Tribuna/Футбол/Блоги/Футбольное поле/«Ліверпуль» выйграў гонку за суперталенавітага Гакпо: топавая вынiковасць у ПСВ, уразіў на ЧС, арыентуецца на Анры

«Ліверпуль» выйграў гонку за суперталенавітага Гакпо: топавая вынiковасць у ПСВ, уразіў на ЧС, арыентуецца на Анры

Першы зімовы трансфер «чырвоных».

Автор — Бона Сфорца
2 января 2023, 20:00
«Ліверпуль» выйграў гонку за суперталенавітага Гакпо: топавая вынiковасць у ПСВ, уразіў на ЧС, арыентуецца на Анры

«Гакпо ў агні», — сказаў пасля перамогі над Катарам галоўны трэнер Нідэрландаў Луі ван Гал. Кодзі Гакпо ў першай палове ЧС-2022 стаў ці не галоўным адкрыццём, асабліва для тых, хто не сачыў за вышэйшай лігай Нідэрландаў і ПСВ.

Мяркуйце самі: Кодзі забіваў па мячы ў кожным з трох матчаў групавога этапу турніру і стаў першым нідэрландцам, якому даўся такі своеасаблівы хет-трык. Толькі італьянец Алесандра Альтабелі ў 1986 годзе зрабіў тое самае. Прычым тры галы Гакпа ўнікальныя — ён не толькі забіў на сваім першым чэмпіянаце свету, а трапляў у вароты левай і правай нагамі і галавою.

Улетку яго прызналі найлепшым нiдэрландскім гульцом у сезоне 2021/22, калі ён яшчэ не перабраўся ў АПЛ. А гонку за яго яшчэ нечакана выйграў «Ліверпуль» – пра цікавасць клуба стала вядома ўвечары 26 снежня, а ўжо праз некалькі гадзін афіцыйныя сацсеткі ПСВ абвясцілі, што клубы дамовіліся пра пераход.

Так у чым заключаны код Гакпо?

Мог граць за зборную Тога ці Ганы, але заўжды адчуваў сябе нідэрландцам

Ён мае спартыўную сямʼю і проста цудоўныя гены. Яго бацька тагалезец і таксама гуляў у футбол, нават за маладзёжную зборную Тога. Джоні Гакпо прыехаў у Эйндховен, каб выступаць за другую каманду ПСВ, але дасягнуць вялікіх поспехаў не змог. Затое там сустрэўся з рэгбісткай зборнай Нідэрландаў Анай ван Бомель. Не, яна не сваячка легендарнага Марка ван Бомеля, але апошні граў ключавую ролю ў станаўленні Кодзі.

Дарэчы, бацька Кодзі – яго галоўны крытык. Ён навучыў сына важным якасцям: весці здаровы лад жыцця, быць сціплым, мэтанакіраваным і ніколі не спыняцца на шляху прагрэсу. Кодзі быў апантаны прагрэсам з самага юнага ўзросту.

«Бацька заўсёды казаў мне біць нізка, таму што галкіперу цяжэй адбівацца ад нізкіх мячэй. Мой бацька быў дзясятым нумарам і гуляў у Тога на найвышэйшым узроўні. Мы шмат абмяркоўваем футбол і дагэтуль гуляем разам на маленькім травяным полі тут, у горадзе. Ён мой самы жорсткі крытык», – кажа Кодзі.

У 16 гадоў у Гакпо быў 46 памер абутку, ён камплексаваў і доўга прымаў сваё цела

«Нават калі ў вас кепскі зрок ці вы зусім не ведаеце футбол, вы ўсё адно маглі б адзначыць якасці Гакпо ў дзяцінстве», — з захапленнем казаў пра Кодзі галоўны скаўт ПСВ Рыні дэ Грот.

На першым праглядзе Кодзі настолькі ўразіў усіх, што трэнеры толькі і абмяркоўвалі яго гульню. Ён мог накручваць па 3-4 апаненты за раз і забіваў пачкамі.

Аднак пасля Гакпо сутыкнуўся з псіхалагічнымі праблемамі – ён сурʼёзна адрозніваўся ростам ад іншых хлопчыкаў, што ціснула на яго псіхіку і прымушала адчуваць сябе няёмка. Кодзі нават баяўся, што трэнеры зменяць яго пазіцыю і адправяць у абарону. Перыяд палавога сталення таксама паўплываў на тэхніку і хуткасць гульца. Давялося адаптавацца і працаваць над сабой.

«У 16 гадоў у мяне быў ужо 46-ы памер абутку. Я доўга прывыкаў. Мой рост рабіў мяне нязграбным, і я часта рабіў памылкі ў простых сітуацыях. Але потым я адаптаваўся і прыняў сябе такой, якi я ёсць, хаця гэта было цяжка. Акрамя таго, мне давялося сутыкнуцца з траўмай, калі мне было 17 гадоў. Раней я ламаў шчыкалатку, і цяпер стараюся даглядаць за сабой больш старанна», – успамінае Гакпо.

Адзiн з унікальных навыкаў Гакпо – яго інтэлект. Гэта бачна як на полі, так і па-за ім. Апынуўшыся на базе ПСВ, журналісты атачылі генеральнага мэнэджара клуба Таона Гербрандса, а Кодзі стаяў побач і ўважліва назіраў за тым, што адбываецца.

«У тыя дні ён гаварыў са мной пра тое, чым будзе займацца пасля кар’еры. Яму было ўсяго 17 гадоў, але ён хацеў ведаць, чым займаецца генеральны дырэктар. Мы шмат размаўлялі пра тое, як рэагаваць на дрэнныя навіны або як ацэньваць каштоўнасці людзей пры прыёме на працу. Я купіў яму кнігу па філасофіі, і ён быў вельмі заінтрыгаваны. Ён уключаў такія пытанні, як «дзе вы былі да нараджэння» і «адкуль вы ведаеце, што праўда». І ён заўсёды вяртаўся да мяне з дадатковымі пытаннямі або каментарамі, і ў нас былі вельмі вясёлыя дэбаты», – успамінае Хербрандс.

Ну дзе цяпер знойдзеш маладога гульца, які назваў бы сваім кумірам не Неймара, Раналду або Месі, а Пеле? Кодзі – менавіта такі футбаліст, і ён уражаны гульнёй Караля.

Кодзі вельмі рэлігійны – ён моліцца некалькі разоў на дзень, абмяркоўвае Біблію з Дэпаем

Вялікі ўплыў на станаўленне Гакпо аказала і рэлігія. Кодзі моліцца некалькі разоў на дзень. Аднойчы ён нават арганізаваў малітоўную сустрэчу на стадыёне «Філіпс», на якую прыйшло 200 чалавек.

Там быў Таон Гербрандс: «Не было нічога біблейскага, проста цёплыя размовы пра вышэйшыя сілы. У нашай кампаніі было чатыры чалавекі, якія раней не былі вернікамі, але пасля гэтай сустрэчы змянілі свае погляды. Адзін нават заплакаў! Такога досведу з футбалістам у мяне не было».

Цікава, што ў клубе і зборнай Гакпо знайшоў тых, хто падзяляе яго светапогляд, а таксама захоплены верай. «Нядаўна Дэнзел Думфрыс падарыў мне кнігу «Малітва – значыць верыць». Зараз чытаю. Іншыя хлопцы з ПСВ падзяляюць маю веру – Чуквунонса Мадуэке, Доні Мален. У зборнай вельмі цікава мець зносіны з Мемфісам Дэпаем – мы абмяркоўваем з ім, як мы разумеем тыя ці іншыя ўрыўкі з Бібліі», – кажа Кодзі.

Але Гакпо таксама хоча ўвасобіць сваю веру ў жыццё, а не проста гаварыць пра гэта.

«Вы павінны старацца дапамагаць навакольным людзям, чым можаце. Калі вы можаце дапамагчы іншым людзям ці, магчыма, нават выратаваць іх, гэта таксама зробіць вас шчаслівымі», – кажа ён.

Кодзі знаёмы з ван Ністэлроем з 14 гадоў, шматгадовая праца Руда прыносіць плён

Гакпо ўсяго 23 гады, але ён правёў ужо пяты сезон у першай камандзе ПСВ. З акадэміі да рэзервовай каманды ПСВ, якая выступае ў вышэйшай лізе Нідэрландаў, 17-гадовага хлопца забраў Марк ван Бомел. Ён ужо тады ўразіўся гульнёй хлопца і пасля кожнай казаў журналістам, што гэта будучая зорка.

Пасля таго, як ван Бомел узначаліў першую каманду ПСВ, Кодзі стаў яе неадʼемнай часткай. У сезоне 2019/20 Кодзі ўжо быў асноўным крайнім нападаючым каманды, а яго вынiковасць радавала трэнера – 8 галоў і 9 асістаў у 38 матчах.

Гакпо паказаў выдатную гульню ў мінулым сезоне, калі камандай кіраваў Рогер Шміт. Так, ПСВ не стаў чэмпіёнам, але Кодзі забіў 21 раз і зрабіў 15 галявых перадач ва ўсіх турнірах, стаўшы лепшым гульцом Нідэрландаў. А ўдзел Кодзі ў атацы ПСВ проста ўражвае – усяго пяць футбалістаў за апошнія два сезоны ўдзельнічалі ў большай колькасці атак, а па колькасці ўдараў Кодзі наперадзе ўсіх.

Вядома, такая гульня не засталася незаўважанай клубамі з буйных чэмпіянатаў. Гакпо мог перабрацца ў АПЛ яшчэ ўлетку, але ў апошні момант застаўся. Шмат у чым праз трэнера – летам ПСВ узначаліў Руд ван Ністэлрой, які знаёмы з Кодзі з 14 гадоў. Легендарны форвард працаваў у акадэміі з нападаючымі – дапамагаў ім ва ўдарах па варотах і прарывах у штрафную. Гакпо быў крайнім нападаючым, але ён усё адно прасіўся да Руда. Гэтыя навыкі яму і цяпер дапамагаюць: ён мае топавы таймінг ўдару, выдатна разумее, у якой зоне прымаць мяч, як рухацца ў штрафной суперніка.

«Я хачу дапамагчы яму стаць яшчэ мацнейшым, – сказаў ван Ністэлрой пасля прызначэння галоўным трэнерам ПСВ. – Гакпо – адзін з найлепшых гульцоў у нашай камандзе, трэба яго цаніць. Я хачу пакінуць Кодзі ў камандзе, таму што ён занадта важны для нас. Гакпо трэба забіваць больш галоў. Я ведаю, як яму дапамагчы».

Пасля кавіда ў ПСВ вялікія фінансавыя праблемы, нават удзел у Лізе чэмпіёнаў не дапамагае клубу справіцца з усімі цяжкасцямі. Таму ўлетку яны былі вельмі зацікаўлены ў продажы Гакпо, але трансфер так і не адбыўся, хоць гулец ужо размаўляў з трэнерам «МЮ» Эрыкам тэн Хагам.

Тэхнічны дырэктар ПСВ Джон дэ Ёнг нават страціў працу з-за зрыву здзелкі з Гакпо, але наўрад ці кіраўніцтва галандскага клуба цяпер шкадуе пра летнюю няўдачу. Кодзі выдатна правёў шэсць месяцаў у ПСВ, атрымаў капітанскую павязку і запальваў на ЧС-2022.

Яго цана цяпер – 37 мільёнаў фунтаў, якія выклаў «Ліверпуль». І гэта без бонусаў, з якімі сума трансферу можа дасягнуць 50 млн фунтаў.

У ПСВ і нацыянальнай зборнай Нідэрландаў ён граў розныя ролі, арыентуецца на Анры

У чым сіла Гакпо? Яго гульня – гэта рэдкае спалучэнне хуткасці і сілы. Ён не валодае выключнай тэхнікай (вядзе даволі часта, але эфектыўнасць не на вышыні), але ўмее пакінуць ззаду некалькіх супернікаў.

У ПСВ Гакпо гуляў на пазіцыі левага інвертаванага нападаючага: дзейнічае на флангу, любіць рухацца ў цэнтр, знаходзіць моманты для удараў або абвастраючых перадач. У зборнай у яго крыху іншыя функцыі: ван Гал выкарыстоўвае Гакпо на пазіцыі «дзясяткі» – пад парай нападаючых. Трэнер лічыць, што тут Кодзі найлепшым чынам раскрые свой патэнцыял і зможа сумясціць якасці форварда і дыспетчара.

Разгледзім усе аспекты гульні нiдэрландца дэталёва.

Дрыблінг. У Кодзі асаблівы стыль працы з мячом на хуткасці. Як ужо было сказана, ён не вельмі эфектыўны ў дрыблінгу, але калі разганяецца, то спыніць яго няпроста. Але нават у замкнёнай прасторы, калі на ім вісяць двое-трое супернікаў, ён умее выйсці са складанай сітуацыі і актывізаваць гульню – за кошт сваёй фізічнай сілы, умення прыкрыць мяч корпусам. Напрыклад, яго гол у вароты Катара. Ён атрымаў пас, пайшоў ад абаронцы і з двума іншымі апекунамі на плячах працягнуў мяч у штрафную, пасля чаго прабіў дакладна ў кут.

Удары. Над ударамі Кодзі доўга час працаваў з ван Ністэлроем, але таксама на яго гульню паўплываў іншы легендарны футбаліст — бельгіец Люк Ніліс.

«Я шмат чаму навучыўся ў Люка. Ён заўжды казаў, што я мушу знаць, дзе вароты, яны ніколі не рухаюцца – i вы можаце цалкам засяродзіцца на мячы. Я заўважыў, што шмат гульцоў некалькі разоў глядзяць туды, дзе стаяць вароты. Гэта тыя нанасекунды, калі вы можаце страціць кантроль, або абаронца хапае вас, або мяч адскоквае, а потым вы трапляеце на трыбуны. Удар на 100% магутнасці звычайна азначае, што вы губляеце кантроль. Хуткасць мяча залежыць не толькі ад сілы цягліц, але і ад руху цела і ног», – кажа Гакпо.

Нягледзячы на пазіцыю крайняга нападаючага, у мінулым сезоне Кодзі меў самы высокі паказчык па колькасці ўдараў у камандзе – 3,56 за 90 хвілін. Важна, што ён умее біць з невідавочных пазіцый, што выліваецца ў выдатную рэалізацыю. Проста паглядзіце на яго карту ўдараў за апошнія паўтара сезона і яго суадносіны галоў і xG.

Перадачы. У Нідэрландах тэхніку ўдараў нагамі Гакпо параўноўваюць з тэхнікай Вілі ван дэр Кейлена, лепшага бамбардзіра ПСВ у гісторыі клуба. Гэта называюць хіпшот – удар або пас без замаху. Вы не можаце распазнаць момант, калі футбаліст бʼе па варотах. Брамнік ці абаронцы думаюць, што яны маюць яшчэ секунду, каб заблакаваць дзеянне Гакпо, але мяч ужо ў сетцы.

Але гэты навык у Кодзі распаўсюджваецца не толькі на ўдары. Ён ужывае яго падчас перадач. І ў гэтым ён вельмі падобны на Цьеры Анры, якім захапляецца.

«Я спецыяльна шукаў найлепшага гульца для навучання. Я прагледзеў кучу відэа з Анры, прааналізаваў яго манеру, рухі, час адкрыццяў – усё карыснае стараўся ўзяць для сябе», – сказаў Гакпо.

Ніжэй добры прыклад: Кодзі адкрываецца ў цэнтры, імгненна ацэньвае сітуацыю яшчэ да атрымання мяча і з абаронцам на нагах робіць круты пас партнёру з ходу.

Як і малады Анры, Кодзі таксама гуляе на пазіцыі левага нападаючага і любіць рухацца ў цэнтры. Пасля француз ператварыўся ў «дзясятку». У вінгера ПСВ ёсць усё, каб паўтарыць яго шлях. Магчыма, ван Гал бачыць далей, чым мы, і даўно ацаніў здольнасці гульца, таму ператварае яго ў футбаліста цэнтральнай зоны.

Становішча ў цэнтры маскіруе недахопы, якія мае Кодзі. Перш за ўсё, гэта гульня без мяча. Нягледзячы на ​​сваю прыродную сілу, Гакпо ўсё яшчэ не такі эфектыўны ў адборы і не такі топавы ў прэсінгу. Акрамя таго, варта папрацаваць над гульнёй на другім паверсе, бо, маючы такія фізічныя дадзеныя, Гакпо вельмі мала выкарыстоўвае свой рост.

Але тое, што можна сказаць дакладна – ён марыць пра прагрэс, мае значныя даныя і ўмее працаваць над недахопамі, каб у адзін выдатны дзень паўтарыць тое, што зрабіў Анры ў прэмʼер-лізе.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты