Tribuna/Бокс/Блоги/Факт_Спорт/Беларускі баксёр паб’ецца за пояс чэмпіёна са шведскім літаратарам

Беларускі баксёр паб’ецца за пояс чэмпіёна са шведскім літаратарам

27 кастрычніка Іван Баранчык і Энтані Ігіт аспрэчаць сусветны тытул IBF

Блог — Факт_Спорт
Автор — Jauhien Valoshyn
24 сентября 2018, 17:00
Беларускі баксёр паб’ецца за пояс чэмпіёна са шведскім літаратарам

Арганізатары Сусветнай баксёрскай суперсерыі абвясцілі дату і месца чэмпіёнскага боя ў першай паўсярэдняй вазе (63,5 кг). Баранчык і Ігіт сустрэнуцца 27 кастрычніка ў Новым Арлеане (ЗША). Пераможца атрымае паўнавартасны пояс чэмпіёна свету аднаго з самых аўтарытэтных прамоўшнаў – IBF.

Байцы ўжо сустрэліся твар у твар на піяр-івэнце ў Маскве. Варажнечы не здарылася. Абодва выклалі у сацсеткі картку свайго сумеснага сняданку ў маскоўскім гатэлі. Ігіт падпісаў яе так: “Спачатку мы святкуем, потым б’емся”

Іван Баранчык рыхтуецца да чэмпіёнскага бою ў Маямі, пад кіраўніцтвам у знакамітага кубінскага трэнера Пэдра Дзіаса.

Беларускі баксёр, якога амерыканскія эксперты параўноўваюць з легендарным Артура Гаці, у інтэрв’ю “Трыбуне” выказаўся, што не бачыць перад сабой аўтарытэтаў і “абавязкова выйграе ў Ігіта”.

Шведскі баксёр рыхтуецца да бою ў Стакгольме ў Hammarby Boxing Club. Ён пачынаў з кікбоксінга, мае добры алімпійскі досвед у боксе: быў прызёрам чэмпіяната свету-2011 і баксіраваў на Гульнях-2012. Але яшчэ больш удала Энтані праяўляе сябе на прафесійным рынгу. У 22 паядынках ён перамог 21 раз. Толькі адзін з ранніх баёў быў нічыйным. Накаўцёрам шведа не назавеш, але перабаксіраваць яго вельмі няпроста.  

Ігіт – добразычлівы хлопец (зрэшты, як і Іван Баранчык), не ўхіляецца ад кантактаў са СМІ. Паралельна з прафесійнай баксёрскай кар’ерай сам трэніруе.

– Я люблю працаваць з юнымі баксёрамі. Мне падабаецца камунікаваць з людзьмі, якіх я натхняю. Бокс даў мне магчымасць шмат вандраваць. Дарэчы, і ў Мінску я аднойчы пабываў. Людзі мне падаліся вельмі дружалюбнымі, – кажа Энтані Ігіт у гутарцы з  “Трыбунай”.

–Ці ёсць у вашым жыцці нешта апроч бокса?

–Я люблю бавіць вольны час з сям’ёй. А яшчэ шмат чытаю і сам ствараю паэзію і пішу артыкулы ў часопіс. Калі-небудзь я спадзяюся напісаць кнігу. Як жыхар Швецыі я, канешне, ведаю пра Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч. Сам яе не чытаў, але чуў пра яе кнігу пра вайну ў Афганістане (“Цынкавыя хлопчыкі, – Рэд.”).  

–Ваш будучы сапернік Іван Баранчык вельмі дужы, з магутным ударам. Што вы можаце супрацьпаставіць яму?

–Так, ён вельмі дужы, але часам бывае нецярплівым. Каб разлічваць на перамогу, я павінен баксіраваць з ім у разумнай манеры. Увогуле ён ветлівы хлопец, я яго паважаю. Але паспрабую зрабіць усё магчымае для перамогі.

Пераможца боя Баранчык-Ігіт не толькі надзене на сябе пояс чэмпіёна свету IBF, але і выйдзе ў паўфінал Сусветнай баксёрскай суперсерыі. Нагадаем, што ў гэтым турніры ўдзельнічае восем самых моцных баксёраў планеты ў першай сярэдняй вазе. Пераможца атрымае “Трафей Махамеда Алі” і стане абсалютным чэммпіёнам свету, атрымае ўсе паясы па ўсіх чатырох прэстыжных версіях. Цікава, што ў васьмёрку найлепшых уключаны яшчэ адзін беларус – чсэмпіён свету WBA Кірыл Рэліх.