Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Як лукашысты ад спорту патрапілі пад санкцыі Польшчы (дзесьці пашанцавала) і чаму пранесла Базанава

Як лукашысты ад спорту патрапілі пад санкцыі Польшчы (дзесьці пашанцавала) і чаму пранесла Базанава

Магчыма, будзе працяг.

Автор — bytribuna com
1 июня, 19:49
3
Як лукашысты ад спорту патрапілі пад санкцыі Польшчы (дзесьці пашанцавала) і чаму пранесла Базанава

Днямі Польшча ўвяла персанальныя санкцыі супраць 365 грамадзян Беларусі, якія, як лічыцца, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі. У тым ліку – і амаль трох дзясяткаў прадстаўнікоў беларускага спорту. У спісе не толькі адыёзныя чыноўнікі і функцыянеры, але і дзейныя спартсмены, і зорка футбола на пенсіі Аляксандр Глеб.

Хто складаў спіс? Як удалося дабіцца рэакцыі палякаў? І чаму пад санкцыі не патрапілі экс-кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў і іншыя таксічныя персанажы? «Трыбуна» знайшла адказы на гэтыя пытанні, няхай і не ва ўсім канкрэтныя.

Як фармаваўся спіс?

Ідэя ўдарыць персанальнымі санкцыямі па адэптах Лукашэнкі ў спорце з'явілася, як толькі на атлетаў і трэнераў, якія выступілі за сумленны падлік галасоў і супраць гвалту, сталi аказваць ціск пасля выбараў-2020. Нязгодных з рэжымам звальнялі, адхілялі ад спаборніцтваў, запалохвалі пазбаўленнем волі і нават фізічнымі расправамі.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) заклікаў Еўрасаюз увесці абмежавальныя меры ў дачыненні да чыноўнікаў і функцыянераў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, каб змусіць спартсменаў замаўчаць.

Аднак ЕС на падзеі ў Беларусі ў прынцыпе рэагаваў млява, а ўжо тым больш – на тое, што адбывалася ў спорце. Пад еўрапейскія санкцыі з замарозкай актываў (у асноўным, уяўных) і забаронай на ўезд трапілі толькі лукашэнкаўскі міністр спорту Сяргей Кавальчук, яго намеснікі Вячаслаў Дурноў, Аляксандр Барауля і Міхаіл Партны, трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў і кіраўнік федэрацыі трыятлона Дзмітрый Талкачоў – вось і ўвесь «улоў».

Многія адыёзныя функцыянеры працягнулі спакойна перасякаць мяжу ў заходнім кірунку. Самы яскравы прыклад – Уладзімір Базанаў, які да сакавіка гэтага года ўзначальваў Беларускую федэрацыю футбола. Базанаў імкнуўся расправіцца з таленавітым форвардам Іллём Шкурыным за яго грамадзянскую пазіцыю, вычышчаў з АБФФ супрацоўнікаў, якія былі нелаяльныя да Лукашэнкі, навязваў клубам рэжымную ідэалогію. На гэтую дзейнасць адрэагавалі толькі балтыйскія краіны (Літва, Латвія і Эстонія) – увялі свае лакальныя санкцыі, але пры гэтым былы сядзелец у парламенце спакойна калясіў па Еўропе, суправаджаючы розныя зборныя. Толькі паездка ў Чэхію скончылася затрыманнем і выправаджэннем з краіны, але тое было выключэнне. І ўжо вельмі хутка пасля высылкі Базанава бачылі ў Польшчы «на закупах» з актуальнай шэнгенскай візай.

Заўзятыя лукашысты Максім Недасекаў (сёння падтрымлівае і дзеянні Уладзіміра Пуціна ва Украіне) і Анастасія Мірончык-Іванова працягвалі спаборнічаць у Еўропе. Ужо пасля пачатку вайны Недасекаў ездзіў у Літву, каб атрымаць экіпіроўку па спонсарскім кантракце ад нямецкай кампаніі Puma.

Толькі напад Расіі на Украіну ў лютым 2022-га стаў падставай для маштабных санкцый. У спорце беларусы (ужо без разбору, хто за Лукашэнку, а хто супраць) былі адлучаныя ад міжнародных стартаў. Гэтае рашэнне мiжнародныя федэрацыi прымалi па рэкамендацыi Міжнароднага алімпійскага камітэта, што нiяк не было звязана з грамадзянскім канфліктам у Беларусі.

А вось абмежаванні, якія днямі ўвяла Польшча, – гэта зусім іншая гісторыя.

У канцы 2022 года група беларускіх актывістаў, якія цікавяцца спортам і сёння пражываюць за межамі Радзімы, вярнуліся да ідэі санкцыйных спісаў. Актывісты палічылі, што Беларусь праз вайну незаслужана засталася без належнай увагі міжнароднай супольнасці, хаця ў краіне па-ранейшаму ідуць сумныя працэсы – і рэпрэсіі супраць звычайных грамадзян, і ўцягнутасць у вайну.

Актывісты, якія настойваюць на сваёй ананімнасці (бо лукашэнкаўскае заканадаўства прадугледжвае крымінальную адказнасць за заклікі да санкцый), сфакусавалі ўвагу на спорце. Гэтыя людзі лічылі абуральным тое, што адкрытыя прыхільнікі Лукашэнкі могуць спакойна перамяшчацца па Еўропе, а хутка яшчэ і змогуць удзельнічаць у міжнародных стартах, у тым ліку Алімпійскіх гульнях, хаця падтрымлівалі рэпрэсіі супраць беларускага народа, а самі выкарыстоўваліся ў прапагандзе.

Ідэя была наступнай: скласці спіс самых заўзятых лукашыстаў і перадаць яго дзяржаве, якая здольная да энергічных дзеянняў. На гэтую ролю ідэальна пасавала Польшча, дзе ўрад не толькі крытыкуе беларускага дыктатара, але і робіць рэальныя крокі.

За аснову быў узяты спіс, які распрацоўваў яшчэ фонд спартыўнай салідарнасці (нажаль, у некаторых момантах без карэкцыi, адсюль і найменне Дзмітрыя Баскава кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі, хаця ён ім ужо не з'яўляецца). Туды дадалі некалькі персанажаў і збіраліся перадаваць у польскае міністэрства спорту з заклікам увесці абмежаванні. Аднак пасля кансультацый з Народным антыкрызісным упраўленнем Паўла Латушкі, які мае пэўныя сувязі ў польскім істэблішменце, было вырашана дзейнічаць праз міністэрства ўнутраных спраў – гэта ведамства мае куды больш сур'ёзныя рычагі ўплыву, чым спартыўнае.

Сёння можна казаць пра тое, што складальнікам спісу ў нейкай ступені пашчасціла (хаця шансаванне тут вельмі горкае). Польская ўлада знаходзіцца ў вострай канфрантацыі з рэжымам Лукашэнкі праз журналіста Андрэя Пачобута. Грамадзянін Беларусі і прадстаўнік польскай дыяспары, ён быў затрыманы ў Гродне ў сакавіку 2021-га. Рэжымная абслуга звінаваціла яго ў распальванні варожасці і закліках да дзеянняў, што скіраваны на прычыненне шкоды «нацыянальнай бяспецы» (то бок шкоды рэжыму). 8 лютага гэтага года Пачобут, які адмовіўся пакідаць Беларусь у абмен на свабоду, па выніках закрытага працэсу быў «асуджаны» да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праз два дні Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі» – адзін з найбуйнейшых на мяжы з Беларуссю.

Апеляцыю па справе Пачобута разгледзелі 26 траўня, прысуд пакінулі нязменным. Праз тры дні палякі аб'явілі, што больш не будуць прапускаць праз мяжу фуры, што зарэгістраваныя ў Беларусі і Расіі, а таксама ўвялі санкцыі супраць 365 грамадзян Беларусі, у тым ліку супраць амаль 30 прадстаўнікоў спорту. Першапачаткова польскі бок і не глядзеў у бок спорту, але калі яму прадставілі гатовы спіс, вырашыў ім скарыстацца, няхай і з некаторымі скарачэннямі.

Якія санкцыі ўводзяцца?

У паведамленні на сайце польскага ўрада сказана, што актывы фігурантаў санкцыйнага спіса на тэрыторыі Польшчы замарожваюцца. Таксама ім нібыта забараняецца ўезд у шэнгенскую зону. Аднак па факце, як нам удалося даведацца, гаворка ідзе выключна пра тэрыторыю Польшчы. Таму калі Аляксандр Глеб усё ж прыкупіў сабе кватэру ў Мюнхене, то пакуль ён пры наяўнасцi вiзы можа туды спакойна патрапіць, напрыклад, самалётам з перасадкай. Можна таксама пакінуць Беларусь па зямлi праз Літву ці Латвію, а адтуль па паветры адправіцца ў любую кропку Еўропы за выключэннем Польшчы. Экс-кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола, знаходзячыся пад санкцыямі асобных еўрапейскіх краін, меў шэнгенскую візу ад Венгрыі, па якой і падарожнічаў да інцыдэнту ў Чэхіі.

Зрэшты, аднойчы сітуацыя можа пагоршыцца. Бывала, што візавыя санкцыі, якія ўвяла толькі адна краіна шэнгенскай зоны, пасля набывалі татальны характар, што цалкам пазбаўляла магчымасці ўезду ў ЕС. Але пакуль усё ж цяжка казаць, у які бок рухаецца беларускі кейс.

Чаму санкцыі абмінулі некаторых ашалелых прыхільнікаў рэжыму?

Першае пытанне, якое ўзнікла ў многіх адразу пасля таго, як санкцыйныя спісы з'явіліся ў адкрытым доступе, – а дзе Уладзімір Базанаў? Узначальваючы Беларускую федэрацыю футбола, ён актыўна ўдзельнічаў як у рэпрэсіях супраць футбольнай супольнасці, так і ў падтрымцы Лукашэнкі.

Па нашай інфармацыі, Базанаў значыўся ў спісах, якія падаваліся ў міністэрства ўнутраных справаў Польшчы. Аднак па нейкай прычыне польскія ўлады абмінулі функцыянера сваёй увагай. Пры гэтым праца над пашырэннем спіса працягваецца. Найбліжэйшым часам беларускія актывісты сустрэнуцца з прадстаўнікамі МУС Польшчы, каб абмеркаваць дэталі супрацы.

Аналагічным чынам са спісаў знікла старшыня Федэрацыі веласпорту Беларусі Наталля Цылінская. І па ёй таксама будзе весціся далейшая работа.

Затое пад абмежаванні ўжо патрапіў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Сялімаў. У санкцыйным абгрунтаванні, якое прыкладаецца да кожнай персоны і кожнай юрыдычнай асобы на афіцыйным сайце польскага ўрада, гаворыцца, што Сялімаў «пацярпеў» за «бізнес-актыўнасць, звязаную з Юрыем Чыжом і Аляксандрам Зайцавым – галоўнымі асобамі, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі». Такую фармулёўку абралі самі ўлады Польшчы. Беларусы ж падавалі Сялімава як заўзятага прыхільніка рэжыму Лукашэнкі, удзельніка шматлікіх праўладных мерапрыемстваў, а таксама ўдзельніка спаборніцтваў у Расіі, дзе прапагандуецца вайна ва Украіне. Так ці інакш, функцыянер прайшоў адбор.

Як нам удалося даведацца, беларусы, якія адбіралі кандыдатаў пад польскія санкцыі, працягваюць працу. Яны маюць намер скласці спіс з прыхільнікаў Лукашэнкі ў беларускім спорце, на якіх пакуль не распаўсюджаныя абмежаванні, і зноўку перадаць яго ў МУС Польшчы. Калі кантакт наладжаныя і ёсць вынік, чаму б не паўтарыць спробу?

«Узмацненне ўведзеных санкцый магчыма»

Да фармавання санкцыйнага спісу мае дачыненне кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і сябра Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка. Сярод іншага ён адказваў за камунікацыю з польскімі ўладамі. Чаму пад санкцыі не патрапіў Базанаў? Ці ёсць верагоднасць, што санкцыйны спіс папоўніцца новымі персанажамі? Мы атрымалі адказы на гэтыя пытанні.

– Раскажыце пра ваш удзел у фармаванні санкцыйнага спісу беларускіх спартсменаў і функцыянераў.

– Я і мая каманда як адказныя за санкцыйны ціск акумулюем інфармацыю пра асоб, у дачыненні да якіх могуць быць уведзеныя абмежавальныя меры ў сілу іх датычнасці да рэжыму Лукашэнкі і ўчыняемых ім злачынстваў.

Праца вядзецца па шмат якіх кірунках – напрыклад, па суддзях, супрацоўніках сілавога блока, службоўцах, прапагандыстах. Адным з такіх напрамкаў з'яўляецца сфера спорту. Мы прывыклі чуць, што спорт па-за палітыкай. Тым не менш на прыкладзе Беларусі назіраем актыўнае выкарыстанне спорту і яго прадстаўнікоў у мэтах легітымізацыі рэжыму. Асноўнымі кірункамі [для санкцый] тут з'яўляюцца спартыўныя функцыянеры, якія праводзяць рэпрэсіўную палітыку. З іншага боку, гэта спартсмены, якія працягваюць або завяршылі кар'еру, выступаюць [у публічным полі] з мэтай прапаганды рэжыму і апраўдваюць яго злачынствы.

Усе спісы рыхтуюцца камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пры садзейнічанні экспертаў і НКА з адпаведнай сферы. У спорце за аснову былі ўзятыя розныя спісы – тыя, якія раней складаў БФСС, якія фармавалі беларускія свабодныя спартсмены і давалі іх партнёрам з Украіны. Мы таксама выказваем падзяку BYPOL, які дапамагае з прадастаўленнем персанальных звестак.

Асобна неабходна адзначыць, што спісы перадаваліся і перадаюцца па дыпламатычных каналах не толькі прадстаўнікам Польшчы, а і ў ЕС – як кіраўніцтву самога Еўрапейскага саюза, так і асобным краінам-сябрам, якія, як і Польшча, могуць увесці свае нацыянальныя санкцыі. Мы спадзяемся, што да прыкладу Польшчы далучацца іншыя нашы суседзі: Украіна, Літва, Латвія, а таксама Эстонія.

– Магчыма, вы ведаеце, чаму пад санкцыі не патрапілі Уладзімір Базанаў, Наталля Цылінская? Наколькі нам вядома, яны прысутнічалі ў спісах.

– Працэс увядзення санкцый – карпатлівая доўгая праца. Канкрэтна ў гэтым выпадку спісы былі складзеныя яшчэ ў 2022 годзе. Адсюль і некаторыя несастыкоўкі ў інфармацыі. Увядзенню санкцый судзейнічала абуральнае парушэнне правоў Андрэя Пачобута. Санкцыямі Польшча рэагуе на гэтае злачынства рэжыму Лукашэнкі і дае сігнал пра недапушчальнасць такіх дзеянняў.

Варта падкрэсліць, што [канчатковае] рашэнне, каго ўключаць у санкцыйны спіс, прымаюць выключна кампетэнтныя органы краіны. Прычыны неўключэння ў спіс, як правіла, не раскрываюцца. Тым не менш мы спрабуем атрымаць адпаведны фідбэк і працягваем сваю працу, каб усе вінаватыя ў парушэнні правоў чалавека патрапілі пад санкцыі. Тым больш, як заяўляе польскі бок, гэты санкцыйны пакет не апошні.

– Па некаторых звестках, у дачыненні да Аляксея Талая вядзецца асобная праца, на яго будуць накладзеныя індывідуальныя санкцыі за дачыненне да вайны ва Украіне і вываз дзяцей з Данецкай вобласці Украiны.

– Фонд Талая замешаны ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Больш за тое, гэтае перамяшчэнне суправаджаецца працэсам так званага перавыхавання ўкраінскіх дзяцей, а, па сутнасці, гэта не што іншае як сціранне ўкраінскай ідэнтычнасці, у чым можна ўгледзець прыкметы і элементы генацыду.

Пры гэтым фонд Талая – вітрына. Працэс незаконнага перамяшчэння арганізаваны на самым высокім узроўні, у рамках так званай Саюзнай дзяржавы. Безумоўна, каманда працуе над атрыманнем ордэра ў дачыненні да галоўнага злачынцы – Лукашэнкі. Датычна Талая наша каманда не абмяжоўваецца пытаннямі міжнароднай крымінальнай адказнасці, улічвае і спартыўны складнік.

– Як лічыце, санкцыі – гэта вынiковы спосаб паўплываць на беларускі спорт?

– Безумоўна. Спартсмены – гэта людзі, якім неабходна ўдзельнічаць у міжнародным спартыўным жыцці. Ва ўмовах мяккіх крытэрыяў Міжнароднага алімпійскага камітэта па ўдзеле беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных стартах візавыя абмежаванні прадстаўляюцца найбольш эфектыўным рашэннем.

Узмацненне ўведзеных санкцый магчыма. Пры гэтым мы кажам не толькі пра пашырэнне абмежавальных захадаў шляхам далучэння іншых краін, але і пра міжнародных рэгулятараў. Мяркую, што тэндэнцыя на паслабленні крытэрыяў допуску да спаборніцтваў не павінна ўспрымацца як нешта звычайнае. Міжнародныя спартыўныя арганізацыі, на мой погляд, не павінны ствараць спартыўную рэальнасць, дзе вайна – гэта нармальна.

– Ці будзе праводзіцца праца па пашырэнні спісу і хто туды будзе ўключаны?

– Праца ўжо вядзецца. Мы гатовыя прымаць і прадастаўляць інфармацыю па гэтым пытанні [рэпрэсій у спорце]. Таксама вядзецца вялікая праца па зборы доказаў датычнасці рэжымных спартсменаў да сілавых ведамстваў, што парушае нават існыя нездавальняючыя рэкамендацыі МАК па допуску спартсменаў да спаборніцтваў. Частка гэтай базы даных ужо прадастаўленая ўкраінскім партнёрам. Вядуцца кансультацыі з прадстаўнікамі іншых дзяржаў і міжнародных спартыўных арганізацый.

Фота: zerkalo.io

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты