О духе времени
Блог

«Вельмі хачу, каб расейцы на сваёй шкуры адчулі, што такое вайна і разбурэнні». Як беларус-спартовец ваюе за Украіну ў палку Каліноўскага

Пра гібель камандзіра, думкі пад абстрэлам і стаўленне да калег, які наракаюць на міжнародны бан.

Амаль чатыры месяцы ва Украіне ідзе вайна, развязаная Расіяй пры пасрэдніцтве рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым на ўкраінскім баку змагаецца шмат беларусаў – батальён імя Кастуся Каліноўскага з нядаўняга часу паспеў ператварыцца ў полк.

Сярод тых, хто ваюе ў шэрагах каліноўцаў, ёсць і беларускія спартоўцы. З адным з іх «Трыбуна» паразмаўляла на ўмовах ананімнасці – пра камандзіроўкі на перадавую, жах Ірпеня і Бучы, баі на ўсходзе Украіны і стаўленне ўкраінскіх уладаў да простых беларусаў.

– Як у вас справы і дзе вы зараз знаходзіцеся?

– Усё, як кажуць ва Украіне, 4.5.0 (на мове УСУ – «усё спакойна»). Я жывы, здаровы, знаходжуся ў бяспецы. Адпачываем на базе і рыхтуемся да новых заданняў і выхадаў.

– З пачатку вайны прайшло больш за чатыры месяцы. Як вы ахарактарызуеце гэты тэрмін?

– Ніколі не думаў над гэтым пытаннем. Я заўсёды разумеў, што гэта вельмі цяжкая праца, я быў перакананы, што вайна будзе доўгай. Але перамога ўсё роўна будзе за намі, за Украінай. Пры гэтым хачу сказаць, што ні разу не пашкадаваў, што пайшоў на фронт, каб бараніць Украіну і яе народ.

– Былі моманты, калі хацелася ўсё кінуць і вярнуцца да мірнага жыцця?

– Калі вы трапляеце пад мінамётны абстрэл, калі артылерыя працуе па вам, калі вы знаходзіцеся ў чыстым полі, дзе банальна няма дзе схавацца, у такія няпростыя моманты пачынаеш думаць пра ўсё. Думаеш, што ты, хто ты, што ты робіш зараз, навошта табе гэта ўсё. Увогуле, розныя думкі ўзнікаюць, і ў мяне ў галаве яны таксама былі. Але я ўсё роўна разумеў, для чаго тут – каб абараняць Украіну.

– Раскажыце, з чаго пачыналася ваша служба.

– Некалькі месяцаў таму я прыехаў ва Украіну, на базу тэрабароны батальёна «Азоў», дзе ў скорым часе быў створаны батальён беларускіх добраахвотнікаў імя Кастуся Каліноўскага. Месяц я разам з іншымі хлопцамі праходзіў навучанне, інструктаж, атрымліваў асновы вядзення баявых дзеянняў. Так, ваенных навыкаў у мяне не было, але зброю ў сваім жыцці ў рукі я браў не раз, таму страляць умею. Тым не менш вучыцца заўсёды трэба, навучанне ніколі не павінна скончвацца. Нас больш ганялі па фізічнай падрыхтоўцы, вучылі, як сябе паводзіць на полі бою, як зрабіць так, каб цябе не заўважылі на пазіцыі, у лесе. Ну а напрыканцы сакавіка наш атрад адправілі на першае заданне – у Ірпень. Калі казаць пра ўражанні ад таго, што ўбачыў… Сапраўды, іх [расіян] было вельмі шмат. Найперш думаў, як Расея, краіна з такім вялікім патэнцыялам, эканамічным і людскім, можа рабіць такое. Навошта Расея ўвесь час ідзе вайной на іншыя дзяржавы. Вельмі магутныя ўражанні былі, калі мы заходзілі ў разбураныя дамы, у дзіцячыя пакоі, і разумелі, што там зусім нядаўна жылі звычайныя людзі. І калі некаторыя расейцы кажуць сваё «Можем повторить», мне здаецца, яны не разумеюць, што жадаюць паўтарыць. Каб зразумець, што сапраўды адбываецца на гэтай вайне, як Расея дзейнічае, расейцам самім трэба пабываць на полі бою. Калі б яны хоць разок пабывалі пад мінамётным абстрэлам у сваім доме ці ў сваім агародзе, то я б паглядзеў, што яны хочуць паўтарыць. Ці не абасруцца яны пасля гэтага?

Навошта вы ездзілі ў Ірпень? 

– Разам з байцамі УСУ мы павінны былі ўтрымліваць лінію абароны, а калі неабходна, рухацца далей, наступаць на ворага. У канцы сакавіка ў тым рэгіёне яшчэ былі жорсткія баі, і ў адным з іх загінуў наш камандзір аддзялення беларускі добраахвотнік Дзмітрый «Тэрор» Апанасавіч. Калі мы толькі зайшлі ў Ірпень, адразу патрапілі пад магутны артылерыйскі абстрэл. І былі такія сітуацыі, калі стаіш і размаўляеш з чалавекам, а побач з табой за некалькі метраў падала міна. Чалавек, з якім ты толькі што размаўляў, атрымлівае сур’ёзнае раненне, але трэба яго ратаваць, а потым працаваць самому. І вось такое здаралася не раз.

Былі моманты, калі кулі ляцелі літаральна побач з вамі?

– Вядома, і не раз. У той час вораг вельмі моцна абстрэльваў нашыя пазіцыі, кулі ляцелі міма галавы. Але, па-мойму, у гэтай вайне адсоткаў 95 загінулых – гэта ўсё ў выніку мінамётных абстрэлаў і працы артылерыі, а не ў выніку перастрэлак.

Шмат вашых таварышаў або сяброў загінулі ў баях у Ірпені?

– Не, толькі Апанасовіч. «Тэрор» атрымаў раненне, і калі ён быў яшчэ ў прытомнасці, у стабільным стане, мы спрабавалі яго выратаваць. Але страцілі шмат часу, калі вазілі па шпіталях, дзе б яму маглі зрабіць аперацыю. Шмат дзе не было людзей [дактароў], таму мы проста не паспелі выратаваць нашага камандзіра.

У такія моманты вам было страшна?

– У такія моманты арганізм, ты сам максімальна мабілізуешся, канцэнтруешся. Бо калі ты паддаешся страху, дык, можна сказаць, прапаў. Таму мы ў любым выпадку павінны максімальна дакладна выконваць пастаўленую задачу. 

А што да страху... Ён у мяне ёсць, гэта нармальна. Мне здаецца, калі чалавек нічога не баіцца, дык ён проста нейкі ненармальны. Так што я баюся, шчыра скажу, але ў тых сітуацыях, калі іншы б спалохаўся, я і многія мае таварышы проста мабілізуемся і робім тое, што павінны рабіць. Ведаеце, у спартыўным жыцці таксама ёсць месца страху. Калі ты рыхтуешся да старту, перад самымі спаборніцтвамі мы таксама баімся, але ўсё роўна імкнемся мабілізавацца і сканцэнтравацца. І страх адыходзіць далёка на другі план.

Што ўяўляў з сябе Ірпень ў канцы сакавіка?

– Можа, гэта не Марыупаль, але, шчыра, страшнае месца. Мы заходзілі ў горад і бачылі разбамбаваныя дамы, дзе толькі-толькі жылі звычайныя людзі. Былі моманты, калі праходзілі міма будынка, праз паўгадзіны вярталіся і бачылі, што будынка ўжо проста няма.

Вы бачылі шмат загінулых звычайных людзей?

– Так, бачыў іх. І быў такі момант, калі расейцы пачалі мінамётны абстрэл, а жанчына з мужам проста не паспелі эвакуявацца. Тады ў мужчыны здарыўся сардэчны прыступ падчас абстрэлу, яго жонка бегала і шукала дапамогі. Як потым казалі медыкі, у мужчыны проста не было шанцаў выжыць – ён памёр адразу з-за прыступу. Мы бачылі гэта на свае вочы. Пасля Ірпеня мы былі ў Бучы і Гастомелі, і вось там бачылі шмат загінулых грамадзянскіх. Звычайнае мірнае насельніцтва.

Вы былі сярод першых, хто ўвайшоў у Бучу і Гастомель пасля адступлення расейскай арміі?

– Не, па службовай неабходнасцi быў у Бучы недзе праз 10 дзён пасля вызвалення горада. Але нават у тыя дні карціна была проста жахлівая.

Што вы адчувалі ў тыя моманты?

– Заўсёды ў галаве былі думкі, разуменне, што зусім нядаўна тут жылі звычайныя людзі, будавалі сваё жыццё, нешта планавалі, стваралі сем’і, а ў адзін момант гэта ўсё абарвалася. Я не кажу, што трэба бамбіць расійскія гарады, але мне б вельмі хацелася, каб расейцы на сваёй шкуры адчулі, што гэта такое – вайна і разбурэнні, гібель мірных ні ў чым невінаватых грамадзян.

Вам хацелася плакаць у такія моманты?

– Не, таму што я разумею, што такое вайна.

Калі вы былі ў Ірпені, Бучы і Гастомелі, вас сустракалі звычайныя грамадзяне? Што яны вам казалі?

– Не, сустракалі нас ужо на поўдні Украіны, жыхары аднаго сяла былі рады нас бачыць, былі такія моманты, калі запрашалі да сябе ў дом і кармілі. Такое было не адзін раз. Калі даведваліся, што сярод нас ёсць беларусы, спачатку дзівіліся, ставіліся насцярожана, але пасля ўжо дзякавалі. Насцярожанае стаўленне было з-за таго, што, на жаль, Беларусь у гэтай вайне ператварылася ў краіну-агрэсара. Дакладней, кіраўніцтва краіны стала саўдзельнікам Расіі ў вайне.

Вам даводзілася людзям тлумачыць, што далёка не ўсе беларусы падтрымліваюць вайну, шмат хто выступае супраць рэжыму Лукашэнкі?

– Было па-рознаму, часам і даводзілася расказваць. Успамінаю, як у самым пачатку, калі я толькі прыехаў ва Украіну, па дарозе ў Кіеў мы сустрэлі украінскую сям’ю, і калі яны даведаліся, што мы – беларусы, напужаліся. Яны пачалі казаць, што Беларусь – краіна, якая таксама нападае на Украіну. Я ім на гэта казаў, што мы едзем бараніць Украіну, і адказаў: «Вось вы раней паўтаралі, што хацелі б сабе такога прэзыдэнта, як Лукашэнка. Маўляў, пры ім парадак, спакой, стабільнасць. Ну што, убачылі, зразумелі, хто насамрэч Лукашэнка, што ён сабой уяўляе?» Пасля гэтага ўкраінцы прызнавалі, што памыляліся, а да нас ставіліся ўжо з разуменнем.

Калі вас адпраўлялі на заданне ў Ірпень, пыталі ваша меркаванне і жаданне, або гэта ўсё частка службы загады не абмяркоўваюцца?

– Перш за ўсё хачу сказаць, што ніхто нас як гарматнае мяса туды не адпраўляў. Мы ж прайшлі навучанне на працягу месяца, і калі былі максімальна гатовы да выканання задання, нас адправілі. Камандаванне нас берагло і беражэ, усё разумеюць, што мы ўсе людзі. Па-другое, мы ўсе самі выдатна разумелі, што прыехалі на вайну, і рана ці позна надыдзе час, калі трэба будзе ехаць на поле бою. У Ірпень, на поўдзень Украіны ці кудысьці яшчэ – мы прыехалі ваяваць.

Вы самі меркавалі, што вас адправяць у такое пекла, што было ў канцы сакавіка ў Ірпені?

– Шчыра кажучы, планаваўся крыху іншы сцэнар, але ва ўмовах вайна нельга быць упэўненым на 100 адсоткаў, што ўсё атрымаецца так, як хочацца табе. У выніку ўсё выйшла менавіта так, як я вам расказаў.

Колькі часу вы правялі ў Ірпені, Бучы і Гастомелі?

– У канцы сакавіка мы прыехалі туды, прабылі каля тыдня, а потым вярнуліся на базу. У сярэдзіне красавіка нас адправілі на поўдзень Украіны. Там у нас таксама ёсць база, прайшлі навучанне і адправіліся на поле бою на мяжу Мікалаеўскай і Херсонскай вобласцей, прабылі такі нейкі час. 

Ну і магу сказаць, што да таго часу наш атрад ужо быў у складзе Узброеных сіл Украіны.

Калі вы ўвайшлі ў УСУ?

– А вось калі вярнуліся з задання ў Ірпені. Мы былі вельмі рады, што так здарылася. Сярод іншага нам выдалі ваенныя білеты, ды і наогул УСУ – гэта зусім іншы статус, іншае становішча.

Але і абавязкаў больш?

– Калі так можна сказаць, з намі заключылі добрыя кантракты як з байцамі УСУ. Пры гэтым хачу сказаць, што мы ж ехалі не па грошы, а як добраахвотнікі, пра фінансавую выгаду ніхто не думаў. Але калі мы ўступілі ў шэрагі УСУ, атрымалі кантракты. І іх мы можам разарваць у любы момант. Ніхто асабліва не будзе ў цябе пытацца аб прычынах рашэння. Захацеў – разарваў, і заўтра ты ўжо можаш ехаць у тую ж Польшчу.

Ведаю, што кантрактнікам ў УСУ плацяць даволі вялікія грошы па 100 тысяч грывен на месяц (крыху менш за 3400 даляраў па курсе НБУ).

– Так, такія грошы плацяць, але гэта калі ты цэлы месяц сядзіш у акопе і прымаеш непасрэдны ўдзел у баях. А калі ты знаходзішся ў прыфрантавым горадзе, выконваеш нейкую працу на базе, то атрымліваеш, напрыклад, каля 40 тысяч грывен (1350 долараў). Але, паверце, у такія моманты, калі ты знаходзішся на вайне, пра грошы ўвогуле не думаеш. Скажам так, грошы – гэта такі прыемны бонус да таго, што ты ўваходзіш у склад УСУ. Тым больш, паўтаруся, мы ехалі ў якасьці добраахвотнікаў. Адзінае, магу сказаць, што сёе-тое з амуніцыі хлопцы набываюць за ўласныя грошы. Так, ёсць рэчы, якія нам выдаюць, але некаторыя байцы жадаюць нешта пад сябе. Ёсць спецыяльныя месцы, дзе можна купіць тое, што хочаш. Так што ў тым ліку на гэта сыходзяць уласныя грошы.

Наколькі ведаю, у пачатку чэрвеня вас перакінулі на самы ўсход Украіны (рэдакцыя ведае назву горада, але суразмоўца папрасіў яе не апублічваць – Tribuna.com).

– Усё так. Камандаванне засталося задаволена нашымі дзеяннямі на поўдні Ўкраіны, таму вырашыла, што там, дзе цяжка, таксама патрэбна наша дапамога.

Вы разумелі наогул, куды вас накіроўваюць?

– Натуральна, ведалі і разумелі ўсё выдатна. Можа, і была магчымасьць адмовіцца, але ніхто пра гэта не задумваўся. Так, цяжка, але ж мы ехалі на вайну, дапамагаць Украіне. Так што не разумею, як у такой сітуацыі вырашыць, што няхай мае абавязкі выконвае нехта іншы. Накіравалі – паехалі.

Што адчулі, калі прыехалі туды?

– Мы не адразу патрапілі на боле боя, некаторы час былі на прыфрантавой базе і рыхтаваліся. Потым ужо групамі нас перакідвалі на месца. Ну а ў горадзе занялі месца на сваёй лакацыі.

Што ўяўляе сабой мясцовасць, дзе вы знаходзіліся?

– Некаторыя будынкі ацалелыя, іх няшмат, але яны ёсць. Куды больш разбураных будынкаў. Адзін час мы знаходзіліся ў прамзоне, якая зусім ужо хісталася, абстраляна. І мы там былі, па нас працавала артылерыя. Больш за тое, вораг знаходзіўся ад нас на адлегласці пару сот метраў. Кожны дзень, раніцай і ноччу, па нас гасіў танк, мэтанакіравана страляў у будынак, дзе мы месціліся. Час ад часу потым знаходзілі не да канца разарваныя снарады ад 152-мілімітравых гаўбіц.

Былі моманты, калі здавалася, што будынак, у якім вы хаваліся, можа абваліцца, і вы апынецеся пад заваламі?

– Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, наша лакацыя знаходзілася ў падвале, прычым даволі надзейным і ўмацаваным. Там мы адпачывалі час ад часу, вырашалі нейкія пытанне, елі. Так што мы былі ўпэўненыя ў тым, што знаходзімся ў адносна бяспецы.

Цяпер у горадзе жывуць мірныя грамадзяне?

– Так, яшчэ ёсць грамадзянскія. І мы кожны дзень бачылі, як яны шукалі ваду. Хто застаўся ў горадзе, хаваюцца ў падвалах, у гаражах. Пры гэтым мы назіраем за гэтымі людзьмі і ў галаве ўзнікае думка, што той ці іншы чалавек можа здаць тваё месцазнаходжанне расейскім войскам. За тую ж ваду ці ежу, бо там есці практычна няма чаго. Такое выключаць нельга.

І як у такіх абставінах ваяваць?

– Вось гэта сапраўдная дылема – як разабрацца ў чалавеку. Бывала так, што нейкі чалавек здаваўся нам падазроным, дык мы яго забіралі і адпраўлялі ў СБУ, каб там яго праверылі. Мы, вядома, спадзяемся, што засланых казачкоў побач з намі не было. Калі яны і былі, то мы пра гэта даведаемся, калі непасрэдна па нас прыляціць ракета.

Што адчуваеш, калі страляеш у чалавека?

– За час, што я ваюю, ні разу не бачыў чалавека ў прыцэле. Але, зразумейце, калі ты не будзеш страляць, дык буду паліць па табе. А чым хутчэй і дакладней ты будзеш страляць, тым больш украінцаў выжыве, а расейцаў – загіне. Я ратую жыццё простых украінцаў, ведаю, куды прыехаў. Таму буду страляць, бо гэта мой абавязак зараз. Але я не ведаю, ці забіваў канкрэтна кагосьці ці не.

Як ва ўмовах вайны, непасрэдна на полі бою, жыць, адпачываць, ці ёсць час проста паесці?

– Яшчэ не было такога, каб не хапіла часу на тое, каб паесці :). Так, бывала, што цэлы дзень знаходзіліся ў баі, таму елі толькі ўвечары, але калі ўсё адносна спакойна і нармальна, то ў нас ёсць і абед, і вячэра. Ёсць час, каб папіць кавы ці гарбаты. Начамі мы нават спім. Да чатырох гадзін раніцы, крыху пазней. Часам, праўда, усяго па пару гадзін сну атрымліваецца.

То-бок не было такога, што вас 24 гадзіны ў суткі бамбавалі?

– Насамрэч было такое, але проста гэта не кожны дзень. Баі ідуць, страляюць, але не заўсёды кругласутачна. Так што час для адпачынку застаецца.

Што вы ясьце там?

– Сухпайкі, вядома. За час вайны мы ўжо затэсцілі, якія сухпайкі лепш – французскія, украінскія, канадскія, літоўскія. Розную ежу нам дастаўляюць. Што туды ўваходзіць? Ва ўкраінскі сухпаёк – гарбата, галеты, шакалад, ізатонік, грачаная каша са свінінай. У французаў – фасоль з каўбаскамі, нейкая гародніна, суп, які можна заліць гарачай вадой. Але ўся ежа, вядома, у выглядзе кансерваў. Магу сказаць, што галодным сапраўды не застанешся.

Гэта значыць, вы не схуднелі?

– Не, чаму ж. За гэты час кілаграмаў 20 дакладна скінуў. Каб вы разумелі, амуніцыя важыць каля 50 кг. Гэта зброя, заплечнік, бронекамізэлька і гэтак далей. Ва ўсім гэтым знаходзішся круглыя ​​суткі. Напэўна, за ўвесь час, што мы былі ў Ірпені, я зняў амуніцыю адзін раз, каб перапрануцца.

Усе гэтыя рэчы ежу, амуніцыю,  як іх атрымаць, калі знаходзіціся на полі бою?

– Калі ты рыхтуешся да місіі, то трэба ўсё пралічваць загадзя, колькі ўсяго ўзяць. У залежнасці ад цяжару задання. Ежы хапае, а вось калі скончваецца амуніцыя, боепрыпасы, то ў такім разе даводзіцца ваяваць тым, што ёсць, што засталося.

Рэальна адваяваць Херсон, Севераданецк ды і наогул Данбас?

– Вядома, усё рэальна. Проста на гэта патрэбны час. Эканоміка зараз працуе супраць Расіі, а дапамога Захаду, пастаўкі ўзбраення, ленд-ліз працуюць на Украіну. Адзінае, для УСУ галоўнае зараз не адступіць як мінімум ад занятых пазіцый, а па магчымасці, вядома, прасоўвацца далей. Да таго ж Херсону паціху ўкраінскія вайскоўцы набліжаюцца. Галоўнае адрозненне ўкраінскага войска ад расійскага ў тым, што Расея набірала людзей без хоць якой мэты, маю на ўвазе, што там вайскоўцы не матываваныя ўвогуле, яны не разумеюць, навошта ім гэта ўсё трэба. Украінская ж армія разумее, што абараняе сваю краіну, адваёўвае свае тэрыторыі. І таму пераможа менавіта Украіна. Проста на гэта патрэбны час. І не месяц-два, як некаторыя гавораць, а значна больш.

Да таго ж трэба разумець, што ўсе стаміліся ад вайны – і сама Украіна, і Захад. Ведаю, што абмяркоўваюць пытанні паставак энергарэсурсаў і гэтак далей. І яшчэ нехта спадзяецца, што Расея вернецца да межаў 24 лютага. Выбачайце, пра гэта ўжо гаворкі быць не можа – усё будзе па-іншаму, Украіна верне свае тэрыторыі.

Вы бачылі расейцаў, можа, нават размаўлялі з імі, бралі ў палон?

– Калі мы былі на поўдні Украіны, некалькі разоў наш атрад браў у палон расейцаў. Я сам з імі крыху размаўляў, і ўсе паўтаралі адно і тое ж: «Мы прыехалі на вучэнні, нічога не ведалі. Нам выдалі зброю, мы не хацелі нікуды ехаць, не хацелі ваяваць, але нас адправілі». Верыць гэтым людзям наогул не варта – усё яны ведалі. Навошта ім гэта ўсё, проста не разумею. Але гэтыя могуць спатрэбіцца для абмену на нашых байцоў.

Калі вы ведаеце, што адбываецца за полем бою, то, напэўна, чулі, што нядаўна замежных байцоў украінскай арміі прысудзілі да смяротнага пакарання ў ДНР.

– Так, чуў. Але гэтыя ўсе суды, правасуддзе – такое ж, як у Беларусі. Уладам трэба паказаць сваю значнасць, усё зрабіць на паказуху – вось яны гэта і робяць. Ведаеце, кожны можа патрапіць у палон, кожны можа загінуць у баі. Але я скажу, што ў кожнага з нас заўсёды з сабою па некалькі гранат.

Гэта значыць, калі будзе выбар здацца ў палон або загінуць вы абярэце другі варыянт?

– Давайце я зраблю ўсё для таго, каб і не загінуў, і не трапіў у палон. Буду імкнуцца толькі да гэтага.

Як да байцоў з Беларусі ставяцца ва ўзброеных сілах Украіны?

– Вельмі добра, прынамсі, да нашага беларускага падразделу ставяцца вельмі добра. Усе жадаюць з намі працаваць. Хаця, вядома, я ведаю, што зараз з боку ўкраінскай улады не самае добрае стаўленне да простых беларусаў. Чуў, што нават кнігі Васіля Быкава прыбіраюць са школьнай праграмы. Я спадзяюся, што ўлады Украіны як мага хутчэй зразумеюць, што гэтыя крокі – проста памылкі. Зразумеюць, што трэба дзейнічаць інакш. Я сам упэўнены, што гэта памылка. Але, паўтаруся, да нас, добраахвотнікаў з Беларусі, якія ваююць, стаўленне вельмі добрае.

Вы не думалі атрымаць потым ўкраінскае грамадзянства?

– Не, пра гэта нават не думаў, бо ў мяне ёсць яшчэ жаданне вярнуцца ў Беларусь і адпачыць ва ўласным садзе з роднымі і блізкімі.

Ну і калі вы непасрэдна звязаныя са спортам, то задам пытанне па гэтай тэме. Зараз у Беларусі атлеты, якія трапілі пад міжнародныя санкцыі, адхіленыя ад спаборніцтваў, абураюцца, што з імі паступаюць несправядліва. Маўляў, яны стаўлення да вайны не маюць, а ў выніку адхіленыя. Што вы можаце на гэта адказаць?

– Мне на гэты конт вельмі спадабалася меркаванне ўкраінскай лёгкаатлеткі Юліі Леўчанка. Калі нехта з расейцаў абурыўся, што іх не дапускаюць да спаборніцтваў за тое, што яны – расейцы, Юлія адказала: «А нас забіваюць за тое, што мы ўкраінцы». Таму няхай ужо не кажуць, што спорт па-за палітыкай і гэтак далей. Цяпер ужо такі час, што нават калі ты па-за палітыкай, яна прыйдзе да цябе рана ці позна, і табе давядзецца прымаць той ці іншы бок. Калі вы вырашылі, што нічога не ведаеце, ваша хата з краю, тады не трэба цяпер скардзіцца, што вас не дапускаюць да турніраў. Радуйцеся, што абышліся толькі такімі наступствамі.

З вамі хтосьці з беларускіх спартсменаў звязваўся?

– Так. Але там спартсмены ва ўзросце, многія ўжо даўно скончылі кар’еры. Яны, вядома, хвалююцца за мяне, перажываюць. І яны ўсё цудоўна разумеюць.

Зараз ходзяць размовы, што Беларусь можа пайсці наступам на Украіну.

– Я таксама разважаю часам на гэтую тэму. Мне падаецца, такога не будзе. Адзінае, з Беларусі могуць пайсці расейскія войскі, як гэта было ў лютым і сакавіку. І зараз ніхто аграфюрэра пытаць не будзе. Але нават калі так здарыцца, то Украіна выстаіць і пераможа.

Вы ў УСУ да перамогі?

– Спадзяюся, што так. Хочацца сустрэць перамогу менавіта ў форме УСУ. І гэта будзе сапраўдны Дзень Перамогі.

Фота: з асабістага архіва суразмоўцы

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные