Беларусский футбол
Блог

Кучук пачаў давяраць Пуцілу (1+3 у 3 матчах) – і «Дынама» стала перамагаць. «Іслачы» не дапамагла нават галявая памылка брамніка

Многія не разумелі, чаму на старце сезону Антон Пуціла пастаянна апынаўся ў запасе. Няўдачы ў першых турах прымусілі Леаніда Кучука выпускаць з першых хвілін крэатыўнага паўабаронца. І гэта пачало прыносіць плён, што пацвердзіў нядзельны матч супраць «Іслачы». Хоць усё пачыналася не так вясёлкава для дынамаўцаў.

У пачатку Яўген Памазан закорпаўся з мячом, чым скарыстаўся вёрткі Уладзіслаў Марозаў. Гэты гол стаў для 20-гадовага нападніка першым у вышэйшай лізе (усяго правёў 13 матчаў).

Адказ «Дынама» прыйшоў ужо праз чатыры хвіліны. Госці добра накрылі суперніка на яго палове поля, даўшы спрацаваць троххадоўцы Кісляк-Пуціла-Мбенг.

Пад канец першага тайма Пуціла зарабіў яшчэ адзін асіст. Гэтым разам паўабаронца дапамог забіць Уладзіславу Ложкіну, які расстраляў брамніка з лічаных метраў.

Такім чынам, у апошніх трох матчах Пуціла набраў 1+3 па «гол+пас». Да гэтага Антон калі і з’яўляўся на полі, то толькі з лаўкі запасных. Як бачым, трэнерскі давер станоўча ўплывае на гульню футбаліста.

Прысутнасць на полі Пуціла ўплывае і на вынікі «Дынама». Мінчане давялі матч з «Іслаччу» да вікторыі з лікам 3:1 і працягнулі пераможную серыю як раз да трох матчаў запар. Кропку ў матчы на апошніх секундах гульні паставіў Раман Давыскіба, які забіў у пустую браму «ваўкоў».

У анлайн-табліцы чэмпіянату дынамаўцы зараз дзеляць другое месца з БАТЭ. Наперадзе каманды Кучука толькі «Шахцёр».

«Іслач» працягвае чаргаваць перамогі і паражэнні. Восьмы тур каманда з Мінскага раёна заканчвае на сёмым месцы.

Фота, відэа: АБФФ«Динамо-Минск»

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья