Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Гендырэктар «Дынама» забяспечыў выдатныя ўмовы для двух сыноў – клуб ад гэтага не атрымаў фактычна нiчога, акрамя страт

Гендырэктар «Дынама» забяспечыў выдатныя ўмовы для двух сыноў – клуб ад гэтага не атрымаў фактычна нiчога, акрамя страт

Автор — Скай Волк
18 июня 2022, 16:40
4
Гендырэктар «Дынама» забяспечыў выдатныя ўмовы для двух сыноў – клуб ад гэтага не атрымаў фактычна нiчога, акрамя страт

Цікавая навiна нядаўна прыйшла з мiнскага «Дынама». Генеральны дырэктар Сяргей Сушко аддаў у маскоўскае «Дынама» таленавітага (без жартаў) сына Максіма. Форварду 23 гады, мінулы сезон ён правёў у АХЛ, да гэтага згуляў нават два матчы ў НХЛ.

Добры форвард з беларускім пашпартам – гэта тое, што трэба мінскаму «Дынама»! Не трэба? Ладна, значыць, клуб хаця б атрымаў ад масквічоў значную кампенсацыю. Так?

Насамрэч у абмен на Максіма Сушко «зубры» атрымалі правы на 19-гадовага галкіпера малодшых зборных Беларусi Івана Жыгалава. Ён зараз гуляе ў Паўночнай Амерыцы і цэніцца высока. Эксперты запэўніваюць, што ён будзе абраны на драфце НХЛ у гэтым годзе. З-за таго, што ён «другагодка», гэта адбудзецца, хутчэй за ўсё, у трэцім раундзе. Але можа быць і раней – у гэтым годзе элітных брамнікаў на драфце амаль няма, а Жыгалаў цягне на элітнага.

«У Жыгалава ёсць здольнасць кожную ноч рабіць ашаламляльныя сэйвы. Ён старанна працуе на трэніроўках, наведвае ўсе неабавязковыя пракаты. Ён не проста хоча патрапіць у НХЛ, ён хоча стаць найлепшым брамнікам у свеце. Яго спакойная ўпэўненасць характэрная для элітных брамнікаў. Вельмі нагадвае мне Кэры Прайса да таго, як яго задрафтавалі ў НХЛ», – піша аглядальнік Арлен Данцыгер.

Заўзятары могуць парадавацца за «Дынама», якое атрымала правы на такога галкіпера. Але нюанс у тым, што, калі без траўмаў і форс-мажораў, у КХЛ ён даедзе гадоў праз 10 – а можа, і ўвогуле не даедзе.

Фактычна Сушко-бацька аддаў Сушко-сына ў маскоўскае «Дынама» бясплатна. Ад гэтай угоды Сушко-сын атрымаў магчымасць прыйсці на добры кантракт (ажно ў топе ўсёй КХЛ), гуляць на высокім узроўні ў топ-клубе, пазмагацца за трафей. Сушко-бацька атрымаў гонар за сына. Мінскае «Дынама» не атрымала нічога.

Але, як высветлiлася, баланс Сушко ў «Дынама» павінен захоўвацца. Таму клуб падпісаў іншага сына гендырэктара. Можа, ён вельмі таленавіты?

24-гадовы абаронца Ілля Сушко калісьці лічыўся будучай зоркай. Ён нават быў капітанам моладзевай зборнай на чэмпіянаце свету-2017. Там гулялі Дзмітрый Дзярабін, Уладзіслаў Яроменка, Ігар Мартынаў, Дзмiтрый Буйнiцкi, Ягор Шаранговіч – калі вы сочыце за белхакеем, то дакладна ведаеце гэтыя iмёны. І вось побач з iмi капітанiў Ілля Сушко. Цiкава, што даў яму гэты статус галоўны трэнер той зборнай – добры таварыш Сушко-бацькi Юрый Файкоў. Ён давяраў Iллi настолькі, што паклікаў яго ў «Шахцёр», які ўзначаліў. Cушко выклікалі ў нацыянальную зборную, кар’ера шла ў гару.

Літаральна праз два гады Ілля Сушко апынуўся ў Брэсце. Ён не дацягваў да ўзроўня Экстралігі, казалi, што ў яго зашмат памылак, што губляе пазiцыю, што не хапае моцы. Ад яго адмовіўся Файкоў, што вельмі паказальна. У Гародні атрымалася ўсяго 16 гульняў ды 0+1. Падазраю, што трапіць у склад аўтсайдэра Экстралігі «Брэста» было няцяжка – бацька Іллі раней быў гендырэктарам клуба і захаваў там уплыў. Больш за тое, менавіта Сяргей Сушко прывёў у клуб галоўнага трэнера Андрэя Кавалёва, які выпускаў Сушко-сына на пляцоўку і трымаў яго на льду, негледзячы на вынікі.

Ці атрымалася ў Сушко-сына перазапусціць кар’еру? Мяркуючы па пераходзе ў «Дынама», для гэтага дастаткова 3+8 у 43 гульнях і невыхада у чвэрцьфінал плэй-оф.

Што ад гэтай угоды атрымаў Сушко-бацька? Магчымасць часцей бачыць сына і дапамагчы яму з прасоўваннем у кар’еры, якая моцна забуксавала.

Што ад гэтай угоды атрымаў Сушко-сын? У кулуарах кажуць, што Вудкрафт сам хацеў падпісаць Iллю. Ці то ён так выслугоўваецца перад гендырэктарам, ці то сапраўды лічыць, што сярэдні па ўзроўнi Экстралігі хакеіст можа ўзмацніць клуб КХЛ. Калі Сушко-сын застанецца ў «Дынама», ён атрымае заробак не менш за 50000 долараў за сезон (мінімум па лізе) і магчымасць калі-небудзь перабрацца на больш тлусты кантракт у іншы клуб КХЛ (калі скарыстаецца шансам) ці хаця б топ-клуб Экстралігі (калі не скарыстаецца). Але ці пацягне ўзровень КХЛ гулец, які не пацягнуў узровень першай паловы Экстралігі?

Калі ўсё ж Вудкрафт дашле яго ў фарм-клуб («Шахцёр» ці «Металург»), тады фарм атрымае бескаштоўнага гульца, бо заробак (мiнiмум 7,8 тысячы долараў за сезон) яму будзе плаціць «Дынама». Даволі зручна і для фарм-клуба, і для Сушко-бацькі, які знайшоў добрыя ўмовы, і для Сушко-сына, які вернецца ў топ-клуб ЧБ.

А што ад гэтай угоды атрымала «Дынама»? Толькі страты. Клуб будзе плаціць грошы сыну гендырэктара, нават калi ён увесь кантракт правядзе ў фарме.

А вам не падаецца гэтая схема з абодва сынамі Сушко дзіўнай? Вядома, я не незалежны суд – такіх у Беларусі цяпер няма, – каб выносіць прысуд і дакладна штосьці сцвярджаць. Але сітуацыя такая, што гендырэктар «Дынама» зрабіў выдатныя ўмовы для абодвух сыноў за кошт «Дынама». Няўжо навучыўся ад сябра Дзмiтрыя Баскава? Ён у «Дынама» пракручваў i нашмат больш прыбытковыя аферы.

За апошнія месяцы лік у серыі паміж беларускімі і расейскімі U-камандамі жахлiвы. Спачатку зборную U-20 вынеслі абодва саставы расійскай маладзёжкі, потым і зусім Расія U-18. Цяпер на чарговым расійскім турніры U-16 досвед зневажальных паразаў ад зборных Цэнтральнай федэральнай акругі і Прыволжскай федэральнай акругі атрымлівае зборная Беларускай федэральнай акругі.

Але заўзятары могуць парадавацца за таленавітую моладзь, якая прабіваецца ў клубы КХЛ – мінскае і маскоўскае «Дынама». І прозвішча тут ні пры чым.

У імя Сушко-бацькі, Сушко-сына і Сушко – святога духу. Амінь.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты