none
Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Кавальчук перадумаў «зачышчаць» белфутбол па спісе – «даруе» пасля праверак сілавікамі і знайшоў дарадцу ў складзе мінскага «Дынама»

Кавальчук перадумаў «зачышчаць» белфутбол па спісе – «даруе» пасля праверак сілавікамі і знайшоў дарадцу ў складзе мінскага «Дынама»

Рэжымныя мерапрыемствы – спосаб дамагчыся прыхільнасці «міністра», але не гарантыя.

Автор — bytribuna com
27 февраля 2023, 23:59
3
Кавальчук перадумаў «зачышчаць» белфутбол па спісе – «даруе» пасля праверак сілавікамі і знайшоў дарадцу ў складзе мінскага «Дынама»

Зачыстка беларускага спорту ад спецылiстаў, якія пайшлі супраць сістэмы, працягваецца ўжо не адзін год. У канцы 2022-га гэтыя рэпрэсіі толькі ўзмацніліся: «Мінспорту» разаслала ў спорткамітэты выканкамаў спісы «непажаданых» атлетаў, гэта значыць прозвішчы тых, з кім кантракты заключаць нельга, а калі ў таго ці іншага спартсмена пагадненне дзейнічае, то яго варта разарваць. Пад рэпрэсіўны каток патрапілі і беларускія футбалісты – у снежні мінулага года ў распараджэнні «Трыбуны» з'явіўся спіс гульцоў, якія апынуліся ў бане па працы ў белфутболе па распараджэнні «Мінспорту». «Віна» большасці з яго ўдзельнікаў – сказаная на камеру фраза «Мы супраць гвалту» ў верасні 2020-га.

Але, як аказалася, спосаб атрымаць кантракт ёсць і ў непажаданых для сістэмы. «Трыбуна» змагла даведацца, як праходзіць працэдура «допуску» такіх футбалістаў да чэмпіянату – выстветлiлася, што зараз шмат залежыць ад трэнераў і кіраўнікоў клубаў, а таксама ад аднаго гульца ЧБ.

«Чорны спіс» аказаўся «дзіравым», для «збавення» ўдзельнічаюць у дзяржмерапрыемствах (хоць гэта нічога не гарантуе)

Час паказаў, што мелі рацыю тыя, хто не верыў у незваротнасць бана па «чорным спісе». У канцы 2022 года Кавальчук і кампанія сапраўды мелі намер зачысціць беларускі футбол напоўніцу. Аднак, як нам распавялі крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, у пачатку 2023 года некаторыя вядомыя ў белфутболе людзі (не з ліку работнікаў АБФФ) пачалі даказваць так званаму міністру спорту, што калі ЧБ, з якога і так з-за фінансавага пытання з'язджаюць якасныя выканаўцы, пазбавіцца наогул усіх фігурантаў «чорнага спісу», то і без таго не наймацнейшае першынство ператворыцца ў чэмпіянат двара. Як нам расказалі, у выніку Кавальчук прыняў довады спецыялістаў і змякчыў сваю катэгарычнасць.

Вядома, ёсць розныя сітуацыі – напрыклад, 34-гадовы паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун да гэтага часу праводзіць у камандзе перадсезонку, не маючы на руках новага кантракту, бо, паводле нашай інфармацыі, на гэта дагэтуль не атрымана адабрэння «зверху». Але шэраг іншых гульцоў з пераліку рэжымнага Мінспорту заключылі з клубамі ЧБ дамовы – напрыклад, Юрый Астравух падоўжыў дамову са «Слуцкам», а Дзмiтрый Бага перайшоў з «Гомеля» у брэсцкае «Дынама».

Дзеля магчымасці працягваць атрымліваць грошы ў белфутболе гульцы і зацікаўленыя ў іх клубы дзейнічаюць рознымі метадамі, але ў 2023-м папулярным спосабам стаў паказальны ўдзел у рэжымных мерапрыемствах (і нездарма, пра што падрабязней ніжэй). Так, непажаданыя з БАТЭ з усёй камандай віншавалі з 85-годдзем Мінскую вобласць, пакуль Андрэй Капскі расхвальваў яе рэжымныя ўлады, гульцы «Слуцка» і жаночага «Мінска» – праводзілі ўзгодненыя заняткі ў школах, футбалісты «Тарпеда-БелАЗ» і «Белшыны» – ускладалі вянкі да «патрэбных» помнікаў, і гэта яшчэ не ўсе прыклады.

Але ўсё гэта яшчэ зусім не гарантуе, што ўдзельніку такога мерапрыемства ўдасца пачаць сезон-2023 з кантрактам. Як высветліла «Трыбуна», для гэтага трэба прайсці праверку ад так званага Мінспорту – і па яе выніках атрымаць «дабро» на падпісанне з клубам, як гэта, напрыклад, удалося Баге-малодшаму.

Як жа праходзіць такая «працэдура»? Крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, расказалі нам пра гэта.

Як праходзяць праверкі ад Кавальчука?

У аснове спробы атрымаць «разбан» ад Кавальчука ляжыць зацікаўленасць на месцах – па нашых даных, цяпер шмат залежыць ад трэнераў і кіраўнікоў каманд. Калі размова ідзе пра футбаліста сярэдняга ўзроўню, то за яго наўрад ці будуць прасiць. А вось калі гулец сапраўды патрэбны трэнеру, той ідзе да кіраўніцтва ФК з прапановай «пазмагацца» за выканаўцу. Дырэктар выслухоўвае довады пра тое, чаму ж камандзе так неабходны непажаданы для «міністэрства» гулец (ці нават не адзін).

Калі кіраўнік згаджаецца з аргументамі коўча, то знаходзіць магчымасць патрапіць у кабінет да Кавальчука – і, адпаведна, просіць у яго «індульгенцыю». Аднак проста размовай дабіцца станоўчага для гульца рашэння немагчыма.

Па нашай інфармацыі, атрымаўшы ад боса клуба спіс на «дараванне» з аднаго ці некалькіх футбалістаў, Кавальчук адпраўляе яго на далейшую праверку ў рэжымнае МУС. Там сілавікі Лукашэнкi «прабіваюць» футбалістаў па сваіх базах і правяраюць сацсеткі на прадмет удзелу ў маршах і іншай пратэстнай актыўнасці. Вынікі праверкі накіроўваюцца Кавальчуку, і вось тады «міністр» ужо прымае рашэнне – ці будзе ў канкрэтнага гульца магчымасць яшчэ пагуляць у рэжымным белфутболе ці не.

Па нашай інфармацыі, удзел «непажаданых» гульцоў у рэжымных мерапрыемствах актыўна адбываецца як раз дзеля Кавальчука – ён, маўляў, даў зразумець, што дзякуючы такому «прагіну» павышаюцца шанцы на допуск футбаліста да сезону. Станоўча на гэта можа паўплываць і падпісанне ў мінулым прарэжымнага ліста. Але ў цэлым, як распавялі нам крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, проста зараз «Мінспорту» усё ж мае намер пусціць у ЧБ усіх, каго адстойваюць трэнеры і дырэктары клубаў, – акрамя сітуацый, калі нешта зусім «не тое» знайшлі рэжымныя сілавікі.

Аднак бываюць і выпадкі, калі ўсё быццам бы за гульца, а нешта ўсё роўна ідзе не так. Прыклад – удзельнік відэа супраць гвалту Анатоль Макараў, які ў пачатку 2023-га «пакаяўся» для рэжымнага СМІ і загаварыў пра «ўплыў дэструктыўных каналаў». Па нашай інфармацыі, усё гэта было зроблена якраз па ўказцы зверху, каб «заслужыць кантракт» з «Тарпеда-БелАЗ» – але паперы да гэтага часу не падпісаныя, таму што канчатковага адабрэння ад Кавальчука ўсё яшчэ няма (чаму – невядома).

Прымаць рашэнні Кавальчуку дапамагае гулец «вышкі»

«Трыбуне» ўдалося высветліць і яшчэ адну вельмі цікавую дэталь. Аказваецца, Кавальчук і ў пытанні допуску гульцоў ЧБ узяў сабе памочніка. Нагадаем, больш глабальныя «праблемы» белфутбола «міністр» зараз даверыў Анатолю Юрэвічу – ён будзе ўзгадняць прызначэнні трэнераў клубаў і займацца іншымі пытаннямі.

Як распавялі нам не звязаныя адна з адной крыніцы, на сумеснай нарадзе Мінспорту і АБФФ Кавальчук абвясціў, што лёс непажаданых гульцоў будзе вырашаць нейкая «камісія». Але па факце, як нам стала вядома, камісіі не існуе, а допускамі займаецца непасрэдна Кавальчук і яго асобны дарадца па гэтым пытанні. Як нам пацвердзілі некалькі чалавек з белфутбола, дапамагае «міністру» 35-гадовы паўабаронца «Дынама» Антон Пуціла.

Асаблівае стаўленне да гэтага футбаліста Кавальчук праяўляе ўжо даўно. Паўплывала на гэта тое, што Пуціла стаў першым падпісантам за рэжым у «Дынама» ў 2021-м, што асабліва моцна спадабалася Кавальчуку, які падмяў пад сябе «бела-блакітных». Таксама Пуціла – сын «правільнага» для рэжыму чалавека: Канстанцін Пуціла ў 2015 годзе быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах і ездзіў па райцэнтрах Магілёўскай вобласці з агітацыяй, з 2016 па 2019 гады быў членам рэжымнага парламента і да гэтага часу ні словам не пайшоў супраць Лукашэнкі.

За такія «заслугі» Пуціла з асабістага ўхвалення Кавальчука раней забяспечыў сабе заробак вышэй за дзяржліміт – у памеры, блізкім да 8 тысяч долараў. Ну а зараз стаў яшчэ бліжэй да «міністра» і ўплывае на лёсы калег па ЧБ.

Фота: dinamo-minsk.by

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты