Tribuna/Футбол/Блоги/Хорошие тексты/Развітанне Уладзіміра Някляева з шахматыстам і сябрам Віктарам Купрэйчыкам

Развітанне Уладзіміра Някляева з шахматыстам і сябрам Віктарам Купрэйчыкам

Некралог Уладзiмiра Някляева.

Автор — Tribuna.com
23 мая 2017, 13:22
1
Развітанне Уладзіміра Някляева з шахматыстам і сябрам Віктарам Купрэйчыкам

Некалькі слоў пра чалавека, які выступаў супраць абрання Аляксандра Лукашэнкі кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

На гэтым тыдні ва ўзросце 67 гадоў памёр беларускі шахматыст Віктар Купрэйчык. Паэт і былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў напісаў у Фэйсбуку пост-развітанне са сваім сябрам.

«Не стала Віктара Купрэйчыка. Міжнароднага грасмайстра, найбліскучага беларускага шахматыста, унесенага ў Сусветную залу шахматнай славы. 

Мы сябравалі. Ён адзін з самых даўніх маіх сяброў. Таму цяжка. Вельмі.

Апошнімі гадамі ён невылечна хварэў. Але памёр не праз хваробу. Праз выпадак. Спраўдзілася ягонае: «Мы паміраем выпадкова». 

Ён любіў не толькі шахматы. Шмат што яшчэ. У тым ліку музыку, літаратуру. За грошы, выйграныя на адным з апошніх (ветэранскіх) турніраў, выдаў па-беларуску кнігу Івана Буніна. Калі спыталі, навошта яму гэта, адказаў: «Хачу, каб любілі Буніна па-беларуску». Грошы, якія перакладчыкі бунінскай кнігі не ўзялі ў яго як ганарар, ён перадаў на помнік Рыгору Барадуліну.

Ён быў чалавекам гонару. Чалавекам сумлення. Калі Лукашэнка вырашыў стаць прэзідэнтам Беларускага алімпійскага камітэту, Віктар Купрэйчык прагаласаваў супраць. Падняўся на сходзе і сказаў, што ён супраць, бо алімпійская хартыя не дазваляе кіраўніку дзяржавы кіраваць алімпійскім камітэтам. Здавалася б – гэта так проста. Але падняўся, сказаў і прагаласаваў супраць ён адзін. Людзей з гэтакім пачуццём годнасці, якая дазваляе выстаяць аднаму супраць усіх, на свеце не так шмат. Яшчэ меней такіх сяброў. Але яны ў мяне былі і ёсць – і гэта калі не ўсё, што я займеў у жыцці, дык найгалоўнае ў ім. Найблізкае, найдарагое, за што дзякуй сябрам, дзякуй Віктару...

Свой бескампрамісны характар ён выяўляў і ў шахматах, і ў жыцці. Калі б не рызыкаваў так, як рызыкаваў, кар’ерна мог бы дамагчыся большага. Але не было б тады той імклівай прыгажосці, з якой ён жыў, гуляў, за якую яго любілі…

На развітанне – адзін з бунінскіх вершаў, які ён папрасіў мяне перакласці і амаль пры кожнай нашай сустрэчы чытаў: 

Апоўначы ў названы час

На вокны наплывала поўня.

Яна ўжо спала. Белай коўдры

Свяціўся спушчаны атлас.

Яна ляжала на спіне,

І грудзі поўнямі бялелі.

І, як у возеры лілея,

Жыццё яе стаяла ў сне, -

і трэба было бачыць, як ён глядзеў у тое возера на тую лілею, у тое саснёнае жыццё…»

Арыгiнал: Facebook

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты