Трибуна

У беларусаў увосень усё ж такі будуць еўракубкі – але наўрад ці ў тых, хто жыве ў Беларусі. Даведаліся, што думаюць пра літоўскі футбол нашыя людзі ў Вільні (іх там тысячы)

У беларусаў увосень усё ж такі будуць еўракубкі – але наўрад ці ў тых, хто жыве ў Беларусі. Даведаліся, што думаюць пра літоўскі футбол нашыя людзі ў Вільні (іх там тысячы)

Клуб са старажытнага горада, які мае велізарнае значэнне для беларусаў і Беларусі, выйшаў у еўракубкавую восень. Але ёсць нюанс. Гэта «Жальгірыс» з Вільні здабыў перамогу над «Мальмё» – і за ёй нават назіраў прэзідэнт Літвы.

Як ходзіць на арэну нармалёвы прэзідэнт у Літве і як ходзіць Лукашэнка – проста шакавальная розніца. Тлумачыць чалавек, які глядзеў матчы з абодвума

Цяпер «Жальгірыс» будзе гуляць у 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў, а гэта значыць, што клуб ужо забяспечыны групавым этапам як мінімум у Лізе канферэнцый. Не магу сказаць, што ў Літве так ужо моцна любяць футбол, бо сярэдняя наведвальнасць тут каля 200-300 чалавек, але на еўракубкі ў Вільні прыходзяць тысячы. У тым ліку і беларусы.

Вільня – гэта горад, без якога немагчыма ўявіць беларускую гісторыю. Ледзьве не на кожным кроку тут можна пабачыць знакавыя для беларусаў месцы: тут жыў Кастусь Каліноўскі, тут працаваў Якуб Колас, тут месціліся рэдакцыя «Нашай Нівы» і першая беларуская гімназія. Горкая іронія ў тым, што гісторыя паўтараецца: цяпер у Вільні зноў ёсць і рэдакцыя «Нашай Нівы» (і іншых беларускіх медыя), і беларускія дзеячы культуры, і беларускія рэвалюцыянеры.

Вы не здзівіцеся, калі я скажу, што за апошнія два гады ў Вільні значна паболела беларусаў. Па перапісе насельніцтва Літвы, які адбыўся ў студзені 2021, у Вільні жыло 14 441 беларусаў (ва ўсім горадзе – 546 155 чалавек). Але пасля студзеня 2021 года шмат што змянілася.

Масавыя рэпрэсіі, катаванні, гвалт, адміністратыўныя і крымінальныя справы, якімі рэжым Лукашэнкі змагаецца супраць гісторыі і часу, сталі прычынай, па якой усё больш беларусаў пакідаюць краіну. Вільня – адзін з найпапулярнейшых напрамкаў.

З верасня 2020-га па жнівень 2021-га Літва выдала больш за 20 тысячаў нацыянальных візаў беларусам. Гэтыя дазволы на ўезд выдаваліся па гуманітарных падставах – то-бок не для турызму. Значная частка выехаўшых жыве цяпер у Літве. Акрамя таго, з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2022 па від на жыхарства ў Літве звярнуліся 10487 беларусаў, атрымалі на гэты момант 10 116 чалавек.

Наўрад ці я моцна памылюся, калі скажу, што сёння ў Вільні жыве каля 30 тысячаў беларусаў. І шмат для каго з іх еўракубкавая восень, якую прывёз «Жальгірыс», стане глыточкам свежага паветра ў свеце, які складаецца са штодзённага адсочвання навінаў пра рэпрэсіі, арышты і вайну ва Украіне.

Таму ў гэтым тэксце беларусы, якія былі змушаныя пераехаць у Вільню, расказваюць пра сваё стаўленне да літоўскага футбола, «Жальгірыса» і перспектываў беларускага футбола.

«Пакуль мы маем праверкі алкатэстэрам у клубах, поспехаў можна не чакаць»

Зміцер

– На гульнях «Жальгірыса» прыемна, усё лампава і вельмі спакойна. Паліцыя – гэта ўвогуле дзіўна пасля Беларусі. Яе амаль не заўважаеш, ніхто не чапляецца да цябе і адчуваеш сябе спакойна. Працуюць толькі сцюарды на ўваходзе. Нават калі нядаўна на трыбунах быў прэзідэнт Літвы, гэта было як на шараговай гульні. Калі б яго не ўбачылі на трыбунах і здымкі не разляцеліся па сетках, я нават не ведаў бы, што ён там быў. Другое – гэта людзі. Літва – невялікая краіна, але людзі ёсць на трыбунах. Ну і «Жальгірыс» даў жару, у Літве будзе еўрасезон, а ў Беларусі, падобна, не :). Здаецца, за квіткі будзе бітва!

На еўракубкі ў Беларусі, вядома, хадзіў. Першы матч быў БАТЭ – «Вільярэал» 4 кастрычніка 2007 года. Бываў на шматлікіх гульнях БАТЭ і «Дынама». Але, вядома, самая памятная для мяне як для скаўзера (актыўны заўзятар «Ліверпуля» – Tribuna.com) гэта «Гомель» – «Ліверпуль» 2 жніўня 2012 года. Там было ўсё – і начны пераезд у Гомель, і чаканне перад гасцініцай, дзе жылі футбалісты, і сама гульня, і дарога дадому. Амаль двое сутак без сну, але гэта было крута!

Што тычыцца перспектываў беларускіх клубаў у еўракубках, то гэта добрае пытанне да спадара Базанава. Хацелася б, каб пытанне мы ставілі ўжо не «калі мы будзем у групе еўракубкаў гуляць», а «калі мы будзем там гуляць больш-менш пастанна». Але, здаецца, гэта будзе не хутка. Тут я песімістычна гляджу на рэчы: пакуль мы маем праверкі алкатэстэрам у клубах, поспехаў можна не чакаць.

«Чэмпіянат Беларусі істотна мацнейшы за літоўскі. Уражанні ў мяне ад мясцовага чэмпіянату дэпрэсіўныя»

Ягор

– У Літве на футболе да эміграцыі я быў толькі аднойчы: на матчы зборных Літвы і Украіны. Асабліва мясцовым футболам не цікавіўся і вялікага інтарэсу ён у мяне не выклікае дагэтуль. Нягледзячы на лакальны поспех «Жальгірыса», упэўнены, што чэмпіянат Беларусі істотна мацнейшы за літоўскі. Уражанні ў мяне ад мясцовага чэмпіянату дэпрэсіўныя: на шараговыя матчы ў Вільні амаль ніхто не ходзіць. Магчыма, поспех «Жальгірыса» прыцягне ўвагу да праблемы футбола ў Літве. Але выхад у еўравосень – гэта не поспех літоўскага футбола, літоўцы ў клубе не граюць вялікай ролі.

Чым адрозніваецца мясцовы футбол ад нашага – у першую чаргу, адсутнасцю ўплыву дзяржавы на чэмпіянат і клубы. Не ўпэўнены, што федэрацыя футбола тут шукае клубам сродкі, каб яны імітавалі свой удзел у чэмпіянаце, а на ўмоўны мясакамбінат у Панявежысе могуць «навесіць» мясцовы футбольны клуб.

На еўракубкі хадзіць збіраюся чыста дзеля цікавасці. Заўзець буду за «Жальгірыс», вядома, але наўрад ці стану прыхільнікам гэтай каманды. У Беларусі часцей хадзіў на ўнутраны чэмпіянат, бо я не заўзею за клубы, якія гулялі і гуляюць у еўракубках, а клуб з майго горада ў іх ніколі не гуляў. Быў на матчах мінскага «Дынама» ў Мінску. Калі шчыра, не бачу сэнсу ездзіць на «Барысаў-Арэну», каб паставіць птушачку, што бачыў «Арсенал».

Калі браць сістэмны падыход, то ў найбліжэйшы час не бачу перспектываў вяртання беларускіх клубаў у еўракубкі. АБФФ не спрыяе развіццю футбола, грошай унутры краіны становіцца менш, у гульцоў матывацыі і падтрымкі няма, таму футбол і далей будзе дэградаваць. Але зноў можа з’явіцца новы Зайцаў, ці хтосьці іншы, хто створыць новую футбольную сілу. Магчыма, гэта могуць быць расіяне, якія будуць бачыць перспектывы ў Беларусі на фоне адхілення расійскіх клубаў. Але ў такія расклады я не веру. І не веру, што такі праект будзе мець дасягненні з улікам лімітаў у чэмпіянаце.

«Беларускія клубы ад пачатку выглядаюць крыху наканавана. Упэўнены, атмасфера ў краіне адбіваецца на футбалістах»

Зміцер Панкавец

– Літоўскія каманды на свае вочы бачыў два разы, але абодва выпадкі былі ў Беларусі. У 2011 годзе БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў сустракаўся з «Экранасам» з Панявежыса. Падрабязнасці той гульні сцерліся ў памяці ўжо, але асаблівых праблемаў, здаецца, барысаўцы тады не адчулі. Сябры ўгаворвалі з’ездзіць на выезд у Літву, але я не паехаў, потым расказвалі, што з імі ў аўтобусе ехаў каментатар Уладзімір Навіцкі. Сябры прасілі мэтра каментаваць матчы па-беларуску, ён пагаджаўся, ківаў, а потым зноў працаваў у эфіры па-руску. Другі матч запомніўся нават крыху лепей. Мінскае «Дынама» прымала каманду з прыгожай назвай «Круоя» (нават не ведаю, ці захаваўся гэты клуб у нейкай форме). Тады быў поўны разгром літоўцаў (5:0), а першыя галы за «Дынама» забіў зорны рускі легіянер Дзмітрый Сычоў. На гэтым мае сутыкненні з літоўскім футболам заканчваюцца.

У эміграцыі апроч «Жальгірыса», на жаль, яшчэ нідзе не быў. Хаця збіраўся наведаць гульні «Рытэрая», але неяк не атрымлівалася сумясціць. Ад матчаў на адбор Лігі чэмпіёнаў уражанні вельмі пазітыўныя. Але кажуць, што гэта ледзьве не адзіныя сустрэчы, дзе антураж гульняў адпаведны. У цэлым пакуль глыбока не пагружаўся ў вывучэнне літоўскага футбола, але за «Жальгірысам» на дадзены момант назіраць вельмі прыемна.

Увогуле нядаўна злавіў сябе на думцы, што Літва – магчыма, адзіная краіна ў свеце, дзе можна пачувацца «амаль як у Беларусі». Ні пра Польшчу, ні пра Украіну (нават да вайны) так сказаць нельга. Тое самае магу сказаць і пра футбол: амаль як у Беларусі. Дастаткова ўбогая нацыянальная зборная, стадыён ЛФФ нечым нагадвае крыху больш цывілізаваны «Трактар». Футбольнай ліхаманкі ў Літве таксама няма, як і ў Беларусі. На еўракубкі ў Вільні, натуральна, вельмі хачу хадзіць. Калі будзе атрымлівацца, то буду рады.

У Беларусі бываў на еўракубкавых гульнях у Барысаве (родны горад як-ніяк), Мінску, Жодзіне, Салігорску, Брэсце, Гродне. Кожны год імкнуўся наведаць як мага больш сустрэчаў – гэта заўсёды вельмі цікава, калі каманда з тваёй краіны супернічае з праціўнікамі з іншай. Канечне, сустрэча БАТЭ з «Ювентусам» – першая ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў – запомнілася надоўга. Немагчыма сцерці з успамінаў матчы з «Баварыяй», АЗ. Асобна стаіць сустрэча з «Дэбрэцэнам», калі Сяргей Крывец у кампенсаваны час прынёс перамогу БАТЭ. А яшчэ запомніў сустрэчу з кіеўскім «Дынама» пры мінус 18 градусах. З гульняў іншых камандаў добра ўрэзалася ў свядомасць перамога мінскага «Дынама» над аўстрыйскім «Рэд Булам». А таксама сустрэча «Шахцёра» і ПСВ.

Калі беларускія клубы зноў будуць у групе еўракубкаў? Не бачу сёння ў беларускіх клубаў нейкага жадання і матывацыі добра гуляць. Яны ад пачатку выглядаюць крыху наканавана і бездапаможна. Упэўнены, што агульная атмасфера ў краіне адбіваецца і на футбалістах, колькі б яны не рабілі выгляд, што знаходзяцца па-за палітыкай, і гэта ўвогуле не пра іх. Не выключаю, што цуд можа здарыцца ў любы год, але сістэмна, спадзяюся, беларускія клубы будуць трапляць у групы еўракубкаў ужо пасля таго, як краінай не будзе кіраваць Лукашэнка.

«Крыкі «Пуцін х##ло, ла-ла-ла-ла-ла ла-ла ла», якія чула з кватэры і прывялі мяне на матч»

Карына Салавей

– Была на гульні «Жальгірыс» – «Банга», калі «Жальгірыс» чакана перамог 2:1. Але я заўзела за «Бангу», бо амаль ніхто не прыехаў іх падтрымаць. Было шкада хлопцаў і экспрэсіўнага трэнера, які відавочна перажываў. Я – не спакушаная глядачка, каб паўнавартасна параўноўваць з іншымі краінамі, ды і тут я была не на самым «папулярным» матчы. Але памятаю такі ж «шараговы» матч у Мінску, тады гулялі «Крумкачы» – быў невялікі стадыён, але та-а-кая хваля падтрымкі і шмат пазітыўных крычалак, што я была вельмі ўражаная. Столькі год прайшло, а «Крум-ка-чы, разам зможам перамагчы-ы!», падобна, са мною цяпер назаўжды :)

Тут, у Вільні, таксама была сяброўская атмасфера, няхай і няшмат людзей. І ўкраінскія сцягі – літоўцы вельмі падтрымліваюць Украіну, гэта праяўляецца ва ўсім. Таму я хоць і не аматарка футбола ў поўным сэнсе, але калі ёсць настрой і добрая кампанія, то чаму б не схадзіць на еўракубкі?

Футбол чую рэгулярна досыць гучна, бо жыву зусім побач. Варта зазначыць, што гучныя бадзёрыя крыкі «Пуцін х##ло, ла-ла-ла-ла-ла ла-ла ла», якія я чула з кватэры, і прывялі мяне на матч. Цалкам падзяляю меркаванне фанатаў, захацелася таксама пакрычаць і выказаць салідарнасць з украінскім народам, адчуць атмасферу. Да матчаў і іх гучнасці стаўлюся цалкам нармальна, у мяне гэта выклікае ўсмешку і радасць за іншых. Сядзіш, працуеш, а тут далятаюць такія гукі, эмоцыі, людзі класна бавяць час. Мару, каб у Беларусь вярнуліся свабода, справядлівасць, закон і футбол, за які не сорамна.

Тэлеграм-канал аўтара | ціўцер | інстаграм

Фота: з асабістых архіваў Зміцера, Ягора, Зміцера і Карыны, Reuters, Delfi.

carpet
Дзякуй за артыкул і так, прыемна, што "Жальгірыс" згуляе ў группе, але я вось аб чым. Гэты архетып беларускага мігранта, які не разумее, як што працуе, але вельмі незадаволены тым, што не так, як у Беларусі — яго, калі ўсё скончыцца, трэба будзе асобна даследваць. "Магчыма, поспех «Жальгірыса» прыцягне ўвагу да праблемы футбола ў Літве" кажа нам Ягор, каб потым цешыцца тым, што літоўскія ўлады не прымушаюць прадпрыемствы фінансаваць футбол. Здавалася б, ты бачыш, як у Беларусі ўвесь футбол на ручным кіраванні і нічога добрага з гэтага не выходзіць, але збіраешся прыцягваць чыюсьці ўвагу да футбола літоўскага. Чыю? Навошта?
Ответить
1
khvnsk
ответил на комментарий пользователя carpet
Вельмі дзіўны ў вас каментар як для чалавека, які робіць выгляд, што шмат разумее: вы спачатку сцвярджаеце, а пасля задаеце пытанні. Вядома, акрамя як дзяржаве, на мясцовы футбол няма каму звярнуць увагу, сапраўды? Ні буйному бізнэсу, ні букмекерам, ні на худы канец аматарам спорту, якія па розных прычынах не ходзяць на стадыёны, ці той жа федэрацыі футбола (тое, што яна не залежыць ад дзяржавы можа быць для вас адкрыццём). Але ж, вядома, інакш як павесіць усё на ручное кіраванне, варыянтаў іншых няма, сапраўды? Ні працаваць над цэнавой палітыкай на білеты, каб зрабіць спорт даступнейшым, ні дзяўбаць клубы за стан стадыёнаў і медыйнасці, ні кантраляваць чэмпіянат, каб у ім было паменш мутных клубаў з дзясяткамі легіянераў дзіўнага гатунку, ні супрацоўнічаць з іншымі федэрацыямі над агульнымі праектамі.
Ответить
1
carpet
ответил на комментарий пользователя khvnsk
> Ні буйному бізнэсу буйному бізнэсу не трэба звяртаць увагу на праблемы футбола ў Літве. справа бізнэса ў данным выпадку вельмі простая — даеш грошы, атрымліваеш піяр. > ні букмекерам не разумею, чым букмекер павінен адрознівацца ад іншага бізнэсу. > ні на худы канец аматарам спорту, якія па розных прычынах не ходзяць на стадыёны аматар спорту абірае той стадыён, які яму цікавы. не ягоная справа вырашыць праблемы літоўскага футболу — калі футбол меньш прывабны, чым баскетбол — ён абірае кашальком і нагамі баскетбол, бо ён тут спажывае. > федэрацыі футбола (тое, што яна не залежыць ад дзяржавы можа быць для вас адкрыццём) можа для вас стане адкрыццём тое, што у ЛФФ няма мэты павялічыць наведвальнасць літоўскага чэмпіянату. мэта развіцця інфраструктуры, развіцця моладзі, павялічэння наведвальнасці сборнай — ёсць. мэты заставіць кагосьці хадзіць на шараговыя матчы ў Вільні — няма > Ні працаваць над цэнавой палітыкай на білеты, каб зрабіць спорт даступнейшым ручное кіраванне эканамічнай дзейнасцю клюбаў, якая прыгажосць > ні дзяўбаць клубы за стан стадыёнаў і медыйнасці калі стадыён належыць клюбу — гэта ягоная справа, у якім ён стане. галоўнае каб быў бяспечным > ні кантраляваць чэмпіянат, каб у ім было паменш мутных клубаў з дзясяткамі легіянераў дзіўнага гатунку якая прыгажосць (2). кожнаму клюбу па спортдырэктару ад ЛФФ > ні супрацоўнічаць з іншымі федэрацыямі над агульнымі праектамі якімі, напрыклад? якое супрацоўніцтва павялічыць наведвальнасць шараговых матчаў ў Вільні, замяніць літоўскія клюбы клюбамі АПЛ?
Ответить
-1
koulmann
Чуть ли не единственный интересный автор, который остался здесь. Интересные мнения конечно... Не знаю, вот никак не могу понять, откуда эти глубинные комплексы, уничижение себя и своей страны. Никак люди не могут начать "людзьмi звацца", чем-то гордиться и хотя бы как-то полагаться на объективность. Не сомневаюсь, что все опрошенные - настоящие патриоты и любят Беларусь. Но откуда вообще может возникнуть сравнение с литовского футбола с белорусским? Это как сравнивать наш баскет и литовский. Пара-тройка фактов: - Жальгирис играл с одним литовцем в составе, и тот вратарь. Вспомните состав БАТЭ, когда он выходил в группу ЛЧ. - У нас еще та грустная клоунада в федерации, но у литовцев ведь ещё похлеще. Идет разговор о прямом управлении УЕФА и тотальном аудите. - недавно пробитое 142 место в рейтинге. Это точно удачный ориентир для сравнения? Где-то рядом Коморы и Эсвантини. Слышали вообще про такие государственные образования? - Стадион ЛФФ, где играет Жальгирис и сборная, вряд ли попадёт в топ-10 белорусских стадионов. Без сомнения, Литва - очень спортивная страна, где на мировом уровне развиты баскет, современное пятиборье, велоспорт, шикарные традиции в метании диска (см. результаты ЧМ по легкой атлетике, привет Тихону, у литовцев две медали), даже в биатлоне, с полулюбительским уровнем Строля расположился в ОЗ не так далеко от мужа Алимбековой, в топ-25. Но, надо признать, футбол тут совсем плох. Поэтому давайте не будет обижать наш футбол, кем бы он сейчас не управлялся, ставя его на одну ступеньку с литовским.
Ответить
0
Спасибо за статью, Надо Литву присоединять к нам, все как было по истории. Как писал автор, писатели и многие другие деятели так сказать с Беларуси жили там. Требую обратно наших территорий Литву вернуть в Беларусь. Ещё раз спасибо автору за напоминание, что Литва наша страна.
Ответить
-5

Другие посты блога