Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Прарэжымнiцы з гімнастыкі (ды Качанава) схадзілі ў тэатр дырэктара, які прайшоў БРСМ – на балет, што калісьці быў сігналам пра смерць кіраўніка

Прарэжымнiцы з гімнастыкі (ды Качанава) схадзілі ў тэатр дырэктара, які прайшоў БРСМ – на балет, што калісьці быў сігналам пра смерць кіраўніка

...

Автор — Алесь Коваль
16 мая 2021, 13:00
3
Прарэжымнiцы з гімнастыкі (ды Качанава) схадзілі ў тэатр дырэктара, які прайшоў БРСМ – на балет, што калісьці быў сігналам пра смерць кіраўніка

15 мая ў Вялікім тэатры Беларусі адбылася прэм’ера балета «Лебядзінае возера» ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка Валянціна Елізар’ева. З такой нагоды ў тэатр прыйшлі «государевы люди» вялікіх чыноў – казалі, праўда, што чакаюць асабіста Аляксандра Лукашэнку, але ён у зале не з’явіўся, затое былі заўважаныя там яго давераная асоба і кіраўнік верхняй палаты парламента Наталля Качанава ды прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Пры гэтым «Лебядзінае возера» для людзей пакалення Качанавай у маладосці быў зразумелым сігналам – у 1980-х тэлеверсію балета па-за праграмай пускалі па дзяржканалах СССР у дні смерці правадыроў, генсекаў ЦК КПСС Леаніда Брэжнева, Юрыя Андропава, Канстанціна Чарненкi. Музыка з балета грала таксама на іх пахаванні. А ў 1991-м сувязь балета з палітыкай у розумах савецкіх грамадзян умацавалася – «Возера» па ўсіх каналах транслявалі тры дні запар падчас жнівеньскага путчу.

Наведала прэм’ерны балет (што ўвогуле любіць рабіць) і спартыўная чыноўніца – кіраўніца федэрацыі гімнастыкі і гаспадыня крам duty free Алена Скрыпель. У яе вернасці Лукашэнку сумнявацца не прыходзіцца – у свеце Скрыпель палітык вінаваты толькі ў стварэнні настолькі ашаламляльных умоў для жыцця ў Беларусі, што паўкраіны «ездзіць на добрых машынах і адпачывае раз на два месяцы» (эх, добра, напэўна, у свеце Скрыпель).

З гімнастыкі Скрыпель у зале была не адна – таксама там знаходзілася падпiсантка прарэжымнага ліста спартсменаў Кацярына Галкіна. Яна павіншавала Елізар’ева з прэм’ерай, якая ёй вельмі спадабалася.

У пастаноўцы было задзейнічана два дзясяткі выканаўцаў, імёны якіх наўрад ці ў вас на слыху, у адрозненне ад опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, якая паслядоўна выступае за сумленныя выбары і выпускае поўныя іроніі кліпы пра работу беларускай сістэмы і яе прадстаўнікоў. Працаваць з ёй у Вялікім тэатры артыстцы надакучыла яшчэ ў сакавіку 2020-га.

Пасля выбараў жа ў Вялікім, як і ў іншых тэатрах, здарыўся шэраг звальненняў людзей, якія не спужаліся выказаць сваю пазіцыю. Каталізатарам стаў выступ канцэртмайстра Рэгіны Саркісавай перад спектаклем 27 кастрычніка – першая скрыпка тэатра сказала, што артыстаў хвалююць падзеі ў краіне, што яны выступаюць супраць гвалту. Разам з ёй планавалі сказаць пра тое ж салісты аркестра, скрыпачка Ала Джыган і альтыстка Аляксандра Пацемiна, але не паспелі – ў зале запанавалi крыкі і апладысменты, а таксама гледачы заспявалі «Магутны Божа». Пасля гэтага ўсіх траіх музыкаў звольнілі «за амаральны ўчынак, ажыццёўлены работнікам, які выконвае выхаваўчыя функцыі». Заадно па тым жа артыкуле растаўся тэатр з вядомымі оперным спеваком Іллёй Сільчуковым і дырыжорам Андрэем Галанавым, якія яшчэ ў жніўні ўдзельнічалі ў відэа з заклікамі спыніць гвалт. Яшчэ адзін факт: да акцыі 27 кастрычніка, нягледзячы на ​​дзясяткі выпадкаў каранавiруса ў калектыве тэатра, спектаклі ў ім працягвалі ісці, а пасля акцыі ўсе спектаклі на некалькі тыдняў адмянілі (нібыта з-за віруса).

Цікава, што «Лебядзінае возера» стала першай прэм’ерай пры новым дырэктару Вялікага тэатра – 12 мая замест Аляксандра Пятровіча пасаду заняў Вячаслаў Гарбузаў. Гарбузаў пачынаў сваю сістэмную кар’еру ў БРСМ – дарос да сакратара Брэсцкага абкама, дзе самым вядомым згадваннем яго дзейнасці стаў пратакол ад мясцовага УУС за неадпаведнасць абяцанняў пры накiраваннi на працу за мяжой рэальным праблемам, якія ўзнікалі на месцы і не вырашаліся арганізацыяй. Потым Гарбузаў працаваў ва ўпраўленні Брэсцкага аблвыканкама, якое адказвала за ідэалогію і культуру, а ў 2017-м яго паставілі кіраўніком драмтэатра ў Брэсце. Экс-прадзюсар гэтага тэатра Аляксандр Чахоўскі пры цяперашнім прызначэнні даў кароткі каментар пра асабіста знаёмага кіраўнiка: «Калi ён прышоў на пасаду [у брэсцкiм тэатры], нічога не ведаў пра тэатр, поўны нуль. Адпаведна, відавочна, што ён нічога не ведае і не разумее ў балеце ды оперы».

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты