Tribuna/Футбол/Блоги/Ведай сваіх на Гарадзеншчыне/Месца, дзе вырастаюць таленты. Павел Савіцкі

Месца, дзе вырастаюць таленты. Павел Савіцкі

Мы распачынаем цыкл матэрыялаў пра тое, якім быў шлях ад маленькіх дваровых пляцовак у Гродне да вялікіх еўрапейскіх стадыёнаў вядомых гарадзенскіх футбалістаў.

Автор — Игорь
7 апреля 2015, 15:15
8
Месца, дзе вырастаюць таленты. Павел Савіцкі

Вялікія футбалісты часам пачынаюць свой шлях з дваровага футболу і маленькіх прышкольных стадыёнаў. Менавіта так распачыналіся кар’еры Сяргея Гурэнкі, Аляксея Лягчыліна, Яраслава Яроцкага, Паўла Савіцкага. 

Мы распачынаем цыкл матэрыялаў пра тое, якім быў шлях ад маленькіх дваровых пляцовак у Гродне да вялікіх еўрапейскіх стадыёнаў вядомых гарадзенскіх футбалістаў.

Гарадзенская школа №18 яшчэ літаральна сем гадоў таму мела дзве футбольныя пляцоўкі. Мала хто ведае, што менавіта на іх нараджаліся футбольныя таленты, пра якія зараз ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Павел Савіцкі з’яўляецца сёння самым вядомым маладым беларускім футбалістам. Ён прайшоў шлях ад юнацкіх зборных да нацыянальнай каманды, а зараз бароніць гонар беластоцкай «Ягелоніі».

У раннім узросце, акрамя асноўных трэніровак у «Белкардзе», Павел не забываў пра сваіх дваровых сяброў і часцяком выходзіў гуляць на школьны стадыён.

І не сказаць, што ўзровень гульні Савіцкага моцна адрозніваўся ад іншых. Справа ў тым, што Паша меў аўтарытэт спарцмена, і калі ішоў падзел на каманды, яго заўсёды выбіралі першым.

– Запомніўся мне Сава сваім гарматным ударам з левай нагі – як ударыць, так ударыць!

Заўсёды было прыемна гуляць з такім хлопцам, які не толькі ствараў пагрозу каля брамы суперніка, але і паспяваў адпрацоўваць на сваёй палове.

Паха быў лідэрам усюды, нават у школе старшакласнікі яго паважалі. Акрамя трэніровак і дваровага футбола, Сава паспяваў гуляць і за нашу школу – распавядае адзін з сяброў Савіцкага.

 

Дом на вул. Рэйманта, дзе жывуць бацькі гарадзенскага паўабаронцы

Як распавядае сам Павел, то часцяком яму прыходзілася гуляць за свой двор. У свой час раён вул. Рэйманта вёў святую вайну супраць хлопцаў з вул. Пушкіна. Гульні на школьных стадыёнах праходзілі сур’ёзныя і паглядзець на супрацьстаянне двух вуліц прыходзіла вялікая колькасць людзей.

– Я, як і ўсе хлопцы, гуляў у футбол з самага дзяцінства! Адразу ж пасля трэніроўкі бег яшчэ гуляць, бо на школьным стадыёне гулялі мае сябры, трэба было і іх падтрымаць.

Збіраліся каля школы а чацвёртай гадзіне, а ўжо а пятай уся «банда» была ў зборы. Там дзяліліся на каманды і гулялі! Было столькі людзей, што нават з заменамі гулялі. Помняцца добра мне матчы супраць Пушкіна, як «ніжняга», так і «верхняга», увесь час секліся з імі. Было весела.

Павел Савіцкі пасля заканчэння школы

– Што мне даў дваровы футбол? Напэўна, больш гульнявой практыкі і вынослівасці.

На мой погляд, гэта тое, чаго не хапае маладым хлопцам на першых этапах кар’еры. На будучыню хацелася б параіць маладым хлопцам у дварах, якія гуляюць у футбол – не займайцicя глупствам, а больш гуляйце і аддавайцеся цалкам спорту. Павел і дагэтуль падтрымлівае сувязі з хлопцамі са свайго двара.

А на славутай пляцоўцы каля 18-й школы шліфуюць свае таленты новыя будучыя зорачкі гарадзенскага футболу.

Працяг будзе.

Аўтар: Руслан Кулевіч

Лучшее в блогах
Больше интересных постов