тры і толькі ўсміхаецца.

– Ай дзед, ну і арганізм, – толькі і зайдросцілі яму мужыкі.

Яўхім гэтай сваёй незвычайнай здольнасцю ганарыўся. Чуткі аб ёй разыйшліся па ўсіх навакольных карчмах. Хто не бачыў, спачатку не верыў. А пасля толькі і здзіўляліся:

– Малайца, дзед! Маеш яйкі.

Жылося Яўхіму добра, і нічога яго не турбавала. Рэвалюцыю дзед не падтрымаў: навошта ліць кроў, калі гарэлка і рубель усё роўна ёсць?

– Карчы пранцаватыя, – казаў ён пра мужыкоў, якія збіраюцца ў настаўніцкай хаце. – Якога д’ябла ісці супраць цара? Ён жа разумны, за сялян душой. Не ўсё проста даходзіць, а так добрая душа.

Пасля дзед даведаўся, што меншы сын яго, настаўнік з рагачоўскай вёскі, апынуўся ў астрозе: з грамадой пайшлі адбіраць панскую зямлю і трапілі ў кіпцюры казакоў. Яўхім з’ездзіў да сына, падвёз сала з хлебам ды цёплы кажух, але даракаў хлопца.

– Ну чаго ты, сынку, туды пайшоў? Меў жа рубель і пашану. Сядзеў бы ціха ды піў гарэлку.

– Пайшоў, бо маю яйкі, баця, – адказаў яму сын і зрабіўся нейкім панурым і маўклівым.

Рэвалюцыя сцішылася – і зноў пайшло сялянскае жыццё звыклым чынам. Неяк пад Каляды надумаўся Яўхім з’ездзіць у мястэчка: было сёе-тое, што можна прадаць на кірмашы. Ды і самы час  прыдбаць сала і гарэлкі да свята.

У нядзелю дзед запрог каня і накіраваўся да шашы на мястэчка. Ехаць трэба было вёрст пятнаццаць. Уначы снег добра засыпаў шлях і яшчэ патроху працягваў ахутваць ялінкі. Конь бег марудна – і не дзіва па такой дарозе –, але хутка даставіў гаспадара на патрэбнае месца.

Дзень для гандлю Яўхім абраў «прыдатны». Дарогі да мястэчка так заваліла, што нават напярэдадні Калядаў ехаць на кірмаш не шмат хто наважыўся.

– Ну ты дзед і вар’ят. Маеш яйкі, – казалі нешматлікія мясцовыя гандляры. У іх справа яшчэ больш-менш ішла. А каму ў свята патрэбны дзедавы вёдры і бочкі? Патаргаваўся з адным габрэям, ды і той махнуў рукой. Тым часам снег узмацняўся і ўжо амаль перайшоў у завіруху.

Змяркалася. Яўхім усвядоміў, што справа дрэнь, і пашыбаваў да карчмы: не зарабіў, дык хоць мясцовай гарэлкі пакаштуе. Замовіў бульбы с лісічкамі і пайшоў і выпіў пляшку: шлях дадому доўгі – трэба ж сагрэцца. На дзеда пазіралі як на дзівака.

– Ну ты з глузду з’ехаў, братка? – казаў стары Нупрэй, гаспадар карчмы. – Куды ты паедзеш у такую завіруху? Заставайся тут, паспіш на тапчане.

– А я хіба гумовы? – пажартаваў ужо троху п’янаваты дзед і ў добрым гуморы пакрочыў да выхада

У завеі Яўхім ледзь бачыў каня. Ехалі марудна, але яшчэ ніштавата. Вярстах у пяці ад мястэчка шаша пайшла лесам. Тут ужо стала зусім блага. Конь з вялікай цяжкасцю перастаўляў ногі. Дзед, як мог, падбадзёрваў бедную жывёліну.

– Ну давай, кляча, засталося ж ужо ўсяго нічога.

Сам Яўхім ледзь трымаў лейцы ў руках. Пальчаткі змакрэлі – ніякай карысці ад іх ужо не было. Вочы дзед амаль што заплюшчыў: адкрываць іх шырока пад снегам было цяжка. Змораны конь ужо хрыпеў і нарэшце зусім спыніўся.

***

Зранку два местачкоўцы ехалі па дровы. Уначы прайшоў снег, але падмарозіла някепска, таму сані ехалі борзда. Раптам наперадзе ўзнікла нешта буйное.

– Здаецца, сані, Сцяпан, – сказаў барадаты хлопец, які трымаў лейцы.

Пад’ехалі бліжэй. Троху ў баку ад шашы, схаваўшы морду пад ялінкаю, ляжаў конь. Адчуўшы набліжэнне людзей, жывёліна фыркнула. У санях сядзеў чалавек. Яго ногі  амаль напалову засыпала снегам.

– Тпру, – спыніў каня Сцяпан. – Янка, хадзі паглядзі.

Янка падыйшоў да саней, памацаў іх кіроўцу.

– Халодны. Ужо здранцвелы.

– Дык вядома. Вар’яцтва – ехаць у такую завею. Хто ж гэта такі?

– Здаецца, Яўхім, бандар з Залужжа. Хлопцы казалі, учора на кірмашы гандляваў.

– Не пашанцавала мужыку. А меў жа яйкі.

 

 

 

Другие посты блога

Дзед і яйкі
28 апреля 2020, 08:35
2
Все посты