Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Чаму літоўскі баскетбол можа навучыць футбол і хакей Беларусі: пачым прадаваць квіткі, колькі даваць клубам з бюджэту, якія арэны будаваць

Чаму літоўскі баскетбол можа навучыць футбол і хакей Беларусі: пачым прадаваць квіткі, колькі даваць клубам з бюджэту, якія арэны будаваць

Автор — Скай Волк
14 июня 2022, 11:44
Чаму літоўскі баскетбол можа навучыць футбол і хакей Беларусі: пачым прадаваць квіткі, колькі даваць клубам з бюджэту, якія арэны будаваць

У сезоне-2021/22 я ўпершыню за шмат гадоў не паглядзеў ужывую аніводнага хакейнага (як і футбольнага) матчу ў Беларусі. Замест гэтага давялося вывучаць літоўскі баскетбол – я паглядзеў 36 матчаў на 12 арэнах, так што сёе-тое хачу і магу расказаць ды параўнаць.

Мне падаецца даволі справядлівым параўноўваць літоўскі баскетбол і беларускі хакей. У Беларусі і Літве дзяржава надае вялікую ўвагу менавіта гэтым відам спорту – як на фінансавым, так і на палітычным узроўні. Праўда, самы папулярны від спорту ў Беларусі ўсё ж такі футбол – так што нейкія адсылкі будуць і да яго.

Баскетбол у Літве – гэта рэлігія?

Jeep Arena падчас фіналу, Вільнюс

Год таму быў упэўнены, што так. Цяпер адказаў бы інакше: не, але ёсць нюанс. Пад нюансам я б назваў Еўралігу і плэй-оф ЛКЛ (літоўскай баскетбольнай лігі). Наведвальнасць можа сур’ёзна вагацца. Напрыклад, на клуб «Літкабеліс» у рэгулярцы прыходзіла да 1000 чалавек, на паўфінал і фінал – больш за 6000 заўзятараў. Адзін мой знаёмы літоўскі фанат на гэта сказаў: «Проста літоўцы – глорыхантары». Але я б сказаў, што гэта агульная праблема для постсавецкіх краін, дзе спартовыя традыцыі не маюць стогадовай гісторыі – і, па сутнасці, толькі фармуюцца.

У Каўнасе такія традыцыі ёсць – і «Жальгірыс» стабільна ў ліку лідараў наведвальнасці Еўралігі. У апошні цалкам згуляны дакавідны сезон-2018/19 наведвальнасць каўнасцаў была 14 808 чалавек. У сезоне-2021/22 на «Жальгірыс» у сярэднім прыходзілі 7630 заўзятараў. Прычына такога падзення хаваецца ў кавідных абмежаваннях і няўдалым выступе (апошняе месца ў рэгулярцы).

Жальгірыс Арэна, Каўнас

Аднак на матчы рэгуляркі ЛКЛ у Каўнасе ў сярэднім прыходзіць крыху больш за 1000 чалавек. Раздражняльнікам зʼяўляецца толькі «Рытас», на які прыйшлі 5603 гледачы. Нават на вырашальныя матчы плэй-оф з «Няптунасам» і «Літкабелісам» прыходзілі ад 3800 да 4200 чалавек. Гэта вялізныя лічбы, але нават самы слабы па наведвальнасці матч «Жальгірыса» ў Еўралізе сабраў 4863 чалавекі.

Тут сітуацыя падобная да «Дынама» ў КХЛ ці (у мінулыя гады) БАТЭ ў еўракубках, дзе за «сваіх» супраць «чужых» з іншых краін прыходзіць заўзець значна большая колькасць людзей, чым на гульні ўнутранага чэмпіянату.

Чэмпіён Літвы «Рытас» гуляе на двух арэнах: маленькай Jeep Arena на 2500 чалавек і вялікай Avia Solutions Group Arena на 11 000. На маленькай гуляюць амаль усе матчы ЛКЛ – наведвальнасць вагаецца ад 700 да 2000 чалавек, так што яе дастаткова. Вялікую выкарыстоўваюць для дэрбі з «Жальгірысам» і еўракубкаў.

Меркавалася, што на ёй пройдзе фінал – і на першую гульню прыйшло 6016 чалавек. Але другая хатняя гульня «Рытас» была на маленькай арэне – і атмасфера была такой, што каманда папрасіла дагуляць сезон менавіта на ёй. Таму што перапоўненая малая арэна, дзе трыбуны літаральна навісаюць над пляцоўкай, апынулася значна больш гучнай і атмасфернай. 

Але паміж рэгуляркай і плэй-оф даволі вялікая розніца. Падчас плэй-оф і фанаты робяць перфомансы, і па горадзе могуць прайсціся маршам, і сам горад (Панявежыс або Шаўляй) можа рабіць прыгажосць, якая нагадвае пра тое, што праходзяць вырашальныя матчы.

Арэны

Ёнава Арэна

Арэны ў ЛКЛ можна падзяліць на дзве часткі: тыя, якія прымалі Еўрабаскет-2011, і ўсе астатнія. Розніца ў тым, што першыя маюць змяшчальнасць больш за 5500 гледачоў. Пра гэтыя арэны, а яшчэ пра іх кошт і параўнанне з беларускімі лядовымі палацамі я ўжо расказваў.

Умяшчальнасць астатніх – ад 1500 да 2000 чалавек. Гэтыя арэны ў невялікіх гарадах (ад 6 да 26 тысяч насельніцтва), дзе вялізныя пляцоўкі і не патрэбныя. Хоць пры гэтым той жа «Прэнай» ведае, што такое аншлаг – літаральна дзесяць гадоў таму клуб выйграваў бронзу ЛКЛ.

І кошт такіх арэн укладваецца ў 5 млн еўра. Прычым арэны шматфункцыянальныя, там гуляюць і ў гандбол, і ў футзал, на некаторых могуць праводзіць іншыя мерапрыемствы (тыя ж канцэрты, напрыклад). Тут таксама вялікая розніца з беларускімі невялікімі лядовымі палацамі кшталту шклоўскага за 15 млн даляраў.

Пена Жвайгждэс Арэна (Пасваліс)

Прыезд літоўскіх грандаў «Жальгірыса» і «Рытас» у маленькія гарадкі – заўсёды свята. На гэтыя каманды гледачы ідуць ахвотна. Напрыклад, «Жальгірыс» ва Уцене сабраў 1611 чалавек, а «Рытас» – 1488. Для 25-тысячнага горада (як Крычаў) тое выглядае нядрэнна.

У 6-тысячным Пасвалісе (беларускі аналаг – Давыд-Гарадок) на «Жальгірыс» прыйшла 1000 чалавек – як і ў 8-тысячным Прэнаі (а гэта як Камянец). Гэта значыць, 16% і 12% насельніцтва горада наведалі баскетбол. У астатні час наведвальнасць вагаецца ў межах ад 300 да 500 гледачоў, што ў працэнтным выяўленні ўсё адно добра.

Прэнай Арэна

Ну і крыху пра 25-тысячную Ёнаву: тут плэй-оф збіраў тысячу гледачоў (з 2000 магчымых), а першы матч сезона, які адзначыўся прыездам «Жальгірыса», сабраў 1700 чалавек. Можаце ўявіць такое ў Лунінцы?

У Беларусі такое немагчыма ў хакеі, бо хоць палацы і ёсць у маленькіх мястэчках (Бяроза, Шклоў), прафесійных камандаў там няма. А вось беларускі футбол ведае такія прыклады – гэта найперш 4-тысячная Гарадзея (памятаеце, як там палова пасёлка прыходзіла на вышэйшую лігу?) і 6-тысячная вёска Альшаны, дзе 700-1000 чалавек прыходзілі глядзець на мясцовую «Новую Прыпяць» незалежна ад суперніка.

Бюджэты клубаў

Avia Solutions Group Arena (фінал кубка караля Міндаўга)

Каб вы разумелі разрыў у чэмпіянаце: бюджэт «Жальгірыса» большы, чым бюджэты ўсіх дзесяці астатніх клубаў у суме. Зараз ён складае каля 10 млн еўра. У сезоне-2019/20 (апошні дакавідны сезон, які, праўда, прыпынілі датэрмінова) бюджэт клуба складаў 11,9 млн еўра, з якіх 35% прыносіў продаж квіткоў.

Бюджэт наваспечанага чэмпіёна краіны «Вільнюс Рытас» складае каля 3,2 млн еўра – у тры разы менш, чым у «Жальгірыса». У Літве клубы не могуць  цалкам фінансавацца з бюджэту горада, толькі часткова. Для Вільні гэты парог складае 6 млн еўра за тры гады (так, заяўка падаецца на некалькі гадоў). «Рытас» падалі заяўку на максімальнае фінансаванне – і атрымліваюць 2 млн еўра штогод (як і «Жальгірыс»). Сума дзяржпадтрымкі большая, чым звычайна, амаль у паўтара разы – каб кампенсаваць іншыя страты ад каранавіруса. Астатнія грошы клуб зарабляе сам.

Avia Solutions Group Arena, Вільнюс

Прыкладна трэць прыбыткаў чэмпіёна прыносяць заўзятары – гэта продаж абанементаў, квіткоў і атрыбутыкі. Яшчэ частку прыбытку клуб зарабляе на спонсарскіх угодах. Іншая важная частка прыбыткаў – прызавыя за выступы. За трэцяе месца ў Кубку Караля Міндоўга (аналаг Кубка Літвы) клуб атрымаў толькі 15 тысяч еўра, за чэмпіёнства ад Лігі – каля 70 тысяч еўра. Але яшчэ за чэмпіёнства клуб атрымае 400 тысяч ад… ФІБА!

Уся справа ў тым, што ў еўрапейскім клубным баскетболе ўжо шмат гадоў існуе двоеўладдзе. ФІБА спрабуе падмяць пад сябе клубны баскетбол, для чаго стварыла Лігу чэмпіёнаў ФІБА. Узровень камандаў у гэтым турніры значна ніжэйшы за Еўралігу і нават Еўракубак, але босы сусветнага баскетбола не губляюць аптымізму і імкнуцца завабліваць значныя еўрапейскія клубы грашыма. За тое, што «Рытас» змянілі Еўракубак на Лігу чэмпіёнаў, ФІБА выплаціла аднаразовы транш клубу (ён дапамог закрыць пазыкі, што існавалі на той момант, амаль на 1 млн еўра) і паабяцала прызавыя за выступы ў родным чэмпіянаце – 400 тысяч еўра за чэмпіёнства, 250 тысяч еўра за срэбра (па сутнасці, амаль гарантаванае для «Рытас») і 150 тысяч еўра за бронзу.

Cido Arena, Панявежыс

У віцэ-чэмпіёна «Літкабеліса» бюджэт на ўзроўні 1,2 млн еўра. «Літкабеліс» цалкам адлюстроўвае тэзу «не грошы гуляюць», улічваючы, што клуб у серыі плэй-оф выбіў «Жальгірыс».

Бюджэты камандаў з 4-га па 11-е месцы ў сезоне-2020/21 – ад 400 да 900 тысяч еўра. У мінулым сезоне яны асабліва не змяняліся. Напрыклад, бюджэт «Нявежыса» складае 575 тысяч еўра. І вось яго артыкулы прыбыткаў: 230 тысяч еўра – падтрымка самакіравання Кедайняйскага раёна, 250 тысяч – спонсары, 85 тысяч – квіткі, 10 тысяч – іншыя мерапрыемствы, 5 тысяч – атрыбутыка. Прычым спонсар – гэта не навязанае мясцоваму заводу партнёрства, а цалкам рынкавыя адносіны (у дадзеным выпадку з букмекерскай канторай). Падобная структура бюджэту ў большасці клубаў Літвы.

Кедайняй-Арэна

Расслаенне велізарнае – гледзячы на яго, ўжо не здзіўляешся, што за 28 гадоў чэмпіёнамі станавіліся толькі «Жальгірыс» і «Рытас». У чэмпіянатах Беларусі такой прорвы не будзе, нават калі ўлічыць хакейнае «Дынама» з КХЛ. У сезоне-2019/2020 бюджэт «Дынама» складаў 12 млн даляраў, у той час як у «Юнацтва» – 6 млн. Цяпер з-за актыўнай падтрымкі рэжыму Баскавым бюджэт «зуброў» вырас – у тым ліку і праз «партнёрства» з сеткай гіпермаркетаў «Green», уладальніка якога пасадзілі і выпусцілі ў абмен на 15 млн даляраў і спонсарства «Дынама».

Бюджэты лідараў Экстралігі зараз прыкладна на ўзроўні 3-4 млн даляраў. Разрыву паміж першай і другой камандай у тры разы дакладна няма, роўна як і паміж астатнімі.

У футболе сітуацыя падобная: нават на піку БАТЭ не меў бюджэту больш за 10 млн даляраў. Гэта, вядома, больш, чым у «Дынама» і «Шахцёра» было тады, але ніяк не ўтрая.

Кошт квіткоў

Шаўляй Арэна

У сярэднім квіток на баскетбол у Літве каштуе 10 еўра. Гэта сярэдняя тэмпература па шпіталі, так што варта ўдакладніць: на «Жальгірыс» у чэмпіянаце можна трапіць за 3 еўра (а вось на Еўралігу ўжо не), «Ёнава» прадае квіткі па 5 еўра, «Літкабеліс» ад 15 еўра, «Рытас» ад 12. «Нептунас» аднойчы прадаваў квіткі на «Рытас» па 19 еўра – у разліку на аншлаг, але ў выніку народ не пайшоў за такія грошы, на матчы не набралася і тысячы заўзятараў.

10 еўра – ці гэта сурʼёзная сума для літоўца? Пры сярэднім па краіне заробку ў 1000 еўра, магчыма, не самы нізкі кошт. Але дзякуючы гэтаму клубы могуць не толькі адбіваць арэнду арэны (калі яна не належыць клубу), але і зарабляць на квітках. «Літкабеліс» за арэнду «Cido Arena» плаціць у год 300 тысяч еўра – але адбіў гэтую суму літаральна за тры матчы плэй-оф. «Рытас» для таго, каб выйсці ў нуль падчас арэнды 11-тысячнай арэны, павінны збіраць хаця б 4 тысячы гледачоў (атрымалася выйсці ў плюс на ўсіх матчах).

Тут можна параўнаць з мінскім «Дынама», якое за арэнду «Мінск-Арэны» плаціць 900 тысяч даляраў за сезон. У сярэднім прыбыткі ад квіткоў складаюць 600 тысяч даляраў, што не пакрывае кошт арэнды.

Гэта не адзінкавая сітуацыя: клубы Беларусі ў прынцыпе не зарабляюць на квітках – і нават не пакрываюць арэнду.

Чэмпіянатам займаецца Ліга, а не Федэрацыя баскетбола

Avia Solutions Group Arena, Вільнюс

Федэрацыя баскетбола займаецца развіццём гэтага віду спорту і зборнымі, а ліга – непасрэдна чэмпіянатам. Самы просты і цалкам відавочны падзел, да якога ў Беларусі так і не змаглі прыйсці за 30 гадоў. Шмат у чым праз тое, што кіраўніцтва ФХБ і АБФФ не хацела страчваць уладу.

ЛКЛ выбудоўваецца па паўночнаамерыканскім прынцыпе. Таму «Прэнай» (3 перамогі ў 30 матчах), які заняў апошняе месца, нікуды не вылятае. Затое ў клуба з 8-тысячнага горада ёсць арэна на 1500 чалавек і 1000 гледачоў на матчы з «Жальгірысам» – ліга любіць наяўнасць інфраструктуры і заўзятараў больш за спартыўныя поспехі.

На сезон-2022/23 асноўныя патрабаванні да камандаў такія: хатняя арэна мінімум на 1200 гледачоў, бюджэт ад 600 тысяч еўра. Клуб не можа гуляць у суседнім горадзе, калі ў сваім няма арэны. Месяц таму ў лігу прынялі «Гаргджай» – каманда правядзе частку сезона ў суседняй Клайпедзе або Паланзе, пакуль у Гаргджаі не дабудуюць прыдатную па крытэрах арэну. Гэта была абавязковая ўмова.

Арэна Уцена

У Беларусі такая праблема ўласцівая футбольным клубам, якія гуляюць у іншых гарадах – ну, вы выдатна ведаеце пра гэта. «Арсенал» з Дзяржынска можа гуляць у Гарадзеі, «Гомель» і «Слуцк» – у Бабруйску, «Іслач» – у Маладзечне, «Энергетык-БДУ» – у Барысаве.

Што ў АБФФ, што ў ФХБ рэгламент існуе для галачкі. Ім можна круціць як заўгодна (і на чым заўгодна), заплюшчваць вочы на парушэнні «сваіх» або забараняць «чужым» тое, што дазваляецца па законе. ЛКЛ зацікаўлена ў дабрабыце сваіх клубаў, адстойвае іх інтарэсы перад федэрацыяй і паважае рэгламент. Гэта звычайная гісторыя для нармальнай лігі здаровага чалавека.

Што можна пераняць для беларускага хакея і футбола?

Жальгірыс Арэна, Каўнас

Найперш хачу адзначыць, што я не ўпэўнены, ці будзе ўвогуле ў свабоднай Беларусі хакей у тым выглядзе, да якога мы прызвычаіліся. У сучасным выглядзе амаль дакладна не будзе ні КХЛ, ні Экстралігі – проста таму, што самі хакеісты, клубы і кіраўнікі робяць для гэтага ўсё.

Сваімі подпісамі за гвалт, падтрымкай рэжыму ды распачатай ім вайны супраць Украіны гэтыя дзеячы канчаткова замацоўваюць у розумах людзей думку «хакей = Лукашэнка». А хто захоча ўкладвацца ў від спорту, які асацыюецца з гвалтам? Ці захочуць заўзятары падтрымліваць талерам умоўны жлобінскі «Металург», які ў поўным складзе падпісаўся за гвалт? Не ўпэўнены ў гэтым.

Але што ж можна пераняць.

Арэна Уцена

1) Клубы не фінансуюцца цалкам з бюджэту, але атрымліваюць падтрымку. Усё ж баскетбольны/футбольны/хакейны клуб выконвае яшчэ і сацыяльную функцыю – гэта месца, куды можна прыйсці адпачыць і пазаўзець за каманду. Або, напрыклад, аддаць дзяцей займацца спортам. Сумы, якія ў Літве выдзяляюць на баскетбол, дапамагаюць камандзе не знікнуць. Але калі хочаш падпісаць класнага легіянера ці трэнера – зарабляй. Дарэчы, падобная схема існуе і ў Швейцарыі: там на клуб могуць выдзеліць да 5 млн франкаў. Гэтага дастаткова, каб клуб не знік, але для медалёў давядзецца папрацаваць і зарабіць самому.

2) Кошт квіткоў. Як я ўжо пісаў, клубы Беларусі ў прынцыпе не зарабляюць на квітках – і нават не пакрываюць арэнду. Зразумела, іх кошт – у тым ліку адлюстраванне эканомікі Беларусі, якую ўжо даўно завялі ў багну.

Кошт квіткоў не трэба павышаць у чатыры разы, вядома. Але і пяць рублёў за квіток – шчыра кажучы, не ўпэўнены, ці акупляе выручка з квіткоў умоўнага «Энергетыка-БДУ» працу хаця б аднаго касіра ў дзень матчу.

Калі клубы не могуць зарабляць на заўзятарах, яны працуюць на свайго галоўнага гледача – гарвыканкам. З усімі наступствамі ў выглядзе подпісаў за гвалт, ігнаравання фанатаў, матчаў у будні дзень у працоўны час і г.д.

Cido Arena, Панявежыс

3) Прафесійная ліга. Гэта аснова асноваў. Наяўнасць прафесійнай лігі не гарантуе беларускаму спорту росквіт, але яе адсутнасць гарантуе цяперашні стан. Зрэшты, пры гэтым рэжыме мы прафесійную лігу ўжо не пабачым – дзяржава не дапусціць ніякага вальнадумства і працы для заўзятараў, а не для клеркаў з Мінспорту.

4) Хопіць будаваць вялізныя дарагія бетонныя халадзільнікі за 20 млн даляраў, калі ласка. Лядовы палац можна пабудаваць у тры разы танней – і пры гэтым яго эксплуатацыя не будзе абыходзіцца яшчэ ў 20 млн штогод.

Але гэта зноў ужо для свабоднай Беларусі задача, таму што пры цяперашнім рэжыме чыноўнікі зацікаўленыя ў любых дарагіх будоўлях – там можна нешта ўціхую скрасці.

Jeep Arena, Вільнюс

5) Стаўленне да заўзятараў як да людзей. Не быць скотам, так. Дагляд – без АМАПа, без рамак металашукальніка, без пяціхвіліннага пошука бомбы ў заплечніку. Ты ведаеш, што хутка пройдзеш на баскетбол і выдатна правядзеш час – парадуешся гульні ды атмасферы, па жаданні – з півам ці кавай, таму што ўсё гэта прадаецца на арэнах.

Аніразу ў мяне не ўзнікалі праблемы на літоўскіх арэнах – ні з-за сцяга, які я ўсюды нашу з сабой, ні з-за квітка, які не паспеў раздрукаваць, ні з-за ахоўніка, які з-за дрэннага настрою мог бы прычапіцца да чаго-небудзь.

ЛКЛ не ідэальная. Але мне падабаецца, што літоўцы гэта цудоўна ведаюць. Бо любоў і патрыятызм – гэта не заплюшчваць вочы на недахопы, а імкнуцца іх выправіць. Яны робяць з гэтага высновы, каб рабіць свой родны чэмпіянат яшчэ лепшым.

І мы так будзем.

Фота і відэа: аўтара.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты