Tribuna/Футбол/Блоги/Футбольное поле/Мак Алістэр, Гвардыёл і яшчэ 6 футбалістаў, якія прыцягнулі ўвагу топ-клубаў гульнёй на ЧС-2022

Мак Алістэр, Гвардыёл і яшчэ 6 футбалістаў, якія прыцягнулі ўвагу топ-клубаў гульнёй на ЧС-2022

Адзін з іх ужо аформіў трансфер у еўрапейскі гранд.

3 января 2023, 09:44
Мак Алістэр, Гвардыёл і яшчэ 6 футбалістаў, якія прыцягнулі ўвагу топ-клубаў гульнёй на ЧС-2022

Чэмпіянат свету-2022 падарыў нямала эмоцый (камусьці – станоўчых, а камусьці – негатыўных), але выканаў сваю галоўную місію. На трансферным рынку з'явілася нямала крутых футбалістаў, якія сваёй гульнёй на турніры проста прымусілі еўрапейскія топ-клубы звярнуць на іх увагу.

Кодзі Гакпо

Лагічна было б пачаць спіс з футбаліста, які ўжо паспеў аформіць трансфер у топ-клуб пасля турніру ў Катары. Адзін з найлепшых гульцоў зборнай Нідэрландаў Кодзі Гакпо днямі афіцыйна стаў футбалістам «Ліверпуля».

Яшчэ да пачатку чэмпіянату свету шматлікім фанатам раілі звярнуць увагу на 23-гадовага хлопца, які ў гэтым сезоне выводзіў ПСВ на поле з капітанскай павязкай і прыемна здзіўляў рэзультатыўнасцю – 30 балаў па сістэме гол+пас у 24 матчах.

На ЧС Кодзі не толькі не расчараваў, але яшчэ больш заявіў пра сябе – вызначыўся галамі ва ўсіх матчах групавога этапу і стаў адной з галоўных атакуючых пагроз нідэрландцаў. Пасля Катара ім вельмі цікавіўся «МЮ» і, здавалася, яго трансфер у Эрыка тэн Хага проста непазбежны, але «Ліверпуль» ціха пракруціў пагадненне і падпісаў аднаго з найталенавіцейшых маладых футбалістаў Еўропы.

Дамінік Лівакавіч

Шматлікія заўзятары і эксперты не пагадзіліся з тым, што найлепшым галкіперам чэмпіянату свету прызналі Эміліяна Марцінеса. Харват Дамінік Лівакавіч правёў вельмі прыстойны турнір, прапусціў толькі 7 мячоў у 7 матчах (насамрэч вельмі добры паказчык, улічваючы, што 3 з іх – у матчы з Аргенцінай у паўфінале), выйграў разам з партнёрамі дзве серыі пенальці і ў рэшце рэшт стаў бронзавым прызёрам турніру.

Калі б вы не ведалі, што 28-гадовы брамнік ніколі не гуляў па-за межамі роднай краіны, то моцна здзівіліся б. Ужо шмат гадоў Лівакавіч – першы нумар заграбскага «Дынама», але пасля ЧС з'явілася шмат цікавых чутак пра яго будучыню.

Па-першае, «Баварыя» разглядала Дамініка як часовую замену Мануэлю Ноеру, які выбыў да канца сезона з-за траўмы. Пасля, праўда, была інфармацыя, што мюнхенцы адмовіліся ад ягонай кандыдатуры. Іспанскае ж выданне Defensa Central пісала, што «Рэал» бачыць у Лівакавічы дублёра Куртуа на наступны сезон (з умовай, што Лунін сыдзе ў арэнду). Таксама быў інсайд пра намер «Лестэра» прапанаваць харвату месца ў стартавым складзе.

Пакуль канкрэтыкі па магчымым трансферы Лівакавіча няма, але не здзівімся, калі ўжо зімой ён зменіць клубную прапіску.

Энца Фернандэс

Аргенцінец Энца Фернандэс – адзін з найлепшых футбалістаў усяго чэмпіянату свету. Ён ехаў у Катар толькі з 99 хвілінамі досведу ў нацыянальнай камандзе (дублёрам Леандра Парэдэса), пачаў турнір на лаве запасных, але ўрэшце стаў адным з козыраў Ліянеля Скалоні.

Яго рэзультатыўныя дзеянні ў матчах з Мексікай (гол) і Польшчай (асіст) дапамаглі «альбіселесце» рэабілітавацца за паразу ад Саудаўскай Аравіі ў першым туры, а ўсе матчы плэй-оф Энца адыграў «ад званка да званка» і заслужана стаў найлепшым маладым футбалістам турніру.

Толькі паўгода таму Фернандэс перабраўся ў «Бенфіку» за 12 млн еўра з «Рывер Плэйта». Цяпер актыўна распаўсюджваюць інфармацыю, што «Чэлсі» прапанаваў партугальскаму клубу 127 (!) млн еўра за пераход чэмпіёна свету ўжо зімой. А сам футбаліст быццам бы пагадзіўся на трансфер.

Ім таксама актыўна цікавіліся «Рэал», «Ліверпуль» і «Манчэстэр Юнайтэд», але на дадзены момант пераход у лонданскі клуб выглядае найбольш рэальным.

Саф'ян Амрабат

Зборная Марока прыемна здзівіла на ЧС не толькі камандна, але і індывідуальна. Напрыклад, Саф'ян Амрабат правёў турнір, на які ніколі не зможа забыцца.

Яшчэ падчас матчаў плэй-оф з яго агентам пачалі звязвацца прадстаўнікі топ-клубаў, а Эмануэль Макрон зайшоў у раздзявальню мараканцаў пасля матча з Францыяй і назваў Амрабата найлепшым паўабаронцам чэмпіянату свету.

У Катары Амрабат зарэкамендаваў сябе як няўступчывы хаўбек абарончага плана і нават устанавіў рэкорд ЧС сярод афрыканскіх зборных – 57 разоў вяртаў мяч у валоданне зборнай Марока (статыстыка тычыцца адбораў мяча, перахопаў, выйграных дуэляў і заблакаваных удараў). Пасля матча з французамі Саф“ян увогуле прызнаўся, што ў Жыру было ўказанне праследваць яго ўвесь матч, каб ён не змог свабодна адчуваць сябе на полі.

У гэтым сезоне за «Фіярэнціну» Амрабат адгуляў 20 матчаў, не забіваў і не аддаваў галявыя перадачы, але адзначыўся пацешнай статыстыкай: атрымліваў жоўтыя карткі ў сямі матчах Серыі А запар.

Падчас турніру ў Катары за 26-гадовым футбалістам пачаў актыўна сачыць «Ліверпуль» – кажуць, што Юрген Клоп нават размаўляў з асяроддзем гульца. У гонку ўступілі таксама «Тотэнхэм» і «ПСЖ».

Азедзін Унаі

Магчыма, на першы погляд Азедзін Унаі – не настолькі прыкметная фігура ў зборнай Марока, як Саф'ян Амрабат, аднак 22-гадовы хаўбек нездарма лічыцца зараз адным з найлепшых мараканскіх футбалістаў.

У сезоне 2022/23 Унаі 37 разоў абышоў сапернікаў на дрыблінгу – лепшы паказчык сярод усіх футбалістаў топ-5 еўрапейскіх чэмпіянатаў толькі ў Ліянеля Месі.

На ЧС-2022 Унаі стаў сапраўдным «дырэктарам» цэнтра поля. Маючы Амрабата за спінай, Азедзін арганізоўваў атакі сваёй каманды і дапамагаў партнёрам падчышчаць цэнтр поля. Унаі лепш за ўсё адчувае сябе на пазіцыі 8-кі, але можа быць карысным як вышэй, так і ніжэй.

З 2021-га Унаі выступае за «Анжэр» – клуб, які ў гэтым сезоне ідзе на апошнім месцы ў французскай Лізе 1. Але за цэнтральным хаўбекам ужо прыйшоў «Лестэр» – англічане даюць найбольш сярод канкурэнтаў, спіс якіх складаюць «Напалі» і «Марсэль».

Джуд Белінгем

А каго вы сапраўды ведаеце, дык гэта Джуда Белінгема. З аднаго боку можна здзівіцца, убачыўшы англічаніна ў спісе, бо ён ужо доўгі час лічыцца не толькі адным з найкруцейшых талентаў, але і адным з найлепшых паўабаронцаў свету, гуляе за топавы клуб (дортмундскую «Барусію», калі вы забыліся), а яго трансферны кошт складае больш за 100 млн еўра.

Але чэмпіянат свету ў чарговы раз паказаў, што Джуд – фантастычны футбаліст, надзвычай сталы як для 19-гадовага юнака і мае лідарскія якасці, якія ён дэманструе на футбольным полі як з мячом, так і без яго.

Хутчэй за ўсё, у «Дортмундзе» ужо амаль змірыліся з тым, што Белінгем пакіне каманду ўлетку. З аднаго боку, клуб страціць найлепшага футбаліста, без якога каманду ўявіць зараз проста немагчыма, з другога – заробіць больш за 100 млн еўра, якія зможа выдаткаваць на адэкватную замену англічаніну.

Галоўнымі фаварытамі на падпісанне Белінгема лічацца «Ліверпуль» і «Рэал».

Ёшка Гвардыёл

Калі ласка, не трэба адразу ўзгадваць той момант з Ліянелем Месі, які абабег Гвардыёла і дапамог Альварэсу аформіць дубль.

Ёшка правёў цудоўны турнір, быў адной з прычын, чаму Лівакавіч прапусціў усяго 7 галоў за ўвесь турнір, вызначыўся забітым мячом (у матчы з Марока за трэцяе месца на ЧС) і прыцягнуў увагу многіх еўрапейскіх топ-клубаў. А яму ўсяго 20 гадоў!

«Ман Сіці», «Рэал», «Чэлсі», «Баварыя» – сярод прэтэндэнтаў на харвацкага цэнтрбека «РБ Лейпцыг», але амаль выключана, што ён зменіць клуб у зімовае міжсезонне.

Алексіс Мак Алістэр

Першае, што адразу прыходзіць у галаву, калі гаворка ідзе пра Алексіса Мак Алістера, – яго фантастычная галявая перадача на Анхеля Дзі Марыю ў фінальным матчы з французамі. І менавіта па гэтаму асісту можна апісаць яго стыль гульні – заўсёды настроены на атаку, шукае момант для патэнцыйна небяспечнай перадачы, знаходзіць мячом вольныя зоны на чужой палове поля.

Цікава, што, як і Энца Фернандэсу, Мак Алістэру ніхто не гарантаваў месца ў стартавым складзе на чэмпіянаце свету, але пасля нявыхаду на поле ў матчы з саудаўцамі Алексіс у далейшым гуляў толькі ў аснове – і ўвесь час быў карысным.

Алексіс гуляе за сціплы «Брайтан» у АПЛ, але за ім ужо пачынаюць сачыць топ-клубы АПЛ і дортмундская «Барусія», якая, верагодна, шукае патэнцыйную замену Джуду Белінгему.

Фота: Liverpool FC, Marcio Machado/Global Look Press, Tom Weller/Global Look Press

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты