Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/БЧБ-форма ад прафесiйнага клуба, з’езд беларусаў за сотнi кiламетраў і магчымая франшыза. Як i для чаго у Шатландыі ладзяць Кубак Івуліна

БЧБ-форма ад прафесiйнага клуба, з’езд беларусаў за сотнi кiламетраў і магчымая франшыза. Як i для чаго у Шатландыі ладзяць Кубак Івуліна

Кажуць, уласна гульня тут - не галоўнае.

Автор — Tribuna.com
25 сентября 2021, 13:40
БЧБ-форма ад прафесiйнага клуба, з’езд беларусаў за сотнi кiламетраў і магчымая франшыза. Як i для чаго у Шатландыі ладзяць Кубак Івуліна

Беларускі пратэст бачыў розныя праявы салідарнасці, але ў Шатландыі, здаецца, прыдумалі нешта асабліва прыгожае. Джон Блэквуд, выкладчык мастацтва ў горадзе Абердзін і адначасова адзін з аўтараў падкаста пра белфутбол, разам з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ладзяць футбольны (дакладней, мiнi-футбольны) матч салідарнасці – інакш кажучы, Кубак Аляксандра Івуліна, у якiм сыграюць беларусы Брытанii ды шатландскiя мастакi. Арганізатары гульні ставяць мэту прыцягнуць увагу да беларускіх палітвязняў і напаўсур’ёзна прапануюць зрабіць Кубак Івуліна франшызай (але хочуць, каб Саша выйшаў раней).

Сама гульня адбудзецца у шатландскiм Гамiльтане 26 верасня а 15 гадзiне па беларускiм часе. А пакуль тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – мир» распытаў арганізатараў незвычайнага матча пра падзею. З дазвалення канала мы публiкуем гэтыя размовы.

«Хацелі знайсці тое, што будзе цікава брытанцам»

Ірына МакЛiн, прадстаўніца праекта Народных Пасольстваў Беларусі

– Як узнікла ідэя арганізаваць Кубак Івуліна?

– У Шатландыі вельмі маленькая беларуская дыяспара. Мы дужа абмежаваныя ў нашых магчымасцях і не можам аказваць моцны палітычны ціск. Таму мы даўно думалі пра тое, як жа прыцягнуць увагу ў Шатландыі да беларускіх падзей. Напрыклад, у Брытаніі добра дзейнічае праект па «ўсынаўленнi» палітычнымі дзеячамі беларускіх палітвязняў. Калі Аляксандра Івуліна арыштавалі, мы абмяркоўвалі, як было б добра, калі б менавіта шатландскі парламентарый ці лорд «усынавіў» Івуліна.

Падчас аднаго з відэасазвонаў мы гутарылі з Джонам Блэквудам, адным з аўтараў падкаста пра беларускі футбол. Ён сам знайшоў мяне ў Telegram і прапанаваў нешта разам зрабіць у дапамогу беларусам. Думалі з Джонам пра тое, як можна прыцягнуць увагу да падзей у Беларусі, каб не казаць пры гэтым пра палітыку. Хацелася знайсці тое, што будзе цікава брытанцам, і вядома, што футбол у Брытаніі – вельмі важная рэч. Вось на відэасазвоне я і прапанавала Джону арганізаваць кубак.

У клубе [шатландскага Д2] «Гамiльтан Акадэмiкал» працуе сябар майго мужа, і мы вырашылі да яго звярнуцца. У іх бел-чырвона-белая форма, мы патлумачылі яму, што для нас гэта вельмі важныя колеры, і папрасілі дапамогі. Клуб пагадзіўся дапамагчы з правядзеннем матча.

– Як збіралі каманду беларусаў для гульні?

– Паўтару, што наша дыяспара дужа маленькая, таму адзіны шатландскі беларус у камандзе – мая 13-гадовая дачка Юлія, яна ўжо шмат гадоў займаецца футболам і гуляе на шатландскім узроўні. Усе астатнія ўдзельнікі матча прыязджаюць з розных гарадоў Англіі, напрыклад, з Лондана і Оксфарда (570 i 630 кiламетраў ад Гамiльтана - заўв.). Гульня дапаможа аб’яднаць дзве дыяспары, мы атрымаем магчымасць пазнаёміцца адзін з адным. Ведаю, што рабяты рыхтуюць плакаты.

Матч будзе транслявацца на YouTube. Спадзяемся, што як мага больш беларусаў здолеюць пабачыць трансляцыю. Зробім фокус на тым, што Аляксандр Івулін – гэта не проста спартсмен, але і палітвязень, для нас гэта вельмі важна. Пра нас напісалі ў Times, гэта сусветна вядомае выданне, і тая публікацыя стала для нас поспехам.

Жартуем паміж сабой, што Кубак Івуліна можна зрабіць франшызай. Пасля таго, як пройдзе наша гульня, можна будзе сапраўды дапамагчы іншым дыяспарам у арганізацыі такога матча. Але, канешне, мы спадзяемся, што Саша выйдзе на свабоду раней, чым трэба будзе такім займацца.

– Вы хацелі знайсці шатландскага палітыка, які б «усынавіў» Івуліна. Ці атрымалася гэта зрабіць?

– Канкрэтна ў Івуліна такога чалавека пакуль што няма, але мы спадзяемся, што пасля Кубка ён з’явіцца. Не магу пакуль што называць імёны, але шансы на гэта ёсць.

У рамках гэтай праграмы «ўсыноўлены» 18 палітвязняў, напрыклад, Сцяпан Латыпаў і Мікіта Залатароў. Ведаю, што лорд, які «ўсынавіў» Залатарова, трымае сувязь з яго бацькам і аказвае яму маральную падтрымку. Паміж палітыкамі і палітвязнямі складваюцца вельмі цёплыя і асабістыя адносіны. Бачыла лісты, якімі абменьваюцца гэтыя людзі. Мне здаецца, яны дужа асабістыя і сапраўдныя, і такую практыку патрэбна працягваць.

– Чым яшчэ займаецца беларуская дыяспара ў Шатландыі?

– Мы зараз цесна працуем з шатландскім парламентам, каб арганізаваць там групу сяброў Беларусі. Шатландыя хоча атрымаць незалежнасць ад Брытанii і стаць членам Еўрасаюза, таму такая праца вельмі важная. Што датычыцца падтрымкі палітвязняў, то мы праводзім сумесныя мерапрыемствы з праваабарончымі арганізацыямі накшталт Amnesty International. Пастаянна расказваем пра беларускія падзеі і стараемся, каб яны не знікалі з павесткі.

«Думаю, кампанія салідарнасці працягнецца»

Джон Блэквуд, выкладчык мастацтва

– У Кубку Івуліна ўдзельнічае каманда шатландскіх мастакоў. Што гэта за каманда?

– Каля 15 гадоў таму некалькі маіх сяброў-мастакоў удзельнічалі ў спаборніцтве пад назвай Artсup, якое сумясціла ў сабе мастацтва і футбол. З таго часу і існуе гэты калектыў. Думаю, у самым пачатку шмат вядомых і выбітных мастакоў жадалі быць яго часткай, але ім не хапала футбольнага майстэрства. Цяпер жа ў нашай камандзе хапае добрых гульцоў – некаторыя з іх выступалі на паўпрафесійным узроўні, іншыя проста аматары. Тым не менш, як мінімум два-тры чалавекі з нашай каманды гуляюць у футбол некалькі разоў на тыдзень. Але пры гэтым усе яны – людзі, якія займаюцца ў Шатландыі выяўленчым мастацтвам. Каманда мастакоў нават гуляла за мяжой, напрыклад, у Фінляндыі і ў Сербіі. Там праходзілі гульні супраць аналагічных камандаў з мясцовых мастакоў.

– Як шатландскія мастакі адрэагавалі на прапанову згуляць матч у падтрымку зняволенага беларускага журналіста?

– Гісторыя Івуліна іх крыху шакавала. Мне здаецца, што брытанцы ў цэлым ведаюць, што ў Беларусі адбываюцца дрэнныя рэчы, але ім невядомыя дэталі. Калі ж ўдзельнікі каманды пачулі пра тое, што здарылася з Аляксандрам, яны вельмі пажадалі праявіць салідарнасць. Думаю, мы ўсе ўспрымаем Аляксандра як выбітнага чалавека, які любіць футбол, шмат гуляе ў яго і вельмі ўцягнуты ў футбольнае жыццё.

Я чытаў вельмі цікавы матэрыял, дзе былы гулец «Віцебска» Данііл Чалаў тлумачыў сувязь футбола і мастацтва. За нашым матчам таксама стаіць падобная ідэя – тое, што гэтыя з’явы звязаныя. І нам цікава расказваць пра гэтую сувязь.

Я таксама падрыхтаваў дызайн формы для беларускай каманды на Кубку. Яна зробленая ў колерах беларускага сцяга, які быў дзяржаўным у час перад рэжымам Лукашэнкі, з 1991 да 1995 гады. Важна, што на кожнай майцы будзе адзін і той жа нумар – 25, гульнявы нумар Аляксандра Івуліна. У праграмцы да матча мы спецыяльна падкрэслілі, што калі ты надзенеш майку з гэтым нумарам у Беларусі, ты можаш быць арыштаваны на некалькі тыдняў.

– Год таму навіны пра Беларусь былі на першых палосах сусветных СМІ, у тым ліку і брытанскіх. Наколькі зараз у Брытаніі цікавяцца беларускімі падзеямі?

– Напрыклад, пасля прымусовай пасадкi самалёта і арышта Рамана Пратасевіча СМІ шмат пісалі пра беларускія падзеі. Цяпер навіны пра Беларусь не трапляюць кожны дзень у газеты, як гэта было раней. Але і беларуская дыяспара, і людзі іншых нацыянальнасцей накшталт мяне робяць усё, каб СМІ працягвалі гаварыць пра падзеі ў Беларусі. Беларуская павестка ёсць у медыя, проста зараз гэтыя тэмы не так часта трапляюць на першыя палосы.

Праблема ў тым, што ў апошні час шмат увагі ў СМІ прысвячалася навінам з Афганістану, а газеты маюць не так шмат месца для асвятлення замежных падзей. Тым не менш, брытанцам вядома пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Думаю, што падзеі накшталт нядаўніх выбараў у расійскі парламент, дзе былі фальсіфікацыi [рэжыма] Пуціна, нагадваюць людзям і пра фальсіфікацыю выбараў у Беларусі, i пра тое, што сітуацыя ў вашай краіне пакуль што не нармалізавалася.

– Ведаю, што сярод арганізатараў кубка ёсць і прафесійны футбольны клуб.

– Так, «Гамiльтан Акадэмiкал» прадастаўляе пляцоўку для матча. Гэта міні-футбольнае поле, якое з’яўляецца часткай стадыёна клуба ў Гамiльтане. То бок мы будзем гуляць на прафесійнай пляцоўцы, толькі на трэніровачным полi.

– Чакаеце шмат гледачоў?

– Так, нямала людзей паведамілі, што яны прыйдуць на гульню. У нас зараз адмененыя ўсе ранейшыя абмежаванні па наведваннi матчаў, звязаныя з кавідам, хаця мы і просім людзей не прыходзіць на матч, калі яны сябе дрэнна адчуваюць. Думаю, у кожнай з каманд будуць свае фанаты. Мне вядома, што на гульню прыедуць людзі з розных куткоў Брытаніі. Канешне, і тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, можа быць цікава пабачыць гульню, таму на YouTube адбудзецца яе прамая трансляцыя.

– Вы стварылі праект формы для беларускай каманды. Можа, кубак, які атрымае пераможца, таксама мае свой дызайн?

– Не, у нас не было на гэта часу, бо нам трэба было атрымаць кубак як мага хутчэй, таму ён мае стандартны дызайн. Але ў нас ёсць мэта: аднойчы капітан каманды, якая выйграе матч, перадасць гэты кубак Аляксандру Івуліну. Напэўна, для яго гэта будзе дзіўны падарунак на памяць пра тое, праз што ён зараз праходзіць. Спадзяемся, што кубак апынецца на паліцы ў яго доме як мага хутчэй.

Да таго часу кубак застанецца ў доме капітана каманды, якая пераможа. Сапраўды цяжка сказаць, хто гэта будзе. Я не ведаю, на што здольная беларуская каманда, яны, у сваю чаргу, нічога не ведаюць пра нас. Таму гэтая гульня нечым падобная да старамодных міжнародных матчаў 1970-х гадоў, калі яшчэ не было перадгульнявога збору інфармацыі пра супернікаў і кожны проста жадаў праявіць сябе лепшым, чым ён з’яўляецца на самой справе.

Сама гульня тут не на першым месцы. Мы не прафесіяналы, і мы не атрымаем сотню тысяч еўра, калі нехта з нас выйграе гэты кубак. Сэнс гульні ў тым, каб прыцягнуць увагу да беларускіх палітвязняў – у першую чаргу да Аляксандра, але і да ўсіх астатніх. Некаторыя людзі ў падобных сітуацыях выходзяць на маршы, выступаюць з прамовамі ці ладзяць дэманстрацыі, мы ж вырашылі арганізаваць футбольны матч.

– Ці думалі вы пра тое, як яшчэ можна праявіць салідарнасць з Івуліным і іншымі палітвязнямі?

– Так. У праграмцы да матча мы размясцілі інфармацыю пра тое, як можна з Брытаніі напісаць ліст да Івуліна. Яшчэ прапанавалі там спасылку на сайт, дзе можна перакласці напісаныя па-англiйску лісты, бо, канешне, лісты на замежных мовах не будуць перададзеныя вязням. Таксама мы далі спасылку на сайт, дзе пералічаныя ўсе беларускія палітвязні. Там можна прачытаць пра іх па-англiйску і выбраць кагосьці, каму вы хацелі б напісаць.

Думаю, тое, што мы робім, не скончыцца пасля Кубка Івуліна, і кампанія [салідарнасці] працягнецца. Ёсць іншыя ідэі і задумкі наконт таго, што можна было б зрабіць, але пакуль што рана казаць пра нешта канкрэтнае.

Фота: Twitter Ірыны МакЛiн, архіў Джона Блэквуда

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты