Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Offside. Наколькі трывала спорт укараніўся ў нашым паўсядзённым жыцці

Offside. Наколькі трывала спорт укараніўся ў нашым паўсядзённым жыцці

З 1 да 27 мая ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» пройдзе групавая выстава Offside. Мастакі з дапамогай як класічных тэхнік малявання, так і мультымедыйных творчых падыходаў распавядуць, наколькі трывала спорт укараніўся ў нашым паўсядзённым жыцці, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. 34mag, у сваю чаргу, занатаваў выставу для нашчадкаў на віртуальнай прасторы «Першаку».

Автор — Carlitto
3 мая 2014, 09:10
1
Offside. Наколькі трывала спорт укараніўся ў нашым паўсядзённым жыцці

Выстава Offside – гэта своеасаблівае мастацкае і куратарскае «батман піке» ў бок працэсаў, якія адбываюцца ў беларускай рэчаіснасці напярэдадні і падчас Чэмпіянату свету па хакеі. Аўтары ў сваіх працах рэфлексуюць на тэмы горада, свята, нацыі, гендару праз прызму спартыўнай лексікі і механікі спорту ды спрабуюць стварыць крытычную прастору, якая дапоўніць і ўзбагаціць святочны экспірыенс жыхароў Менска і турыстаў. Свае працы прэзентуюць беларускія мастакі Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава, Аляксей Лунёў, Сяргей Гудзілін, Валянціна Кісялёва, Максім Тымінько, Паўліна Вітушчанка, Аляксей Навумчык, Антон Сарокін, Юра Шуст і арт-група з Грузіі «Булён». Куратарамі выставы выступяць Таня Арцімовіч, Аляксей Барысёнак, Валянціна Кісялёва ды Інга Ліндарэнка.

Мэта выставы – падкрэсліць непрыкметны, але прысутны ўплыў спорту на нашу свядомасць, зрабіць заўважнымі яго нябачныя тэнтаклі, якімі прасякнуты пабытовы і сацыяльны лайфстайл чалавека. «Нам было цікава паказаць, як мастакі думаюць, свядома ці не, пра спорт, – адзначае Таня Арцімовіч, куратарка праекта. – Калі з чалавекам загаварыць пра спорт, то першае, што яму прыходзіць у галаву: “А, не, я ні за каго не заўзею. Мне гэта не цікава. Спорту ў маім жыцці няма”. Насамрэч спорт прысутнічае ў многіх – калі не ва ўсіх – сферах чалавечага жыцця». Паводле Тані, у свеце ёсць даследчыкі спорту, тэарэтыкі спорту і нават філосафы спорту. «У Беларусі мы не памятаем такіх менавіта даследчых праектаў, прысвечаных тэме спорту, – працягвае куратарка. – Таму мы вырашылі пачаць спачатку і проста абазначыць гэтае поле, паказаць, наколькі па-рознаму пра спорт можна мысліць, наколькі па-рознаму мастакі могуць пра яго гаварыць ці не гаварыць, выкарыстоўваць у сваіх працах мову спорту».

Што цікава, толькі некалькі мастацкіх твораў свядома звяртаюцца да канкрэтна звязаных са спортам вобразаў. Астатнія карыстаюцца атрыбутамі спорту ненаўмысна, дзеля зусім іншых мэтаў, часта нават каб выказаць свае асабістыя перажыванні. Акрамя мастацкага выказвання ў межах выставы падрыхтаваная суправаджальная частка з лекцыямі: Бэн Коўп і Міядраг Куч распавядуць пра капіталізацыю спорту, Аляксей Братачкін – пра нацыяналізм і спорт, Таццяна Шчурко – пра гендар і спорт. У рамках выставы адбудуцца паказ фільма «Строгі юнак» (рэж. А. Роам) і яго абмеркаванне разам з Аленай Тоўсцік. Міхаіл Гулін пракаментуе фінальны матч Лігі чэмпіёнаў. Таксама пройдзе дыскусія, прысвечаная зменам гарадскога асяроддзя з прычыны спартыўных «мегападзей» (мадэратар Вольга Шпарага). Карацей, допінгу для розуму хопіць на ўсіх.

– Гэты трыпціх – частка праекта «Неабстрактнае мастацтва». У ім я звяртаюся да мастака-канцэптуаліста Даніэля Бюрэна, яго фірмовы стыль – палоскі. Мне здалося пацешным, як праціўнік камерцыялізацыі мастацтва пераўтварыў такі просты элемент, як палоска, у тавар, у свой брэнд. Тое самае даўно адбылося і ў спорце. Гаворка ўжо ідзе не пра культуру цела і здароўе – гаворка ідзе пра бабло. Я ўзяў палоскі трох каманд Серыі А (італьянская футбольная ліга), дадаў рэкламу іх тытульных спонсараў і зрабіў разводы поту – гэта ж усё-такі «НЕабстрактнае мастацтва».

– Працы з праекта «Яно Тут». Гэты праект пра «шаблоны разумення», у ім я вылучыла некалькі тэмаў, звязаных з асабістым перажываннем: час, страх, рэлігія і смерць. Элементы са «спартовым матывам» я свядома ўстаўляю ў калажы, бо яны для мяне ёсць сімваламі «чысціні ўспрымання» і сінонімамі шчырасці.

 

– На гэты момант праект «Новая Алімпія» не завершаны. Пачалося ўсё ў 2012 годзе падчас падрыхтоўкі фотарэпартажу для газеты «Наша Ніва». Тады я здымаў фінальныя прагоны і рэпетыцыі параду да Дня Незалежнасці 3 ліпеня. Эстэтыка гэтых парадаў, іх аўдыявізуальны складнік проста не пакінулі мне выбару, і я працягнуў здымкі праз год і планую развіваць гэтую тэму далей. Гэта праект пра масавы непрафесійны спорт з элементамі прапаганды, гэта візуальная характарыстыка спецкурса «Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы», яго кульмінацыйная частка.

– Мая праца ніяк не звязаная са спортам. Прататыпам для мяне паслужылі паўночнакарэйскія «Масавыя гульні» або «Масавая гімнастыка», якія не маюць дачынення да рэальнага спорту, а ўяўляюць з сябе проста грандыёзнае шоу, атракцыён, які праводзіцца ў гонар нараджэння вялікіх правадыроў паўночнакарэйскага народа. Гэтая праца звязаная з паняццямі ўтопіі ды абсурду. Гэта даследаванне структурных патэрнаў, пры дапамозе якіх мы спрабуем надаць сэнс навакольнай рэчаіснасці, але якія па сваёй прыродзе асуджаныя на самазнішчэнне.

 

– Наш праект называецца «Пашпарт аб’екта», дзе «аб’ектам» выступае ўвесь горад Менск, які ў сваёй найноўшай гісторыі, напэўна, яшчэ ніколі не перажываў такіх інтэнсіўных зменаў. Гэтую працу можна разглядаць у нейкай ступені як працяг нашага папярэдняга праекта «Бiт Менска». Калі ў апошнім змены насілі ў большай ступені метафізічны характар, у выпадку з «Пашпартам аб’екта» яны атрымліваюць больш прадметны ракурс, хоць абодва праекты аднолькава палітызаваныя. З’явіўся новы дыскурс, звязаны з тым, што застанецца, калі лёд растане, іншымі словамі, калі скончыцца ЧС па хакеі. Ключавы візуальны вобраз экспазіцыі – гэта плот – загараджальнае збудаванне на хакейным полі і на аб’ектах, якія будуюцца ў горадзе.

 

– «Асабістыя абразы» і DutyFree не зусім правільна называць серыямі. Хутчэй, гэта два кірункі маёй творчасці.

«Асабістыя абразы» – гісторыі маіх фетышызацый. Першапачатковым імпульсам да іх з’яўлення паслужыла моцнае ўражанне ад рамана Жана Жэнэ «Божая Маці кветак», прачытанага дваццаць з лішнім гадоў таму. Герой апавядання ў турме выклейвае адваротны бок кардоннага распарадку дня калажамі са здабытых з цяжкасцю ўрыўкаў кніг і газет. Гэта яго схаваны свет, яго непарушная Свабода. Спачатку мае карцінкі прызначаліся таксама толькі для асабістага карыстання, я змяшчаў іх на сцяне побач са сваім працоўным сталом, яны былі для мяне бясконцай крыніцай рэфлексій, спектр якіх шырыўся ад сексуальнай пэрвэрсіі да рэлігіі. Так бы ўсё і працягвалася, калі б у госці не зайшоў Сяргей Шабохін і не «запрасіў» мае карцінкі паўдзельнічаць у сваім куратарскім праекце. Я даў ім назву на беларускай мове, якая адзіная дакладна раскрывае дваістасць ідэі: абраз – ікона і абраза – знявага.Аб’ект «ЁH 6056» з групы DutyFree – гэта рэдзімэйд. Дзіцячая цацка, загіпсаванай мной, «плача» касічкамі валасоў маёй маці. У аснове аб’екта ляжыць асабісты вопыт фізічнай траўмы і жаданне яго пераадолець. Асабіста для мяне гэты аб’ект звязаны са спортам, калі мой скачок з чацвёртага паверха лічыць фізкультурай.

 

– Мае паходы ў цір – гэта такая, на мой погляд, спантанная і натуральная рэакцыя на ланцуг падзей: Майдан ва Украіне, Зімовая алімпіяда ў Сочы, захоп Крыма і звязаныя з гэтым навіны, разважанні пра ЧС у Беларусі і пра выставу на гэтую тэму ў галерэі. Мая стральба – гэта эмацыйны выплеск, вызваленне ад стану шоку, ад бяссілля або, хутчэй, разгубленасці ад страху перад нечаканай магчымасцю вяртання назад у СССР. Гэта расстрэл майго ўнутранага стану, майго страху, карані якога ў мінулым, з якім мне ўдалося справіцца дзякуючы такой снайператэрапіі. На дзіва, я паказала сябе выдатным снайперам і скончыла свае паходы толькі тады, калі двойчы трапіла дакладна ў дзясятку! Думаю, гэта толькі таму, што я была вельмі сканцэнтраваная на асэнсаванні таго ўнутранага эмацыйнага стану, у які я трапіла праз усе гэтыя падзеі, успаміны, развагі.

   

– Не выпадкова Чэмпіянат па хакеі на лёдзе, мужчынскі спорт для смелых, стартуе 9 мая, у Дзень Перамогі: спорт і трыумф перамогі звязаныя (як у сітуацыі, калі беларускія алімпійскія чэмпіёны ўзнагароджваюцца і іх фота друкуюцца на білбордах краіны, а спартсмены, якія прайгралі, публічна прыніжаюцца). Інструмент перамогі і сілавой дамінанты выкарыстоўваецца для стварэння новай нацыянальнай ідэнтычнасці і нацыянальнага гонару. Інсталяцыя адсылае гледача да майскага свята, якое даўно пераўтварылася з акту падзякі ў дэманстрацыю сілавой перавагі, як у выпадку ваенных парадаў, папулярнасці комплексу «Лінія Сталіна» або яркага поспеху беларускай IT-карпарацыі Wargaming.

 

– Мая праца не пра спорт, а пра мастацтва, але ў працэсе выявілася, што ў іх шмат агульнага. У «Вікіпедыі» спорт характарызуецца як «арганізаваная па вызначаных правілах дзейнасць людзей, якая складаецца ў супастаўленні іх фізічных і інтэлектуальных здольнасцяў, а таксама падрыхтоўка да гэтай дзейнасці і міжасабовыя адносіны, што ўзнікаюць у яе працэсе». Тое самае і ў мастакоў, толькі суадносіны фізічнага і інтэлектуальнага адрозніваюцца. У сваёй працы я канцэнтруюся менавіта на пачуццях маладога мастака, які даследуе сябе і старэйшых, спрабуе зразумець, як усё працуе. Увогуле, іерархія ў мастацкім свеце – гэта вельмі моцная і старажытная традыцыя, хоць цяпер гэта, мабыць, менш відавочна. Майстар, які перадае вопыт вучню, – такая сістэма працуе тысячагоддзямі.

– У нас з’явілася ідэя зрабіць працу, звязаную з рэлігіяй, але не ўсе ўдзельнікі групы былі згодныя, бо тэма вельмі вострая. Якраз напярэдадні ў цэнтры Тбілісі прайшла дэманстрацыя супраць гамафобіі ў Грузіі. Мясцовыя рэлігійнікі проста накінуліся на дэманстрантаў, і калі б не было паліцыі, іх бы проста забілі. Калі мы паказвалі «Рэлігійную аэробіку» на Венецыянскім біенале, то разумелі, што яна вельмі актуальная і добра выяўляе «кантэкст» нашай краіны. Але ў той жа час гэты кантэкст блізкі і іншым постсавецкім краінам: такая ж нецярпімасць існуе цяпер, напрыклад, у Расіі. Пачалося гэта яшчэ раней, можна прыгадаць выставу «Асцярожна, рэлігія!» у Маскве ў 2003 годзе або сітуацыю з Pussy Riot. Тэма застаецца на нейкім піку, людзі не разумеюць, што яны робяць, што адбываецца. Магчыма, для жыхароў Заходняй Еўропы гэта не так актуальна, але ў «Рэлігійнай аэробіцы» можна было ўбачыць і іншыя сэнсы, гэта зноў жа булён. Напрыклад, рэлігія як спорт, а спорт – гэта палітыка.

Канцэпцыя працы «Штангісты» заключаецца ў тым, каб за кароткі тэрмін падняць штангу. Мы хацелі праверыць, ці магчыма, калі ў цябе ёсць моцнае жаданне, стымул, хутка зрабіцца прафесіяналам? Мы задаліся пытаннем: наколькі гэта слушна, што Еўропа ставіць перад намі і іншымі постсавецкімі краінамі адзіныя патрабаванні, стандарты? Мы ж вельмі адрозніваемся адно ад аднаго: розныя культуры, узроўні жыцця і г. д. Таму што нават штанга – калі ты не вучышся з дзяцінства, калі ў цябе няма таленту, здароўя, – гэта немагчыма. Але гэта не азначае, што хтосьці лепшы ці горшы.

Фота by Караліна Палякова

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты