Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Стадыён у Баранавічах, які з помпай адкрывалі чынушы, – гэта эпас: зараз ён зноў закрыты, бо трэба мяняць газон, які паклалі ўвосень-2021 (рабілі рускія, што і на «Дынама» у Мінску)

Стадыён у Баранавічах, які з помпай адкрывалі чынушы, – гэта эпас: зараз ён зноў закрыты, бо трэба мяняць газон, які паклалі ўвосень-2021 (рабілі рускія, што і на «Дынама» у Мінску)

Автор — Скай Волк
4 июня 2022, 09:00
4
Стадыён у Баранавічах, які з помпай адкрывалі чынушы, – гэта эпас: зараз ён зноў закрыты, бо трэба мяняць газон, які паклалі ўвосень-2021 (рабілі рускія, што і на «Дынама» у Мінску)

Амаль 700 тысяч рублёў на вецер.

Вы, напэўна, чулі такое словазлучэнне як «чацвёртая ўлада». У дэмакратычных краінах ёсць тры галіны ўлады: выканаўчая, заканадаўчая і судовая. А чацвёртай часам называюць сродкі масавай інфармацыі, бо часта медыя ўплываюць на першыя тры галіны. Рэзанансны матэрыял можа прывесці да адстаўкі палітыка, крымінальнай справы за карупцыю ці, напрыклад, рэканструкцыі стадыёна. У мяне аднойчы выйшаў такі матэрыял.

Улетку 2020 года я з’ездзіў у Баранавічы на ​​футбол: мясцовы клуб упэўнена ішоў на вылет з першай лігі, на матчы хадзілі 200-300 чалавек, а баранавіцкі «Лакаматыў» праславіўся вярблюдамі на полі ды штучным газонам, які шмат гадоў абяцалі заслаць на стадыёне. Увесь гэты час рулоны з газонам гнілі каля плоту.

Тады на «Лакаматыве» я ўбачыў расколіны ў апорных сценах, пралысіны на полі, цвіль па ўсёй арэне і як апафеоз дрэва, якое расце ўнутры аднаго з кабінетаў прама з падлогі. Усе гэтыя ўражанні я апісаў у вострым тады яшчэ «Прэсболе». Тэкст перадрукавала баранавіцкае выданне Intex-Press – і панеслася. Мясцовыя чыноўнікі пачалі апраўдвацца, што на рэканструкцыю грошай няма і не было, але яе абавязкова правядуць, калі сфармуюць бюджэт на 2021 год. На стадыён выдзелілі 4 млн рублёў, пазней суму павялічылі да 8,3 млн. Рэканструкцыя зацягнулася на два сезоны, якія «Баранавічы» праводзілі ў гасцях. 

І вось нарэшце дарабілі. Першы матч правялі з помпай, сабралі там аншлаг з так званага міністра спорту Кавальчука, так званага кіраўніка белфутбола Базанава і школьнікаў, а пасля стадыён зноў закрылі. Прычына – трэба пераслаць газон.

Але ж цікавостка хаваецца ў тым, што новы газон у Баранавічах зусім нядаўна пасцялілі, і ён павінен яшчэ служыць і служыць беларускаму футболу, але...

У кастрычніку 2021 года мне пісаў мясцовы жыхар, які любіць футбол і не любіць карупцыю (так мужчына сам сябе адрэкамендаваў). Ён сказаў, што менавіта пасля матэрыяла на «Прэсболе» паабяцалі правесці рэканструкцыю (прабачце, гэта хвілінка гонару), і распавёў, што адбываецца з газонам.

На жаль, ва ўмовах агульнага «экстрэмізму» не ўсё можна паказаць і не ўсе імёны можна назваць. Але я магу напісаць сваімі словамі. Мне распавялі, што газонам на «Лакаматыве» займаецца расійская фірма «Крона спорт» (яна ж «Крона Груп»). Вы маглі бачыць творчасць гэтых расійскіх адмыслоўцаў.

У 2018 годзе тэндар для стадыёна «Дынама» праводзілі ажно двойчы. Тады адмовілі аўстрыйцам, якія рабілі газон для кіеўскага «Алімпійскага» і маскоўскіх «Лужнікоў», затое прыцягнулі малавядомую фірму з Валгаграда. Пры гэтым кошт тэндара вырас у 1,5 разы – да 432 тысяч еўра. Калі дырэктара «Крона Спорт» папрасілі назваць галоўныя замовы ў практыцы кампаніі, ён пералічыў толькі трэніровачныя палі для буйных стадыёнаў.

Не бяруся выказаць адназначнае меркаванне, што гэта было – глупства, карупцыя або здаровы пошук самай выгаднай прапановы. У такіх рэчах звычайна разбіраецца суд (шкада, што ў Беларусі ён пакуль адсутнічае).

А зараз вернемся ў Баранавічы. У кастрычніку 2021 года на «Лакаматыве» пачалі сцяліць газон ад «Крона Спорт». Выглядаў ён вось так.

І не, гэта не норма. Газон павінен адразу быць смарагдавага колеру, а не вось такога.

Калі пісаць знакамітымі інсайдарскімі штампамі, то «мая крыніца, блізкая да баранавіцкага футбола» (божа, як гучыць!), распавяла, што каштарыс «Крона Спорт» склаў 681 тысячу рублёў. На стадыёне «Лакаматыў» няма агранома, абслугоўваць поле няма каму, таму газон нават пры якаснай укладцы хутка стаў бы непрыдатным. Пры гэтым фірма з Брэста, якая канкуравала з «Крона Спортам», прапаноўвала пакласці газон за 306 тысяч рублёў і яшчэ год бясплатна даглядаць поле. Розніца адчувальная, праўда?

І які выбар зрабілі ў Баранавічах? Чаму аддалі замову расіянам і які вынік атрымалі? І хто будзе аплочваць паўторную ўкладку газону? Хаця адказ на апошняе пытанне відавочны: плаціць давядзецца нам з вамі з падаткаў.

Я спрабаваў перадаць усё гэта ў «Прэсбол», калі тэндарныя справы толькі вырашаліся, але вынік прадказальны: мне сказалі, што ботнікаўскія цэрберы, якія сочаць за «ідэалагічна непадыходзячымі» навінамі, выдаляць усё праз 30 секундаў.

Таму падсумуем вынік зараз і тут: пасля рэканструкцыі за 8,3 млн рублёў стадыён зноў закрываюць. Каб замяніць нядаўна пакладзены за 681 тысячу рублёў газон, які маглі пакласці за 306 тысяч – і атрымаць год бясплатнага догляду поля. 

Змарнаваныя грошы маглі пайсці на рамонт школ і лякарняў, дзіцячых садкоў або дарогі. Два гады таму пра падобныя выпадкі распавядаў Сяргей Ціханоўскі – цяпер ён за кратамі.

Змагацца з карупцыяй у Беларусі дазволена толькі тым, хто спрыяе яе распаўсюду.

Фота: аўтара, «Еўрарадыё», Intex-Press.

 

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты