Tribuna/Футбол/Блоги/Футбольное поле/10 эпічных рэкордаў, якія адбыліся на ЧС-2022

10 эпічных рэкордаў, якія адбыліся на ЧС-2022

Крутыя дасягненні Месі, Раналду, Льёрыса і іншых.

19 декабря 2022, 15:45
1
10 эпічных рэкордаў, якія адбыліся на ЧС-2022

У гэтым уся магія і асаблівасць відовішча пад назвай чэмпіянат свету па футболе. На галоўным турніры планеты абсалютна любы – незалежна ад узроўню і статусу – можа ўпісаць сваё імя ў гісторыю. Як, напрыклад, Алег Саленка і яго да гэтага часу непераўзыдзеныя пяць мячоў у адным матчы ЧС.

ЧС-2022 у Катары не стаў выключэннем. На турніры адбылося нямала гістарычных дасягненняў, некаторыя з якіх раней трымаліся дзясяткі гадоў.

Мы сабралі найсакавіцейшыя з іх, але з адной умовай. У спіс увайшлі толькі тыя, пабіць якія можна толькі на чэмпіянатах свету. Такім чынам, напрыклад, поспех Аліўе Жыру, які ў Катары стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі Францыі, сюды не патрапіў. Хоць гэта было прыгожа, але такога можна дабіцца, нават ні разу не згуляўшы на ЧС.

Топ-5 камандных рэкордаў на ЧС-2022

Катар – першы гаспадар ЧС, які прайграў усе свае матчы на турніры

Канешне, каб дасягнуць такога рэкорду, шмат старацца не трэба. Але наўрад ці такое дасягненне спадабалася катарскім шэйхам, чыя зборная ўвайшла ў гісторыю не тым уваходам. У не такой ужо смяротнай групе (Нідэрланды, Сенегал, Эквадор) зборная Катара не ўзяла ніводнага ачка, хоць да гэтага кожны гаспадар ЧС выйграваў мінімум хаця б адзін матч.

Як кажуць, за што змагаліся, на тое і нарваліся – атрымаўся сімвалічны рэкорд, які яшчэ раз пацвердзіў памылку ФІФА з выбарам гаспадара ЧС-2022.

Іспанія – рэкардсмен па колькасці прайграных серый пенальці ў гісторыі ЧС

Заняўшы другое месца ў групе і пазбегнуўшы цяжэйшай сеткі спаборніцтва з Аргенцінай і Бразіліяй, іспанцы дакладна не спадзяваліся спатыкнуцца ўжо ў 1/8 фіналу. Бітва з галоўнай сенсацыяй турніру з Марока скончылася ажно ў серыі пенальці. Параза ў ёй стала для Іспаніі ўжо чацвёртай у гісторыі ЧС – пасля аналагічных вылетаў у 1986, 2002 і 2018 гадах.

Выйгралі іспанцы серыю на ЧС толькі раз – у 2002 годзе яны выбілі такім чынам ірландцаў у 1/8 фіналу, каб ужо ў чвэрцьфінале такім жа спосабам прайграць карэйцам.

Аргенціна – рэкардсмен па колькасці выйграных серый пенальці ў гісторыі ЧС

На супрацьлеглым ад іспанцаў канцы размясціліся свежаспечаныя чэмпіёны свету, якія ў цэлым з'яўляюцца рэкардсменамі з удзелам у серыях пенальці на ЧС – сем разоў іх матчы на чэмпіянатах даходзілі да 11-метровай стральбы. Шэсць з іх яны выйгралі, апошняя з якіх прынесла доўгачаканы чэмпіёнскі тытул.

Пакуль адзінымі, хто перастраляў гэтых каралёў пенальці, былі немцы ў чвэрцьфінале ЧС-2006.

Марока – першая афрыканская краіна, якая выйшла ў паўфінал ЧС

Рэкорд на слыху, бо гэта галоўная сенсацыя турніру ў Катары. І ўсё ж гэта велічнае дасягненне мараканскай зборнай, якая да 2022 года толькі раз у сваёй гісторыі выходзіла з групы ЧС – у 1986 годзе ў Мексіцы зборная Марока выйграла групу з Англіяй, Польшчай і Партугаліяй, каб ужо ў 1/8 фіналу вылецець ад Германіі.

Цяпер жа каманда Рэграгі, які заадно стаў першым афрыканцам, які вывеў каманду ў паўфінал ЧС, легенда не толькі ў сваёй краіне, але і ва ўсёй Афрыцы.

Японія выйграла матч ЧС з рэкордна нізкім адсоткам валодання мячом

Японцы маглі стаць такога ж узроўню сенсацыяй, як і Марока, калі выйгралі групу з Нямеччынай і Іспаніяй. Але параза ад Харватыі ў серыі пенальці ўжо ў 1/8-й зноў перашкодзіла на шляху да пабіцця ўласнага рэкорду – Японія ніколі не гуляла ў чвэрцьфіналах ЧС, хоць чатыры разы за апошнія шэсць турніраў выходзіла з групы.

Зрэшты, без рэкорду японцы ўсё ж не з'ехалі з Катара. У гульні трэцяга тура Японія абгуляла Іспанію 2:1 з рэкордна малым валоданнем мяча – 17.7%. Дадайце сюды таксама смешныя 26% у перамозе над Германіяй у першым туры, і можна смела назваць японцаў маэстра чакальнай тактыкі.

Топ-5 індывідуальных рэкордаў на ЧС-2022

Суддзя Матэу Лаос паказаў рэкордную ў гісторыі ЧС колькасць карт у адным матчы

Найбольш яскрава апісвае ўсё гэта як раз перфоманс галоўнага арбітра – іспанец Антоніа Матэу Лаос зрабіў за паядынак рэкордныя 18 папярэджанняў, тры з якіх ужо пасля фінальнага свістка, калі працягнуліся сутыкненні паміж гульцамі абедзвюх каманд. Гэта абсалютны рэкорд з моманту з'яўлення ў футболе жоўтых картак.

Джон Хердман – першы ў гісторыі трэнер, які працаваў на фінальных частках як мужчынскага, так і жаночага ЧС

Магчыма, Канада правальна выступіла ў Катары, прайграўшы ўсе тры матчы ў групе. Але яе галоўны трэнер, англічанін Джон Хердман, заявіў пра сабе не толькі прэтэнцыёзным абяцаннем «жахнуць» харватаў у другім туры, пасля чаго балканцы разбілі Канаду 4:1.

Аказалася, што для малавядомага ў мужчынскім футболе Хердмана гэта быў ужо чацвёрты ЧС у кар'еры. Проста тры папярэднія былі ў жаночым футболе. У 2007 і 2011 ён быў на чале зборнай Новай Зеландыі на жаночым ЧС, а праз чатыры гады ўжо працаваў на турніры разам з жаночай зборнай Канады.

Крышціяну Раналду – першы ў гісторыі гулец, які забіваў на пяці розных ЧС

Дасягненне, якое адвечны апанент Крыша Месі зможа пабіць, толькі калі згуляе на двух наступных ЧС. Крышціяну з моманту дэбюту на ЧС у 2006 годзе не прапусціў ніводнага з пяці турніраў, і ў кожным з іх забіў мінімум па мячу. Гол, які ўзвялічыў яго яшчэ на адзін узровень, партугалец аформіў у вароты Ганы ў другім туры.

Нікому раней не ўдавалася падобнага – нават вялікаму Міра Клозэ, які сваё званне найлепшага бамбардзіра ў гісторыі ЧС скляпаў на чатырох турнірах.

Льёрыс – рэкардсмен па колькасці матчаў на ЧС сярод брамнікаў

Па ходзе турніру Уга ўжо ўстанавіў рэкорд па колькасці матчаў у гісторыі зборнай Францыі сярод усіх гульцоў. А менавіта фінал у Катары стаў для брамніка 20-м на сусветных турнірах.

Асаблівасць дасягнення яшчэ і ў тым, што па ходзе ЧС-2022 Льёрыс абышоў двух папярэдніх рэкардсменаў па гэтым паказчыку. Справа ў тым, што спачатку Мануэль Ноер на групавым этапе згуляў свой 19-ы матч на ЧС, апярэдзіўшы бразільца Тафарэла і немца Маера і выйшаўшы на першае месца сярод брамнікаў. Але паколькі Германія рана вылецела, Ноер адкрыў дарогу для Льёрыса на шляху да рэкорду.

Месі – рэкардсмен па колькасці матчаў на ЧС у гісторыі

Лідар і капітан зборнай Аргенціны ў цэлым назбіраў самавітыя прыгаршчы рэкордаў у Катары. Напрыклад, пабіў рэкорд Бацістуты па колькасці галоў на ЧС сярод аргенцінцаў. Або стаў адначасова найстарэйшым і самым маладым гульцом у гісторыі чэмпіянатаў свету, які здзяйсняў гол+пас на адным турніры. Або рэкордную колькасць разоў атрымліваў званне гульца матча. Або самы стары гулец, які забіваў мінімум пяць галоў на адным ЧС. У гэтым увесь Леа.

Але менавіта ў фінале ЧС-2022 Ліянелю скарылася, здаецца, самае магутнае дасягненне. Ён згуляў свой 26-ы матч у гісторыі ЧС і абагнаў па гэтым паказчыку Лотара Матэуса. Легенда.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты