Tribuna/Футбол/Блоги/Футбольное поле/Скалоні – топ: узяў тры трафеі з Аргенцінай без досведу працы, знайшоў падыход да Месі, прысвяціў перамогу на ЧС бацькам

Скалоні – топ: узяў тры трафеі з Аргенцінай без досведу працы, знайшоў падыход да Месі, прысвяціў перамогу на ЧС бацькам

Як футбаліст быў часткай суперкаманды «Дэпартыва».

21 декабря 2022, 22:52
Скалоні – топ: узяў тры трафеі з Аргенцінай без досведу працы, знайшоў падыход да Месі, прысвяціў перамогу на ЧС бацькам

За фенаменальнай гульнёй Месі і злачынна-геніяльнымі сэйвамі Марцінеса не варта забываць яшчэ пра аднаго творцу гэтай вялікай перамогі зборнай Аргенціны. Галоўны трэнер «Альбісэлеста» Ліянэль Скалоні – схаваны герой чэмпіёнаў свету.

Выйграў з Аргенцінай U-20 маладзёжны ЧС, стаў чэмпіёнам Іспаніі «Дэпартыва»

Скалоні мае еўрапейскае паходжанне. Яго прабабуля і дзядуля – нашчадкі імігрантаў, якія пераехалі ў Аргенціну ў 19 стагоддзі. Ліянэль нарадзіўся ў маленькім мястэчку ў сям'і фермераў, якія вырошчвалі кукурузу і пшаніцу. Бацька Анхель таксама валодаў вялікім запалам да футбола – сам быў былым футбалістам і стаў першым трэнерам сыноў, калі яны былі дзецьмі.

Першы вялікі поспех у Леа прыйшоў у зборнай Аргенціны U-20. Каманда выйграла маладзёжны чэмпіянат свету, а паспяховая гульня Скалоні звярнула ўвагу скаўтаў з Еўропы. Як вынік – трансфер у «Дэпартыва». З гэтага турніру малады футбаліст прывёз таксама маральную траўму. Пасля вымушанай пасадкі самалёта ў Ліянэля развілася аэрафобія. Бацька пераехаў у Еўропу ўслед за сынам і забіраў яго машынай з далёкіх выездаў каманды.

Менавіта з ла-карунцамі звязаны найбольшыя поспехі аргенцінца на клубным узроўні. У камандзе ён правёў 9 гадоў свайго жыцця, згуляў 301 матч і забіў 18 мячоў.

Абаронца не стаў топ-зоркай футбола, але быў часткай сенсацыйных перамог Дэпартыва-2000, універсальным салдатам на полі (намінальна правы абаронца мог згуляць у цэнтры абароны і правага паўабаронцу) і ўлюбёнцам трэнера. Хаўер Ірурэта любіў гэтага хлопца: «Скалоні – мой найвялікшы гонар. Ён шматлікае даў камандзе, адказваў за атмасферу ў распранальні і на зборах, не зліўся, калі не гуляў. Уключаў нам аргенцінскія песні».

Скалоні выйграў з «Дэпартыва» ўсё ў Іспаніі – чэмпіянат, Кубак і два Суперкубкі. Копа дэль Рэй узялі, абгуляўшы «Рэал» на «Санцьяга Бернабеу» у дзень іх стагоддзя. Затым былі выступы за «Вест Хэм», «Расінг», «Лацыё», «Мальёрку» і «Аталанту», але надоўга Леа нідзе не затрымліваўся, а тытулаў у якасці гульца больш не выйграваў. У 2015 годзе ён завяршыў кар'еру, а праз год пачаў трэніраваць.

Узначаліў зборную Аргенціны без досведу працы, выйграў Кубак Амерыкі і Фіналісіму

Калі вы думаеце, што толькі беларускім футболам кіруюць папулісты і неэфектыўныя менеджары, то аргенцінцы могуць паспрабаваць навязаць нам канкурэнцыю. Доўгая гісторыя коратка – Асацыяцыя футбола Аргенціны тоне ў скандалах, карупцыі і безграшоўя. Менавіта адсутнасць фінансаў прымусіла яе кіраўнікоў шукаць бюджэтны варыянт для зборнай. На трэнераў з імем у іх проста няма грошай.

Менавіта таму каманду ў 2018 годзе ўзначаліў былы памочнік Хорхе Сампаолі, які да гэтага ніколі не працаваў галоўным трэнерам. Дыега Марадона сказаў тады, што са Скалоні зборнай свеціць толькі чэмпіянат свету па мотагонках. Але ўжо на дэбютным для сябе вялікім турніры Ліянэль здзейсніў Аргенціну бронзавым прызёрам Кубка Амерыкі. А галоўнае – за кароткі час прайшоў шлях ад «гэтак жудаснай Аргенціны яшчэ не было» да «О, гэта лепшы матч «альбісэлестэ» на турніры, а Месі зноў душа і сэрца каманды».

Праз два гады Скалоні зноў павёз Аргенціну на Кубак Амерыкі. На гэты раз каманда выйграла трафей упершыню за 28 гадоў, а Месі ўвогуле ўпершыню ў кар'еры стаў чэмпіёнам свайго кантынента. Больш за тое, у фінале «альбісэлестэ» абгулялі Бразілію на яе ж тэрыторыі. Гэта ўжо была сур'ёзная заяўка на больш глабальны поспех.

Далей была перамога 3:0 над чэмпіёнам Еўропы Італіяй у матчы за трафей, які называюць Фіналісіма-2022. Скалоні расплакаўся ў прамым эфіры ESPN прама на полі «Уэмблі». Трэнер беражэ сваё прыватнае жыццё і мала пра гэта гаворыць, але ў той момант даў волю эмоцыям. Яго бацькі мелі сур'ёзныя праблемы са здароўем.

«У апошні год сямейная сітуацыя вельмі змянілася. Хоць бы мае старыя ўбачылі гэта. Дзякуючы ім я такі, які ёсць. Яны прывілі мне шмат каштоўнасцяў», – сказаў тады трэнер.

У верасні Ліянэль падоўжыў кантракт са зборнай да ЧС-2026.

Гуляў з Месі ў яго дэбютным матчы за зборную і на ЧС-2006

Асобна варта расказаць аб адносінах двух Леа. Трэнера і капітана зборнай звязвае тое, што можна назваць сяброўствам. Яны ведаюць адзін аднаго больш за 17 гадоў. Пазнаёміліся ў 2005 годзе, калі 18-гадовы Месі атрымаў свой першы выклік у зборную Аргенціны. Скалоні быў на полі, калі юны Леа дэбютаваў у футболцы нацыянальнай каманды.

Дэбют быў жудасным – гулец «Барселоны» выйшаў на замену, але атрымаў выдаленне. Скалоні быў з тых гульцоў, якія больш за ўсё падтрымлівалі і абаранялі маладога хлопца.

Абодва таксама былі ў зборнай Аргентыны на ЧС-2006 і абодва не з'яўляліся ключавымі выканаўцамі ў камандзе. На полі яны згулялі разам у пераможным матчы 1/8 фіналу супраць Мексікі. Скалоні тады ўжо быў на фінішы сваёй кар'еры. Ды і наогул з дарослай зборнай у яго не атрымалася – ён быў правым абаронцам у эпоху вялікага Хаўера Дзанэці, якому прайграваў канкурэнцыю. Пасля ЧС-2006 у зборную яго больш не выклікалі. Месі якраз пачаў свой доўгі шлях у камандзе да вяршыні.

Цяпер у іх выдатныя адносіны трэнера і гульца. Скалоні называе Месі лепшым гульцом у гісторыі, захапляецца яго лідарскімі якасцямі і параўноўвае з легендамі спорту.

«Ён як Рафаэль Надаль, што скажаш? Няхай гавораць журналісты, у мяне не засталося слоў, каб апісаць яго і яго гульню. Ён унікальны, і мне прыемна мець яго ў камандзе, трэніраваць яго. Мне падабаюцца яго паводзіны і тое, як ён гуляе за футболку зборнай.

У мяне ёсць толькі словы падзякі Леа. Ён з'яўляецца спадчынай, не толькі зборнай Аргенціны, але і ўсяго сусветнага футбола. У дзень, калі ён завершыць кар'еру, мы будзем сумаваць», – казаў Скалоні летам.

Таксама трэнер заяўляў, што пакуль ён трэніруе зборную, там заўсёды будзе месца для Месі. І справа не толькі ў прыгожых словах – трэнер ідэальна падстроіўся пад футбаліста і разабраўся, як лепш выкарыстоўваць яго магчымасці.

«Ён блізкі да гульцоў, заўсёды спрабуе быць побач. Паказвае, што працуе дзеля футбола, любіць тое, што робіць і шмат чаго перажывае з-за матчаў», – гэта ўжо словы Леа аб сваім трэнеры.

Стартаваў у Катары з паражэння, а затым прывёў каманду да перамогі, прысвяціў чэмпіёнства бацькам

Сенсацыйнае паражэнне ад Саудаўскай Аравіі стала адной з самых вялікіх сенсацый у Катары і ледзяным душам для Аргенціны. Гульцы выглядалі разгубленымі, трэнер захоўваў спакой. Далей былі перамогі ў групе над Мексікай і Польшчай. У 1/8 фіналу прайшлі Аўстралію. Першае буйнае выпрабаванне – чвэрцьфінал з Нідэрландамі. Аргенцінцы выйгралі ў серыі пенальці, а трэнерскае супрацьстаянне Скалоні і Ван Гала стала адным з найлепшым на ЧС-2022.

Ліянэль у гэтым матчы зрабіў унікальны для Аргенціны ход – згуляў у тры цэнтральныя абаронцы і абыграў свайго дасведчанага апанента. На паўфінал супраць Харватыі вярнуўся ў стандартныя 4-4-2, але здолеў здзівіць выбарам гульцоў стартавага складу (згуляў без намінальных вінгераў). Прадуманая ратацыя складу пад суперніка – гэта наогул фірмовая фішка трэнера. Як і ўменне гуляць без мяча.

У фантастычным фінале многае вырашалі індывідуальнасці, але ў трэнерскай дуэлі Скалоні здолеў перайграць Дэшама. Аргенцінец змог падстроіцца пад саперніка і нейтралізаваць яго моцныя бакі.

Ліянэль быў бюджэтным варыянтам, цяжка пачынаў, але прарабіў неверагодную працу. Яму толькі 44, а ён ужо чэмпіён свету. Дарэчы, самы малады галоўны трэнер – пераможца сусветнага першынства за апошнія 44 гады.

Шмат каго абуралі агрэсіўныя паводзіны зборнай Аргенціны, але Скалоні ў процівагу сваім гульцам з павагай і карэктна казаў пра сваіх сапернікаў і адзначаў гульню Модрыча і Левандоўскага.

Нават падчас серыі пенальці і нястрымнага святкавання паводзіў сябе сціпла і надзеў футболку зборнай Аргенціны U-20, у якой некалі стаў маладзёжным чэмпіёнам свету. А таксама не стрымліваў слёз, калі казаў аб перамозе і зноў успамінаў сям'ю.

«Гэта перамога для аргенцінскага народа. Я ведаю, колькі гадоў людзі чакалі, каб нашыя футбалісты паднялі над галавой гэты Кубак Свету. Ведаю, таму што я і сам быў такім заўзятарам.

Перамога з'яўляецца заслугай хлопцаў. Яны рыхтаваліся да гэтага турніру некалькі год. Мы ўсё хацелі толькі аднаго і атрымалі перамогу. Я не сумняваўся ні хвіліны фінальнага матча ў нашым поспеху. Не ведаю чаму. Проста глядзеў на поле, на кожнага футбаліста і бачыў, што мы зможам дабіцца мэты.

Прысвячаю гэты поспех бацькам. Менавіта яны навучылі мяне ніколі не здавацца, і гэта галоўнае крэда зборнай Аргенціны. Кожны футбаліст зрабіў усё, каб выйграць».

Другие посты блога

Все посты