Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/«У клубах, магчыма, баяцца, што іх назавуць ворагамі». Ці патрэбна спорту беларуская мова

«У клубах, магчыма, баяцца, што іх назавуць ворагамі». Ці патрэбна спорту беларуская мова

Ігар Случак вось ужо тры гады заклікае спортклубы больш актыўна выкарыстоўваць беларускую мову. У інтэрв’ю Ігару Петрулевічу ён распавядае, навошта гэта робіць, а таксама пра поспехі, якіх удалося дасягнуць.

Автор — Игорь
4 апреля 2014, 14:38
25
«У клубах, магчыма, баяцца, што іх назавуць ворагамі». Ці патрэбна спорту беларуская мова

Ігар Случак – індывідуальны прадпрымальнік, які мае незвычайнае хоббі. Ён узначальвае грамадзянскую ініцыятыву «Справаводства па-беларуску», асноўным накірункам якой з’яўляецца прасоўванне беларускай мовы ў самых розных сферах. У тым ліку і ў спорце. Малады чалавек рэгулярна дасылае лісты ў спартовыя клубы, у якіх выдвігае розныя прапановы па выкарыстанню мовы, – пісаць прозвішчы гульцоў на футболках па-беларуску, ствараць беларускамоўныя версіі сайтаў і г.д.. Адказы ад клубаў (у асноўным, адмоўныя) Ігар выкладвае ў Сеціва, чым зноў і зноў дае тэму паміж тымі, хто за мову і хто супраць яе.

– Раскажыце больш падрабязна пра грамадзянскую ініцыятыву «Справаводства па-беларуску».

– Ініцыятыва ўзнікла ў 2003 годзе. У той час я яшчэ вучыўся ў Эстоніі. І беларуская дыяспара вылучыла мяне на з’езд беларусаў бацькаўшчыны. Я там быў дэлегатам. У той час міністрам культуры быў Павел Латушка. У адным з выступаў ён замовіў, што зробіць сваё міністэрства цалкам беларускамоўным. Паабяцаў, што будзе прадвігаць беларускую мову ўсімі сродкамі, якімі толькі магчыма. Таксама там выступаў амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, які прыехаў  у Беларусь і за паўгады вывучыў нашу мову і пачаў яе распаўсюджваць. Гэтыя два выступы мяне вельмі ўсцешылі. З аднаго боку замежнік са Швецыі  так добра размаўляе, з другога боку міністр культуры робіць цэлае міністэрства беларускамоўным. Таму ў мяне ўзнікла ідэя, што калі адно міністэрства стала беларускамоўным, то і астатнія мажліва зрабіць такімі. Гэта не вельмі складана. Так я пачаў кампанію «Справаводства па-беларуску». Накіраваў лісты ў самыя розныя міністэрствы з прапановай больш выкарыстоўваць беларускую мову. У першую чаргу ў справаводстве, а таксама ў працы. Я лічу, што справаводства – тая сфера, якая найбольш заўважная беларускім людзям. Калі, напрыклад, усё вакол бачыш па-руску, то і няма жадання карыстацца беларускай мовай.

Але нельга ўвязваць мову ў палітыку і нельга рабіць з  яе ікону. Па-першае, мова – гэта сродак зносін. Неабходна зрабіць такія магчымасці, каб гэты сродак камунікацый быў запатрабаваны. Напрыклад, зараз 95 адсоткаў усёй публічнай сферы робіцца па-руску. У такіх умовах карыстацца беларускай мовай нязручна. Гэта напраг. А калі будуць умовы, мы пабачым, ці сапраўды беларусы не хочуць размаўляць па-беларуску. Вось я і раблю ўпор на такіх вось працэсуальных момантах – справаводстве, законах, розных бланках. Каб у чалавека сапраўды быў выбар, каб мова была абраная ў канкурэнтнай барацьбе.

Чаго вы хочаце менавіта ад беларускіх спартыўных клубаў?

– Гэта лагічны працяг гісторыі, з чаго пачалося «Справаводства па-беларуску». Спорт цікавейшы за справаводчыя паперкі. Гэта сфера лепш ўспрымаецца людзьмі. Спорт і рэклама – тое, што людзям зразумела. Гэта на вачах, а ў некаторых яшчэ і ў сэрцах. Калі чалавек прыходзіць на стадыён і чуе ад беларускага дыктара прозвішчы гульцоў па-беларуску, калі ён бачыць на табло беларускую мову, калі гучыць беларуская музыка, у чалавека адразу ўзнікае думка, што беларуская мова ўсё ж такі запатрабавана. Гэта такая актуалізыцыя і візуалізацыя. Гэта не выклікае ў чалавека дадатковых патрэбнасцей рабіць нешта самому. Ён проста бачыць мову і ўспрымае яе як натуральную. І калі раней ён мог думаць, што родная мова нікому не патрэбная, то на стадыёне думка можа змяніцца. Пасля наведвання футбольнага матча чалавек, магчыма, будзе ставіцца да мовы з большай павагай. І, можа, будзе сам яе выкарыстоўваць. Вось таму я і пачаў звяртацца да клубаў. У беларускіх клубаў шмат прыхільнікаў. Вось я і жадаю, каб нашу мову выкарыстоўвалі хаця б больш візуальна. Маю на ўвазе прозвішчы футбалістаў на гульнявых майках, беларускомоўную версію сайта.

У Гомелі беларускамоўны дыктар і табло па-беларуску . Плюс дыктар ставіць у перапынках добрую айчынную музыку на беларукай мове. Вы гэтага дабіліся?

– Не. Дыктар Юрый Крышнёў працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце. Футбольны клуб аб’явіў дыктарскую вакансію. Наш беларускамоўны дыктар прапанаваў свае паслугі. Кіраўніцтва пайшло насустрач. Гэта такая добрая ініцыятыва беларуса, які цікавіцца футболам і любіць беларускую мову. Гэты чалавек развіты з усіх бакоў. Ён выкладае тэхнічныя навукі, а яшчэ ставіць добрую музыку ў перапынку матча і цікава каментуе яго. Гэта паказчык таго, што кожны з нас можа нешта зрабіць для беларускай мовы.

– Чым бы вы патлумачылі нежаданне клубаў пераходзіць на беларускую мову?

– Большасць адказаў зводзіцца да таго, што прозвішчы на футболках надрукаваны ўжо па-руску. Няма грошаў зрабіць другую партыю. Некаторыя кажуць, што мы вось правялі апытанне і вырашылі ўжываць рускую мову. Няма часу і грошаў на беларускую версію сайта. Увогуле, тыя, хто паразумней і маюць добрую прэс-службу, калі і адмаўляюць, то пішуць нейкую зразумелую прапанову. А калі прэс-служба трошкі горш, то там пішуць, што вось у нас дзве мовы, і мы падтрымліваем рускую. Вось клуб «Мінск». У яго назва клуба на лагатыпе на беларускай мове. Гэта добра. Людзі заўважаюць. Магчыма, не надаюць гэтаму значэння, але ў галаве гэта адкладаецца. На жаль, акрамя гэтага, больш нічога няма. Таксама іх адказ быў не самы добры. Казалі, што ім зручней руская мова, і ўсё тут.

***

– Дзе, на вашу думку, у спорце перш-наперш павінна выкарыстоўвацца мова?

– Я лічу, што існуе чатыры асноўныя моманты. Афішы, майкі, версія сайта і дыктарскае суправаджэнне. Гэта тое, што бачыць большасць людзей. Гэта такія накірункі папулізацыі.

– Ваша справа абсалютна добраахвотная?

– Так, гэта як хобі. Я індывідуальны прадпрымальнік.

– Колькі часу аддаеце гэтаму?

– Гадзін 5-6 на тыдзень. Гэтыя лісты займаюць час. Але мне падабаецца. Мне нескладана. Наадварот, мне прыемна, калі мае прапановы ўспрымаюцца пазітыўна.

– Колькі лістоў вы ўжо адправілі ў розныя спартыўныя клубы?

– У гэтым годзе я накіраваў звароты ва ўсе клубы вышэйшай і першай ліг, а таксама ў другую лігу. Але ў апошніх часам складана знайсці юрыдычны адрас. Ужо прыйшло тры адказы з вышэйшай і два з першай. Таксама я дасылаў звароты ва ўсе клубы хакейнай экстралігі.

– Самы дурны адказ , які вы атрымлівалі?

– На сённяшні дзень мне падаецца, што гэта адказ хакейнага клуба «Ліда». Там напісалі, што «ХК Лида просит вас не беспокоить по данному вопросу». Ну, па-першае, калі зварот па-беларуску, то і адказ павінен быць па-беларуску. А вось такія нахабныя словы паказваюць узровень людзей. Можна ж было адказаць іншымі словамі. Гэта ўсё ж такі пытанне культуры. Канешне, шмат клубаў не хочуць прыслухоўвацца да маіх прапаноў, але яны абходзяць гэта бокам. Акцэнтуюць увагу на тым, што зрабілі. Атрымліваецца добры адказ. Але ёсць людзі, каторыя сапраўды паказваюць сваё негатыўнае стаўленне да мовы.

– Хто ўразіў са знакам плюс?

– Мне падабаецца, што робіцца ў «Нёмане». Мне падаецца, што там вялікі патэнцыял, каб беларуская мова развівалася. У «Белшыне» ёсць добрыя людзі, якія зацікаўлены ў гэтым пытанні. У «Гомелі» я бачу розныя ініцыятывы. Хочацца верыць, што БАТЭ таксама падцягнецца да беларускай мовы.

– Я бачыў ліст, дзе БАТЭ вам адмовіў.

– Так, але барысаўчане напісалі вельмі добры адказ. Яны казалі, што паспрабуюць выкарыстоўваць гукавое суправаджэнне на стадыёне, у друкаванай прадукцыі, пасляматчавых канферэнцыях, і, магчыма, зробяць беларускамоўную версію сайта. Яны напісалі ў лісце, што будуць праводзіць кансультацыі з кіраўніцтвам, трэнерскім штабам, гульцамі, заўзятарамі, трымальнікамі абанементаў. Калі ўсё гэта будзе зроблена, то я вельмі задаволены гэтым адказам. Тады будзе ўсё добра. Ёсць яшчэ клубы, дзе працуюць мае аднадумцы. Мы абмяркоўваем, як выйсці з такога рускага становішча.

– Хто  гэта?

– Не хачу прыцягваць да людзей асаблівай увагі. Ёсць працаўнікі клубаў вышэйшай лігі. Яны прадвігаюць беларускаю мову. У нас ёсць дамоўленнасці дапамагаць адзін аднаму. Але не хачу казаць больш прадметна. Пасля маіх слоў можа быць рознае стаўленне да гэтых людзей. Той жа генеральны дырэктар менскага «Дынама» казаў, што пытанне мовы – гэта палітыка. Не хачу, каб на маіх добрых знаёмых націснулі. Але сітуацыя змяняецца. Я пішу лісты ўжо трэці год, і кожны раз адказы становяцца трошкі лепш.

–  А што было тры гады таму? Адмаўлялі у стылі «Ліды»?

– Так, былі вось такія нахабныя адказы. Некаторыя ўвогуле не адказвалі. Але зараз сітуацыя і з мовай паляпшаецца. У некаторых клубах з’явіліся дыктары, у некаторых друкаваная прадукцыя па-беларуску. У іншых, як брэсцкага «Дынама», прозвішчы футбалістаў у мінулым сезоне былі на роднай мове. На жаль, яны зноў перайшлі да рускай. Але ў гэтым сезоне ў мяне ёсць надзея, што ў двух-трох клубаў з’явіцца больш беларускага. Здаецца, што я не памылюся. Самае галоўнае, што клубы сталі больш прыслухоўвацца да сваіх заўзятараў. Многія клубы праводзяць апытанні, ці патрэбна беларускамоўная версія сайта. І потым кіраўніцтва аналізуе гэтыя вынікі. Раней такога не было. Канешне, не хутка ўсё змяняецца. Шкада, што ўсё вельмі павольна. Здаецца, не ўсё ж гэта складана – перайсці да беларускай мовы. Гэта быў бы добры іміджавы ход.

– Вось у Гародне гульцы і трэнеры выбіралі мову на майках шляхам галасавання. Хто, па-вашаму, павінен прымаць рашэнні па выбары мовы?

 – Я паважаю гульцоў і трэнераў, але для іх гэта не істотны момант. Не думаю, што нехта з футбалістаў пратэставаў бы, калі б яго прозвішча было па-беларуску. Добра, канешне, што такое галасаванне праходзіла. У Гродне прыйшлі хаця б да такога шляху. Вынік, канешне, быў негатыўны для роднай мовы. Усё гэта было адкрыта. Але мне падаецца, што трэба праводзіць апытанне сярод фанатаў. Трэба пытаць людзей, для якіх усё гэта робіцца. Не будзе ж заўзятараў – не будзе футболу. Ён будзе нікому не патрэбны. Але, магчыма, нашым клубам трэба парада, напрыклад, з федэрацыі. У нас жа прыслухоўваюцца да ўказаў з цэнтру.

– Вы пісалі ў федэрацыю футболу?

– Не, туды яшчэ не звяртаўся. Напэўна, гэта маё асабістае, але я не прыхільнік такога цэнтралізму. Мне хочацца, каб гэта не палкай рабілі, а прыходзілі самі, і людзі самі хацелі. Але я паспрабую звярнуцца да федэрацыі, каб яна сама выкарыстоўвала беларускую мову часцей.

– Як бы вы ацанілі ўзровень беларускай мовы тых, з кім перапісваліся?

– Калі казаць пра спартовыя клубы, то ён даволі добры. Калі казаць пра чыноўнікаў з выканкамаў, з якімі даводзілася перапісвацца па моўнаму пытанню, то даволі нізкі.

***

Вы часта бываеце на стадыёне ў Гомелі. Што вас там здзіўляе больш за ўсё?

– Я часта хаджу на стадыён не паглядзець футбол, а паназіраць, які перфоманс зробяць фанаты. Яны ўжо даўно прыйшлі да беларускай мовы. Добра яе выкарыстоўваюць у банэрах , крычалках і гэтак далей. Фанаты ў  гэтым сэнсе флагманы. Яны тыя, хто падштурхнуў мяне звяртацца да беларускіх клубаў. Спачатку я быў засяроджаны больш на справаводстве. А калі пабачыў, што фанаты вельмі добра і шмат выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй дзейнасці, пачаў патрабаваць ад адміністрацыі, каб  яны прыслухаліся да заўзятараў.

Наш чэмпіянат не заўсёды вельмі якасны па саставе гульцоў, няшмат матчаў, за якімі цікава глядзець. А вось фанаты робяць гульню лепш. Яны прыцягваюць людзей на стадыёны. Мне шкада, што міліцыя прыцясняе фанатаў. Яны адштурхоўваюць людзей ад футболу. Мне самому непрыемна, калі мяне так моцна правяраюць на ўваходзе. Калі-нікалі самому не хочацца ісці на футбол. Вось калі я вучыўся ў Эстоніі, то хадзіў там на футбол, дзе было па 300 чалавек. Там няма міліцыі, толькі некалькі сцюардаў, але мажліва паліць фаеры і піць піва без праблем. Яны там атрымліваюць асалоду ад жыцця. А ў нас у першай лізе міліцыі больш, чым заўзятараў, якіх таксама 300. Таму я падтрымліваю байкоты фанатаў «Гомеля». Тым больш адміністрацыя клуба не ставіцца на іх бок.

– І усё ж такі паўтару пытанне, якое гучала напачатку размовы. Чаму беларускія спартыўныя клубы неахвотна выкарыстоўваюць мову ?

– Праблема ў тым, што большасць супрацоўнікаў клубаў пачыналі сваю працу, калі асноўнай мовай была руская. Тады ўся палітыка Савецкага Саюза вялася на рускай мове. І калі нехта развіваў сваю родную мову, яго залічвалі ў нацыяналісты. Прычым у самым дрэнным сэнсе гэтага слова. Гэта дае пра сябе ведаць. Зараз у маладых людзей зусім іншае стаўленне, але яны не могуць вырашаць вялікія пытанні. І ёсць яшчэ праблема. Усё ў краіне робіцца па-руску, і ў людзей самае рознае стаўленне да беларускай мовы. Кажуць, што гэта мова апазіцыянераў і нацыяналістаў. Але ж гэта проста мова беларускага народа. На жаль, яе палітызуюць. І ў клубах, магчыма, баяцца, што іх назавуць ворагамі дзяржавы. Гэта ўсё смешна. Я спадазяюся, што здаровы сэнс пераможа. Беларуская мова будзе выкарыстоўвацца. І пабачыце, што чэмпіянат па футболе ад гэтага стане значна цікавей.

 – А вас не звязвалі з палітыкай? Не абвінавачвалі?

– Не. Такого не было. Ніхто не кажа, што я развіваю нацыяналізм. Ніхто прамым тэкстам не пісаў і ў вочы не казаў. Але, канешне, я нацыяналіст. Але ў маім разуменні гэта патрыёт сваёй краіны, і ўсё. Я люблю сваю краіну і сваю мову.

Вы кожны год балатуецеся ў самых розных акругах на самыя розныя выбары. Чаму не атрымліваецца стаць дэпутатам ?

– Мабыць, я вельмі яркі персанаж на такую высокую пасаду. Калі паглядзець на наш парламент, то там усе на адізн твар, сярэдні ўзрост якога за 60. Дзяржава, напэўна, лічыць, што я буду ўносіць мітусню. Але я лічу, што хаця б  адзін чалавек у парламенце павінен прадвігаць родную мову. І вось я кожны год веру, што на наступныя выбары я патраплю ў парламент.

Калі вы станеце дэпутатам, першае, чым зоймецеся ?

– Я лічу, там павінны быць людзі розных прафесій і накірункаў. Я буду прадвігаць беларускую мову. Але не прымушаць людзей, а даваць ім выбар. Напрыклад, каб інструкцыя на таварах была як па-руску, так і па-беларуску. Працы будзе шмат, таму я ўжо хачу хутка патрапіць у парламент.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты