Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Драгун – адзіны з «чорнага спісу», каму забаранілі трэніравацца з БАТЭ. Кавальчук увогуле супраць, каб ён працаваў у спорце

Драгун – адзіны з «чорнага спісу», каму забаранілі трэніравацца з БАТЭ. Кавальчук увогуле супраць, каб ён працаваў у спорце

Як сістэма выціснула капітана.

Автор — bytribuna com
5 июня, 17:30
6
Драгун – адзіны з «чорнага спісу», каму забаранілі трэніравацца з БАТЭ. Кавальчук увогуле супраць, каб ён працаваў у спорце

БАТЭ спадзяваўся заявіць Станіслава Драгуна як футбаліста, затым хацеў зрабіць топ-менеджарам у офіс, але ўсё ўперлася ў аднаго чалавека, які быў уражаны статыстыкай паўабаронцы ў сезоне-2022 і ўвогуле адчувае да яго дзіўную непрыязнасць. «Трыбуна» даведалася некаторыя дэталі таго, як адзін з найлепшых гульцоў Беларусі апошніх гадоў прыйшоў да завяршэння кар'еры.

Навiны пра «чорны спic» і ўдзел у «таварняках» у міжсезонне

У канцы кастрычніка, праз некалькі дзён пасля 600-га матча ў кар'еры, Драгун заявіў, што, магчыма, у хуткім часе развітаецца з футболам як гулец. Тады гэтыя словы можна было звязаць з узростам спартсмена: 34 гады – нямала нават для «вышкі» Беларусі. Тым не менш у тым сезоне Драгун працягнуў гуляць – патэнцыйны «пенсіянер» дапамог сваёй камандзе перамагчы «Энергетык-БДУ» у 1/8 фіналу Кубка (праўда, адбегаў усяго 11 хвілін), а ў ЧБ паўдзельнічаў у трох пераможных матчах, прычым у ролі капітана: 80 хвілін са «студэнтамi», ад пачатку да канца з «Мінскам» і 89 хвілін з «Арсеналам». Гэта былі апошнія афіцыйныя гульні Драгуна ў кар'еры. У матчы з «Мінскам» Драгун забіў, як аказалася, апошні мяч (адзнака 2:51).

Ну а далей – трапленне ў «чорны спіс» лукашэнкаўскага міністэрства спорту. Ужо тады стала зразумела, што далейшае жыццё ў белфутболе ў Драгуна лёгкiм не будзе.

19 снежня 2022-га БАТЭ выйшаў з адпачынку, гульцы пачалі трэніроўкі, аднак сярод тых, хто займаўся, не было ні Драгуна, ні некаторых іншых лідараў калектыву. Зрэшты, справа была не ў «спісах». Кірыл Альшэўскі ў канцы года вырашыў папрацаваць з моладдзю, прагледзець найбліжэйшы рэзерв. Вопытныя футбалісты падцягнуліся ў першай палове студзеня.

Да другога збору калектыву, які стартаваў 10 студзеня, кантракту з БАТЭ ў Драгуна не было – папярэдняе пагадненне скончылася ў снежні. Паводле інсайдаў, да паўабаронцы праяўлялі цікавасць клубы Саудаўскай Аравіі, за сітуацыяй таксама сачыў «Шахцёр», гатовы запрасіць да сябе хаўбека. Як удалося даведацца «Трыбуне», у той час былі прапановы па Драгуне і з Казахстана. Аднак паўабаронца вырашыў застацца ў Беларусі, у тым ліку праз тое, што прапановы з-за мяжы не былі фінансава прывабныя настолькі, каб пакідаць сям'ю. Ды і ў самога футбаліста было жаданне працягнуць кар'еру ў БАТЭ, хаця ён думаў, што сезон-2023, хутчэй за ўсё, стане апошнім.

Аднак даволі хутка высветлілася, што так званы «міністр спорту» Сяргей Кавальчук проста забараніў барысаўскаму клубу заключаць дамовы з «непажаданымі» Драгуном і Максімам Бардачовым. Тым не менш абодва, няхай і ў якасці беспрацоўных, працягнулі трэніравацца з камандай. Больш за тое, абодва ветэраны бралі ўдзел у спарынгах. Той жа Драгун, напрыклад, у студзені-лютым згуляў у пяці «таварняках», кожны раз выходзіў у старце з капітанскай павязкай і адзначыўся трыма галамі: дубль у вароты «Маладзечна», адзін мяч у матчы з «Тарпеда-БелАЗ».

Статус беспрацоўнага і няўдалыя спробы дабіцца кантракта

У той перыяд Драгун трэніраваўся з камандай на ўсю моц, хаця ні кантракту, ні, адпаведна, заробку не меў. Гулец чакаў – яго лёс вырашалі высокапастаўленыя лукашысты, а не клуб, які меў відавочнае жаданне заключыць кантракт. Пэўныя спадзяванні на спрыяльны зыход меліся. Як распавядаў «Трыбуне» адзін са «спісачных» футбалістаў, у снежні 2022-га Андрэю Капскаму нават нібыта ўдалося дамовіцца па Драгуне, і той разлічваў, што ўсё будзе добра.

Кавальчук сапраўды ў нейкі момант змякчыў пазіцыю – але потым перадумаў з улікам бамбардзірскіх паказчыкаў паўабаронцы ў сезоне-2022 (10 галоў – трэці ў спісе снайпераў вышкі). Псеўдаміністр спалохаўся, што Драгун перашкодзіць выканаць спушчаную задачу «зрабіць» чэмпіёнам мінскае «Дынама». Хоць кіраўнікі БАТЭ і прыкладалi пасля гэтага ўсе намаганні, каб пераканаць гора-«міністра» – дарэмна. Кавальчук не дазволіў дамову і з Бардачовым, больш за тое, загадаў скасаваць кантракты з іншымі гульцамі з «чорнага спісу»: Дзмітрыем Бяссмертным, Данілам Нячаевым, Дзянісам Шчарбіцкім.

– Дапамог бы Драгун камандзе ў сезоне-2023 адназначна, – дзеліцца меркаваннем спецыяліст, які бачыў гульню футбаліста ў міжсезонне. – Па-першае, нягледзячы на ўзрост, ён [быў] у выдатнай форме. Па-другое, у яго ментальнасць пераможцы, што вельмі важна для каманды, якая імкнецца да высокіх мэт. Выбар пазіцыі, гульня галавой – гэта канёк Драгуна, што ён і даказаў у чарговы раз у тым ліку ў спарынгах. Так, ён ужо не бяжыць, як раней, хуткасць не тая, але браў бы сваімі моцнымі якасцямі і вопытам.

БАТЭ спрабаваў выратаваць гульца, падаваў яго ў спісах на «амністыю» для камісіі, у якой сабралі вядомых людаедаў рэжыму, але бессэнсоўнасць гэтых дзеянняў была відавочная. Гулец некаторы час патрэніраваўся з калектывам, а бліжэй да вясны вырашыў, што працаваць бясплатна і чакаць рашэння камісіі не варта. Ну а потым зверху яшчэ прыйшло негалоснае распараджэнне забарiць футбалісту трэніравацца з асноўнай камандай, нават калі ён таго захоча. Пры гэтым астатнім «спісачным» гульцам ніякіх забарон не выпісвалася. Магчыма, звязана гэта было і з тым, што ўсе «непажаданыя», акрамя Драгуна, паўдзельнічалі ў запісе розных «пажаданых» відэа, напрыклад, падзякі для выканкама Лукашэнкі па Мінскай вобласці і кліпа на трэк «Бульбадэнс» з тэкстам ад нявесткі Лукашэнкі.

Самастойныя трэніроўкі, сям'я, вучоба ў Расii

Драгун поўнасцю спорт не закінуў, хаця ўсё больш аддаляўся ад БАТЭ. Спачатку ён падтрымліваў форму самастойна, працаваў у трэнажорнай зале. Былі індывідуальныя заняткі ў медыцынскім цэнтры ў Мінску, дзе фітнес-трэнерам працуе іншы экс-гулец БАТЭ Ігар Шытаў.

Але паралельна ішло прыняцце таго факта, што кар'ера ўсё ж скончаная. Драгун стаў больш часу праводзіць з сям'ёй, тым больш што ў сярэдзіне лістапада 2022-га ён другі раз стаў бацькам – у паўабаронцы нарадзілася яшчэ адна дачка (першая ўжо ходзіць у пачатковую школу).

З'явіўся час, каб сканцэнтравацца на вучобе. 20 мая Драгун абараніў дыпломную працу па курсе «Спартыўны дырэктар» у Вышэйшай школе эканомікі ў Расіі.

Навучанне ішло на базе Інстытута спартыўнага менеджменту і права ВШЭ. Драгун трапіў у першы набор слухачоў, разам з ім вучыўся і вядомы па выступленнях за БАТЭ і «Тарпеда-БелАЗ» Анры Хагуш. Стартаваў курс яшчэ ў снежні 2022-га, доўжыўся паўгода. Былі як вочныя заняткі (з-за іх у канцы студзеня Драгун прапусціў спарынг са «Славіяй»), так і анлайн. Сярод выкладчыкаў былі віцэ-прэзідэнт маскоўскага баскетбольнага ЦСКА Наталля Фураева, хакейны агент Шумі Бабаеў, спартыўны дырэктар ФК «Калуга» Міхаіл Яршоў.

Па нашай інфармацыі, гэты дыплом пры пэўных раскладах павінен быў спатрэбіцца ў паслягульнявым жыцці. Калі стала зразумела, што Кавальчук ні за што не дапусціць вяртання Драгуна на поле, БАТЭ пачаў прапрацоўваць варыянт прызначэння паўабаронцы ў офіс клуба – магчыма, на пасаду спартыўнага дырэктара. Але, паводле нашых звестак, так званы міністр спорту яшчэ ў маі недвухсэнсоўна даў зразумець і кіраўніцтву ФК, і самому гульцу, што мае намер дабіцца, каб Драгун у рэжымнай Беларусі наогул ніяк не быў звязаны са спортам. Адкуль такое імкненне сапсаваць жыццё ўжо экс-футбалісту, застаецца загадкай.

Але далёка не ва ўсіх рэжымнікаў Драгун выклікае такое непрыняцце. За некалькі дзён да яго аб'яўлення пра завяршэнне кар'еры ў Гродне адбылося дабрачыннае мерапрыемства ў сувязi з Міжнародным днём абароны дзяцей. 50 выхаванцам Панямуньскага дзіцячага дома і аднаго з сацыяльна-педагагічных цэнтраў горада сярод іншага падарылі футбольныя мячы. Як паведаміла мясцовая дзяржгазета, мерапрыемства прайшло па ініцыятыве Драгуна, байкерскага клуба The ONE Chapter Belarus і выканкама Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці.

– Мы вырашылі павіншаваць рабят, якія з-за розных абставін засталіся без бацькоў, каб яны адчувалі, што яны не самотныя ў гэтым свеце. Мы падрыхтавалі для іх святочную канцэртную праграму і падарункі, каб узняць ім настрой і падбадзёрыць. Хочацца выказаць падзяку выканкаму [Лукашэнкi па Гродзенскай вобласці] і галоўнаму ўпраўленню адукацыі [названага органа] за дапамогу і падтрымку пры арганізацыі мерапрыемства, – прыводзіўся каментарый Драгуна.

Другие посты блога

Все посты