Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Праз вайну белфутбол застаўся без доступу да прасунутай статыстыкі. Як будуць выкручвацца трэнеры, пакуль невядома

Праз вайну белфутбол застаўся без доступу да прасунутай статыстыкі. Як будуць выкручвацца трэнеры, пакуль невядома

Імклівы скачок у мінулае.

Автор — bytribuna com
23 марта 2023, 13:41
Праз вайну белфутбол застаўся без доступу да прасунутай статыстыкі. Як будуць выкручвацца трэнеры, пакуль невядома

На старце сезона-2023 беларускі футбол застаўся без таго, што лічылася нормай у апошняе дзесяцігоддзе – без доступу да прасунутых статыстычных даных, якія давалі аналітычныя платформы InStat і WyScout. З іх дапамогай трэнеры сачылі за эфектыўнасцю сваіх гульцоў і каманд, а таксама вывучалі суперніка – як па лічбах, так і па відэанарэзках. Больш яны не могуць карыстацца паслугай, за якую раней гатовыя былі плаціць тысячы еўра. Доступ да статыстыкі, што была сабраная ў папярэднія гады, для белфутбола закрыты, а новая статыстыка зусім не лічыцца. Ёсць надзея, што ў нейкай перспектыве прадукт на замену створаць расіяне, але нават у сябе яны пакуль працуюць у тэставым рэжыме. Ну а адзіная опцыя для беларускіх трэнераў на сёння – лічыць рукамі, шукаць сваіх аналітыкаў, але гэта сумнеўны варыянт на фоне таго, што было.

Тлумачым, што адбылося.

Што такое InStat і WyScout?

Назва гэтых платформ вядомыя трэнерам па ўсім свеце. Доўгі час карысталіся імі і спецыялісты ў чэмпіянаце Беларусі.

InStat – кампанія, якая займаецца аналізам спартыўных вынікаў. Была заснаваная ў Маскве ў 2007 годзе і мае мноства міжнародных офісаў. Рэгіянальныя штаб-кватэры знаходзяцца ў Дубліне і Філадэльфіі. Платформа даступная на 30 мовах. InStat дае трэнерам доступ да статыстыкі гульцоў любога больш-менш сур'ёзнага турніру. Ёсць магчымасць праглядаць відэанарэзкі з дзеяннямі футбалістаў. База ўключае ў сябе даныя больш чым пра 150 тысяч гульцоў па ўсім свеце. У пару клікаў можна даведацца, на якой пазіцыі футбаліст найбольш эфектыўны, з якіх пазіцый любіць біць па варотах і шмат іншага. Аб'ём інфармацыі – значны. Сістэма істотна спрашчае працу трэнераў па аналізе сваёй каманды і вывучэнні супернікаў.

WyScout – шмат у чым падобная платформа. Аднайменная кампанія была заснаваная ў Італіі ў 2004 годзе. Платформа ўяўляе сабой базу даных, якая змяшчае інфармацыю пра футбалістаў з усяго свету. Колькасць гульцоў, як і ў InStat, пераваліла за 150 тысяч чалавек. Даныя даюць падрабязнае ўяўленне пра індывідуальныя якасці футбалістаў, мадэлі гульні той ці іншай каманды, тактыку. Таксама даступныя відэанарэзкі матчаў.

Па расказах спецыялістаў, якія выкарыстоўвалі абедзве платформы, прынцыповай розніцы паміж імі няма: прыкладна тыя ж лічбы, паказчыкі, аб'ём даных. Проста нехта аддае перавагу InStat, а хтосьці больш любіць WyScout. Гэтая справа густу і звычкі.

Як платформы працавалі ў беларускім футболе?

InStat зайшоў у айчынны чэмпіянат больш за 10 гадоў таму. Адным з першых яго паслугамі скарыстаўся БАТЭ. Трэнеры актыўна пампавалі інфармацыю па сваіх гульцах, па суперніках, праводзілі на іх аснове аналіз і рыхтаваліся да матчаў. Пазней да дапамогі InStat сталі звяртацца і астатнія клубы «вышкі».

Каля сямі гадоў таму ў беларускім футболе з'явіўся WyScout. Але барысаўцы, напрыклад, засталіся вернымі InStat. А вось мінскае «Дынама» задзейнічала і італьянскую кампанію – спецыялісты ФК атрымлівалі даныя з двух платформаў. Пры гэтым варта сказаць, што супрацоўніцтва як з InStat, так і з WyScout каштуе грошай. Каб мець доступ да звестак сваіх футбалістаў, бачыць статыстыку супернікаў, мінскае «Дынама» толькі італьянскай кампаніі плаціла сем тысяч еўра на сезон. Прыкладна столькі ж даводзілася аддаваць і ў касу InStat.

Непрацяглы час «бела-блакітныя» заставаліся адзінай камандай ЧБ, якая карысталася паслугамі WyScout. У 2017 годзе да іх далучылася брэсцкае «Дынама» – такім было жаданне Уладзіміра Журавеля.

Як даведалася «Трыбуна», WyScout дапамагаў таксама трэнерам «Гарадзеі» у апошнія два гады існавання клуба. Два папярэднія сезоны актыўна карыстаўся платформай «Шахцёр».

Галоўнай перавагай перад InStat стала тое, што ў WyScout з'явіліся статыстычныя даныя матчаў дублюючых складаў. Так трэнеры асноўных каманд «вышкі» маглі вывучаць і маладых гульцоў. У InStat такой функцыі не было.

Зрэшты, карыстацца WyScout беларускім клубам было не так ужо проста. Цяжкасці выклікала адсутнасць рахункаў у замежнай валюце. Клубы банальна не маглі пералічваць грошы ў еўра італьянскай кампаніі. А замест таго, каб вырашыць пытанне, ФК заставаліся з InStat, якая знайшла спосаб прымаць плацяжы.

Доўгі час InStat заставаўся выбарам для федэрацыі футбола Беларусі, але апошнія пару сезонаў статыстыку трэнерам зборных пастаўляў WyScout. Змяненне пераваг звязанае з тым, што італьянская платформа пачала разбіраць матчы не толькі дубляў і «вышкі», але і паядынкі першай лігі і жаночага чэмпіянату краіны. Па нашых даных, АБФФ за доступ да платформы плаціла 20 тысяч еўра і пры гэтым давала магчымасць працаваць з WyScout калектывам Д2 і жаночым камандам.

Кантракты з клубамі заключаліся перад кожным сезонам, у студзені-лютым. Але з 2023 года абедзве платформы перасталі прадстаўляць цікавасць для айчыннага футбола – яны больш не будуць разбіраць матчы ЧБ і зборных Беларусі.

Што здарылася?

Калі зусім проста, платформы прынялі рашэнне сысці з беларускага рынку і не мець справу з нашым футболам.

Але для пачатку варта сказаць, што са жніўня 2022-га InStat належыць амерыканскай кампаніі Hudl. Расіяне прынялі рашэнне прадаць бізнес, бо разумелі, што на фоне вайны ва Украіне і сваёй прыналежнасці да РФ – дзяржаве, якая развязала вайну – з часам узнікнуць праблемы ва ўзаемаадносінах з кліентамі, бо клубы і федэрацыі пачнуць адмаўляцца ад супрацы з прадстаўніком краіны- агрэсара. Таму і была прынята прапанова Hudl пра куплю. Пры гэтым амерыканцы яшчэ ў 2019-м набылі ў італьянцаў WyScout і пачалі актыўна развіваць гэтую платформу.

Па нашых даных, амерыканцы ў далейшым будуць рабіць стаўку на WyScout, а InStat з часам сыдзе ў нябыт.

Пры гэтым ніякай статыстыкі па матчах ЧБ і зборнай Беларусі ў сезоне-2023 на платформе WyScout не знайсці. Па інфармацыі «Трыбуны», у канцы мінулага года амерыканскія заснавальнікі сабралі нараду, на якой прынялі рашэнне адмовіцца працаваць з беларускім і расійскім футболам. Кантракты і клубаў, і АБФФ скончыліся ў студзені-лютым, і ўжо за некалькі тыдняў да гэтага карыстальнікаў папярэдзілі, што на новыя дамовы яны не могуць разлічваць.

Найбліжэйшым часам для беларусаў закрыецца доступ і да платформы InStat. Такім чынам, увесь футбол краіны застаўся без статыстычных даных, якія для многіх ужо сталі нормай. Пры гэтым нават прыкладныя тэрміны вяртання платформаў на айчынны рынак невядомыя – супраца згорнута бестэрмінова. Галоўнай прычынай, безумоўна, з'яўляецца тое, што рэжым Лукашэнкі – суагрэсар у вайне супраць Украіны.

Што цікава, абедзве платформы працягваюць аналізаваць чэмпіянат Расіі па футболе – таму што кантракты з РФС і РПЛ заканчваюцца ў чэрвені. Але пасля гэтага супраца таксама будзе спыненая.

Да чаго гэта можа прывесці?

Адмова ад супрацы з Расіяй і Беларуссю – гэта, несумненна, фінансавыя страты для Hudl. Аднак уласнік платформаў гатовы адмовіцца ад часткі прыбытку (тым больш у структуры даходаў яна не такая ўжо значная) дзеля захавання рэпутацыі і нежадання супрацоўнічаць з краінамі, якія развязалі вайну ва Украіне.

А вось для беларускага футбола сыход статыстычных платформаў можа мець больш сур'ёзныя наступствы, хаця і тут у перспектыве ёсць варыянты.

– Калі мы гаворым канкрэтна пра Беларусь, то чэмпіянат вернецца на гадоў 10 назад, калі яшчэ не было платформаў, калі трэнеры не маглі хутка знаходзіць патрэбныя даныя, адглядаць відэа. Хтосьці можа нават сказаць потым, што «ў СССР не было такіх магчымасцяў, і нічога, гулялі, працавалі». Цяпер прыйдзецца займацца лішняй працай, – мяркуе наш суразмоўца са сферы аналізу футбольных даных. – Яшчэ зусім нядаўна трэнер мог за некалькі хвілін прааналізаваць апошнія дзесяць матчаў сваёй каманды або вывучыць супернікаў, прагледзець усе статыстычныя даныя гульцоў, а цяпер давядзецца ўручную адглядаць паядынкі, фіксаваць важныя моманты. Можна было б наняць аналітыкаў, але ніхто ў беларускім футболе гэтым займацца не будзе. Для айчыннага футбола гэта рэальна катастрофа.

«Здзіўлены, што аналітыкі так доўга трымаліся ў краіне»

Сыход платформ – гэта рэальна праблема для белфутбола? Ці могуць трэнеры абысціся без InStat і WyScout? Меркаваннем на гэты конт падзяліўся трэнер Алег Дулуб.

– У найлепшых клубах свету, у найлепшых чэмпіянатах дзякуючы даным статыстычных і аналітычных платформаў разбіраюцца каманды, увесь футбол. Там рухаюцца за тэндэнцыямі развіцця віду спорту. Трэба разумець, што аналітыка, якая падаецца на платформе дзякуючы адмыслоўцам, вельмі вялікая. Калі праводзіць паралелі, то сыход платформы – гэта, напэўна, як закрыццё доступу ў нацыянальную бібліятэку, дзе куча інфармацыі. Цяпер ты можаш карыстацца толькі тымі кнігамі, якія ёсць дома. Або глядзець нешта па тэлевізары.

Так што для трэнераў гэта сур'ёзны ўдар. Пакуль увесь свет ідзе шляхам глабалізацыі, беларускія спецыялісты адразаюцца ад выхаду на маштабныя платформы, яны губляюць магчымасць вывучаць каласальны аб'ём інфармацыі.

– Што ў такім выпадку будуць рабіць айчынныя трэнеры?

– Усё роўна будуць працаваць, аналізаваць, ніхто не будзе сядзець склаўшы рукі. Проста праца істотна ўскладніцца. Аб'ём інфармацыі, які ты бярэш для падрыхтоўкі да матчаў, знікне. Так што, аб'ектыўна, магчымасці трэнераў істотна звузяцца.

– Прычым знізяцца магчымасць у аналізе не толькі сваіх гульцоў, але ў першую чаргу суперніка.

– Безумоўна. Плюс трэнеры без доступу да аналітычных даных, якія ёсць на платформах, не змогуць цалкам сачыць за тым, куды рухаецца футбол, якія тэндэнцыі ў гэтым відзе спорту. А гэта немалаважны фактар. А калі ты ўвесь час будзеш даганяць, то ніколі не пераможаш. Трэба ж бачыць, куды рухацца, да чаго імкнуцца.

– Вас не здзіўляе сыход статыстычных платформаў з Беларусі?

– Дык сышлі ж не толькі платформы. Футбол – гэта ў тым ліку адлюстраванне ўсяго, што адбываецца ў Беларусі. Я ўвогуле здзіўлены, што аналітыкі так доўга трымаліся ў краіне.

– У беларускім футболе ёсць спецыялісты, якія змогуць нейкім чынам замяніць той жа WyScout?

– Не, сваімі намаганнямі праграму не замяніць. Гэта профільныя платформы, дзе працуюць спецыялісты, занятыя ў канкрэтнай галіне. Хтосьці лічыць кутнія ці ўдары па варотах, хтосьці сочыць за іншымі момантамі, трэція робяць нарэзкі. Плюс, паўтаруся, самі платформы, як і сучасны футбол, актыўна развіваюцца, праца там праводзіцца каласальная. І ўручную, а тым больш аднаму чалавеку, іх не замяніць. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але, калі праводзіць паралелі, можна сказаць, што WyScout – гэта «Мэрсэдэс», а спецыялісты, якія ёсць у Беларусі, няхай нават аб'яднаныя агульнай ідэяй, – гэта «Запарожац». Паўтаруся, замяніць платформу – проста без шанцаў. Японскі чып можна замяніць гайкай? Канешне, не.

– Вы самі актыўна карыстаецеся платформамі?

– Канешне, прычым даволі даўно. Галоўная перавага праграм – гэта наяўнасць патрэбнай інфармацыі, прычым у каласальным аб'ёме, якая значна палягчае працу любому трэнеру. Каб адсачыць нейкія тэндэнцыі апошніх пяці матчаў – адкрый WyScout, прагледзь і прааналізуй. А што рабіць зараз? Паглядзі цалкам усе пяць матчаў, сам нарэж, адсартуй па патрэбных момантах, потым прааналізуй. Вы ўяўляеце, колькі часу гэта займае? Тое, што ты дзякуючы платформе мог паглядзець за пяць хвілін, цяпер будзеш аналізаваць тыдзень. Падрыхтоўка да матчаў, даныя па кожным канкрэтным гульцу – вельмі шмат працы.

Увогуле страта для беларускага футбола вялікая. Ніякі БДУФК ці нейкі інстытут не здолее замяніць гэтую платформу. Ды і не знайсці гэтулькі адмыслоўцаў, якія на такім жа ўзроўні будуць працаваць. А ці адаб'ецца гэта на ўзроўні чэмпіянату і ўсяго беларускага футбола? У нейкай меры, думаю, так.

Ці ёсць альтэрнатыва?

У Расіі ўжо задумаліся пра тое, як жыць без доступу да WyScout і InStat. Цяпер на матчах РПЛ апрабуюць дзве новыя аналітычныя платформы. Першая – DataHub ад кампаніі VSporte. На платформе прадстаўленя відэа і інструменты для відэааналітыкі, справаздачы па матчах. Да канца сезона плануецца дабаўленне фітнес-даных, статыстыкі ў розных разрэзах (гулец, тур, клуб).

Другая платформа – RuStat. Праект зарэгістраваны 1 лютага 2023 года і таксама займаецца зборам статыстычных даных па РПЛ. Распрацоўкай займаецца частка былых супрацоўнікаў кампаніі InStat.

Аднак варта сказаць, што платформы зараз разлічаны выключна на аналіз матчаў расійскай прэм'ер-лігі. Збор даных па першай і другой лігах Расіі толькі вядзецца. Так што расійскаму футболу спатрэбіцца нейкі час, каб замяніць і InStat, і WyScout.

Дзве кампаніі разглядаюць у даляглядзе заход на беларускі рынак. Аднак на сёння незразумела, колькі будзе каштаваць паслуга для клубаў Беларусі і калі ўвогуле паслуга будзе даступная. Калі ж цікавасць з боку нашых каманд і АБФФ да расійскага прадукта будзе мінімальнай, то, як мяркуюць спецыялісты, ён можа ўвогуле не з'явіцца на беларускім рынку.

Фота: fanday.net

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты