Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/«Не понимаю: что такое «лістапад»? «Цмокі» праводзяць беларусізацыю

«Не понимаю: что такое «лістапад»? «Цмокі» праводзяць беларусізацыю

Шлях драконаў.

16 ноября 2015, 14:00
9
«Не понимаю: что такое «лістапад»? «Цмокі» праводзяць беларусізацыю

Андрэй Маслоўскі даведаўся, у чым філасофія «драконаў».

З пачатку лістапада запрацаваў новы афіцыйны сайт мінскіх «Цмокаў». Адметнай рысай старонкі стала тое, што пачытаць пра баскетбол магчыма толькі па-беларуску ці па-англійску. Навіна пра адмову ад рускай мовы хутка забралася ў топы вядучых спартыўных медыа. Але ў клубе да гэтага ставяцца як да звычайнасці.

– Такi ажыятаж здзіўляе, – гаворыць прэс-аташэ «Цмокаў» Дзмітрый Герчыкаў. – Інтэрнэт проста выбухнуў. Пра «Цмокаў» загаварылі нават тыя, хто не ведаў пра наша існаванне, але для нас не здарылася нічога дзіўнага. Гэта частка стратэгіі, якую мы абралі некалькі гадоў таму.

Роўна тры гады таму БК «Мінск-2006» ператварыўся ў «Цмокі-Мінск». Ініцыятыва рэбрэндынгу iшла ад дырэктара па маркетынгу і эканамічным развіцці Аляксандра Куля. Па задумцы новы брэнд павінен быў прасоўваць беларускую мову, культуру і гісторыю праз баскетбол. Гульцам, якія тады былі ў клубе, тлумачылі надыходзячыя змены. Казалі, што будзе беларускамоўны напрамак развіцця, і негатыўнай рэакцыі не было. Слова «цмокі» ўпадабалі ўсе.

– Мы вырашылі ўводзiць мову ў жыццё клуба паступова: крок за крокам,  – працягвае Герчыкаў. – Пачалі з таго, што палова праграмак стала друкавацца па-беларуску. Потым прыкінулі, што каб на нас звярталі яшчэ больш увагі, трэба неяк удасканальваць рэкламу. Сярод розных афіш нашы павінны вылучацца. Зрабілі і заўважылі, што людзі ў метро пачалі рэагаваць на незвычайнае – дракона і мову. Яны абмяркоўвалі назву і шукалі ў інтэрнэце тлумачэнне. І такім чынам знаёміліся не толькі з баскетбольнымі «Цмокамі», але і часткова са сваёй гісторыяй і культурай.

Наступны крок да пашырэння мовы – вядзенне прэс-канференцый па-беларуску. На гэта «Цмокаў» натхнілі прыклады чэшскага «Німбурка» і латвійскага ВЭФа, якія таксама выступаюць у Адзінай лізе ВТБ. Потым дадаўся каментар матчаў на тэлебачанні – таксама па-беларуску. Кіраўніцтва тэлеканала «Беларусь 5» да гэтай з’явы ставіцца пазітыўна. Галоўнае, каб якасць каментароў была на ўзроўні.

Недзе год таму ў клубе прыйшлі да высновы, что сайт састарэў і карыстацца ім нязручна – пачалася праца над новым. Стварэнне заняло шмат часу. Справу ўскладніла тое, што сродкаў на праект было выдаткавана няшмат – клуб, як і большаць беларускіх спартыўных арганізацый, абмежаваны ў фiнансах. Тым не менш, «Цмокі» рабілі ўсё магчымае, каб новы прадукт быў не горшы, чым у еўрапейскіх топ-каманд.

– Калі надышоў час абіраць мовы, спыніліся на англійскай і беларускай, – гаворыць Герчыкаў. – Англійская версія – абавязковае патрабаванне Лігі ВТБ і Кубка Еўропы ФIБА. Што тычыцца беларускай, то яшчэ на старым сайце апошніх месяцаў восем давалі навіны па-беларуску. І калі прааналізавалі становішча, апынулася, што стары сайт амаль цалкам беларускамоўны, таму і выбар стаў відавочным. Мы нават не хваляваліся наконт зніжэння наведвальнасці, таму што для нашых заўзятараў навіны на мове – звыклая справа, і пасля пераходу дынаміка росту ўнікальных наведванняў нават палепшылася. Вядома ж, здараліся і смешныя рэчы. Аднойчы патэлефанавалі: «Читаю на сайте расписание и не понимаю: что такое «лістапад». Растлумачыў чалавеку, але ўзнікла сустрэчнае пытанне: «Калі ты ўжо ў інтэрнэце, ці не прасцей забіць у гугл-транслэйт?»

Паводле слоў Герчыкава, ніякай негатыўнай рэакцыі з боку заснавальнікаў клуба – у тым ліку Мінгарвыканка – на перамены няма. Гэта ж тычыцца і спонсараў з партнёрамі. Усе яны ведаюць, што гэта клубная філасофія, ад якой адыходзіць «Цмокі» не збіраюцца.

– Наша поўная беларускасць паціху ўплывае і на спонсараў, – дадае прэс-аташэ. – Гэта бачна. Усё часцей прадстаўнікі куратараў ды спонсараў, калі заходзяць, вітаюць нас словамі: «Добры дзень, як маецеся?» Яны так робяць таму, што для іх гэта стала звычайным. Няма прэтэнзій і з боку кіраўніцтва Лігі ВТБ. Нас проста час ад часу просяць выслаць пераклад каменатроў трэнераў пасля матчаў на рускую мову.

Падобныя дзеянні «Цмокаў» пашырылі размовы наконт сваеасаблівага піяру клуба за кошт мовы і беларускасці, але баскетбалісты падобныя абвінавачванні адмятаюць.

– Калі б нам гэта было патрэбна, мы б паклікалі Ганну Бонд і папрасілі яе распрануцца пасля перамогі, напрыклад, над ЦСКА, – смяецца Герчыкаў. – Гэта стоадсоткава пераможны варыянт, які дае рэйтынгі, але гэта не наш метад, нам не трэба так піярыцца. Напрыклад, ужо другі год мы ладзім акцыю «Цмокі» – дзецям»; клапоцімся пра дзетак-інвалідаў; дзетак з фізічнымі недахопамі; дапамагаем дзіцячаму дому ў Асіповічах. Карацей, праводзім шмат цікавых мерапрыемстваў, але не робім з гэтага нейкі піяр-выбух. Сумна і тое, што ў некаторых беларусаў свая мова, свая культура, гісторыя і міфалогія асацыююцца з пэўнымі палітычнымі рухамі і выклікаюць адрыньванне. Людзі адмаўляюцца ад Купалы, Цёткі і Багушэвіча толькі таму, што тыя пісалі па-беларуску, і гэта вельмі дрэнна. І гэта яшчэ адна прычына, чаму мы сёння робім усё так: мы спрабуем хаця б у спартыўнай супольнасці змяніць становішча. Імкнемся паказаць, што баскетбол на мове можа быць прыгожым, а родная мова ў спорце можа быць арганічнай. Калі нічога не рабіць, людзі ніколі не пачнуць размаўляць па-беларуску, не пачнуць паважаць сваю культуру, гісторыю, міфалогію.

Пры гэтым у клубе нікому нічога не навязваюць. Ніякіх загадаў, што размаўляць на працы трэба толькі па-беларуску, няма. «Цмокі» супраць прымусоўкі, таму што яна заўсёды спараджае адмову і негатыў. Гульцы вольныя выбіраць тую мову, якой ім зручней карыстацца, і яны ставяцца да гэтага станоўча.

– Тое, што мы робім, цікава ўсім: і легіянерам, і нашым хлопцам, – распавядае Дзмітрый. – Напрыклад, зусім нядаўна праводзілі цікавую акцыю з удзелам Івана Мараша, Дзімы Паляшчука і Бранка Міркавіча. Прасілі іх тлумачыць беларускія словы. Спадабалася ўсім, а легіянеры потым спрабавалі даведацца пра асобныя словы крышачку падрабязней. Нашу філасофію гульцы падтрымліваюць. На маёй памяці не было выпадкаў, каб хтосьці сказаў: «Блин, на белорусском... Я не буду!»

Куль і кампанія абяцаюць яшчэ шмат чаго цікавага ў будучыні, асабліва для школьнікаў і студэнтаў. Але адкрываць усе маркетынгавыя планы не спяшаюцца. Намякнулі толькі, што прыярытэтам стане сям’я. «Цмокі» жадаюць, каб на баскетбол хадзілі людзі любых прафесій і ўсіх узроставых катэгорый, прычым рабілі гэта не таму, што модна, а таму што ім падабаецца клуб і тое, што ён робіць.

– Калі будзе так, то мы выйдзем на наступны ўзровень, – гаворыць Герчыкаў.

Фота: sportnaviny.com, vtb-league.com

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты