О духе времени
Блог

У валейболе Беларусі цяпер рулявыя з вялікімі пагонамі – іх падначаленыя зламалі кар’еру трэнеру-плыўцу і «сышлі» бягуху зборнай

17 чэрвеня ў беларускага валейбола з’явіўся новы кіраўнік – старшынёй федэрацыі гэтага віду спорту стаў былы міністр МНС Уладзімір Вашчанка. У паведамленні пра гэта БФВ пазначыла, што 32 дэлегаты аднагалосна прагаласавалі за кандыдата. А вось пра тое, каб у яго былі канкурэнты, інфармацыі не давалi. Асноўнай задачай Вашчанка назваў пападанне мужчынскай і жаночых зборных на Алімпійскія гульні – такога ў Беларусі не было ніколі.

Цікава, што БФВ да гэтага амаль год заставалася наогул без старшыні – абавязкі выконвала падпiсантка праўладнага ліста, генеральны сакратар Ала Цяцерына. Раней, з 2018-га, федэрацыю ўзначальваў экс-валейбаліст Эдуард Венскі, які ў канцы жніўня мінулага года раптам падаў у адстаўку. Венскі назваў гэтае рашэнне добраахвотным, але сумневы ў гэтым нараджалі папярэднiя навіны. У гарачыя паслявыбарныя дні таго месяца менавіта прадстаўнікі валейбола раней за іншых прад’явілі ультыматум: 17 жніўня адмовіліся выступаць за зборную без адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, люстрацыі, роспуску АМАП і вызвалення палітвязняў і затрыманых на мірных акцыях. Падпісаліся пад дакументам рэальна моцныя гульцы – Артур Удрыс, Вячаслаў Шмат, Андрэй Радзюк, Сяргей Антаноовіч (дарэчы, іх імёны да гэтага часу ёсьць на старонцы складу зборнай на сайце федэрацыі). У Венскага, вядома, тады спыталі, ці ёсць сувязь, на што ён невыразна адказаў, што гэта «не было асноватворным фактарам». Функцыянер у канцы года знайшоўся як намеснік кіраўніка федэрацыі Гродзенскай вобласці, а пратэстных валейбалістаў сапраўды больш няма ў нацкамандзе.

«У нас пад носам філіял гітлераўскай Германіі». Топ-валейбаліст – пра тое, чаму не хоча гуляць за зборную Беларусі

«Галоўная задача – перамагчы дыктатуру». Гэты гулец не паедзе ў зборную, пакуль у Беларусі не зменіцца ўлада

Злева направа: Эдуард Венскі, Уладзімір Вашчанка, Ала Цяцерына

То, каго цяпер прызначылі абралі кіраўніком БФВ, здзіўлення не выклікала. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях не першы год «курыруе» валейбол у краіне. Сам ураджэнец Расіі Вашчанка быў кіраўніком назіральнага савета федэрацыі з 2018-га па 2021-ы, прычым пасаду пакінуў менавіта з-за таго, што перастаў быць міністрам – у канцы студзеня яго звольнілі ў запас па ўзросце (аднак з правам нашэння формы). Зрэшты, новым кіраўніком назсавета стаў першы намеснік міністра Аляксандр Худалееў. Хапае пры БФВ і іншых прадстаўнікоў ведамства – калі па старой памяці палічыць Вашчанка, у выканкаме федэрацыі цяпер пяць «надзвычайнiкаў», а ў назсавеце – дык увогуле пятнаццаць.

Новым кіраўніком назсавета, у сваю чаргу, зараз стаў Вадзім Сіняўскі, якi i змяніў Вашчанку на міністэрскай пасадзе. Да свайго прызначэння ў МНС Сіняўскі калiсьцi два з лішнім гады быў у службе бяспекі Лукашэнкі, а з 2014-га апынуўся начальнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама (а заадно і абласной структуры БФСТ «Дынама»). На падведамнай тэрыторыі за апошні год адбылося шмат гучных падзей, звязаных з сілавікамі і выбарамі. 29 мая мінулага года менавіта ў Гродне былі затрыманы Сяргей Ціханоўскі і яго прыхільнікі, прычым сярод сілавікоў без апазнавальных знакаў быў вельмі падобны да мясцовага амапаўца з міні-футбольнага клуба «УУС-Дынама», старшынёй праўлення якога быў як раз Сіняўскі (таксама ён уваходзіў і ў назсавет футбольнага «Нёмана»).

Самы міліцэйскі клуб краіны: руляць чыны з УУС, на паркет выходзіць амапавец (яго статыстыка ўражвае), там жа зборнік, які кінуў пратэстных партнёраў

Пасля выбараў Гродна стаў адным з пратэстных цэнтраў краіны – гвалту сілавікоў там хапала: так, журналісту, які асвятляў і спорт, Руслану Кулевічу зламалі абедзве рукі, а трэнера па плаванні Паўла Сiцянкова за «непрыхiльны погляд» кінулі галавой у асфальт, зламаўшы пазваночнік (разам з кар’ерай). У нейкі момант падалося, што мясцовыя ўлады пайшлі на саступкі мірным акцыям, а Сіняўскі нават (але толькі з удакладненнем, што інакш было нібыта нельга) сказаў, што яму сорамна, і афіцыйна папрасiў прабачэння ў пацярпелых. Але неўзабаве ў рэгіён прыехаў Лукашэнка, там замянілі губернатара, а шок-учынкі сілавікоў без якіх-небудзь пакаранняў працягнуліся: жорстка затрымлівалі і цяжарную, і 13-гадовую дзяўчынку, і шмат каго яшчэ. Пры ўсім гэтым на развітанне з УУС Сіняўскі заявіў, што нібыта «большасць не верыць пустым абяцанням так званых лідэраў пратэсту і выбіраюць стабільнасць», а яшчэ што людзі быццам бы павальна ганарацца амапаўцамі, правёўшы ўзнагароджанне некаторых з іх (рэпартаж з гэтага мерапрыемства – адна з нямногіх у цяперашняй Беларусі магчымасцяў хоць мімаходам убачыць сілавікоў атрада без масак).

Вадзім Сіняўскі (злева) і цяперашні кіраўнік БФЛА, падпісант прарэжымнага ліста Іван Ціхан

Для новага старшынi БФВ Вашчанкi 2020-ы таксама відавочна памятны – МНС пад яго кiраўнiцтвам далёка не раз засвяцілася ў рэпрэсіўных дзеяннях. Некалькі прыкладаў:

  • 11 жніўня актыўнага ў публічных Telegram-чатах ратавальніка Юрыя Крывашэя затрымалі, збілі і далі суткі нібыта за непадпарадкаванне сілавікам – у РАУС да яго адразу ж прыехалі супрацоўнікі МНС, але не з падтрымкай, а з гатовым рапартам на звальненне;
  • 16 жніўня на самы буйны пратэстны марш у гісторыі Беларусі выйшлі ў тым ліку супрацоўнікі МНС у майках «МНС з народам» – кіраўніцтва пачало ціснуць на іх з мэтай звальнення «па ўласным жаданні»;
  • ратавальнік Ілля Маржэўскi даў журналістам інтэрв’ю на нядзельным маршы – неўзабаве яго звольнілі нібыта за прагул; калі 8 кастрычніка Маржэўскi прыйшоў у кабінет кiраўнiцтва, каб высветліць дэталі звальнення, яго проста ў кабінеце пры адвакаце затрымалі, прывезлі ў РУУС, збілі і далі 15 сутак;
  • камандзір пажарнай часці Арцём Ульянаў адмовіўся здымаць з вышыні БЧБ-сцяг – заявіў таму, хто ставіў такую задачу, што гатовы выконваць толькі прамыя абавязкі; неўзабаве кіраўніцтва настойліва прапанавала падпісаць рапарт на звальненне «па пагадненні бакоў»;
  • ратавальнік Максім Сташуленак напісаў у адкрыты чат адрасы, куды яго калегі збіраюцца ехаць здымаць БЧБ-сцягі – яго звольнілі па артыкуле за «парушэньне прысягі».

Спорт такія дзеянні МНС таксама закранулі. Як вядома, у белспорце часта «прыпісваюць» зборнікаў да пэўных ведамстваў, з якіх яны «камандыруюцца» або іншым спосабам атрымліваюць магчымасць трэніравацца. Адной з такiх супрацоўніц МНС была бягуха Святлана Кудзеліч, якая пасля выбараў была ў шоку ад гвалту сілавікоў і падпісала ліст спартсменаў за чэсныя выбары. Праз некаторы час пасля гэтага «надзвычайнiкi» даслалі спартсменцы паведамленне: «Калі ты забіраеш подпіс, то ты наша. Калі не – мы расстаемся». Кудзеліч адмовілася.

Неўзабаве спартсменку адклікалі з Мінспорту назад у МНС (яна думае, што пад уплывам міністра спорту Сяргея Кавальчука) і выклікалі да начальства, дзе заявілі, што сваім подпісам яна нібыта «дыскрэдытуе імідж міністэрства». «Я ім адказваю, маўляў, вы наогул у курсе, што свой аўтарытэт і так даўно страцілі? Мне кажуць: «Мы будзем гэта напрацоўваць. А вы сваім імем і меркаваннем не пэцкайце МНС. Сыходзьце па дамове бакоў», – успамінала Кудзеліч. Таксама ёй заявілі, што калі яна носіць пагоны, то нібыта не мае права патрабаваць непрызнання вынікаў выбараў 9 жніўня. Лёгкаатлетка, якая рэгулярна прадстаўляла сваё падраздзяленне на ведамасных спаборніцтвах нават на шкоду асноўным, пад ціскам напісала рапарт (пасля гэтага была выключана і з нацкаманды). Калі журналісты звярнуліся па каментар у МНС, там адказалі лаканічна: «Работнік звярнулася з просьбай аб звальненні па дамове бакоў, якая была задаволеная».

«Давайце вернем 90-я, таму што 37-ы – страшнейшы». На гэтую бягуху і яе трэнера-мужа ціснулі з усіх бакоў, але яны па-ранейшаму за чэсныя выбары

Аднак нават на гэтым фоне рэжым палічыў патрэбным зняць Вашчанку з міністэрскага паста. Цікава, якія метады цяпер будуць панаваць у беларускім валейболе.

Фота: vk.com/uvdgrodno, bvf.bymchs.gov.by

https://s5o.ru/storage/dumpster/2/cc/baf28cf85bf0e8f207e3cd4581af5.jpg

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья