Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Бронзу ЧС узяў «нейтральны» беларускі тхэквандыст – вярнуўся ў зборную сістэмы, што збіраецца трымаць яго бацьку за кратамі да 2028-га

Бронзу ЧС узяў «нейтральны» беларускі тхэквандыст – вярнуўся ў зборную сістэмы, што збіраецца трымаць яго бацьку за кратамі да 2028-га

Спартсмена цягалі на допыты, намякалі на праблемы ў кар'еры – а потым угаворвалі прыехаць назад.

Автор — bytribuna com
3 июня, 08:00
Бронзу ЧС узяў «нейтральны» беларускі тхэквандыст – вярнуўся ў зборную сістэмы, што збіраецца трымаць яго бацьку за кратамі да 2028-га

З 29 мая па 4 чэрвеня ў Баку праходзіць чэмпіянат свету па тхэквандо. У гэтым відзе спорту ў пачатку красавіка адмянілі міжнародны бан для беларускіх і расійскіх спартсменаў, накладзены ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Украіна праз гэта адмовілася выступаць на ЧС, а вось дзевяць беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе туды паехалі. І ўжо ўзялі два медалі – да гэтага з 2015-га не было ніводнага.

Прызёрам сусветнага чэмпіянату стаў і Арцём Плоніс – 31 мая ў вагавой катэгорыі да 87 кг ён узяў бронзавы медаль. Вось толькі з гэтым поспехам не змог павіншаваць спартсмена адзін з самых блізкіх яго людзей – бацька. Справа ў тым, што Сяргей Плоніс – палітвязень. Сістэма, у якой застаецца яго сын, плануе яшчэ доўга трымаць за кратамі чалавека, які не зрабіў нічога супрацьзаконнага.

Плоніс-сын з'яжджаў са зборнай, але яго пераканалі вярнуцца, нягледзячы на допыты

Майстар спорту міжнароднага класа Арцём Плоніс, якому 24 чэрвеня споўніцца 21 год, у беларускім тхэквандо лічыцца адным з самых таленавітых спартсменаў. Займацца ён пачаў у 4,5 гады ў клубе «Алімпік» у трэнера Юліі Уладыка, з якой у выніку прапрацаваў цэлых 16 гадоў. Арцём ужо ў дзяцінстве адрозніваўся высокім ростам (цяпер ён складае два метры) і доўгімі нагамі, а яшчэ выдатнай спартыўнай тэхнікай і працавітасцю. Плонісу яшчэ тады прагназавалі высокія вынікі пры належнай стараннасці.

У юнацкім узросце ён часта ездзіў на ўнутраныя і міжнародныя спаборніцтвы, дзе браў медалі і перамагаў. У 2018 годзе 16-гадовы Плоніс выйграў чэмпіянат Еўропы U-21 у Польшчы, у 2019-м заваяваў серабро на юніёрскім ЧЕ ў Іспаніі. Унутры Беларусі прадстаўляў хлопец РЦАП «Стайкі», куды перайшла працаваць Уладыка. У гэты час спартсмена захацелі забраць сабе трэнеры зборнай Беларусі (за працу з паспяховымі атлетамі даюць рэжымныя бонусы), але ні Арцём, ні яго трэнер Юлія разбураць тандэм не хацелі. У выніку Плонісу не далі шанцу патрапіць на АГ у Токіа – у яго алімпійскай катэгорыі звыш 80 кг на вырашальныя кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў траўні 2021-га адправілі Армана-Маршала Сіла, які, зрэшты, за месяц да таго выйграў ЧЕ пасля чатырохгадовай допінгавай дысквалiфiкацыi. Як бы там ні было, у адборы Сіла прайграў у першым жа раўндзе, і ў выніку ў іх з Плонісам катэгорыі Беларусь на Гульнях прадстаўленая не была.

Што ж, малады спартсмен працягнуў трэніравацца і выступаць, хоць і пасля ўвядзення міжнароднага бана са спаборніцтвамі стала цяжэй. Напрыклад, у траўні 2022-га Плоніс як студэнт БДУФК узяў «золата» на рэспубліканскай універсіядзе. Дарэчы, усяго ў скарбонцы Арцёма 22 медалі розных спаборніцтваў у Беларусі і за мяжой.

Аднак той вясной Арцём вырашыў з'ехаць з Беларусі ў расiйскі Санкт-Пецярбург, куды пераязджала і яго трэнер. Спрыялі такому рашэнню беларускія ж функцыянеры – далі спартсмену зразумець, што ў кар'еры ў яго будуць цяжкасці нават з даступнымі спаборніцтвамі. Відавочна, гэта было звязана з тым, што сілавікі Лукашэнкі цягалі Арцёма на допыты з-за справы яго бацькі. Само па сабе гэта, канешне, таксама ўплывала на рашэнне Плоніса.

Аднак восенню 2022-га пасля некалькіх месяцаў пецярбургскіх трэніровак Плоніс нечакана вярнуўся ў Беларусь і зноў стаў членам зборнай. Як аказаліся, функцыянеры ўсё ж зразумелі, што дораць суседняй краіне атлета вельмі высокага класа – і зноў сталі ціснуць на спартсмена, толькі ўжо, так бы мовіць, у адваротны бок, што ў выніку спрацавала.

У складзе беларускай сiстэмнай каманды малады чалавек падрыхтаваўся да ЧС-2023 – і дэбютаваў на спаборніцтве такога ўзроўню вельмі паспяхова. Арцём паслядоўна перамог спартсменаў з Гвінеі-Бісау і Кітая, а ў чвэрцьфінале сенсацыйна адолеў чэмпіёна свету 2022 года, прадстаўніка Сербіі Махдзі Хадабахшы. У паўфінале Арцём прайграў дзейнаму чэмпіёну Еўропы з Харватыі Івану Шапіну – згодна з рэгламентам турніру, гэта прынесла беларускаму спартсмену бронзавы медаль.

ЧС быў адным з кваліфікацыйных спаборніцтваў да АГ-2024. І, канешне, паводле ацэнак экспертаў, у Плоніса ёсць перспектывы не толькі трапіць у Парыж, але і ўзяць там медаль.

Плоніс-бацька кінуты за краты за «мыслезлачынства»

Поспеху Арцёма дакладна парадавалася яго маці Таццяна. Яна таксама ў мінулым майстар спорту – толькі па конным спорце. Праўда, у зборную краіны не ўваходзіла і поспехаў дабівалася толькі на ўнутраных спаборніцтвах. Але са сферай звязала жыццё – пасля заканчэння кар'еры некаторы час трэніравала, а цяпер займаецца прыватным развядзеннем і продажам коней. Нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сям'ёй Плонісаў, апісваюць Таццяну так: працавітая жанчына, простая, спакойная, вельмі любіць сваю справу. У цэлым сям'ю характарызуюць як інтэлігентную, спакойную, дзе кожны заўсёды прыкладаў намаганні для агульнага дабрабыту.

Напэўна, калі-небудзь навіна пра поспех сына дойдзе і да Сяргея Плоніса – але камунікацыя з ім зараз моцна абмежаваная. З 2 кастрычніка 2020-га Плоніс-бацька кінуты рэжымам Лукашэнкі за краты. Да таго мужчына, якому 14 чэрвеня споўніцца 50 гадоў, працаваў сістэмным адміністратарам, а яшчэ ўваходзiў у кіналагічны клуб і ладзіў паказальныя выступленні са сваімі двума сабакамі, у тым ліку і ў дабрачынных акцыях. У лютым 2021-га Сяргея прызналі палітвязнем.

«Віна» Плоніса і яшчэ 10 чалавек нібыта была ў тым, што яны ўваходзiлi ў адзiн Telegram-чат, дзе абмяркоўваліся пратэсты. У гэтым чаце нехта напісаў пра тое, што яго ўдзельнікам трэба спаліць тры шапікі «Табакерка» – цалкам магчыма, гэта быў правакатар ад носьбітаў формы Лукашэнкі. У рэальнасці ніякай шкоды шапікам прычынена не было, што пацвердзіў і іх кіраўнік, але «сілавікам» было ўжо не важна – яны абвясцілі тых з чата, каго змаглі знайсці і пасадзіць, «радыкаламі», за нібы «намер» па «наўмысным знішчэннi маёмасці» (хто менавіта што пісаў, было ўсё роўна) запатрабавалі кары, прадугледжанай за рэальнае знішчэнне, ну і заадно «абвінавацілі» ва ўдзеле ў мірных пратэстах, якія выставілі «беспарадкамі».

Рэжымны «суд» пачаўся толькі летам 2021-га. Ніхто з 11 «падсудных» сваёй віны не прызнаў, затое шэраг з іх заявіў пра катаваннi ад «сілавікоў». Гэта ніяк не перашкодзіла памочніку аднаго з рэжымных пракурораў Аляксандру Рамановічу запытаць усім ад пяці да дзевяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня «суддзя» Лукашэнкi па Ленінскім раёне Мінска Дзмітрый Астапенка столькі і даў. Плоніс атрымаў восем гадоў – столькі ж, колькі яшчэ адзін удзельнік таго ж чата, былы гулец каманды па амерыканскім футболе «Мінскія зубры» Расціслаў Стэфановіч.

Да снежня 2021-га Сяргей знаходзіўся ў магілёўскай турме № 4, а пасля яго перавялі ў шклоўскую «папраўчую калонію» № 17. Менавіта там 21 траўня 2021 года памёр палітвязень, актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак.

Фота: sportedu.by, prisoners.spring96.org, Instagram Арцёма Плонiса

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты