Tribuna/Футбол/Блоги/Ваўка ногі кормяць/Кубак Салея vs Кубак караля Міндоўга: параўноўваем, як беларусы і літоўцы ўмеюць ладзіць са спорту шоу

Кубак Салея vs Кубак караля Міндоўга: параўноўваем, як беларусы і літоўцы ўмеюць ладзіць са спорту шоу

Баскетбол, які любяць людзі, і хакей, які любіць Лукашэнка.

Автор — Скай Волк
31 августа 2022, 13:09
Кубак Салея vs Кубак караля Міндоўга: параўноўваем, як беларусы і літоўцы ўмеюць ладзіць са спорту шоу

У Беларусі завяршыўся Кубак Салея – па сутнасці, Кубак Беларусі па хакеі. Чэмпіёнам нечакана стаў «Віцебск», прычым увесь розыгрыш быў сенсацыйным – у фінале чатырох не аказалася ніводнай каманды з топ-3 чэмпіяната, які завяршыўся вясной.

Беларускі кубак Салея – другі па значнасці турнір у галоўным для дзяржавы відзе спорту. У Літве такім з’яўляецца баскетбольны Кубак караля Міндоўга (так, ведаю, што нам больш звыкла называць яго князем, але літоўцы называюць яго каралём).

У Беларусі няма такой цікавасці да любога з відаў спорту, як у нашых суседзяў да «крапшыніса», але ёсць пэўныя падабенствы паміж літоўскім баскетболам і беларускім хакеем. Напрыклад, «Дынама» – гэта стабільна адна з самых наведвальных камандаў КХЛ (і рэгулярна ў топ-10 Еўропы), а ўліванні дзяржавы ў хакей параўнальныя з літоўскімі ўкладаннямі ў баскетбол.

Аднойчы ўжо даводзілася параўноўваць хакейныя арэны Беларусі і баскетбольныя арэны Літвы – у плане кошту вынік сапраўды быў не на карысць беларускага хакея.

А цяпер давайце параўнаем два фіналы чатырох.

Крыху гісторыі

Кубак караля Міндоўга быў рэарганізаваны з Кубка Літвы па баскетболе. У турнір дадалі фінал чатырох, які праходзіць на адной арэне, прычым сумясцілі яго з Матчам усіх зорак. У такім выглядзе турнір праходзіць з 2016 года.

Кубак Салея зʼявіўся ў 2002 годзе як Кубак Беларусі па хакеі. У 2013-м яго перайменавалі ў гонар капітана зборнай Беларусі Руслана Салея, які трагічна загінуў. Фармат турніра рэгулярна змяняецца – напрыклад, у 2019-2021 у Кубку ўдзельнічала «Дынама-Мінск», а ў 2022 ужо не.

Наколькі я ведаю, зʼяўленне фінала чатырох Кубка Салея з абавязковым удзелам «Дынама» стала працягам кулуарнай барацьбы Захарава і Баскава за ўладу ў беларускім хакеі. У лютым-сакавіку 2019 года «Дынама» і «Юнацтва», узмоцненае двумя пяцёркамі дзейнага чэмпіёна «Нёмана», правялі тры двубоі – яны неафіцыйна падаваліся як матчы за права гуляць у КХЛ. «Дынама», якое гуляла ў тры пяцёркі з моладдзю і нематываванымі легіянерамі, з цяжкасцю перамагло. Затое клуб тады выдатна патроліў Захарава.

Баскаў лічыў несправядлівым, што «Юнацтва», якое ўзмацнілася і было якраз на піку формы пад плэй-оф экстралігі, прыраўнялі да «Дынама», якое скончыла сезон, дзе хакеісты (асабліва легіянеры) шчыра не разумелі, навошта ім патрэбныя гэтыя матчы. Таму новы раўнд супрацьстаяння Баскава і Захарава вырашылі перанесці ў Кубак Салея. Праўда, у 2019 годзе «Дынама» правалілася, прайграўшы ў паўфінале «Дынама-Маладзечна», а ў матчы за бронзу – «Нёману» («Юнацтва» стала чэмпіёнам). У клубе сумна жартавалі, што задача на турнір усё роўна выкананая: «Дынама» не прайграла «Юнацтву».

У 2022 годзе супрацьстаяння Баскава і Захарава ўжо не існавала, а «Дынама», якое лёгка перамагло ў 2020 і 2021 гадах, у Кубку Салея ўдзелу ўжо не прымала. Так стала магчымай сенсацыя «Віцебска».

Геаграфія фіналаў і наведвальнасць

Мабыць, найважнейшая ўмова для высокай наведвальнасці пры правядзенні фінала чатырох – каб матчы праводзіліся на арэне адной з камандаў-удзельніц. Так і робяць у Літве, дзе фінал чатырох праводзіцца на пляцоўках «Жальгірыса», «Рытас», «Нептунаса» ці «Літкабеліса», якія выйшлі ў вырашальны раўнд. У 2022 годзе турнір прайшоў у Вільні – у сярэднім на матчы прыйшлі 6174 чалавекі (8378 на фінал, у якім не гулялі «Рытас» з Вільні).

З Кубкам Салея не ўсё так адназначна. Рэарганізацыю турніра заяўлялі ў тым ліку для павышэння цікавасці да хакея ў рэгіёнах – таму першым месцам фінала  чатырох была выбраная Орша. Было б лагічна адправіць мясцовы «Лакаматыў» адразу ў фінал чатырох, але ў ФХБ вырашылі дэлегаваць напрамую «Дынама» як прадстаўніка КХЛ і «Юнацтва» як чэмпіёна краіны. Магчыма, Захараў і Баскаў баяліся, што нейкі з клубаў не адбярэцца ў фінал, і матч не адбудзецца.

Але ён і без таго не адбыўся – у 2019 годзе «Дынама» заняло чацвёртае месца. Орша стала месцам трыумфу Міхаіла Захарава, які выйграў трафей і ўвагу Лукашэнкі. Праўда, калі казаць пра барацьбу жабы і гадзюкі, то атрымліваецца, што Баскаў прайграў бой, каб перамагчы ў вайне – бо пасля перамогі ў Кубку Захараў стаў трэнерам зборнай, з якой феерычна праваліўся на ЧС-2021.

А наведвальнасць у Оршы была нядрэнная: пры ёмістасці арэны ў 3500 гледачоў на «Дынама», «Юнацтва», «Нёман» і «Дынама-Маладзечна» прыходзілі глядзець у сярэднім 1596 гледачоў (2464 на фінал). Але. напэўна, яна магла быць вышэй, калі б гуляў «Лакаматыў» – на матчы сваёй каманды тады прыходзілі 1500-2000 чалавек.

У 2020 годзе фінал Кубка Салея праходзіў у Гомелі і сабраў у сярэднім 1450 чалавек – калі можна давяраць пратаколам, у якіх выстаўленыя 800, 2000, 1500 і 1500 заўзятараў. З пункту гледжання актыўнасці гледачоў больш за ўсё запомнілася, як на ўручэнні кубка асвісталі Баскава – да таго моманту ён ужо паспеў праславіцца як «той мужык з «Дынама», які жраў вадзяру з горла».

Вудкрафт у Гомель ехаў рэабілітавацца за ганьбу ў Оршы і правальны сезон, так што з матывацыяй праблем не было. «Дынама» без асаблівых цяжкасцяў забрала кубак – «Юнацтва» тады ўзначальваў ужо не Захараў, і асаблівай іскры ў дэрбі не было.

У 2021-м турнір правялі ў Мінску (у сярэднім 608 гледачоў, на фінале – 1648, на матчы за бронзу – 100). Не працуючы ў ФХБ, нельга ўпэўнена сцвярджаць пра прычыны, але падаецца, што справа ў банальнай ляноце – арганізацыя фінала на «Чыжоўцы» не патрабуе асаблівых выдаткаў і рэсурсаў. Тым больш, што сваю «палітычную» місію ў супрацьстаянні Баскава і Захарава турнір даўно ўжо адыграў.

Фінал Кубка Салея, які толькі скончыўся, праводзілі ў Гродне, дзе ў сярэднім збіралі 760 гледачоў. На фінал паміж «Віцебскам» і «Гомелем» прыйшлі 400 чалавек, на паўфінал «Віцебск» – «Брэст» і зусім 115. На паўфінал «Нёмана», які гуляў дома, выбраліся 1575 чалавек, на матч за бронзу – 950. Арэна ў Гродне (умяшчае 2600 чалавек) за ўвесь фінал чатырох так і не ўбачыла аншлага.

Удзельнікі

Фінал чатырох што ў Літве і фінал чатырох у Беларусі падобны тым, што ёсць адна звышдамінантная каманда. У Беларусі гэта мінскае «Дынама», якое знаходзіцца ў КХЛ нібыта над нацыянальным чэмпіянатам – і таму не перасякаецца з беларускімі клубамі. У Літве гэта «Жальгірыс», які гуляе ў чэмпіянаце Літвы і дамінуе ў ім: 27 фіналаў з 28 магчымых і 22 чэмпіёнствы.

Мінскае «Дынама» ў чэмпіянаце Беларусі не ўдзельнічае, але па сваім складзе і бюджэце выглядае на тры галавы вышэй за любую каманду Экстралігі. Што і было даказана ў 2020 і 2021 гадах. Нічога дзіўнага, што заўзятары ўсіх астатніх камандаў аб’ядноўваюцца падчас матчаў супраць «Дынама»/«Жальгірыса».

Розніца ў тым, што «Жальгірыс» у фінал чатырох адбіраецца па спартыўным прынцыпе, у той час як «Дынама» атрымлівала месца проста па факце свайго існавання. Роўна як і страціла: клубу надакучыла збіваць «немаўлят» – і зараз замест Кубка Салея «Дынама» ганяе таварнякі з клубамі КХЛ.

Атмасфера

Атмасфера і ў Літве, і ў Беларусі аднолькавая – 78% азоту, 21% кіслароду. А калі без жартаў, то фінал чатырох як мерапрыемства мяжуе з выставачнымі матчамі. Таму з яго заўжды імкнуцца зрабіць прыгожае шоу. Напрыклад, у фінале чатырох Кубка Салея ў 2019 годзе за шоу адказвалі спецыялісты з мінскага «Дынама» – яны ж займаюцца перадматчавым шоу на «Мінск-Арэне».

У літоўцаў арганізацыя таксама вельмі сурʼёзная: проста паглядзіце, як паказвалі склады каманд перад пачаткам гульні. Дарэчы, у гэтым жа відэа вы можаце ацаніць і тое, як 8 тысяч чалавек у адзін голас спяваюць гімн Літвы.

Яшчэ адзін цікавы момант: у літоўскім баскетболе актыўна практыкуюць выхады гульцоў на пляцоўку пад залп агню ледзьве не да столі. Памятаю, як у «Дынама» на першы матч сезона-2019/20 таксама хацелі выкарыстоўваць такія гарэлкі, але ж забараніў МНС – міністэрства надзвычайнага зняцця сцягоў лічыць, што гэта вельмі небяспечна.

У Вільнюсе на фінале чатырох Кубка Міндоўга трыбуны былі падсветленыя сінім не толькі падчас перадматчавага шоу, але і на працягу ўсіх гульняў. Выглядала вельмі прыгожа як у трансляцыі, так і ўжывую. Сіні не зʼяўляецца клубным колерам ніводнай з каманд-удзельніц, таму спрэчак не было.

Але антураж на матчах моцна адрозніваецца. Гродна заўсёды быў самым хакейным горадам з фантастычнай атмасферай на матчах «Нёмана». У 2020 годзе ўсё змянілася – гледачы і фан-сектар адвярнуліся ад каманды, якая падтрымала рэжым, гвалт і рэпрэсіі. Хакеіст «Нёмана» Арцём Кіслы ў інтэрвʼю «Прэсболу» распавядаў, як некалькі гадоў таму каманда збірала аншлаг за аншлагам. «Хацелася б вярнуць тую атмасферу», кажа падпісант праўладнага ліста, які не бачыць прамой сувязі паміж наведвальнасцю і сваім подпісам за гвалт.

Матч усіх зорак

У Літве фінал нацыянальнага Кубка сумясцілі з матчам зорак. Паміж гульнёй за бронзу і фіналам на арэне праходзіць спаборніцтва трохачковых кідкоў – ад кожнага клуба чэмпіяната выбіраюць па адным баскетбалісце. Плюс у спаборніцтве ўдзельнічае амбасадар лігі – гэта, як правіла, медыйная асоба, якая не гуляе ў баскетбол на прафесійным узроўні. Пераможца конкурсу снайпераў атрымлівае сімвалічныя 3333 еўра.

У фінале чатырох Кубка Салея такіх конкурсаў няма. Ды і матчу зорак у беларускім хакеі няма. А ў далёкіх нулявых ён быў – апошні прайшоў у 2008 годзе ў Наваполацку. І гэта было весела! Напрыклад, зорная керамінаўская тройка Чупрыс, Круцікаў, Мялешка ў духу глянцавых селебрыці прыкацілі да арэны на лімузіне.

У 2019-2020 гадах пагаворвалі пра тое, што матч зорак беларускага хакея могуць вярнуць, але далей за размовы справа не пайшла.

Прызавы фонд

У 2016 годзе прызавы фонд склаў беспрэцэдэнтныя для Літвы 100 тысячаў еўра. У 2022-м чэмпіён атрымаў 40 тысячаў еўра, срэбны прызёр – 25 тысячаў, а бронзавы – 15 тысячаў еўра. Грошы ў маштабах клубаў невялікія: для «Жальгірыса» 40 тысячаў еўра – гэта ўсяго 0,5% клубнага бюджэту за год. Аднак прызавы фонд усё ж такі ёсць.

Прызавы фонд Кубка Салея – медалі і граматы. Прынамсі, пра фінансавую ўзнагароду я нічога не ведаю. Пра гэта не пішуць ні на сайце федэрацыі хакея, ні клубы-пераможцы. Магчыма, федэрацыя зыходзіла якраз з той логікі, што ўмоўныя 50 тысячаў еўра для менскага «Дынама» – капейкі. І, у адрозненне ад прызавога фонда ў Літве, які выдзяляецца прыватнымі спонсарамі, у Беларусі гэта будзе перакладанне бюджэтных грошай з адной кішэні ў іншую.

Высновы

Нізкая наведвальнасць, неспартыўны прынцып удзелу некаторых камандаў у фінале чатырох (акрамя 2022 года), адсутнасць прызавога фонда, адсутнасць забавы для заўзятараў, цікавасць да віду спорту ў цэлым невысокая і далей паніжаецца – гэта Кубак Салея.

Літоўскі турнір без асаблівых праблемаў выйграе параўнанне ў беларускага. Таму што ў таталітарным грамадстве не надта хочацца весяліцца на дзяржаўных «святах»: камусьці прынцыпова не да весялосці, хтосьці заняты выжываннем, хтосьці хоча трымацца далей ад усяго, што асацыюецца з дзяржавай.

А хакей у большасці па-ранейшаму асацыюецца з гвалтам, баязлівасцю і здрадай. Хакеісты больш не героі, на іх не глядзяць з павагай, імі не ганарацца. Дадамо да гэтага забітую лыкашызмам эканоміку, пры якой людзі не жывуць, а выжываюць. Тут не да таго, каб патраціць 20-30 рублёў і схадзіць усёй сям’ёй на «хакейнае свята». Вось чаму любыя спробы арганізаваць яго правальныя ад самага пачатку.

2020 год паказаў – «трус играет в хоккей». З таго часу нічога не змянілася.

Фота: hockey.by, pressball.by, hcdinamo.by, zalgiris.lt, аўтара

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты