Tribuna/Футбол/Блоги/Хорошие тексты/«Тэрмін «гейропа» радуе». Беларускі каментатар у Ірландыі

«Тэрмін «гейропа» радуе». Беларускі каментатар у Ірландыі

Ірландскі тэлеканал «Сетанта Спорт» збіраецца паказваць гульні беларускага футбольнага чэмпіяната. Для гэтых мэтаў, найхутчэй, будзе створаны праект «БК-Сетанта».

16 февраля 2017, 15:00
7
«Тэрмін «гейропа» радуе». Беларускі каментатар у Ірландыі

«Наша ніва» пазнаёмілася з адным з галасоў канала «Сетанта».

У Ірландыі ўжо працуе беларускі каментатар — Арцём Балянок працуе на Формуле-1 і на хакейных трансляцыях. У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» ён расказаў пра жыццё беларуса ў Ірландыі, падабенства нашых народаў, пра працу на спартыўным тэлеканале. Не мінулі і надзённых палітычных тэм.

— Спадар Арцём, як атрымалася, што пасля Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта вы трапілі ў Ірландыю?

— Я апынуўся там яшчэ падчас вучобы ў «ін’язе». Да таго я пажыў год у ЗША, вярнуўся ў Беларусь, бо маёй дзяўчыне (цяпер ужо жонцы) не далі візу. Але адразу па вяртанні зразумеў, што ні эканамічная, ні палітычная сітуацыя ў Беларусі мяне не задавальняе.

У Ірландыю мы паехалі на год. Цяпер ужо 15 год тут. Лінгвістычны ўніверсітэт заканчвалі адсюль жа, прыязджаючы на сесіі.

— Ці складана прызвычаіцца да жыцця ў чужой краіне? Канчатковы пераезд прайшоў беспраблемна?

— Нам было па 21 годзе, калі пераехалі сюды, то бок кола сяброў і сям’ю пакінулі ў Беларусі. Настальгія была, на пятым годзе жыцця ў Ірландыі ўвогуле сур’ёзна задумаліся пра вяртанне, але ўсё ж засталіся.

— Што цікавага, магчыма, незвычайнага ў Ірландыі для беларуса?

— Аматар архітэктурных дасягненняў цывілізацыі наўрад ці знойдзе тут мноства шэдэўраў, але ў цэлым краіна ўтульная. Затое прырода тут ашаламляльная: востраў вулканічнага ўтварэння, заходняя частка хутчэй раўнінная, усё астатняе — горы.

Мора, акіян, сёрфінг (надта круты!), ёсць выдатная гоначная траса. Сонца тут куды больш, чым у Беларусі, асабліва ва ўсходняй частцы краіны, дзе размешчаны Дублін і дзе жыве 50% насельніцтва.

— Многія параўноўваюць Ірландыю з Беларуссю: падобны гістарычны шлях, амаль аднолькавая моўная сітуацыя… ці можна праводзіць такія аналогіі?

— Дадам, што ірландцы без бульбы жыць не могуць! (смяецца). А ў 1845—1849 адбылася трагедыя: праз фітафтору загінуў увесь ураджай бульбы, мільён чалавек памерлі, яшчэ мільён эмігравалі.

Так, 800 год Брытанія акупавала Ірландыю, але ў 1916 пачалася рэвалюцыя: людзям папросту надакучыла жыць ва ўмовах прыгнёту. Брытанія была паслаблена ўдзелам у Першай сусветнай вайне і, на шчасце, не змагла поўнасцю сканцэнтравацца на задушэнні паўстання ў Ірландыі. Да 1921 мы сталі рэспублікай. Праўда, шэсць паўночных графстваў (правінцыя Ольстэр) засталіся ў складзе Брытаніі.

У моўным плане, сапраўды, ёсць падабенства: на ірландскай гавораць нямногія, бо мова кельцкая, унікальная і складаная. Ёсць дзве невялікія вобласці на захадзе краіны, дзе размаўляюць на ірландскай і куды прывозяць школьнікаў на навучанне. Але праграма выкладання ірландскай мовы не вельмі эфектыўная.

Ты не менш у нас тут дзве дзяржаўныя мовы, усе дарожныя знакі на абедзвюх, ёсць тэлеканал і радыёстанцыя, што вяшчаюць выключна на ірландскай у Дубліне. Не ведаю, што на захадзе, — там, хутчэй за ўсё, ёсць нешта яшчэ.

— Цёмнае піва, напэўна, ваш любімы зараз напой?

— Прызнаюся, што навучыўся разбірацца ў Гінэсе, даведаўся, у якіх пабах яго правільна захоўваюць і падаюць, не раз адводзіў туды прыезджых у госці сяброў.

Зараз, калі ўжо піць піва, аддаю перавагу IPA (IndiaPaleAle), прытым амерыканскія гатункі тыпу Lagunitas, AllDay IPA і ModusHoperandi.

Нашы хлопцы стараюцца, вараць ды чаруюць, але пакуль вынікі на троечку. Этыкеткі, праўда, бываюць увогуле выдатныя.

— Пяройдзем да працы. Якім чынам Вы апынуліся на тэлеканале «Сетанта Спорт»?

— Гэта аказаўся даволі нечаканы паварот для мяне. Я працаваў у кампаніі, што займаецца кантэнтам для авіяліній — фільмы, музыка для забавы на борце. Быў цалкам сабе паспяховы менеджар з падначаленымі, кар’ерай, плюшкамі, але мне ўсё гэта надакучыла і я наўпрост сышоў.

На наступны дзень выйшла на сувязь ужо былая калега і паказала аб’яву «Сетанты» — патрэбны рускамоўны каментатар, які разбіраецца ў НХЛ і Формуле-1.

Карацей, я адразу накіраваў рэзюмэ, хоць працу нават не збіраўся шукаць цягам яшчэ пары месяцаў, і спакойна пайшоў адзначаць звальненне з былымі калегамі. Аддзел кадраў «Сетанты» звязаўся са мной на наступны дзень, мы дамовіліся на суразмоўніцтва.

— Трэба разумець, рэпартажы з Формулы-1 і НХЛ абумоўлены менавіта ўласнымі захапленнямі?

— У маім выпадку — менавіта так. Я захапіўся гэтымі відамі спорту, як толькі іх пачалі паказваць па TБ напачатку 1990-х.

— Ці здараліся незвычайныя сітуацыі падчас рэпапартажаў

— Бываюць агаворкі: нядаўна вось пераблытаў імёны гульцоў з розных каманд, яны гралі пад аднолькавым нумарам. Праўда, адразу ж выправіўся, але ўсё роўна непрыемна.

— Які калектыў працуе на рускамоўнай «Сетанце»?

— Непасрэдна каментатараў у нас чацвёра на пастаяннай аснове: Аляксей Іваноў і Дмітро Джулай, абодва з Украіны, працуюць на футбольных матчах. Руслан Берлін і я працуем на НХЛ. У мяне яшчэ Формула-1 падчас сезону; Руслан таксама асвятляе бокс і ММА. Усе выдатныя хлопцы, з пачуццём гумару і здаровым сарказмам.

З Дзімам Джулаем таксама гуляем за каманду «Сетанта» ў аматарскай футбольнай лізе.

Іншыя рускамоўныя прадстаўнікі тэлеканала працуюць не ў Ірландыі і не ў якасці каментатараў.

— Пра аматарскую футбольную каманду цікава. Значыцца, на спорт па-за працай часу хапае?

— Хутчэй так, чым не. Аматарская ліга — раз на тыдзень, па панядзелках і вечарам, то бок мы паспяваем і да футбольных, і тым больш да хакейных эфіраў. Пакуль, праўда, можам пахваліцца толькі жоўтай формай пад колер лагатыпу тэлеканала і траўмамі.

Акрамя таго, я і ў трэнажорную залу хаджу, і на муай-тай, кніжкі чытаю і працую з дырэктарам тэлеканала над развіццём рэкламных момантаў.

Дарэчы, да ад’езду ў Ірландыю я раз-два на тыдзень таксама гуляў у футбол у Мінску з хлопцамі з прэсболаўскага форуму.

— А ці адсочваеце спартыўнае жыццё Беларусі?

— Так, па магчымасці гляджу і падтрымліваю. Стараюся глядзець матчы хакейнай і футбольнай зборных. Хадзілі з жонкай на матч Беларусі супраць Ірландыі ў рамках Кубка Дэвіса некалькі год таму. Прыйшлі са сцягам.

— А з якім сцягам завіталі на Кубак Дэвіса?

— Асабіста ў мяне быў гістарычны бел-чырвона-белы сцяг. Акрамя таго, я вазіў яго на некалькі канцэртаў «Металікі».

— Арцём, ці ёсць нейкія прыярытэты ў асвятленні спартыўных падзей у залежнасці ад краіны, на тэрыторыю якой ідзе вяшчанне? Што можаце сказаць пра новы праект «БК-Сетанта»?

— »Сетанта Спорт» па магчымасці набывае эксклюзіўныя правы на вяшчанне. Напрыклад, у Грузіі мы не маем права вяшчаць іспанскую Прымеру, а ў краінах Балтыі — Формулу-1.

Наконт «БК-Сетанты» магу толькі працытаваць словы ірландскага дырэктара тэлеканала: «Мы абмяркоўваем з Беларускай вышэйшай лігай патэнцыйнае супрацоўніцтва Лігі і «Сетанта Спорт». На дадзены момант дадатковых каментарыяў не будзе».

— Калісьці «Сетанта» зможа рыхтаваць рэпартажы на нацыянальных мовах для краін Усходняй Еўропы?

— Тэарэтычна магчыма ўсё, але тады замест аднаго тэлеканала будуць патрэбны 13 асобных, каб вяшчаць на нацыянальных мовах усіх краін нашага ахопу. А гэта ўжо немэтазгодна ў існуючай камерцыйнай мадэлі.

— На вашу думку, спорт — па-за палітыкай?

— Усё пачынаецца з жадання дзіцяці бегаць на каньках і кідаць шайбу ў браму. Гэта дакладна па-за палітыкай, гэта ўнутраная жарсць.

Але на ўзроўні вялікага спорту без палітыкі складана, бо ўключаецца нацыянальны інтарэс, прытым за межамі ўсё той жа хакейнай пляцоўкі.

Мне гэта не падабаецца, я хацеў бы сачыць непасрэдна за спартыўнымі спаборніцтвамі, але ў іх задзейнічаны вельмі сур’ёзныя сілы, такім чынам, без палітыкі, на жаль, аніяк.

— Дарэчы, геапалітычная сітуацыя ў свеце не напружвае? Трамп, Пуцін, Лукашэнка — асобы, што прымушаюць сачыць за палітыкай?

— Напружвае і вельмі моцна.

А яшчэ больш напружвае дасканалая работы машыны прапаганды. Быў на Новы год у Мінску, паглядзеў TБ. Надта здзівіўся таму, што ў Еўропе, аказваецца, поўнае і беспрасветнае пекла, разруха, галеча, што нас падманваюць. Не зразумеў, праўда, хто, але падманваюць бязлітасна. Тэрмін «гейропа» ўвогуле радуе.

З-за гэтых людзей не сачыць за палітыкай немагчыма. Вось у нас у Ірландыі — дэмакратыя: мы выбіраем уладу, гэтыя людзі робяць сваю працу, якую мы дазволілі ім рабіць. Яна аплочваецца маімі падаткамі. Калі людзі пры ўладзе перастаюць рабіць сваю працу добра, я маю права і магчымасць іх звольніць.

Кожны нясе адказнасць за свае дзеянні, тым больш будучы ва ўладзе. І ён ведае, што ён — наёмны работнік, не ўсемагутны, не вечны. І, шчыра кажучы, у нашай «гейропе» няма асаблівай розніцы, хто ва ўладзе: літара закону — вышэй за ўсё, сістэма дасканала і зладжана працуе для і дзеля чалавека, а не ў імя асабістых інтарэсаў нейкага прэм’ер-міністра.

 

— Так, безумоўна. Казкі пра «загніваючы захад» — неад’емная частка нашага жыцця.

— Дарэчы, мне пад Новы год даслалі «ліст шчасця» на мінскі адрас. І гэта пры тым, што я амаль 15 год стала жыву за межамі Беларусі.

Прывёз з Ірландыі дакументы, патлумачыў сітуацыю інспектару. Вельмі прыязная спадарыня, якая разумее сутнасць таго, што адбываецца.

Высветлілася, што яе бацька глядзіць Формулу-1 на «Сетанта Спорт», — перадаў яму прывітанне!

— Падзяліцеся сваімі планамі і задумамі на будучае.

— Планую працягваць якасна рабіць сваю працу — яна мне вельмі падабаецца. Прыемна, калі гледачы дасылаюць добрыя водгукі — разумееш, што не дарэмна ўклаўся ды выклаўся ў свой час эфіру.

Планую шэраг паездак, у тым ліку на канцэрты і метал-фестываль Waсken. У ліпені буду ў Мінску, і на Depeche Mode зазірну.

Спрабую дапамагчы бацьку з арганізацыяй выставы ў нашай «загніваючай», але зацікаўленай у мастацтве Еўропе. Мастак Сяргей Балянок даволі вядомы ў Беларусі і за яе межамі.

Хутка будзе скончаны мастэрынг майго альбома — планую выпусціць яго вясной.

— Што за альбом?

— У асноўным інструментальная электронная музыка, месцамі з жорсткімі гітарамі. І тэхна, і chillout, і psy, і элементы метала.

— Кіно ці кніга?

— Залежыць ад настрою. Зараз чытаю Дзіну Рубіну, але нярэдка гляджу серыялы на Netflix.

— Падарожжа ці купля дарагой машыны?

— Машына ёсць, таму падарожжа.

— Цяжкі метал ці рэп?

— Я нават у трэнажорнай зале заўжды прашу, каб рэп выключылі!

— Куды б паехалі цяпер і зараз?

— Берлін. Вельмі люблю гэты горад.

— Любімае месца ў Беларусі?

— Ёсць прыемныя палянкі каля ракі Іслач. Там мне хораша.

Аўтар: Антон Арцямёнак

Арыгінал тэксту:nn.by

Другие посты блога

Все посты