android-character-symbol 16.21.30apple 16.21.30@Combined ShapeЗагрузить фотографиюОчиститьdeleteinfoCombined ShapeИскатьsports_on_siteplususeric_avatar_placeholderusersview

Теги Неман

Віной паслужыў генацыд. Гісторыя гарадзенскага «Макабі»

“Ведай Сваіх” гэта цыкл, які знаёміць з гісторыяй футбола на Гарадзеншчыне. Першая частка – гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне. Другая была прысвечана клубу “Крэсовiя”. У трэцяй мы расказалі пра самую моцную каманду даваеннага часу ў Беластойцкой акрузе WKS Grodno.

Цяпер пазнаёмімся яшчэ з адной вядомай камандай даваеннага часу “Макабі Гродна”.

Гэты клуб, або нават спартовае таварыства, з’явіўся ў Гродне адным з першых.

З пачатку XX стагоддзя і да 40-х гадоў у Гродне 40% насельніцтва складалі яўрэі. У іх спорту надавалася вялікая ўвага. Ствараліся спартыўныя школы і гурткі. Так у 20-х гадах мінулага стагоддзя ў Гродне ўтварыўся спартыўны клуб “Макабі”.

Што ж такое “Макабі”? У канцы XIX стагоддзя зарадзіўся рух яўрэйскіх спартыўных клубаў, якія ў 1912 годзе былі аб’яднаны ў Палестыне ў Макавейскую федэрацыю (ад Макавеяў). У 1921 годзе быў створаны Сусветны саюз Макабі. У Ізраілі “Макабі” – найбольш частая, разам з “Хапаэлем”, назва спартыўных клубаў. “Макабі” гэта тое ж самае, што ў нас “Дынама” цi “Спартак”.

Герб гарадзенскага аб’яднання “Макабі”

Варта адзначыць, што каманды з назвай “Макабі” былі амаль у кожным горадзе Еўропы, дзе знаходзілася яўрэйскае насельніцтва.

Дарэчы, менавіта ігрок-яўрэй Юзеф Клоц, якi гуляў у Гродне, забіў у 1922 годзе першы гол у гісторыі польскай зборнай па футболе. Той матч супраць Швецыі палякі выйгралі 2:1.

Даведка ад Віктара Саяпіна

Футбольны клуб “Макабі” (Żydowski Klub Sportowy “Makabi”) быў утвораны ў Гродне ў 1922 г. Колеры каманды “Макабі” – блакітныя. Выступала ў чэмпіянатах Гродна, Віленскай футбольнай акругі, Беластоцкага акруговага футбольнага саюза. З 1929 года, са з’яўленнем БОФС , з’яўлялася пастаянным удзельнікам чэмпіянатаў у класе “А”, заняўшы ў тым годзе чацвёртае месца.

У сезоне 1930 года варта адзначыць поспех гарадзенскай каманды “Макабі” ў таварыскіх гульнях – каманда атрымала перамогі над “Агнiска” Вільня 3:1 і “Макабі” Вільня 2:0. З моцнай камандай з Варшавы “АЗС” гарадзенцы згулялі ўнічыю.

У 1932 годзе каманда стала бронзавым прызёрам чэмпіянату з 15 ачкамі. У 1933-36 гг каманда займала 2-3 месца ў сваёй падгрупе класа “А”. У 1937 годзе футбалісты “Макабі” зноў сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату БОФС у класе “А”, а на наступны год – сярэбранымі прызёрамі , саступіўшы толькі камандзе “WKS Grodno”. Лепшыя футбалісты “Макабі” рэгулярна выступалі за зборную каманду Гродна ў таварыскіх матчах. Так, у чэрвені 1939 года ў пераможным для зборнай Гродна матчы з чэмпіёнам Літвы камандай “ЛСГФ” з Коўна, выступаў абаронца “Макабі” Шустэр. Каманда спыніла існаванне з пачаткам Другой сусветнай вайны.

Шкада, што да нашых дзён дайшло не вельмі шмат інфармацыі аб гэтым унікальным футбольным клубе. Віной таму паслужыў генацыд і Другая сусветная вайна. Мноства дакументаў і фотаздымкаў знікла ў час акупацыі. Нешта знішчалі, нешта здолелі яшчэ да вайны вывезці.

Вашай увазе здымак футбольнага клуба “Макабi Гродна”, ёсць верагоднасць, што гэты здымак быў вывезены з Гродна незадоўга да пачатку вайны.

 

Перад тым, як напісаць гэты артыкул, мне даводзілася звязвацца з многімі яўрэямі і яўрэйскімі суполкамі горада і не толькі. Але мне не ўдалося атрымаць шмат інфармацыі пра клуб. На жаль, у Гродне ўжо не засталося ў жывых відавочцаў тых часоў, прадстаўнікоў яўрэйскага народу. Год таму памёр і апошні вязень гарадзенскага гета, я не паспеў з ім сустрэцца...

У гарадзенскай яўрэйскай суполцы амаль нічога не ведаюць пра даваенны футбол у Гродне. Але адзін прадстаўнік абшчыны ўсё ж здолеў аднавіць успаміны свайго бацькі, які жыў у тыя часы.

З яго слоў, футбол у той час карыстаўся вялікай папулярнасцю. Людзі любілі і хадзілі на яго. Асабліва вялікай папулярнасцю карысталіся матчы мясцовага маштабу, калі яўрэйская “Макабі” сустракалася з польскай камандай Гродна (Крэсовiя, WKS).

Адно з першых гарадзенскіх дэрбі. “Макабі” – “ВКС”. Фота з асабістага архіву Віктара Саяпіна.

Квіткоў было не знайсці. Матчы “Макабі” праходзілі на асноўным стадыёне горада, які знаходзіўся па вуліцы Сабескага, 3 (сёння вул. Захарава).

У будучыні яўрэйскае насельніцтва хацела пабудаваць свой стадыён, а не арэндаваць поле ў палякаў з якімі, часам, былі не вельмі добрыя адносіны. Цэнтр жа “Макабі” знаходзіўся за цяперашняй крамай “Баторыя”. Зараз там знаходзіцца дзіцячы сад і двор жылога дома.

Прадстаўнік абшчыны распавёў, што літаральна пяць гадоў таму ён трымаў у руках яшчэ адзін здымак гарадзенскай яўрэйскай каманды – ён не ведаў якой. Фатаграфію павезлі ў ЗША.

Магчыма, гэта быў здымак іншых гарадзенскіх яўрэйскіх каманд, такіх як “Крафт” і “Ютшня”, або “Хасмонея”. Але самай вядомай і моцнай была “Макабі”.

“Макабі”, дзякуючы сваёй цудоўнай рэпутацыі, карыстаўся падтрымкай значнай часткі гарадскога насельніцтва.

Аднак з часам польскі ўрад забараніў яго дзейнасць. У 1924 клуб таемна адрадзіўся пад назвай “Hasmonai”, але ўжо праз год выступаў пад сваёй уласнай назвай і нават развіваў іншыя віды спорту: язду на ровары, катанне на лыжах, бокс і ваенную падрыхтоўку. У 1938 туды быў дададзены баскетбол.

Клуб сабраў лепшых футбалістаў горада сярод яўрэйскага насельніцтва. Але пасля сталі з’яўляцца такія каманды як “Крэсовiя” i WKS Grodno, і канкурэнцыя для яўрэйскага клуба была вельмі вялікай. Ужо ў 30-х гадах яўрэйскія каманды сталі саступаць польскім. Самай моцнай і першай камандай у горадзе стала “WKS Grodno”. Сталі адбывацца сутычкі паміж заўзятарамі каманд. Таксама сутычкі праходзілі паміж гульцамі падчас гульні.

Вось адно сведчанне з кніжкі пра гісторыю польскага футбола:

“На адным з матчаў у Гродне з удзелам яўрэйскай каманды “Макабі Сувалкі” і гарадзенскай “Крэсовii” адбылася бойка. Гарадзенскі футбаліст Шода нанёс удар футбалісту “Макабі”, удар у стылі Зінедзіна Зідана, за што быў і дыскваліфікаваны на цэлы год. А капітан “Крэсовii” Расціслаў Казлоўскі быў не ў стане функцыянаваць у якасці капітана каманды і быў дыскваліфікаваны на шэсць месяцаў за абразу суддзі. Як распавядаюць відавочцы тых часоў, суперніцтва паміж палякамі і яўрэямі было заўсёды”.

Разборкі працягваліся і за межамі поля. Бывала, што нават грамілі яўрэйскія крамы ў цэнтры горада.

Што тычыцца іншых яўрэйскіх футбольных каманд, такіх як “Крафт” і “Ютшня” – яны гулялі кароткі час, гісторыя памятае толькі іх назвы.

У студзені 1938 года пад ціскам з боку кіраўніцтва Трэцяга Рэйха Польскі футбольны саюз выключыў са свайго складу ўсе яўрэйскія клубы. Пасля гэтага частка футбалістаў-яўрэяў, у тым ліку і з Заходняй Беларусі, эмігравала ў Палесціну. Хто застаўся ў горадзе, таго напаткаў пакутніцкі лёс. Пачался вайна i ўсе яўрэі горада патрапілі ў гета з якога выхаду не было.

Калісьці гэтыя людзі былі знакамітыя ў горадзе, іх любілі. Яны ладзілі парады, радаваліся жыццём. Але вайна змяніла ўсё жыццё, адзінкам удалося выбрацца. На здымках вы можаце паглядзець парад яўрэйскага клуба “Макабі” і закрытае гарадзенскае гета (1930-я і 1942 гады). Калісьцi па гэтым цэнтры горада яны хадзілі свабодна.

Пры пошуку інфармацыі, якая датычыцца “Макабi”, ізраільская арганізацыя Яд Вашэм дапамагла мне знайсці аднаго футбаліста-яўрэя, які загінуў у гарадзенскiм гета. Вось ліст сведкі:

У дадзеным лісце напісана:

“Эфраім Пупкін, месца нараджэння: Гродна, Польшча. Бацька: Шлома, маці: Фрума. Дзейнасць – футбаліст. Месца жыхарства да вайны: Гродна, Польшча. Эфраім загінуў ва ўзросце 25 гадоў у перыяд Шоа. Крыніцай гэтай інфармацыі з’яўляецца ліст паказанняў сведак”.

Гэта ўсё, што ўдалося даведацца пра гэты забыты футбольны клуб. У арганізацыі “Макабі” акрамя футбола было мноства розных відаў спорту, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Многія лічаць, што першы клуб у горадзе гэта “Нёман”! Але варта капнуць трохі глыбей і вы натыкнецеся на мноства іншых гарадзенскіх каманд. Не варта забываць сваё багатае мінулае. Задайце сабе пытанне – дык адкуль жа бярэ свой пачатак “Нёман”?

Папярэднія выпускі:

Частка I: Гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне

Частка II: Гарадзенскi спартовы клуб “Крэсовiя”

Частка III: Забыты клуб – WKS Grodno

P. S. Аўтар удзячны за супрацоўніцтва Віктару Саяпіну, Аляксандру Іванову, Яд Вашэм і Гарадзенскай габрэйскай абшчыне.

Арыгінал тэксту

Аўтар: Руслан Кулевіч

РЕЙТИНГ +28

Свежие записи в блоге

7 апреля 2015 15:15
Месца, дзе вырастаюць таленты. Павел Савіцкі

20 апреля 2014 07:50
Перыяд заняпаду. Футбол у Гародні падчас акупацыі

6 апреля 2014 09:05
Віной паслужыў генацыд. Гісторыя гарадзенскага «Макабі»

30 марта 2014 10:37
Футбалісты загінулі на фронце. Забыты клуб WKS Grodno

23 марта 2014 11:34
Першыя ў Беластоцкай Акрузе. Гiсторыя клуба «Крэсовiя»

15 марта 2014 16:01
Першым клубам быў «Тшэцяк». Гісторыя ўзнікнення футбола ў Гродне

Сегодня родились

Лучшие материалы