Захапленне ад Рутэнкі і фак ад Драгуна, «Нэтфлікс» у галаве Вяргейчыка і пара красамоўных баек пра Глеба. Мелказёраў – пра футбол у яго жыцці

«Паказаў Базанаву кулачок і два пальчыка – ён смешна спужаўся».

Захапленне ад Рутэнкі і фак ад Драгуна, «Нэтфлікс» у галаве Вяргейчыка і пара красамоўных баек пра Глеба. Мелказёраў – пра футбол у яго жыцці

Аўтар YouTube-каналу «жизнь-малина» Мікіта Мелказёраў (там цудоўныя інтэрв’ю і больш за 110 тысяч падпісчыкаў) на працягу дзевяці гадоў пісаў пра беларускі футбол. Увогуле, ён і сам меў шанцы стаць футбалістам, бо займаўся ў секцыі з Міхаілам Сіваковым і іншымі гульцамі, якія дараслі да вышэйшай лігі.

У вялікім інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» Мелказёраў гаворыць пра характар Аляксандра Глеба, пра тое, як яго шакаваў Сяргей Рутэнка, пра балючы кейс Івана Бахара, пра «Нэтфлікс» у галаве Вяргейчыка, якому дапамагаў насіць тэлевізар, і пра беларусаў, якіх сустрэў за той год, што змушана жыве па-за межамі Радзімы.

– Доўгі час ты пісаў і казаў пра беларускі спорт, у прыватнасці футбол. Наколькі зараз табе цікава гэтая тэма?

– Сапраўды, дзевяць гадоў я пісаў пра футбол. Да таго гадоў пяць займаўся ў профільнай СДзЮШАР. Адтуль выйшлі ў прафесіяналы Міхаіл Сівакоў, Ягор Філіпенка і Ягор Сямёнаў (праўда, з некаторымі цікавымі драматургічнымі акалічнасцямі). З супернікаў яскрава памятаю Станіслава Драгуна. Была зіма. Стасік зраўняў лік у міні-футбольным матчы з нашай «Алімпіяй» і паказаў мне фак на трыбуну (я ў асноўны склад не праходзіў). Так і пазнаёміліся.

У той «Алімпііі», дарэчы, мы трыніраваліся з Ягорам Хаткевічам, які, праўда, яшчэ не гуляў у браме, а выконваў ролю пярэдняга абаронцы. Была такая пазіцыя над лібера. Там гуляў Сяргей Усеня, які таксама дарос да вышэйшай лігі.

Мне для гэтага не хапіла ні таленту, ні смеласці, ні добрага нахабства. Так узнікла мая футбольная журналістыка, якой займаўся дзевяць гадоў. Гэта была не праца, а амаль жыццё. Футбола ў ім было прыблізна 96 адсоткаў. Цяпер – ну, максімум 13. Навіны чытаю, млінцы пяку пад выпускі [Мікалая] Хадасевіча і [вядоўцы "ЧестнОКа" Яраслава] Пісарэнкi. З вялікім задавальненнем – і пяку, і выпускі слухаю. Якасны прадукт – і млінцы, і ролікі. Прыемна ўсведамляць, што той жа Коля ўжо тысячу гадоў у футболе і не губляе зацікаўленасці. Пры гэтым, будзем шчырымі, праца такіх скіловых журналістаў, як Хадасевіч і Пісарэнка, для сённяшняга белфутбола – своеасаблівая дабрачынная акцыя :).

Калі шчыра, мяне цяпер больш цікавіць NBA. Сачу за гульнямі ў рэжыме хайлайтаў. Калі быў у Амерыцы, наведаў некалькі перадсезонных матчаў – Кевіна Дзюрэнта жыўцом пабачыў, Джэймса Хардэна і Наташу Марчанка. Марча больш за ўсіх парадавала.

Футбола ў маім жыцці вельмі мала. Калі [былы прэс-сакратар «Крумкачоў» i хакейнага мiнскага «Дынама»] Рома Шаўцоў прыязджае ў Варшаву, акультурвае [мяне]. На «Легію» – «Напалі» свадзіў. «Спартак» не даглядзеў – халодна было. Таксама Рома «Палоніі» з мясцовага Д3 навучыў. У каманды такі вельмі прыемны і ўтульны стадыён, падобны да арэны «Домабудаўнік» у Мінску. Прыходзіш і на фоне футбіка замаешся сваімі думкамі і справамі.

– Табе дастаткова цяперашняга ўзроўню цікавасці да белспорту?

– Для мяне сёння беларускі спорт – гэта каманды сістэмы Team Ivulin у Варшаве. За два гады людзі, якія пераехалі ў польскую сталіцу, стварылі структуру пад брэндам ​​Ivulin. Гуляем у фармаце 6х6 і 7х7. Я ў трэцяй па моцы камандзе. Такі Red Bull New York. На гэтым тыдні гуляла першая каманда (там Віталік Гайдучык заяўлены) – заўзятары, БЧБ, «Жыве Беларусь» (тут яго не забаранілі), піратэхніка. Атмасфера крутая. Думаю, Сашы спадабаецца.

– Ці падтрымліваеш сувязь з кім-небудзь з беларускіх футбалістаў ці з іншымі спартоўцамі?

– Нядаўна напісаў Сныцінай, калі ўбачыў экіпіроўку яе новай каманды: «Гэта ж стыль, маць! Kappa! Італія! Абавязкова мне што-небудзь прывязі, нічога не выкідвай». Парагаталі, разышліся. 

Што да футбола Беларусі, тых, хто застаўся, небяспечна называць, але некаторыя гульцы і трэнеры віншуюць з днём нараджэння. Гэта 14 жніўня. Дарэчы, акурат тады ў Варшаве ладзілі Ivulin Cup. Здаецца, Іва з глузду з'едзе, калі даведаецца, што на турніры, названым у яго гонар, вырашальны пенальці забіў Аляксандр Хацкевіч :).

Дык вось мы перад турнірам сустрэліся з Андрэем Чэпам. Калісьці разам працавалі ва «Усё пра футбол». Агулам ён больш вядомы у якасці былога кіраўніка дэпартамента судзейства і інспектавання АБФФ. Разгаварыліся, Андрэй на эмоцыях быў, кажа: «Мелк, я ўжо чакаю, калі маё пакаленне ўсё перадохне. Такое адчуванне, нам ўжо нічога не дапаможа».

Тут можна спрачацца. Памятаю добрыя мірныя часы. Мы з сястрой на «Кастрычніцкую» ішлі. А тут нейкі модны хлопец ў красоўках Gucci насустрач. Віталя Гуркоў. А я якраз цэлы дзень як мантру паўтараў: «Калі яны ўсе ўжо падохнуць». Маецца на ўвазе ўся гэта партыйная эліта. Віталь быў у добрым гуморы і адказаў: «Слухай, ну гэта ж праблему не вырашае. Уяві, што ва ўмоўны выканкам прыходзіць малады спецыяліст. Хай будзе Вася. Вася кніжкі чытаў добрыя і ютуб глядзеў цікавы. Думкі, як усё палепшыць, мае. А яго адзін раз абломваюць, другі, потым кажуць, каб не высоўваўся і працаваў ціхенька, як усе. Чалавек часцей за ўсё пагаджаецца і становіцца такой жа шэрасцю».

Ну, то-бок прыстасаванцы зацікаўленыя ў прыстасаванцах і рэфарматараў не страварюць. Ёсць сярод іх людзі актыўныя. Тыя могуць зрабіць шмат шкоды. Вось сябручок мой – Юрый Васільевіч Вяргейчык. Калі я працаваў у футболе, прафесійны кантакт мелі вельмі добры. Памятаю, тры месяцы за ім бегаў дзеля інтэрв’ю. Дамовілся, сустрэліся каля рэстарана «Белая вежа», селі ў яго машыну, Васіліч прыпаркаваўся на Асмолоўцы ў дварах і шыпіць: «Ну, я ж табе ўсім выглядам даваў зразумець, што не хачу, а ты ўсё роўна лезеш!» Я маўчу. – «Давай свае пытанні».

Потым я неяк у Салігорску браў інтэрв'ю ў трох-чатырох гульцоў, цэлай пачкай. Тады яшчэ літовец Саўлюс Мікалюнас сказаў, што я падобны на баскетбаліста Ёнаса Валанчунаса. Ён цяпер за «Новы Арлеан» гуляе і сапраўды крыху падобны да мяне.

І вось Юрый Васіліч прапанаваў завесці мяне дадому. Чаму не? Я слухаць люблю, а ў Вяргейчыка свой «Нэтфлікс» у галаве. Я ўсё слухаў, слухаў і не заўважыў, як бац – і мы ўжо цягнем тэлевізар. Не, не стырылі – яму ў домік на лецішчы :). Кажа, хоць нейкі сэнс будзе мець наша сустрэча. Ну, мне сапраўды не было цяжка.

Да гэтага часу думаю, што ён мог бы быць карысны для беларускага футбола, з ягоным досведам і ведамі ў якасці лакальнага менеджара. Але светаўспрыманне, рэваншызм у дачыненні да Барысава, гісторыі пра савецкую мінуўшчыну і наша сяброўства з Расіяй… Мне б хацелася, каб людзі, якія займаюцца развіццём футбола ў Беларусі, мелі больш шырокія погляды на жыццё і шматлікія іншыя рэчы.

Апошні раз мы з Юрыем Васільевічам размаўлялі ў жніўні 2020 года. Пратэсты ўжо шлі. АБФФ ладзіла прэзентацыю формы зборнай на стадыёне «Дынама». Саша Мартыновіч удзельнічаў. Я палічыў патрэбным сказаць яму [Мартыновічу] на правах даўняга знаёмцы, каб зборнікі фігнёй не займаліся і не пачыналі казаць пра «мы па-за палітыкай», калі пасля матчаў у іх запытаюць пра актуальныя падзеі. Людзей катуюць, якое па-за палітыкай.

Саша толькі рот адкрыў – Васіліч невядома адкуль з’явіўся. І пачаў мяне палітінфармацый апрацоўваць: «Вы ўсё верыце ў заходнія каштоўнасці, думаеце, што перамены наступяць і ўсё будзе добра. Але насамрэч вы памыляецеся». І бла-бла-бла. Такі хрэстаматыйны ябацька. Няхай гэтага слова тады яшчэ ніхто не ведаў. Ну, і паляцелі «нашыя караблі баразніць касмічную прастору»: «Вось вы кажаце, што няма лепш музея, чым «Луўр». А я быў у нашым «Эрмітажы» (не ведаю, чаму ён гэты музей лічыць нашым), і перакананы, што лепшага за яго нідзе не знайсці». 

Слухаў я ўсё гэта, разумеў, што тролю нельга даваць нагоды працягваць, і толькі усміхаўся, скончыўшы: «Юрый Васільевіч, усяго вам добрага. Жыве Беларусь!» А побач Базанаў стаяў. Паказаў яму кулачок і два пальчыка. Дык ён спужаўся так смешна. Мне падаецца, у такім стане гэты чалавек і кіруе беларускім футболам.

Так што кантактаў, сапраўды, няшмат. Які сэнс. Той жа Саша Мартыновіч нешта хацеў мне сказаць. Але ж чалавек да гэтага часу гуляе ў Расіі. Якія ўжо тут словы?

– Не крыўдна, што тыя, з кім ты меў блізкія адносіны, можа, нават давяраў нешта асабістае, апынуліся людзьмі з супрацьлеглымі поглядамі?

– Ніколі футбалісты не былі тымі людзьмі, якім я б давяраў нешта асабістае. 

Думаю, крыўдна можа быць Сашу Івуліну, які за кошт сваёй раскручанасці рабіў медыйнымі шматлікіх гульцоў, частка з якіх, трэба быць шчырым, з’яўляліся ноўнэймамі. Гэтыя людзі (не ўсе) ў выніку прамаўчалі, калі з Сашам адбылося тое, што адбылося.

Мне падаецца, прафесійны атлет можа быць больш за спорт. Можа быць не толькі бізнэсмэнам, ці інвестарам, але і мецэнатам, філантропам, грамадзянінам у самым шырокім сэнсе гэтага слова. Мне не вельмі падабаецца Леброн праз тое, што занадта сур’ёзны. Але чалавек адкрывае школы, цэнтр інавацый ў кампусе Nike, падымае сур’ёзныя тэмы ў падкасце, прадзюсэрам якога з’яўляецца.

Большасць беларускіх футболістаў – не пра гэта. Мне не крыўдна, мне проста сумна. Але, напэўна, усё ж такі я не быў настолькі імі ачараваны, каб цяпер моцна расчаравацца.

Глядзі, Аляксандр Хацкевіч у мяне выклікае павагу, бо называе рэчы сваімі імёнамі, а вось Аляксандр Глеб – не. Мае каштоўнасці не дазваляюць паважаць ябацек. Часцяком людзі становяцца дарослымі і разумеюць, што куміры іх дзяцінства – татальнае расчараванне. У мяне нешта такое адбылося з Глебам.

Магчыма, не хапае адукацыі, магчыма, інфармацыі, жадання яе атрымліваць. Магчыма, гэта наўпрост слабахарактарнасць. Нябожчык Анатоль Капскі распавядаў, як павёз Глеба ў Германію. Разам з Сашам быў Слава. Капскі ў аэрапорце праз тое, што кантракт з вялікім клубам, вельмі важны момант для Барысава і яго гісторыі, для самога футбаліста таксама, набыў Глебу-старэйшаму гадзіннік. Вечарам у гатэлі пачуў нейкі шум. Зайшоў да хлапцоў у пакой. А Слава, высветлілася, забраў у брата гэты гадзіннік… Ведаеш, я агулам думаю, што Слава больш разбіраецца ў жыцці і ва ўсіх падзеях, якія адбываюцца, чым Аляксандр. Хаця яго з'яўленне ў медыялізе ў Маскве ўсё ж выклікае пытанні.

– Ёсць меркаванне, што Глеб стаў на бок улады ў краiне, бо баіцца страціць тое, ува што ўкладаўся ў Беларусі.

– Не ведаю. У выпадку з Глебам я б сказаў, што геній чалавека ў нейкай галіне не абавязкова распаўсюджваецца на ўсе астатнія сферы яго жыцця.

Аляксандр падобны да чалавека, які вельмі лёгка паддаецца знешняму ўплыву. Памятаю сітуацыю з каранавірусам і яго каментаром брытанскім журналістам. Яскравае было інтэрв’ю. Чакана Глеб сказаў, што яго не так зразумелі. Правілы жыцця беларускага футбола: гэта не футбалісты кажуць нейкую бздуру, а журналісты іх кепска разумеюць.

Дык вось я пасля патэлефанаваў, прапанаваў параўзмаўляць пра тое ж самае. Паразмаўлялі. Бадзёра. Але Аляксандр сказаў, што спачатку дасць пачытаць жонцы. Пасля гэтага тэкст стаў менш бадзёры. Каханне, безумоўна, перад усім. Але чалавек не ў стане прыняць самастойна рашэнне аб тым, што публікаваць, а што не. Не сцвярджаю, нібыта зараз на жыццё і светаўспрыманне Глеба цалкам уплывае жонка, але гэта верагодна. Ну а Аляксандру не хапае волі, ці жадання, ці магчымасці самому разабрацца ў сённяшніх падзеях.

– Пытанне па іншай персоне з белфутбола – па Аляксандру Сачыўку. Калі ён пераходзіў у мiнскае «Дынама», зняўся ў роліку, які фактычна зрэжысаваў Сяргей Кавальчук. Як ты ўспрыняў учынак футбаліста?

Текст писали под началом жены Богдановича, а корректировал его, как и видеоряд, Ковальчук (хотел еще больше патриотизма). Как готовили эпохальный спич Сачивко

– Мы не знаёмы. Паважаю Сачыўку за тое, што ён прайшоў з «Мінскам» (калі не памыляюся) усе лігі і сам сябе зрабіў. Не ведаю, як складваецца яго жыццё, куды ён укладваў грошы, ці мае ён іх, якое ў яго стаўленне да мiнскага «Дынама» і гэтык далей. Магчыма, ад нашых вачэй утоена нешта такое, што можна было б улічыць пры абмеркаванні ўчынку гульца. Але калі проста зірнуць з боку на тое, што адбылося, у мяне ўзнікае адно пытанне: «А ці каштуюць адзін-два сезоны ў вышэйшай лізе Беларусі таго, каб дапусціць такі удар па рэпутацыі?»

– Як думаеш, у яго наогул быў выбар – здымацца ў гэтым роліку ці не?

– Я вельмі рады, што учынкі гульцоў вышэйшай лігі не займаюць мае думкі ў такім аб’ёме. Той жа Стасевіч, наколькі я чуў, нават паспрабаваў зрабіць нешта ад сябе. І ў выніку не патрапіў у «Дынама».

Тройчы лепшы футбаліст Беларусі ледзьве не вярнуўся ў ЧБ: для гэтага запісаў «пакаяннае» відэа для так званага міністра спорту, але ў выніку не ў поўнай меры яго задаволіў

Шчыра, мяне кейс Сачыўкi не так моцна кранае, як выпадак з Іванам Бахарам. Вось ад гэтага мне проста балюча. Чалавек адкрыта выступаў за перамены, а потым падпісаў праўладны ліст. Разумею, магчыма, для яго футбол – літаральна ўсё, але хіба вартая кар'ера ў белфутболе падобных учынкаў? Любы гандаль з д’яблам нічым добрым не сканчваецца.

Той жа Ілля Шкурын не здрадзіў сабе, нават нягледзячы на ​​ўсе складанасці, з якімі прыйшлося сутыкнуцца за мяжой. Мая павага да вузкага прафесіянала, які паміж сумленнем і камфортам выбраў першае.

Дарэчы, мы з Іллём пазнаёміліся зусім нядаўна – літаральна за дзень да турніра Івуліна. Спакойны, прыемны, з інтэлектам у вачах. На наступны дзень пасля знаёмства да мяне падышоў і кажа: «Здароў. Колькі ўжо гадоў?». Я не зразумеў, тупіць пачаў. Ён такі: «У цябе ж народзіны!» – «Ааааа, 34». – «Ну, то віншую». Гэта вельмі прыемна, таму што Шкурын сваім учынкам у тым ліку паказаў, што, у адрозненне ад шматлікіх калег, не ставіцца да журналістаў як да абслуговага персаналу. 

Дарэчы, той жа Івулін вельмі шмат зрабіў для падвышэння статусу нашай прафесіі.

– Ты ўжо не раз узгадваў пра Івуліна. Як думаеш, пасля таго, як Саша выйдзе, і калі ў яго будзе магчымасць працягваць рабіць «ЧестнОК», ці вернецца праект да ранейшага выгляду, дзе весела і цікава распавядалася пра белфутбол?

– Па-першае, не ведаю адказу на гэтае пытанне. Па-другое, у нас ёсць непрыемныя кейсы, як, напрыклад, выпадак з Кацярынай Андрэевай [якой выставілі новае абвінавачанне i асудзiлi яшчэ раз]. Я веру, што Саша выйдзе, але, нажаль, пакуль ён у палоне. Таму цяжка пра нешта разважаць.

Тым не менш, мяркую, Саша і Ярык Пісарэнка, які падхапіў праект, паразмаўляюць. Яны могуць стварыць міні-рэдакцыю і прыдумляць нешта новае. Калі, канешне, Іўке гэта будзе цікава.

– Ці ёсць неабходнасць расказваць пра белфутбол так, як гэта было раней, да 2020-га?

– Цяжкае пытанне… Ну, нехта ж павінен пра яго расказваць, даносіць інфармацыю. Не чытаць жа нам «Прэсбол». 

Калі працаваў ва «Усё пра футбол», разам з некаторымі калегамі натуральна марылі, каб нас паклікалі ў «Прэсбол». Гэта было рэальна крутое медыя. Кейс Шмоліка – проста праца для падручнікаў. І там была кайфовая літаратурная частка, пісалі начытаныя людзi, якія валодаюць словам. А цяпер… Ну, няма таго, што раньш было.

Вяртаючыся да Сашы, цяжка сказаць, што ў яго зараз у галаве, якія планы і думкі. Але, адназначна, калі ён выйдзе на волю, то знойдзе ў сабе матывацыю нечым займацца. Івулін – чалавек с разуменнем сваёй місіі. Ён прагнуў (і прагне, спадзяюся) рабіць бадзёра і якасна, рабіць беларускі футбол лепей. Адзіная праблема, ёсць адчуванне, што сам беларускі футбол у гэтым не зацікаўлены.

***

– Як ты думаеш, што зараз хвалюе беларускіх спартсменаў?

– Мусіць, кожнага – нешта сваё. Калі нехта са спартсменаў уклаў вялікія грошы ў Беларусі, тады, вядома, хвалююць пенендзы, бізнесы. У сувязі з гэтым узгадваю Сяргея Рутэнку. Мне давялося двойчы ўзяць у яго інтэрв’ю перад выбарамі. Шчыра скажу, быў у захапленні. Мне здавалася, што ён сумленны, усё разумее. Але, як паказаў час, я памыліўся. 

–  Рутэнка цябе непрыемна здзівіў?

– Гэта нешта на адным узроўні з Глебам, але не. Здаецца, Рутэнка – чалавек больш разумны і дасведчаны. Таму кейс Рутэнкi яшчэ больш балючы. Ад Сяргея такога сапраўды не чакаў. Мне чамусьці здавалася, што ён выдатна б упісаўся ў кампанію людзей з SOS.BY і арганічна б глядзеўся побач з Леўчанка, Якаўлевым, Краўчанкам на пратэстах, а не побач з Багдановічам на інаўгурацыі Лукашэнкi.

– Якая ў яго матывацыя так сябе паводзіць?

– Магчыма, каб не страціць завод [па перапрацоўцы гною], куды ён уклаў вялікія грошы. Але дакладна сказаць не магу.

– Глеб, Рутэнка, Бахар. Назавеш яшчэ аднаго спартсмена, які цябе непрыемна здзівіў у апошні час?

– [Генеральную сакратарку Беларускай федэрацыі баскетбола Анастасію] Марыніну я не вельмі разумею. Ёсць гісторыя. Я ўжо не працаваў на «Трыбуне». Мы з Бондзіхай [Ганнай Бонд] збіраліся ў Бразілію, рабіць спецпраект пра Алімпіяду. Але якая Алімпіяда без акрэдытацыі? Высветлітлася, што ўласнік медыя, у якім я працаваў, вучыўся ў школе разам з Анатолем Котавым, якi тады займаў нейкую пасаду ў НАК. Кажа, схадзі, мо, нечым дапамогуць. Я пагадзіўся, лішнім не будзе. Але Котава не было, i прызначылі сустрэчу з Марынінай. Яна выйшла і выдала кароткае: «Для вас ніякіх прэферэнцый не будзе». Павярнулася і пайшла. Не ведаю, мо, я drama queen, але падалося, зрабіла яна гэта не без задавальнення. Такі сеансік адчування сваёй ўлады.

Ну і адзначыць варта яшчэ адзін момант. Калі ад Марынінай журналістам прыходзілі лісты, у вочы адразу кідалася наступнае: на пару радкоў – само паведамленне, а пасады і рэгаліі Марынінай – знізу яшчэ на 14 радкоў. Для мяне гэта як мінімум дзіўна. Калі ж пару гадоў таму прагучалі гісторыі са сканчэннем міжнароднай кар’еры Леўчанка і баскетбольнымі суддзямі, якім гэтая жанчына не хацела паднімаць заробкі, для мяне пазл склаўся.

Але гэта толькі маё стаўленне. Можа, Марыніна – коцік.

«В сентябре говорит, что Лукашенко всем надоел, а в декабре поднимает за него тост». Что не так с генсеком Марининой из белбаскета (это она много кричит про санкции)

– А ёсць прадстаўнікі белспорта, якія за апошні час здзівілі з прыемнага боку?

– Леўчанка. Памятаю, калі публікаваў з ёй першае інтэрв’ю, сядзеў на перасадцы ва Франкфурце і думаў: «Чалавек гуляў у фінале жаночай НБА. Што мы за краіна такая, калі падобны досвед тут не патрэбны?» Пасля жнівеньскіх падзей стала зразумела, што ў Лены цалкам усё норм не толькі з працоўнай этыкай, але і з годнасцю. Гэта той выпадак, калі чалавек пачувае сябе кімсьці большым за атлета.

Леўчанка – чалавек, патэнцыял якога можна спакойна выкарыстоўваць для развіцця не толькі баскетбола ў краіне, але і ўсяго спорту. Навучаць дзяцей, натхняць і матываваць спартсменаў – ды шмат чаго.

Сныціна. Яскравы прыклад азарэння, здольнасці мяняцца, калі табе далёка не 14 гадоў. Мне вельмі блізка тое, што адбылося з Кацей. Мы ж абодва неафіты. Не асэнсоўвалі сябе часткай беларускага грамадства да 2020-га.

Падаецца, сённяшняя актыўная пазіцыя Сныцінай – праз пачуццё віны за тое, што да гэтага 30 з лішнім гадоў яна не ўсведамляла, у якіх рэаліях жыве краіна і народ. Цяжкая праца над сабой, якая заслугоўвае павагі.

Марчанка. Не магу сказаць, што Наташа актыўнічала па частцы грамадзянскай пазіцыі, нешта ярка і гучна заяўляла, але ў ёй адчуваецца стрыжань. І пазіцыя зразумелая праз падтрымку Сашы Івуліна. Наташа жыве ў ЗША, гадуе сына, працуе не ў спорце, пры гэтым выглядае выдатна, з добрым вынікам не так даўно прабегла марафон у Чыкага. Ну і кар'ера ў яе атрымалася шыкоўная.

Косця Якаўлеў жыў толькі спортам, здаецца, нічога больш не заўважаў, але зараз, відавочна, з ім адбываюцца ашаламляльныя перамены.

Вельмі падабаецца кейс Мiкалая Золатава. Не знаёмы з ім асабіста, але гэта чалавек, які пабудаваў кар'еру за кошт працавітасці і зацятасці. Мяне ўразіла тое, што ён вярнуўся гуляць за «Колас», калі ва Украіне вайна. Прыемна шакавала гісторыя, як чалавек вывозіў аднаклубнікаў пад бамбёжкамі.

Плюс у Беларусі яшчэ жывуць спартсмены, якія выклікаюць маю павагу, але пра іх не буду казаць у мэтах бяспекі.

– Ты разумееш прэтэнзіі заўзятараў да беларускіх футбалістаў?

– Беларускі футбол – не індустрыя, якая прафесійна стварае матывацыю наведваць стадыёны. Калі ты ўсё ж такі гэта робіш, то, хутчэй за ўсё, маеш сяброў ці родных на полі, альбо кайфуеш ад датычнасці да тусоўкі. Другі выпадак – мой.

Ведаеш, я б на месцы футбалістаў наогул дзякаваў заўзятарам за тое, што яны ходзяць на стадыён і сочаць за чэмпіянатам. Гэта ўнікальныя людзі.

– Настрой грамадства і стаўленне людзей да футбалістаў, па-твойму, уплываюць на вынікі каманд, зборнай?

– Глядзі, Руслан Юдзянкоў у свой час распавёў, як яму ўсё роўна, хто і што скажа, бо чалавеку прыемна гуляць за зборную. Мы калісьці жылі ў адным гатэлі ў Турцыі, калі «Славія» была на сборах, і пазнаёміліся. Чалавек пакінуў прыемныя адчуванні. Але час быў іншы. Зразумець футбаліста, безумоўна, можна – у моцна за 30 дэбютаваў за «нацыяналку», паехаў у чэмпіянат, дзе больш грошаў, наладзіў жыццё. Крута. Але ў Беларусі ёсць значна большыя праблемы, чым непаразуменне заўзятараў футбольнай зборнай і яе гульцоў.   

Што думаюць іншыя гульцы, сказаць складана. Усе людзі розныя. Нехта ўжо перагарнуў старонку і жыве сваім жыццём. Нехта нават кнігу не адкрываў. Нехта ўвогуле не ўмее чытаць.

***

– Ты ўжо больш за год жывеш па-за межамi Беларуci, сустракаешся з суайчыннікамі, якія таксама вымушаныя былі пакінуць Радзіму. Па-твойму, беларусы ў эміграцыі – гэта нейкая асаблівая каста?

– Мы – вельмі маладое грамадства, у якога краш-тэсты не сканчваюцца, нажаль. І я б не хацеў падзяляць беларусаў на тых, хто з“ехаў, і тых, хто застаўся. Але я разумею, што кантэкст розны. Для мяне можа быць праблемай, што ў «Бядронцы» няма феты на зніжцы, а ў Мінску людзі баяцца затрымання. Зразумела, беларусы думаюць і глядзяць на многія рэчы па-рознаму. У сувязі з гэтым я за тое, каб не губляць кантакт з тымі, хто застаўся.

Я ў мінулым месяцы ездзіў у ЗША вучыцца. У Дэтройце да нас прыходзіў прафесар, этнічны армянін, займаецца медыя для дыаспар. Пытаемся: «Армянскі журналіст з Дэтройта можа паўплываць на армянскага чытача з Ерэвана?». Ён кажа, гэта немагчыма, яны працуюць на сваіх ў Амерыцы. А ў Беларусі сітуацыя іншая. Мы, знаходзячыся за межамі краіны, працягваем ствараць кантэнт для спажыўцоў на яе тэрыторыі. Таму важна не губляць кантакт і разумець, што адбываецца. Таму нельга дапускаць падзелу беларусаў.

– Як бы ты апісаў беларусаў ў эміграцыі?

– Людзі розныя. Хтосьцi, калі пераязджае ў тую ж Польшчу, хоча хутчэй стаць большым палякам, чым Роберт Левандоўскі. Жадае забыць ўсе тыя праблемы і страхі, з якімі сутыкнуўся дома. У выніку максімальна хутка легалізуецца, так ці інакш пускае карані за мяжой.

Ёсць група людзей, якія жывуць падзеямі 2020 году, думкамі знаходзяцца ў мінулым. Беларусам ў эміграцыі не заўсёды лёгка. У тым ліку таму, што трэба балансаваць паміж страхам здрадзіць ідэалам 2020-га і жаданнем жыць нармальна далей без акцэнту на мінулае.

– Ты сам змяніўся за апошнія гады?

– Нешта ў гэтым плане адбываецца, вядома. Мне не хацелася з’язджаць. Цяпер разумею, што праз страх. Калі чалавеку страшна, ён ці то бяжыць, ці то замірае. Я замёр. Са ступару мяне вывела затрыманне Сашы Івуліна. Пабег хутчэй за Усэйна Болта. 

Часам цяжка адпусціць мінскае жыццё, але гэта неабходна. Няма ўжо сэнсу марыць аб вяртанні ў той горад і грамадства, якія змяніліся. Трэба ісці далей.

Успамінаю, як першыя паўтара месяцы жыў у Вільні. Там была вельмі распаўсюджана практыка неразабранай валізкі. Нібыта, вось яно, увасабленне маёй гатоўнасці працягнуць барацьбу. Але, хутчэй, так нарадзілася метафара жыцця, пастаўленага на стоп. Я гэта пераадолеў. Навучыўся збіраць любую валізку за 15 хвілін. Вось у чым мае перамены :).

– Ты так ці інакш сустракаешся з беларусамі ў розных краінах. Можа, нейкія сустрэчы табе асабліва запалі ў душу?

– Мяне ў ЗША прымалі дзве сям'і. Адна – з Кэнтана, гэта пад Бостанам, другая – з Юніан-Сіці, гэта Нью-Джэрсі. Вельмі моцна дапамагалі. 

Бостанская дыаспара шмат выкарыстоўвае беларускую мову, ладзіць святы. Было Купалле, былі Дзяды. Гэта рэальна ўражвае. Беларусам можна быць паўсюль. І яшчэ інакш – беларусы могуць быць паспяховымі і шчаслівымі паўсюль. А ЗША – не самая простая краіна. У нас хапае таленту, працоўнай дысцыпліны, каб дабівацца гэтага.

Мае знаёмыя з Юніан-Сіці ўвесь час прымаюць ў сябе беларусаў, падамагаюць, кансультуюць. Мне вельмі прыемна, што нашы людзі, нават знаходзячыся на іншым кантыненце і ў іншай культуры, не забываюцца пра сваіх суайчыннікаў, свае карані, пра сваю гісторыю. Вось гэтыя сустрэчы мяне асабліва ўразілі. 

Усё ж быць беларусам – гэта крута. Мы – частка ўсяго свету, нічым на горшая за іншыя. Гэта важна ўсвядоміць.

– А непрыемныя сустрэчы былі?

– Двойчы беларусы прасілі перайсці на рускую мову. Казалі: «Я нічога не разумею. У мяне галава баліць, а ты прымушаеш перакладаць». 

Да паездкі ў ЗША хацеў пажыць крыху ў кента з NY. Пісаў яму на беларускай мове, у адказ атрымліваў: «Так, гэта я не памятаю ўжо, а што такое «Усход», гэта памятаю – «Восток», таму што ў Мінску ёсць такая станцыя метро». Шчыра, я не быў у гуморы: «Чувак, калі б ты вывучыў хоць некалькі слоў на беларускай мове, Радзіме было б прыемна». У адказ нешта пра «я дзіця капіталізму і хутка пашпарт атрымаю», пра тое, што пасля падзеяў 2020-га здарылася больш кепскага, чым добрага. У выніку кактакт скончыўся. У нас рэальна розныя светаўспрыманне і каштоўнасці. Ну, і ў Нью-Ёрку, і ў Нью-Джэрсі хапае беларусаў, у якіх можна ўпісацца на некалькі дзён.

– Як лічыш, ці можна забіць беларусаў як нацыю ці прымусіць іх жыць па законах Савецкага Саюза, як імкнуцца гэта зрабіць улады?

– Нас спрабуюць знішчыць не першае стагоддзе. Праблема стала відавочнай не ў 2020 годзе, не ў 1917-м, калі быў заснаваны СССР. У часы падзелу Рэчы Паспалітай трэба лезці. Таму знішчэнне беларусаў як нацыі – гэта сістэмны ціск, які адбываецца шмат стагоддзяў. Нас шмат гадоў вучылі, што мы не нацыя, што мы нейкі прыдатак Расіі. Гэта засядае ў галовах людзей, гэта адбіваецца на іх поглядах і каштоўнасцях. Такая ў нас рэчаіснасць. З ёй, безумоўна, трэба нешта рабіць.

У мяне ўвогуле такое адчуванне, што беларусы – гэта чэмпіёны свету па выжывальнасці. Мы змагаемся, трываем, але мы ёсць, няхай захоўваць нацыянальнасць цяжка.

– Беларусы, з якімі ты сустракаешся ў розных краінах, мараць аб вяртанні на Радзіму ці ўжо не?

– Па-рознаму. У любым выпадку ўсе жадаюць мець магчымасць як мінімум прыязджаць у госці ў Беларусь, бачыцца з сябрамі і роднымі і пры гэтым не турбавацца аб сваёй бяспецы. 

– Ты ўяўляеш дзень, калі сам вернешся ў Мінск?

– Не ведаю. Галава нічога не малюе. Не раблю візуалізацыю, каб не траўматызаваць сябе. 

У пэўны момант зразумеў, што не сумую па Мінску, а думаю пра страчаныя магчымасці. Праект рос, з“яўлялася рэклама, каву ў Мінску варылі смачную, былі кенты па ўсім – нават па красоўках і морапрадуках. І я доўгі час сумаваў па тым, што магло б быць. Але гэта неправільна.

Трэба ісці далей. Я – свой галоўны праект. Я – свой галоўны актыў. Таму неяк сябе цешу. Навучыўся шакшуку рабіць, адціскацца ў сілоўні стаў, не паміраючы пасля дзясятана раза, паспрабаваў разабрацца, чаму серіял «Офіс» лічыцца культавым, прачытаў Чарльза Букоўскі ў беларускім перакладзе, пазнаёміўся з творчасцю Паўла Селукова. Хутка перазапусцім праект. Усё будзе добра.

– У чым заключаецца твая сённяшняя сувязь з Беларуссю?

– Чалавек жыве ў той краіне, чыі медыя чытае. Так кажуць. А гляджу Хадасевіча з Пісарэнкам, чытаю навіны на «Зеркале». Прызнаюся, у мяне яшчэ з анлайнераўскіх часоў засталася падпіска на тг-канал «Пул первого». Гляджу на ўсё, пра што там пішуць як на фестываль крынжу. Рэмба са шпіцам у галоўнай ролі :).

– Якія навіны з Беларусі цябе асабліва шакавалі ў апошні час?

– Паказчык цяжкасці нашай сітуацыi – адсутнасць здзіўлення ад чарговых навін пра затрыманні. Гэта клініка.

Але, напэўна, я ўсё ж такі вылучу навіну аб тым, як кіроўцу затрымалі за тое, што ў яго на аўтамабільных нумарах былі сляды ад налепкі нiбыта з «Пагоняй».

– Што наконт вайны? Тваё беларускае асяроддзе разумее рэаліі?

– У мяне ёсць рускае асяродзе. Бацька ж з Хабараўску, памёр у мінулым годзе. Бабуля там жыве, на ўсю галаву пуціністка. Разумею, што ёй няма чаго рабіць, таму патрабуе да сябе ўвагі – вось і дасылае па вотсапп розныя малюнкі, паштоўкі. У стылі тых вайбераўскіх, якімі родныя віншуюць з Вялікднём.

І вось аднойны дасылае яна мне артыкул нейкага пуцінскага ідэолага. Маўляў, як жа сорамна за рускіх, якія сабраліся ля мяжы ў імкненні пакінуць краіну. Мабілізацыя адбывалася. І бабуля – драматычная акторка – піша, што ёй таксама сорамна. Пытаюся: «Табе сорамна за тое, што людзі не жадаюць ваяваць за Пуціна?» Пасля гэтага яна спрабавала неяк перавесці тэму, на тым і скончылі.

У мяне яшчэ ёсць траюрадная сястра з Расіі, яе муж – журналіст, праваабаронца Міця Аляшкоўскі, якога ўлады ўнеслі ў спіс іншаагентаў. Я ў іх быў на вяселлі, і зараз сястра жартуе, што тады сабралося чатыры рускіх iншаагенты і адзін беларускі аўтар экстрэмісцкіх матэрыялаў :).

– Што, па-твойму, зараз клапоціць беларусаў, якія да гэтага часу на Радзіме?

– Тое, што кошты растуць. Мне казалі, даходзіць да таго, што ў Мiнску пачалі ездзіць у розныя кропкі горада, каб знайсці тыя ці іншыя прадукты патанней. Кажуць, што сталіца Літвы, калі браць ў разлік сярэдні заробак, ўжо ненашмат даражэйшая за Мінск. Шчыра, гэта неяк дзіўна для мяне, але я дапускаю, што такое можа быць.

Яшчэ расказвалі, што людзі як быццам заціхлі, ніхто не ведае, што будзе заўтра, у тым ліку праз мабілізацыю ў Расіі. Ну, і рэпрэсіі, нажаль, працягваюцца.

– Ёсць сярод тваіх знаёмых тыя, хто захоўвае аптымізм наконт пераменаў у Беларусі?

– Трэба памятаць, што Мiнск я, магчыма, ужо ніколі не пабачу. Але асноўны драйвер маёй творчасці – жаданне вярнуцца. Мне хочацца працаваць на Радзіме, рабіць беларускі YouTube, ствараць якасны кантэнт пра Беларусь. Любому праекту з місіяй прасцей працаваць. І мы пра сваё «беларусам пра беларусаў» не забываем.

– На чым грунтуецца аптымізм тых, хто зараз у Беларусі?

– На тым, што надзея памірае апошняй. На біялагічных момантах – усё ж гэтыя два чувакі не з клана Маклаўдаў. Ды і наогул мне здаецца, што гэта нармальная ўласцівасць арганізма – верыць у лепшае. Так што падстаў для аптымізму хапае.

– У сваім праекце ты пытаешся ў гасцей пра рэчы, якія яны хацелі б бачыць у новай Беларусі. А што ты сам хочаш там бачыць?

– Хачу, каб у нас быў бязвіз для іншаземцаў, каб людзі прыязджалі, а мы ім расказвалі пра краіну. Паказвалі, што Беларусь – гэта прыгожа, цікава. Хочацца вяртання незалежных СМІ, каб ніхто, у тым ліку дэмакратычныя сілы, не вучылі журналістаў, як трэба працаваць. Каб да медыя з’явілася сапраўдная павага і яны сталі чацвёртай уладай. Ну і агулам я мару пра рэальную павагу да чалавека. З гэтага пачынаецца дэмакратыя ў маім разуменні.

Фота: Instagram Мiкiты Мелказёрава

Другие посты блога