Tribuna/Футбол/Блоги/Футбол паўсюль/Фантастычнае супрацьстаянне Рэала і Сіці

Фантастычнае супрацьстаянне Рэала і Сіці

Рэал Мадрыд у якасці новага чэмпіёна Гішпаніі прымае Манчэстар Сіці. Анчалоці, трэнер, які стаў першым у сваёй прафесіі чэмпіёнам ТОП-5 ліг Эўропы.

Автор — Paulo
5 мая 2022, 02:41
1
Фантастычнае супрацьстаянне Рэала і Сіці

Рэал Мадрыд у якасці новага чэмпіёна Гішпаніі прымае Манчэстар Сіці. Анчалоці, трэнер, які стаў першым у сваёй прафесіі чэмпіёнам ТОП-5 ліг Эўропы. Карым Бензэма, тытан і лідар цяперашняга “каралеўскага” клуба і гулец які па праву прэтэндуе на залаты мяч. Але перад імі стаіць непроста задача, Манчэстар Сіці, якім кіруе па меркаванні многіх, лепшы трэнер сучаснасці — Хасэп Гвардыёла. “Мяшчане” мелі невялічкую перавагу ў адзін мяч, пасля каркаломнай перастрэлкі на Эціхад(4–3).

Бернабэа сустракае сваіх герояў суцэльным вяршковым морам з заўзятараў, якія запоўнілі родны стадыён і горача падтрымліваюць каманду. Усё гатова для футбольнай бітвы.

Анчалоці абраў схему 4–2–3–1, дзе да двойкі апорнікаў Каземіра, Крос апускаўся Модрыч, утвараючы сімбіёз з руйнавання атак сіці і выхаду з пад прэсінгу. Вальвердэ і Вінісіус па краях, а страйкер Бензэма ўзначальваў напад.

Гвардыёла выйшаў са схемай 4–3–3, традыцыйная для Сіці растаноўка. Каманда павінна была абараняцца з дапамогай прэсінга і браць мяч пад свой кантроль, Сіці часта карыстаўся гэтым на працягу сезона.

Першы тайм.

Каманды пачалі сустрэчу вельмі асцярожна, памятаючы тое шаленства, што адбылося тыдзень таму ў Манчэстары. Сіці крыху болей валодаў мячом, Рэал спакойна чакаў сваёй чаргі, каб адправіць у прарыў Вінісіуса. Увогуле, гэта нагадвала першы раўнд баксёрскага паядынку, калі супернікі наносяць удары і правяраюць адзін аднаго.

Але на 9-й хвіліне прагрымела, Дэ Бруйнэ збілі ў сярэдзіне поля і завязалася сутычка, напруга вылілася ў штурханіну. Суддзя крыху зняў накал, паказаўшы жоўтыя карткі Модрычу і Лапорту.

Сіці спрабуе запаволіць гульню, робіць паўзы і тым самым збівае атакуючы імпэт Рэала, якому трэба адгульваць адзін мяч. Хатнія заўзятары рэагуюць моцным гулам і свістам.

Так і працякае першы тайм, каманды асцярожна падыходзяць да чужых варот. Куртуа робіць пару паратункаў. І вось на 20-й хвіліне першы галявы момант, на забіўной пазіцыі аказваецца Бернарду Сілва, які б’е з блізкай адлегласці, але Куртуа робіць выбітны сэйв, выпраўляючы памылку Мілітао, які падарыў мяч гасцям.

Праз тры хвіліны нічыйны мяч стаў здабычай Жэзуса, які прабіваў з лініі штрафной, але мяч праляцеў у метры ад верхняга кута варот.

Рэал адказваў у асноўным па флангу Вінісіўса, той зарабіў небяспечны штрафны, які прабіваў Крос. Вылучаецца і Модрыч, які ў свае 36 гадоў гуляе на такім узроўні і ў чыстую пераграе Родры. Харват добра перакрывае кароткія пасы ад Родры, а сам і блізка не падпускае да сябе руйнача “мяшчан”. Тактычная барацьба ва ўсё сваёй прыгажосці.

На 38-й хвіліне Модрыч аддаў шыкоўны далёкі пас на Вінісіўса, той быў першы на мячы, але жорстка згуляў Кайл Ўлкер, суддзя фола тут не заўважыў. Гэта яшчэ адна дуэль, Вінісіўс-Ўолкер, якае мае важнае значэнне на полі ў першым тайме. Кожны рух футбаліста мае сваю цану і найменшая памылка можа каштаваць камандзе голам.

Перапынак. Гэта было болей інтрыгуюча, чым захапляльна. Каманды дзейнічалі больш пісьменна ў тактычным плане, чым у першай гульні. Каманды сканцэнтраваліся на моцных баках суперніка і спрабуюць выманіць адзін аднаго, каб адшукаць шанец для моманту. 0–0 і 3–4 па суме сустрэч на карысць Сіці, але Гвардыёла не вельмі задаволены дзеяннямі сваёй каманды. Так, Рэал не меў яўных момантаў дзеля голу(0 удараў у створ, Сіці ж 4 разы турбаваў Куртуа), але паўмоманты былі. Рэалу трэба дадаваць у атацы, а Сіці паспрабуе злавіць свой момант у контр-наступе.

Другі тайм.

Пачатак другой паловы, як стрэл з гарматы, праз 7–10 секунд Вінісіўс павінен быў забіваць, але не патрапіў у вароты з блізкай адлегласці. Пас на Карвахаля з цэнтру поля, той ў дотык накіроўвае мяч у штрафную, дзе на далёкай стойцы Вінісіўс прабівае міма. Пазітыўны момант, гострая атака, але ўсё яшчэ без удараў у створ.

На 54-й хвіліне Вінісіўс ізноў прарываецца па сваім флангу, знаходзіць Модрыча на мяжы штрафной, удар якога блакуюць. Стадыён узрываецца, заўзятары адчуваюць, што гэта можа быць тым момантам, калі каманда выраўняе становішча. Рэал дзейнічае актыўней і гастрэй на пачатку другой паловы.

Барацьба на полі працягваецца. Каманды змагаюцца за кантроль над мячом, прэсенгуюць адзін аднаго. Але, Рэал дзейнічае гастрэй, два прарывы Вінісіўса, які проста замучаў Ўолкера, але маладому Бразільцу заўжды крышачку не хапае.

Замена на 68-й хвіліне. Сапраўдны разварот у атаку, замест Кроса выходзіць Радрыга, аўтар вельмі важлівага голу ў чвэрцьфінале на Бернабэў у вароты Чэлсі.

Добрая гульня Сіці ў абароне, у Рэала пасля 70-й хвіліны ўсё яшчэ ноль удараў у створ. Толькі вось бяда, Кайл Ўолкур не змог працягнуць сустрэчу. Кансэлу займае яго пазіцыю, а на фланг Жао выходзіць Зінчанка. Вымушаная перастаноўка ад Гвардыёлы. Гэта страта ў абарончым плане, Кансэлу не такі хуткі, як Ўолкер.

74-я хвіліна, ГОЛ забівае МанСіці. Яны ўдала выходзяць з-пад высокага прэсінгу Рэала, знаходзячы ў цэнтры поля абсалютна вольнага Сільву, які працягвае мяч да штрафной Куртуа і робіць мяккі пас на правы фланг, дзе набягае Марэз і моцным стрэлам прабівае брамніка Мадрыдцаў. 3–5 па суме дзвюх сустрэч. Якая разумная гульня ў выкананні Бернарду Сілва, ён зрабіў усё дакладна да апошняга руху. Ці мог тут уратаваць Куртуа, магчыма, але вельмі моцны быў стрэл ад Алжырца.

Магло падацца, што гэта канец. Але ўсплылі ў памяці падзеі сустрэч Рэала ў 1/8 і ў 1/4, калі ў падобным становішчы аказваліся “вяршковыя”, але тут у суперніках Сіці Гвардыёлы. На подзвіг заставалася ўсяго траціна тайму.

Сіці цалкам кантралюе гульню. У Рэала нічога не атрымліваецца ў атацы. Мяч заўжды то ў нагах “мяшчан”, то дзесьці ў аўтах ці проста качуе ў сярэдзіне поля. Цудоўная гульня ад Сіці ў абароне, яны блізкі да свайго другога фіналу запар. А на 88-й хвіліне кожны задаўся пытанне, як другі мяч не апынуўся ў сетцы варот Куртуа, на лініі варот уратаваў сваю каманду Ферлан Мендзі. Ну тут лічаныя сантыметры аддзялялі Грыліша ад гола, а Рэал ад поўнага расчаравання. Крыху пазней быў стрэл Грыліша, дзе ўжо Куртуа ратаваў і мяч, зноў жа, у лічаных сантыметрах праляцеў ад далёкай стойкі.

Гэтыя моманты будуць сніцца гульцам Сіці.

90-я хвіліна. Пачакайце спаць. Радрыга з пасу Бензэма забівае гол, які дае надзею. Тут малады нападнік абставіў і абаронцаў і брамніка Сіці, апярэдзіўшы іх пасля скідкі ад Бэнзэма ў цэнтр брамніцкай пляцоўкі.

6 хвілін дадае суддзя. 90+1 Радрыга робіць дубль. Што? Як? Сапраўднае ўваскрашэнне. Рэжым Рамаса. Гэта штосьці неверагоднае. Сіці прыгаломшаныя. Бернабэо выбухнуў як вулкан. Ваў. Гэта Ліга Чэмпіёнаў, гэта асаблівы турнір. І Рэал тут асаблівая каманда! Яны зрабілі гэта зноў, вярнуліся з мёртвых. Фантастыка.

Пасля такога вяртання, тармазоў на полі ўжо не было. Гэта былі не тыя тактычныя разборкі, мы пабачылі вір падзеяў, каманды забыліся пра цэнтр поля і шукалі шчасця ў атацы. На 90+5 хвіліне, Фодэн ледзь не забіў пераможны гол у супрацьстаянні, калі Фернандзінья хутка разгуляў штрафны і малады Англіец прабіў вышэй варот.

Дадатковы час.

Гвардыёла павінен быў знайсці патрэбныя словы, бо яго каманды атрымала мацнейшы псіхалагічны ўдар. Яны былі адной нагой ў фінале, але такі разворат падзеяў, што галава можа і пайсці кругам.

Дадатковы час пачаўся з атак Рэала. Каманда проста лётала па полі і вось чарговая атака з ходу прывяла да таго, што Бензэма быў збіты ў штрафной пляцоўны Дыяшам — гэта пенальці.

Бензэма падыйшоў да кропкі і халоднакроўна рэалезаваў гэты момант. Гол, брамнік і мяч паляцелі ў розныя куты. Неверагодна з 3–5 да 6–5.

Пасля гэтага Рэал сядае ў абарону, узмацняючы яе заменамі, замест Бензэма выходзіць Себальес. Рэал зрабіў стаўку на ўтрыманне. І ў іх выдатна атрымлівалася адбівацца, пакуль на апошняй хвіліне першага дадатковага тайму Фодэн не прабіваў галавой, Куртуа ратуе, першы на нічыйным мячы Фернандзінья, але ён прабівае міма. Які момант, Сіці быў вельмі блізкі да таго, каб выраўняць лік на табло па суме сустрэч.

Другі дадатковы тайм, на полі вядзецца сапраўдная бітва за вынік. Рэал адбіваецца ўсёй камандай. У Сіці нічога не ладзіцца ў атацы. Барацьба, барацьба і яшчэ раз барацьба, гэта ўжо ідуцт чэмпіёнскія раўнды, калі прытрымлівацца аналогіі з боксам. Сапраўды неверагодна, Рэал вярнуўся і ўзяў патрэбны яму вынік пад кантроль. Гэта тое, чаго не купіш за грошы, вера і характар.

Лунае свісток. Рэал у фінале. Фантастыка!

Вынік.

Гэта чарговы доказ таго, што ў футболе магчыма ўсё(вітанне тым заўзятарам, якія сышлі на 89-й хвіліне).

Гвардыёла прадумаў усё, ён вёў барацбу за сярэдзіну поля і тым самым завязваў Рэал на гэтай барацьбе. Высокі прэсінг прымушаў гульцоў Рэала задзейнічаць далёкія пасы, большасць з якіх не даходзілі да адрасата. Гэты план працаваў, Мадрыдцы не наносілі ўдараў у створ варот. А “гараджане” часцяком непакоілі Куртуа. У рэшце рэшт, Сіці выйшаў наперад і гэта выглядала як прыгавор.

Але Рэал гуляў да канца. Яны спрабавалі зноў і зноў. І калі ўжо было падобна на тое, што ўсё скончана, яны забіваюць першы гол. Гэта натхняе іх, яны кідаюцца ў наступ і забіваюць другі гол. І гэта выглядае менавіта так, дзве атакі, два галы. І як не ўзгадаць паратунак з лініі варот ад Мендзі і сэйв Куртуа. Каманда рабіла ўсё, каб гэты шанец на ўваскрашэнне быў і вось вынік. Рэал спачатку выраўняў становішча, а потым у дадатковы час, натхнёныя сваім подзвігам, яны забілі і пераможны гол.

І можна было б казаць пра шанцаванне, але Рэал рабіў штосьці падобнае на ўсіх стадыях плэй-офф. Гэты Рэал мае характар.

Гвардыёла ізноў не хапіла крышачку. Гэтая параза можа каштаваць яму трэнерскага месца. І ён сам можа зрабіць гэты крок, сысці.

Які ж футбол мы паглядзелі. Чароўна.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты