Tribuna/Футбол/Блоги/Хорошие тексты/«Ганаруся знаёмствам з Гордзі Хоў». Першы ўраджэнец Беларусі ў NHL аб сваiм жыццi

«Ганаруся знаёмствам з Гордзі Хоў». Першы ўраджэнец Беларусі ў NHL аб сваiм жыццi

Вялікае інтэрвію зь першым ураджэнцам Беларусі ў NHL.

Автор — Игорь
2 июня 2014, 10:10
2
«Ганаруся знаёмствам з Гордзі Хоў». Першы ўраджэнец Беларусі ў NHL аб сваiм жыццi

Шлях ад першага кроку на каньках да прафэсійнага хакея заняў яму 10 гадоў. Гэта былі часы, калі хакеісты, каб выжыць, падпрацоўвалі паміж сэзонамі. Калі адзінай матывацыяй уставаць а 5 раніцы на трэніроўкі была любоў да спорта. Джон (Ян) Мішук здаў гэты экзамен і ў 1963 годзе стаў першым ураджэнцам Беларусі ў NHL. Ян прыйшоў на сьвет у сталінскай Беларусі 29 верасьня 1940 года. Калі яму было 3 гады, яго родную вёску Налібакі (Стаўбцоўскі р-н, Менская вобласьць) спалілі немцы, а яе жыхароў вывезлі на прымусовыя працы ў Нямеччыну. У 1950-ыя гады сям’я Мішукоў пераязджае ў Канаду. Там Джон марыць стаць электрыкам і ганяючы з сябрамі на каньках з клюшкай ў руках, наўрад ці мог уявіць, што праз пару гадоў яму давядзецца ганяцца за шайбай разам з Гордзі Ховам.

Пра гісторыю захапленьня спортам і жыцьцё ў Канадзе Джон Мішук распавёў у размове зь Дзьмітрыем Гурневічам.

Джон, вы гралі ў больш як 200 матчах, амаль 20 гадоў у прафэсійным спорце. Што вам найбольш запомнілася з таго хакейнага пэрыяду жыцьця?

Д. Мішук: Сяброўства. Я ганаруся тымі знаёмствамі. Гордзі Хоў, легенда хакея, які забіў найбольшую колькасьць галоў у рэгулярных сэзонах NHL i WHA. Мы гралі з Тэры Саўчуком, якога ўсе называлі “Юкі”, ён быў з украінскай сям’і. Роўных яму брамнікаў не было, ён нумар адзін у сусьветным хакеі. Тэры называлі чалавекам “600 шрамаў”, бо ён не хацеў граць у масцы. Ніколі не забуду Пола Хэндэрсана, з якім я граў у Дэтройце. Ён забясьпечыў перамогу Канады над СССР у супэрсэрыі ў 1972 годзе. Граў з Норманам Ульманам. Гэта былі цудоўныя гульцы й шмат з кім я сябрую й сёньня. Уйэн Грэцкі пачынаў граць пасьля таго, як я ўжо пакінуў спорт, але я быў на матчах з яго удзелам. Гэта яшчэ тое відовішча. Калі я выступаў за Buffalo Bisons і Calgary Cowboys я быў у All stars team, там былі вельмі добрыя хакеісты.

 

Бойка з Бобі Халам.

 

Я бачыў здымак гульні з вашым удзелам, на якім вы біліся з супернікам. Часта ў вас такое здаралася?

Д. Мішук: Тааак (сьмяецца). Гэта была частка гульні, без гэтага немагчыма.

Прызнайцеся шчыра, часьцей білі вы ці вас?

Д. Мішук: Часьцей біў я. Вельмі часта ў нас былі сутычкі з Бобі Халам, ён быў адным з лепшых крайніх нападаючых за ўсю гісторыю НХЛ, чалец Зала хакейнай славы. Я быў абаронцам. У нас з ім былі незабыўныя бойкі.

А адкуль увогуле вашае зацікаўленьне спортам?

Д. Мішук: Гэта пачалося яшчэ ў Нямеччыне. Пасьля вайны мы жылі ў лягеры для перамешчаных асоб, у Вэстафаліі. Пасьля школы пастаянна ганялі з хлопцамі ў футбол. Пазьней, у пачатку 50-ых, калі мы ўжо пераехалі ў Канаду, каманда з Гэмілтана, за якую я выступаў, нават выйграла Чэмпіянат Канады сярод юніёраў. Мне тады было 14 гадоў.

А як Вы трапілі ў Канаду?

Д. Мішук: Тата паехаў у Канаду ў 1950 годзе, а мы засталіся ў Нямеччыне й чакалі ад яго сігнала. Ён шукаў у Канадзе працу й жыльлё. Пачаў працаваць на грыбной фэрме. Потым ён вярнуўся і забраў нас усіх: маму, дзьвю сясьцёр, бабулю й дзядулю. Так рабілі ўсе сем’і, якія жылі ў нямецкіх лягерах. Мы прыехалі ў Гэмілтан (Антарыё) і першы час жылі ў доме майго дзядзькі. Гэта быў малюсенькі дамок, нас там было 9 чалавек. Так мы засталіся ў Гэмілтане, з часам бацькі купілі дом. Наша сям’я жыве ў гэтым горадзе па сёньняшні дзень. Тут у нас шмат сваякоў. Пасьля вайны ў Гэмілтане пасяліліся 3 маміны браты, сястра. Усе былі са сваімі сем’ямі. Было шмат знаёмых з Налібак. У Таронта, а гэта 30 міляў ад нас, жылі тры браты майго таты, Мішукі. Штогод мы зьбіраліся на Вігілію, Каляды, на Вялікдзень.

У канадскую школу вы пайшлі пасьля польскай у Нямеччыне. Ці цяжка давалася навука?

Д. Мішук: Мне было лёгка. У Нямеччыне я хадзіў у польскую школу, але тут я хутка навучыўся размаўляць па-ангельску. Мая сястра, старэйшая за мяне на 5 гадоў, вучылася са мной у адной клясе, пакуль не вывучыла мову. Ужо пазьней яе перавялі да дарослых. Навука мне давалася добра.

А як сталася, што хакей урэшце перамог футбол?

Д. Мішук: Хакеем я зацікавіўся, калі мне было 13. У 16 гадоў я трапіў у All Stars у камандзе, за якую я выступаў. Потым я перайшоў у юніёрскую каманду Hamilton Tiger Cubs, дзе граў 3 гады. Я зразумеў, што хакей – гэта для мяне. Затым была яшчэ адна дружына ў Гэмілтане і ў 1961 годзе я пачаў граць за Edmonton Flyers. Дарэчы ў Эдмантане я пазнаёміўся са сваёй жонкай Корай. Год мы сустракаліся й потым ажаніліся. Ужо больш за 50 гадоў мы разам. У нас чацьвёра дзяцей і столькі ж унукаў.

Вы пачыналі ў хакеі ў 60-ыя гады. Якім хакей быў знутры ў тыя часы?

 

1960 год.

 

Д. Мішук: Перш за ўсё, тады хакей не быў бізнэсам, не было столькі грошай, як сёньня. Не было мільянераў-хакеістаў. Мае бацькі не хацелі, каб я займаўся хакеем. Бо гэта каштавала немалыя грошы, а бацькі былі небагатыя. Але я вырашыў, што буду ўсё рабіць сам. Я пачаў працаваць кур’ерам, развозіў газеты, і так зарабляў на выдаткі ў спорце. У 16 гадоў я купіў сваю першую машыну за заробленыя грошы. Цяперашні хакей – гэта супэрбізнэс. 18-гадовыя гульцы зарабляюць неверагодныя сумы. Я хацеў бы, каб мне цяпер было 18 гадоў (сьмяецца).

А што вас трымала ў прафэсійным спорце ў тыя гады, калі гэта не давала вялікага прыбытку?

Д. Мішук: Я вельмі люблю спорт, самыя розныя гатункі. Гэта было захапленьне. Я люблю футбол, амэрыканскі футбол, бэйсбол. Але найлепш сябе я адучваў у хакеі. Сёньня я граю ў гольф. Дарэчы, на гольфе мы часта сустракаемся з сябрамі-хакеістамі, з якімі разам пачыналі ў спорце.

А як вы трапілі ў NHL?

Д. Мішук: У 1963 годзе мы, гульцы Edmonton Flyers, пачалі гуляць за амэрыканскую дружыну Detroit Red Wings, якая была ў NHL. Мая сям’я тады жыла ў Канадзе, але на 6-месячныя хакейныя сэзоны мы пераязджалі ў ЗША. Нашаму першынцу было акурат 2 гады. Вы сказалі, што хакей не быў бізнэсам, як сёньня.

А вам хапала хакейнага заробку?

Д. Мішук: О, не (смяецца). Гэта былі зусім іншыя грошы, чым цяпер. Я мусіў падзарабляць, каб утрымліваць сям’ю. Пасьля сэзонаў я вяртаўся ў Канаду і працаваў. Спачатку была сталеліцейная кампанія, пазьней піўзавод, а потым мы з сябрам, хакеістам Эланам Стэнлі, адчынілі на поўначы Канады хакейную школу. Элан быў легендай хакея, ён выступаў у НХЛ у 1948-1969 гадах, быў чатырохразовым уладальнікам Кубка Стэнлі. Мы адкрылі школу ў 1967 годзе, калі я выступаў за Philadelphia Flyers. Яна знаходзілася ў маляўнічай вёсцы Фэнлэн Фолс у азёрным рэгіёне Каварта-Лэйкс. Мы працавалі ў гэтай школе 8 гадоў, я быў інструктарам, вучыў дзяцей. Кожнае лета ў нас вучылася каля 1, 5 тысячы вучняў, не толькі з Канады, але і з усёй Амэрыкі. Пасьля двух месяцаў працы ў школе мы вярталіся да гульні. І так кожны год, пакуль мы яе не прадалі ў сярэдзіне 70-ых.

Пасьля 1967 года, калі вы адчынілі школу, вы зьмянілі 11 каманд: Buffalo Bisons , Chicago Blackhawks, Calgary Cowboys і іншыя. У якой вы сябе адчувалі найлепш?

Д. Мішук: У Philadelphia Flyers. Я граў там з 1967 па 1969 гады. Мы адчувалі сябе шчасьлівымі ў гэтай дружыне. Гульні былі пастаянна, а спартоўцу толькі гэта й трэба. Мы былі адной сям’ёй, памагалі адзін аднаму. Гэта былі незабыўныя гады.

А ці зьмянілі з часам вашыя бацькі стаўленьне да хакея?

Д. Мішук: Канешне (смяецца), калі я стаў пасьпяховым спартоўцам, яны былі вельмі задаволеныя. Яны далей жылі ў Гэмілтане, мама Марыя працавала ў шпіталі, а тата Казімір у сталеліцейнай фабрыцы. Дарэчы, мама пражыла 94 гады і памерла 5 гадоў таму, а таты няма з намі ўжо 35 гадоў.

Які клюб быў для вас апошнім?

 

1968 год.

 

Д. Мішук: У 1978-79 гадах я граў за San Diego Hawks. Потым шмат гульцоў пачалі пераходзіць з NHL у WHA. Але яшчэ гадоў 10 пасьля сыходу на пэнсію я граў у клюбе олдтаймэраў. Дзякуючы гульням мы зьбіралі грошы на дабрачынныя мэты.

А сёньня вы яшчэ цікавіцеся хакеем?

Д. Мішук: Так, вядома ж. З задавальненьнем гляджу матчы з удзелам Сідні Кросбі, гэта новы Уэйн Грэцкі. Ён капітан Pittsburgh Penguins. Гэта фантастычны спартовец. За Chicago Blackhawks грае Джонатан Тэіўз, ён двухразовы алімпійскі чэмпіён. Тое, што гэты хлопец робіць з клюшкай – гэта штосьці дзівоснае. Кожны сэзон я гляджу матчы Кубка Стэнлі.

А пасьля сыходу на пэнсію ніколі не было жаданьня вярнуцца ў хакей? У якасьці інструктара, трэнэра, уладальніка хакейнай школы?

Д. Мішук: Не, не было. У пачатку 80-ых я трошкі займаўся тэніроўкай маладых хакеістаў, але гэта быў занятак не для грошай, гэта адбывалася, як цяпер кажуць, на грамадзкай аснове.

І чым вы заняліся на пэнсіі?

Д. Мішук: Я пайшоў у бізнэс. У Сан-Дыега я працаваў у фірме Jack In The Box. Гэта адна з буйнейшых у Амэрыцы кампаній у бізнэсе гамбургераў. У 1980 годзе мы вярнуліся ў Канаду. Тут я заняўся франчайзінгам. Мы адкрылі бары хуткага абслугоўваньня Tim Horton Donuts. Гэтая сетка спэцыялізуецца ў печыве й каве. У нас найлепшая кава ў Канадзе. Дарэчы, Цім Хортан таксама быў хакеістам з Гэмілтана, які іграў у НХЛ. Ён трагічна загінуў у 1974 годзе. Яго бізнэс стаў візітнай карткай Канады. Сёньня гэта сетка ў два разы большая, чым Макдональдс. Наша сям’я ужо некалькі дзясяткаў гадоў у гэтым бізнэсе. У нас з сынамі чатыры рэстараны Tim Horton Donuts, мы вельмі задаволеныя тым, як ідуць нашыя справы. У нас ёсьць дом і зямля ў Флярыдзе ў ЗША, кожную зіму мы праводзім там.

А ці лёгка было стварыць свой бізнэс у Канадзе?

Д. Мішук: У 80-ыя гады, калі мы гэтым заняліся, было значна прасьцей, чым сёньня. За гэты час вырасьлі падаткі, зьявілася бюракратыя. Але да камунізму, дзякуй Богу, нам яшчэ вельмі далёка (сьмяецца).

 

Джон Мішук з жонкай Корай.

 

Хацеў бы вярнуцца да тэмы вашай малой радзімы? Ці расказвалі Вам бацькі, дзяды, пра тое, як выглядала іх жыцьцё ў Налібаках? Ці былі ўспаміны пра Налібакі часткай вашай сямейнай гісторыі?

Д. Мішук: Так, канешне. У нашым доме заўсёды гучала назва Налібакі, было шмат гісторый, успамінаў. Найбольш ведае й памятае мая сястра. Я на жаль, мушу прызнацца, што калі быў дзіцем, то ў мяне быў мільён іншых заняткаў і я не асабліва зьвяртаў на гэта ўвагу. Пэўна, як кожнае дзіця. А калі мне споўнілася 25 гадоў, то мая сям’я пераехала ў ЗША. Мы жылі паміж Канадай і Амэрыкай і ў мяне не было часу заглыбіцца ў гэтае пытаньне. Апрача таго, у Канадзе людзі, як бы, закрытыя ва ўласнай краіне й мала цікавяцца сьветам, можа трошкі Амэрыкай. Бабуля Міхаліна памерла ў 1963 годзе, я не пасьпеў шмат пра што ў яе распытацца. Дзядуля памёр на параплаве, якім мы ў 1951 годзе плылі ў Канаду, я яго амаль не памятаю. Але ў нас ёсьць шмат здымкаў з Налібак, нашых сваякоў, знаёмых адтуль, гэта частка нашай сямейнай традыцыі. У Гэмілтане і ў Таронта ў нас больш двух дзясяткаў сваякоў з Беларусі, мы пастаянна сустракаемся й размаўляем. Калі ўжо можна было высылаць лісты ў Беларусь, то бацькі часта туды пісалі. А потым, калі распаўся СССР, то мама з сёстрамі была ў Налібаках. Таму сувязь са сваімі людзьмі ў нас ніколі не спынялася. Я ўжо каторы год збіраюся паехаць у Налібакі й цяпер, калі ў мяне больш вольнага часу, я спадзяюся, што хутка прыеду ў Беларусь.

Аўтар:  Дзьмітры Гурневіч

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты