«Стаяла пытанне, ці змагу застацца ў спорце». У кар’еры Гуркова – пераломны момант
5 жніўня Віталь правядзе незвычайны бой.
5 жніўня Віталь правядзе незвычайны бой.
Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў перастаў радаваць спартовымі поспехамі з мінулага лістапада. Апошняе яго гучнае дасягненне – пояс чэмпіёна свету ў версіі Kunlun Fight (кітайскі прамоўшн, адзін з самых топавых на планеце).
Чэмпіянат свету ў Мексіцы Гуркоў прапусціў, нейкіх гучных прафесійных баёў апошнім часам не праводзіў. Што здарылася?
– Я адабраўся на чэмпіянат свету, але не паехаў. Нечакана вылезла траўма, – баец пагаджаецца паказаць праблемную вобласць на торсе. Гэта выглядае страшнавата.
– Што за траўма?
– Пасля чэмпіянату Беларусі без якой-небудзь на тое прычыны ад грудзей пачало страляць у шыю, плячо, пад лапатку. Спачатку меркавалася, што здарыўся пералом храшча. Але да канца разабрацца не маглі нават свяцілы медыцыны. Рабілася МРТ усяго цела – ад пятак да галавы. Ішла размова пра аперацыю. Увогуле стаяла пытанне, ці змагу я працягваць займацца спортам. Знакаміты беларускі траўматолаг Валерый Бялан вобразна сказаў, што ступіца падшыпніка ад “Фальксвагена” да поўнай замены праходзіць 90 тысяч кіламетраў. Я ж цягам сваёй кар’еры праехаў нашмат далей, і памяняць нічога нельга. Траўма назапашвалася цягам доўгіх гадоў маёй спартовай дзейнасці.
– Ці рабілі аперацыю?
– Па-першае, такую аперацыю не робяць у Беларусі. Мяне адправілі да рэўматолагаў, праблема не вырашаная дагэтуль, ад аперацыі адмовіліся. Я быў двойчы на прыёме ў “двойцы”, прапанавалі ўкалоць “Дзіпраспан”. Я стаю на жорсткім кантролі WADA. Хоць перыартыкулярнае ўвядзенне гэтага прэпарату не з’яўляецца забароненым, мне выдалі даведку пра тэрапеўтычнае ўжыванне. У хуткім часе пачаў трэніравацца. Па вялікім рахунку ў мяне былі два тыдні, каб падрыхтавацца да чэмпіянату Еўропы. Падрыхтаваўся, як мог…
“На чэмпіянаце Еўропы рабіў тое, чаго не рабіў да гэтага ніколі”
Чэмпіянат Еўропы IFMA па муай-тай праходзіў у пачатку ліпеня. Віталь Гуркоў дайшоў да паўфінала, дзе перамог чэмпіёна свету-2017 Івана Грыгор’ева. А ў фінале прайграў па ачках крутому французскаму прафесіяналу Джымі В’ено.
– Раней ты браў тым, што ідэальна падводзіўся да стартаў. Але два тыдні – гэта несур’ёзна для падрыхтоўкі з нуля.
– Засумаваў па рынгу. Мне гэта было патрэбна, каб маральна ачысціцца. Да таго ж, я павінен быў пацвердзіць сваё месца ў нацыянальнай зборнай.
– Які твой заробак у зборнай?
– Нармальны.
– Гэта колькі?
– Каля 1500 рублёў. Зарплата плюс стыпендыя.
– Чэмпіянат Еўропы часам называюць турнірам дублёраў. Ці ведаў, што ў Прагу прыедуць такія бонзы, як Грыгор’еў і В’ено?
– Даведаўся за тыдзень да старту, калі з’явіліся афіцыйныя спісы ўдзельнікаў. Атрымалася, што на чэмпіянаце свету (завяршыўся ў Канкуне 19 траўня – Tribuna.com) мая вагавая катэгорыя была значна больш слабай, чым на чэмпіянаце Еўропы. Не кожны стаў адпраўляць каманду ў Мексіку. Далёка і дорага. А на Еўропу ў Прагу ў маёй вагавой прыехалі першыя нумары.
– Дык ці варта было ўдзельнічаць, рызыкаваць?
– Спорт – вялікая частка майго жыцця на дадзены момант. Я на сваім месцы, працую на сваёй рабоце. Чэмпіянат Еўропы быў незвычайным досведам. Я рабіў тое, чаго не рабіў да гэтага ніколі. Стаў у стойку леўшуна, каб праблемныя суставы атрымлівалі менш нагрузкі. У такой стойцы правёў тры баі. Спачатку план спрацоўваў. А ў фінале стойка згуляла мне дрэнную службу. Сапернік (Джымі В’ено – рэд) – таксама ляўшун. Яму было зручна біць па маёй пярэдняй правай. У першым раўндзе я прапусціў тры моцныя, балючыя лоў-кікі. Утварылася гематома, якая перашкодзіла нармальна перасоўвацца па рынгу. Але змагаўся, як мог. Улічваючы кантэкст, я задаволены вынікам. Прыехаў з чэмпіянату ў Мінск, мне паспяхова адкачалі гематому. Стан траўмаў не пагоршыўся. Таксама, паводле маіх дадзеных, калі б не маё стрэбра, то не было б трэцяга агульнакаманднага месца для зборнай. На мой медаль мы і абышлі французаў.
Гуркоў пра свой наступны, нелагічны бой: “Таму што гэта маё жыццё. Я заўжды рызыкую”
Наступны прафесійны бой Гуркова адбудзецца 5 жніўня на шоу ACB KB-16 у Пскове. Сапернік – вядомы бразілец Джонатан Алівейра. Таксама на турніры выступіць беларус Дзмітрый Варац (выйдзе супраць нідэрландца Дам’яна Ёхансана) і Аляксей Блізнёў, які, аказваецца, змяніў беларускі сцяг на расійскі.
Атрымліваецца, часу на падрыхтоўку ў Гуркова зноў мала. Прафесійны кікбоксінг – не самы моцны бок нашага байца, бо тут нельга клінчаваць. Джонатан Алівейра цяжэйшы, перабіўся з наймацнейшымі кікбаксёрамі свету, у яго “каменная” галава. У бразільца ўсё ў парадку таксама з цярплівасцю і хуткасцю. На думку некаторых, яго ўдар рукой мацнейшы, чым у Гуркова.
– Дык навошта ты зноўку рызыкуеш?
– Таму што гэта маё жыццё. Я заўжды рызыкую. Правілы кікбоксінга мне не падыходзяць? А мне гэта цікава.
– Але ж бой адбудзецца ў іншай вагавой катэгорыі.
– Сапраўды 77 кг – не мая вагавая. Звычайна хлопцы скідваюць сюды з 85 кг. Але такія правілы гульні. 75 кг у ACB KB няма. Спусціцца ў 70 кг я не змагу.
– Ці ўдаецца табе сёння праводзіць паўнавартасны трэніровачны лагер?
– Зрабіў вялікія аб’ёмы працы і ў парах, і на лапах. Трэнер Дзмітрый Пясецкі падрыхтаваў для мяне план заняткаў. Праўда, сам ён цяпер на зборах у Балгарыі, рыхтуе да баёў Аляксея Ігнашова, Пятра Раманкевіча і Забіта Самедава. Трэніравацца ў Мінску мне дапамагаюць Анатоль Іванавіч Ліс, які супрацоўнічаў са мной шмат гадоў таму. А таксама Канстанцін Міхайлавіч Маханькоў дапамагае зрабіць падводку цягам апошняга тыдня. Важна не перапрацаваць. Спрыяюць і хлопцы. Дзіма Валент (шматразовы чэмпіён свету і Еўропы па муай-тай, – рэд.) добра ведае саперніка, характар яго двубояў. Малады трэнер Руслан Пнеўскі трымае мяне на лапах і стаіць са мной у парах. Я думаю, што ўсё добра.
Пра дэбютна тэлебачанні: “Схадзіў перад гэтым тры разы на курсы размоўнай англійскай мовы”
Насамрэч на зборы ў Балгарыю Гуркоў не паехаў яшчэ і таму, што дэбютаваў на тэлебачанні ў якасці тэлекаментатара.
– Гэта быў турнін ACB KB-16 у Румыніі. Падзея адбывалася праз тыдзень пасля чэмпіянату Еўропы. Мы працавалі для тэлеканала Kombat Sport. Побач са мной быў прафесійны каментатар з Англіі Дэні Кендрык. Я рыхтаваўся да гэтай падзеі з хваляваннем. Перад вылетам у Румынію схадзіў тры разы на курсы размоўнай англійскай мовы ў Мінску. Курсы вядуць два амерыканцы, не ведаю, што яны тут забыліся. Сядзіш у групе вучняў, цябе падключаюць да гутаркі. Цікава для ўласнага развіцця. На чэмпіянаце Еўропе я таксама імкнуўся больш гутарыць з замежнікамі. Да мяне напарнікам Кендрыка на каментатарскай пазіцыі быў Альберт Краус – першы чэмпіён К-1. Людзі з арганізацыі мяне адразу супакоілі: “Альберт па-англійску ўвогуле размаўляе рэдка, пераважна маўчыць, таму не хвалюйся, горш не будзе”. А напрыканцы сказалі, што ў мяне быў класны дэбют. Дарэчы, у каментаванні мне дапамог апошні гастрольны тур гурта “Ляпіс Трубяцкі” ў 2014-м.
– Чым гэта?
– Я шмат ездзіў разам з гуртом. Падчас перасоўвання па розных гарадах гуляў на смартфоне у бокс. Гульню вельмі эмацыйна суправаджаў электронны каментатар: “Boom! Incredible combination! He is in trouble! Amazing fight!” Я вырашыў скарыстаць гэты досвед у Румыніі. Імкнуўся перадаваць эмоцыі падчас каментавання. Досвед удзелу ў музычным калектыве саслужыў мне яшчэ адну добрую службу. На каментатарскай пазіцыі былі вельмі дрэнна наладжаныя мікрафоны. Інтэршум быў загучны, саміх сябе не чулі. Тэхпадтрымка ўсё не прыходзіла, у Румыніі таксама не многія валодаюць англійскай. Перада мной быў пульт. Я сам пападкручваў узроўні і выправіў сітуацыю.
– Ці будзеш працягваць музычную кар’еру ў Brutto? Даўно не было відэа з тваім удзелам.
– Так. Па меры паступлення задач. 25 жніўня вазьму ўдзел у фестывалі “Навальніца”. Раней Brutto пабывала ў шэрагу буйных тураў. А зараз рабяты гастралююць па іншых праектах. Плюс Сяргей (Михалок, – Рэд.) робіць новы сольны праект, дзе стыль кардынальна зменіцца. Мне здаецца, выйдзе класна. А па Brutto патрэбна новая праграма, новы альбом. Патрэбна стваральная паўза для чагосьці новага. Усё ідзе па плане.
–У СМІ часта з’яўляюцца фота, на якіх ты – разам з Меліцінай Станютай. Але нідзе не было напісана, ці вы сустракаецеся…
–Насамрэч я стаміўся адказваць на гэта пытанне. Няўжо тут нешта не зразумела!
“Стаўку робяць на тую ж савецкую сітэму: вялікая дзяржава, нехта праб’ецца. Першы шэраг расстралялі – другі падышоў”
Першы трэнер Віталя Гуркова – легендарны беларускі баец Дзмітрый Пясецкі. За 20 гадоў супрацы ў тандэма былі розныя часы. Гуркоў паралельна супрацоўнічаў з іншымі спецыялістамі, але працягваў займацца і ў свайго галоўнага трэнера. У ліпені па сацсетках прайшла інфармацыя, што клуб Дзмітрыя Пясецкага “Патрыёт” – на мяжы знікнення. Сутнасць канфлікту ў тым, што трэнер паспрабаваў ўзяць у арэнду і абсталяваць новую вялікую залу на вуліцы Ляшчынскага ў Мінску. У самы важны момант адкалоўся інвестар. Чыноўнікі з Фрунзенскага раёна не сталі ўваходзіць у становішча, пачалі выганяць байцоў з новай залы і ўключылі лічыльнік…
– Напэўна, лепш пра гэта казаць тым, хто кампетэнтны. Зала, якая ў нас цяпер ёсць, – у падвале. Там сыра, непрыкольна. Паціху нешта зрабілі – столь, насціл. А вось з дргуім памяшканнем сумная гісторыя…
– Калі спартовую кар’еру пачыналі юныя Віталь Гуркоў, Андрэй Кулебін, Аляксей Ігнашоў, Дзмітрый Шакута, то адразу было зразумела, што ўсе пералічаныя – патэнцыйныя зоркі.
– Наконт сябе я б так не сказаў…
– Ты стаў чэмпіёнам свету сярод дарослых ва ўзросце 16 гадоў. Сёння такіх байцоў у Беларусі больш няма. Што адбываецца з нашым муай-тай?
– У свеце від спорту імкліва развіваецца, клас сапернікаў расце. Спаборніцтваў – мноства, выдзеліцца складана. Не хачу нікому нічога даказваць, але сярод усіх байцоўскіх відаў спорту муай-тай – адзін з самых папулярных. Больш касавы, чым некаторыя алімпійскія віды. У той жа час, свет і жыццё робяцца ўсё больш разнастайнымі, вельмі шмат спакусаў. І вось паўстае важнае пытанне: што можа заматываваць беларускага падлетка, каб той займаўся гэтым балючым, цяжкім, небяспечным відам спорту?
– Грошы, перспектывы, рамантыка…
– Рамантыка – гэта для рамантычных. Бабло, аўтарытэт і сацыяльныя ліфты – вось што можа ўтрымаць сучаснага беларускага падлетка. Але ці робішся ты ў Беларусі аўтарытэтам, калі выйграеш чэмпіянат свету? Не. Хто сёння аўтарытэт? Той, у каго апошні Хbox, апошні айфон, дарагое аўто, грошы... Часам на чэмпіянаце Беларусі адбаксіруеш і не ведаеш, як на крэсла сесці, каб ногі не балелі. Ляжыш і думаеш – а нахалеру гэта? Таму трэба быць выдраным з асяроддзя, трэба быць фанатам, каб прафесійна займацца гэтым у Беларусі. Ды што муай-тай! Я ўцэлым цяпер кажу пра прафесійны спорт.
– Як даць нашаму спорту новы штуршок і спыніць рэгрэсію?
– Не ведаю, я не займаюся падрыхтоўкай прафесійных спартоўцаў. Магу толькі дзяліцца меркаваннямі. У часы майго юнацтва таленты нараджаліся ў мясарубцы. І сёння, мне здаецца, стаўку робяць на тую ж савецкую сітэму: вялікая дзяржава, нехта – ды праб’ецца. Першы шэраг расстралялі – другі падышоў. Хоць вельмі многіх траўмаў, што здараюцца з-за перагрузу, можна было б і пазбегнуць. А для гэтага апроч прафесійных вузкаспецыялізаваных заняткаў у спартсмена павінна быць якасная лячэбная фізкультра, узнаўленчая работа, каб цягам спартовай дзейнасці цела не руйнавалася. Нельга выціскаць сокі да апошняга. Чалавечыя запчасткі – гэта не ступіца падшыпніка ад “Фальксвагена”, табе нічога не заменяць.
– Не аднойчы чуў ад зорак беларускага спорту, што на паперы ў нас ёсць і псіхолагі, і лекары-рэабілітолагі, але на справе прафесійных спецыялістаў мала…
– Вялікае ўпушчэнне, што ў нас не хапае важных спецыялістаў – спартовых псіхолагаў, масажыстаў і многіх іншых. Што тычыцца дзіцяча-юнацкага спорту, тут таленавітыя і прафесійныя псіхолагі павінны праводзіць селекцыю. Важна, каб працаваў маркетынг: паказаць дзіцяці гэты від спорту, заманіць яго, зацікавіць, даць матывацыю на кожным этапе.. І гэта – вялікая праца. Лічу, што падыходы трэба мяняць. Мы не Кітай, у нас няма мільёна спартменаў, каб дарэшты выціскаць з чалавека ўсе сокі. Хоць нават у Кітаі так ужо не робяць. Беларусь – не такая ўжо і вялікая краіна. А тых, хто жадае займацца прафесійным спортам, мала. У нас ёсць, скажам, дзясятак спартсменаў, і да іх павінен быць прафесійны падыход. Іх трэба цаніць, пісьменна весці па дыстанцыі.
– З нагоды траўмы, ці задумваешся пра сваю будучыню без спорту?
– Як бы не склалася жыццё, па-любому я хачу быць каля спорту. У хуткім часе я адкрыю сваю залу – маленькую, утульную, у добрым месцы. Гэта заканамернае развіццё кар’еры прафесійнага спартсмена. Не зараз, але ў будучыні хацелася б працаваць з дзецьмі. Перадаваць свой жыццёвы і прафесійны досвед, натхняць і запальваць сэцры да дзеяння. Калі ты верыш, ты можаш зрабіць усё. Можаш стаць рок-музыкам і адначасова баксіраваць. І не трэба для гэтага нікуды з’язджаць. Хочаш стаць крутым спартсменам? Калі ласка. Няма межаў. Ёсць праца, ёсць мэта. Час усё расставіць па месцах. Даецца кожнаму па працы яго.
Загалоўнае фота – Павел Шардыка