Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Ці зможа Гуркоў узяць рэванш за паразу на чэмпіянаце свету?

Ці зможа Гуркоў узяць рэванш за паразу на чэмпіянаце свету?

28 ліпеня “Народны чэмпіён” распачне выступ на Сусветных гульнях, дзе можа сустрэцца з партугальцам, якому нядаўна прайграў.

Автор — Tribuna.com
28 июля 2017, 19:04
16
Ці зможа Гуркоў узяць рэванш за паразу на чэмпіянаце свету?

 

28 ліпеня “Народны чэмпіён” распачне выступ на Сусветных гульнях, дзе можа сустрэцца з партугальцам, якому нядаўна прайграў.

Нагадаем, што сёлета, у траўні, Віталь Гуркоў пацярпеў паразу ў першым баі чэмпіяната свету. Няўжо гэта канец яркай кар’еры? Відаць, што не. І рэванш з партугальскім прафесіяналам Дыёга Калада можа вось-вось здарыцца ў польскім Уроцлаве, дзе праходзяць Сусветныя гульні-2017. Гэты турнір па муай-тай куды больш прэстыжны і прадстаўнічы, чым чэмпіянат свету. Адбор на спаборніцтвы праводзіўся цягам некалькіх гадоў. Прыкладна так выглядала б сетка спаборніцтваў, калі б муай-тай быў у алімпійскай праграме.

Хто сапернікі Гуркова?

Віталь выступае ў 75 кг. Усяго ў вагавую катэгорыю адабраліся восем байцоў. Чэмпіён павінен будзе правесці тры пераможныя баі за тры дні.

Інтрыга ў тым, што апрача Гуркова ў сетцы спаборніцтваў прысутнічае яго партугальскі крыўдзіцель Дыёга Калада, сярэбраны прызёр чэмпіяната свету-2017. Добра было б убачыць рэванш. Дыёга – адзін з рэдкіх байцоў на планеце, хто перамог Гуркова ў клінчы. Спадзяемся, беларус зробіць належныя высновы, калі лёс зноўку звядзе яго з партугальцам.

Расію прадстаўляе Іван Грыгор’еў з Севастопаля. Некалькі месяцаў таму баец перамог на чэмпіянаце свету ў Мінску. Сёння многія лічаць, што Грыгор’еў выйшаў на пік формы і з’яўляецца фаварытам Сусветных гульняў. Таго ж партугальца Дыёга Каладу ён у фінале ЧС не проста перамог, а эфектна накаўтаваў. Вось як гэта было.

Ад Паўднёвай і Паўночнай Амерык ва Уроцлаў едзе Трой Джонс. Гэтага байца зоркай не назавеш. Ён выступае не толькі па правілах муай-тай, але і ў ММА. Вось яркі бой Троя гадовай даўніны.

Шкада, што трапіць на Гульні не змаглі цудоўныя тайцы. Легендарны Ёдсаэнклай нядаўна абвесціў пра завяршэнне кар’еры, а маладую зорку Super X Гуркоў дэкласаваў на чэмпіянаце свету-2016. 

Азію гэтым разам будзе прадстаўляць кітаец Ёнгханг Жанг. Байца называюць “цёмным конікам”, ніхто з беларускіх экспертаў муай-тай яго добра не ведае. Але гэта не азначае, што да кітайца варта ставіцца лёгкадумна.

Натуральна, што на Сусветных гульнях-2017 ва ўсіх вагавых катэгорыях выступаюць палякі. У 75 кг гэта Давід Міркоўскі, якога называюць самым здольным маладым польскім байцом муай-тай. У 2016 годзе на чэмпіянаце Еўропы ён стаў другім. Але наўрад ці 19-гадовы хлопец, які не любіць працаваць у клінчы, складзе канкурэнцыю Гуркову.

У пачатку года Давід размясціў пра сябе матывацыйны ролік на Youtube.

Яшчэ адзін сапернік, які можа стварыць сенсацыю, – гэта малады ўкраінец Станіслаў Пержаноўскі, чэмпіён Еўропы-2016. Яго Гуркоў накаўтаваў у тым жа 2016 годзе падчас чэмпіяната свету ў Швецыі. Але Станіслаў прагрэсуе, ён вельмі добра працуе рукамі і нагамі. І ўвогуле вельмі прыемны хлопец. Спадзяёмся, запал у Пержаноўскага растраціцца на іншага прынцыповага саперніка – Івана Грыгор’ева. Той таксама быў украінцам, але стаў выступаць за Расію, як толькі ў Крым увашлі “зялёныя чалавечкі”.

Аб’ектыўна кажучы, вартым сапернікам выглядае француз Джоэйн Басджор. Гэта досыць вядомы прафесіянал, які выступаў на прэстыжных турнірах у Тайландзе і Францыі. Вельмі няўступлівы баец, тэхнічна збалансаваны. Можа і ўдарыць, і падужацца, і перацярпець. На аматарскіх чэмпіянатах свету не выступаў. Але медаль на Сусветных гульнях – сапраўдная магчымасць засвяціцца.

Ці змог “Народны чэмпіён” набраць форму? 

Вядома, што Гуркоў рыхтаваўся да Сусветных гульняў-2017 у Мінску. На гэты раз ён не паляцеў спарынгавацца ў Бангкок. Больш за тое, за два тыдні да турніру  Гуркова бачылі ў Кіеве, дзе ён здымаўся у новым кліпе Brutto. А менш чым за тыдзень да турніру Віталь прымаў удзел у фестывалі “Рок за Баброў-2017”, выступаў амаль да 12 ночы. Ці прымальны такі лад жыцця для Заслужанага майстра спорта?

Перад чэмпіянатам свету-2017 Гуркоў адмовіўся ад музычнай сцэны. У выніку аказаўся ператрэніраваным. У той жа час, напрыканцы года ў Кітаі Віталь “сырым” выйшаў у рынг супраць чэмпіёна свету па кікбоксінгу Мергена Білялава. І ўпэўнена перамог.

 

Гуркова ніхто не прымушаў ехаць ва Уроцлаў. Загадзя было вядома, што з-за бюракратычных нюансаў баец не атрымае прызавыя (для прыкладу, тайцам за залаты медаль выплацяць па 50 тысяч долараў). “Народны чэмпіён” кіруецца ідэйнымі мэтамі. А гэта, пагадзіцеся, файна!

Калі пачнуцца баі?

Спаборніцтвы па муай тай ў вагавай катэгорыі 75 кг распачнуцца ў пятніцу 28 ліпеня а 20.00 па беларускім часе. “Трыбуна” будзе сачыць за турнірам, аператыўна паведамляць пра вынікі і выстаўляць відэа баёў з удзелам Віталя Гуркова.

Тэкст: Яўген Валошын

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты