Tribuna/Баскетбол/Блоги/Баскетбол/Трылер у Каўнасе: «Жальгірыс» і «Барселона» усё вырашылі на апошніх секундах

Трылер у Каўнасе: «Жальгірыс» і «Барселона» усё вырашылі на апошніх секундах

Блог — Баскетбол
Автор — Скай Волк
20 октября 2022, 22:30
1
Трылер у Каўнасе: «Жальгірыс» і «Барселона» усё вырашылі на апошніх секундах

Шарунас Ясікявічус зноў вярнуўся ў родны Каўнас. Заўзятары не забываюць легендарнага баскетбаліста і трэнера, які выводзіў «Жальгірыс» у Фінал чатырох Еўралігі і прывозіў у Каўнас бронзавыя медалі. Калі «Барселону» пры аб'яўленні складу магутна асвісталі, то літоўскага трэнера сустрэлі бурнымі авацыямі.

У Каўнасе чакалі не толькі Ясікявічуса, але і топ-саперніка, каб паглядзець на сваю каманду на іх фоне. Няхай каталонцы і прыехалі без Міроціча, гэта па-ранейшаму адна з лепшых каманд Еўропы. Нядзіўна, што квіткі на матч з «Барселонай» былі раскупленыя даволі хутка – у выніку на матчы прысутнічалі 15146 гледачоў. У апошні раз солд-аўт быў у дакавідныя часы – у далёкім 2019 годзе, калі не было ні пандэміі, ні вайны ў цэнтры Еўропы.

Заўзятары, дарэчы, пра вайну не забываюць: традыцыйныя скандаванні «Слава Украіне», як і народная ўкраінская песня пра расійскага прэзідэнта, падтрымліваліся ўсёй арэнай.

Нейкі час каманды ішлі літаральна ноздра ў ноздру, па чарзе закідваючы то двухачковыя, то трохачковыя. Бліжэй да канца чвэрці «Барса» злёгку асела: «Жальгірыс» павёў 20:14 і здавалася, што гэта ідэальны момант для таго, каб сысці на двуххвілінны перапынак з выдатным задзелам. Але выйшла зусім наадварот: спачатку закінуў Калініч, а на апошніх секундах у кольца «Жальгірыса» і зусім прыляцела з-за дугі. Першая чвэрць скончылася з лікам 20:19.

У другой чвэрці нейкі час працягваліся арэлі, калі каманды абменьваліся кідкамі і адрыў у ліку амаль не мяняўся. Аднак з другой паловы «Жальгірыс» сышоў у адрыў. Няўдалы кідок з-за дугі Дзімшы ўсё роўна ператварыўся ў два ачкі – мяч падабраў і адправіў у кошык Хэйс, які зрабіў лік 28:27. Пасля гэтага быў кідок Уланаваса, на якім фалілі, і трохачковы – каўнасцы давялі да +9 (38:29). «Барса» на гэта адказала двума двухачковымі і штрафнымі запар, скараціўшы да 38:35. Але канцоўка чвэрці ўсё ж засталася за «Жальгірысам»: мала таго, што Эванс закінуў трохачковы, дык ён яшчэ здолеў зарабіць штрафны кідок, які рэалізаваў. На перапынак каманды пайшлі пры 44:35 на карысць «Жальгірыса».

У трэцяй чвэрці «Барселона» пачала скарачаць адрыў і ў нейкі момант нават выйшла наперад (50:51). Зноў пачаліся арэлі: «Барса» адыграла два ачкі, «Жальгірыс» зноў вярнуўся наперад, «Барса» закінула трохачковы, Хэйс зрабіў тое ж самае. На апошніх секундах трэцяй чвэрці каталонцы ўсё ж выйшлі наперад – 55:56.

Апошняя чвэрць абяцала быць гарачай. Каманды зноў абменьваліся кідкамі, а арэлі працягваліся да ліку 61:61. У гэты момант Улановас на апошняй секундзе атакі закінуў трохачковы, а каманда давяла адрыў да +6. Але Ясікявічус знайшоў для сваёй каманды словы, а каманда – сілы зраўняць лік.

Апошняя хвіліна была драматычнай. Кожная каманда магла перамагчы і гэта было б заслужана. Пры ліку 69:70 Буткявічус закідвае трохачковы і выводзіць «Жальгірыс» наперад. Да канца матча застаюцца 26 секунд. Ясікявічус бярэ тайм-аўт для сваіх баскетбалістаў. Каманды яшчэ паспеюць абмяняцца фаламі і давесці лік да 73:72. На апошнія 15 секунд матчу мяч заставаўся ў «Жальгірыса» і нішто не прадвяшчала бяды, але Хігінс здолеў адабраць мяч і арганізаваць хуткі напад «Барсы» на астатнія секунды. Пад кідок вывелі Сатаранскага, якому не даваў кінуць або ўвайсці ў зону Улановас – і са сваёй задачай літовец справіўся.

73:72 – вельмі складаная, але цалкам заслужаная перамога «Жальгірыса» над «Барселонай», якую ўбачылі 15 146 чалавек. Эванс (18), Сміт (15) і, вядома ж, Улановас (15) вызначыліся больш за ўсіх, хаця свой уклад у перамогу ўнёс абсалютна кожны гулец на пляцоўцы.

Фота: аўтара, «Жальгірыса».

Другие посты блога

Все посты