Хорошие тексты
Блог

«Футбол – тэатр. Гуляюць у ім артысты» Слоўнік выразаў Віталя Жукоўскага

Фота Ксеніі Дзяравягі

Блізіцца да завяршэння першы сезон футбольнай каманды «Іслач», які яна адыграла на маладзечанскім стадыёне.

За гэты сезон маладзечанцы паспелі прывыкнуць і да футбола, і да талісмана каманды. Адзінае, да чаго прывыкнуць немагчыма, гэта да выразаў падчас прэс-канферэнцый га­лоў­нага трэнера і па сумяшчальніцтве галоўнага шоумэна – Віталя Жукоўскага.

Мы склалі слоўнік выразаў, якімі за гэты сезон здзівіў і парадаваў сваіх заўзятараў кіраўнік футбольнага клуба «Іслач».

А

«Адмазаць Саню»

Слова «адмазаць» з’явілася ў лексіконе Жукоўскага, калі паўабаронца каманды Аляксандр Шагойка забіў аўтагол у матчы з Віцебскам. Тады гэты гол перакрэсліў «сухія» вароты «Іслачы» папярэдніх трох гульняў. Віталь Жукоўскі прасіў каманду «адмазаць Саню», інакш кажучы, падтрымаць яго, бо той гол атрымаўся выпадкова.

Б

Бардак

– Футбол ператварыў­ся ў бардак, – так Віталь Жукоўскі ахарактарызаваў першы буйны пройгрыш каманды салігорскаму «Шахцёру». 20 чэрвеня каманда «Іслач» саступіла з лікам 3:0.

В

«Вышэй за сабаку»

Трэнер каманды параўнаў невысокіх футбалістаў з тымі, хто «крыху вышэй за сабаку». І сказаў, што такім, як Лебедзеў, часу прыйсці ў форму пасля траўмы патрабуецца больш.

Ё

Ёперны тэатр

Так Жукоўскі адгукнуўся пра каэфіцыенты на матчы, калі дагаворныя матчы яшчэ не датычыліся «Іслачы».

Фота TUT.by

– Я ніколі раней не залазіў па шыю на гэтыя стаўкі, а зараз гляджу, як каэфіцыенты мяняюцца! «Ёперны» тэатр, а раптам у мяне зменіцца нешта? Закрануць можа кожнага! – «накаркаў» Віталь Жукоўскі.

К

Коўч

– Эй, коўч, чаго гэта ты маладым не давяраеш?

 Так Віталь Жукоўскі прапанаваў спытаць любога заўзятара ў яго, калі раптам нехта заўважыць, што трэнер не выпускае маладых гульцоў на поле.

Фота Ксеніі Дзяравягі

Н

«На тоненькага»

Калі «Іслач» толькі прызвычайвалася да таго, што яны цяпер каманда вышэйшай лігі, і каманда займала вышэйшыя радкі ў турнірнай табліцы, Віталь Жукоўскі баяўся сурочыць, таму называў гульні каманды «на тоненькага». Гэта значыць, недзе камандзе дапамагае шанцаванне, недзе якасці байца, а недзе проста эмоцыі. «Тоненька» ўсё было ў пачатку сезона.

П

«Піда*гі»

Віталь Жукоўскі пасля паражэння ад БАТЭ

(1: 4) 2 кастрычніка адказаў на пытанне пра разрыў партнёрскіх адносін з сеткай рэстаранаў KFC. Сетка рэстаранаў адмовіла камандзе ў падтрымцы пасля скандалу з дамоўнымі  матчамі.

Акрамя таго, трэнер назваў гульцоў, якія замешаныя ў арганізацыі дамоўных матчаў – піда*гамі і заявіў, што з-за скандалу вакол дамоўнай сустрэчы папросіць начальства аб адстаўцы.

Р

«Распрануцца»

– Я гатовы распрануцца, як гэта цяпер модна, абы людзі прыходзілі на стадыён, – прызнаўся Віталь Жукоўскі тады, калі ўзніклі праблемы з тым, што не ўсіх балельшчыкаў пусцілі на стадыён, бо быў занадта жорсткі кантроль.

С

«Сабака ў будцы»

–Ладна, мы б гулялі, быццам «сабака ў будцы», – сказаў Віталь Жукоўскі пасля гульні з «Нёманам», – а то гуляем у атаку. А забіваць не атрымоўваецца.

Т

«Трэсці»

Пасля першага пройгрышу на маладзечанскім стадыёне камандзе з Брэста, Віталь Жукоўскі прызнаваўся, што яго «трасе» ад таго, што каманда гуляе перад сваімі заўзятарамі.

Ф

«Фарціць»

Пасля трох дамашніх гульняў, у якіх каманда «Іслач» змагла здабыць толькі адно ачко, Віталь Жукоўскі сказаў, што гэта проста саперніку фарціць. І прапанаваў ім аплачваць арэнду стадыёна.

Фота Ксеніі Дзяравягі

Х

Хоць Буба Касторскі

– Па мне, хоць Буба Касторскі той гол забіў, абы ён быў рабочым, – пракаментаваў забіты гол у вароты мінскага «Дынама» трэнер «Іслачы», калі было незразумела, хто ж стаў аўтарам  – Алумона ці Цішкевіч.

Я

Ялінка

Згуляць «ялінкай». Так Віталь Жукоўскі назваў гульню з «Крумкачамі», у якой згулялі пяць цэнтральных паў­абаронцаў. Так «Іслач» абаранялася ад каманды, якая моцная ў сярэдзіне поля.

Бліжэйшы дамашні матч «Іслач» згуляе 22 кастрычніка.

Аўтар: Наталля Тур

Арыгінал тэксту: www.rh.by

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья