Tribuna/Биатлон/Блоги/«Порою блажь великая»/Вы шалееце з-за жонак футбалістаў і людзей на «Дынама», якія быццам перагарнулі старонку? Не спяшайцеся іх хейціць

Вы шалееце з-за жонак футбалістаў і людзей на «Дынама», якія быццам перагарнулі старонку? Не спяшайцеся іх хейціць

Фічар

13 июля 2021, 10:14
8
Вы шалееце з-за жонак футбалістаў і людзей на «Дынама», якія быццам перагарнулі старонку? Не спяшайцеся іх хейціць

І нават Бахара не чапайце.

Вось ужо амаль год у маім жыцці амаль няма весялосці. Ну так, вы ўсё правільна зразумелі: не атрымліваецца весяліцца, калі ў краіне адбываецца такое. Я не хаджу ў кіно, не наведваю кавярні, не хачу ў адпачынак, пазбягаю шумных кампаній. Часам думаю пра тое, а ці не хоча жонка мяне забіць. Падстаў у яе хапае, бо яна зусім іншага складу чалавек, хаця таксама цудоўна разумее, у якой рэчаіснасці мы жывем разам з нашымі дзецьмі. І пра свой стан я кажу не таму, што ім ганаруся або лічу ўсеагульнай нормай. Проста канстатую, што ён для мяне цалкам натуральны.

Ці абавязкова, каб сябе гэтаксама пачувалі іншыя? Вядома, не.

Людзі, якія знаходзяцца ў куды больш складаных абставінах, чым многія з нас, працягваюць любіць жыццё. У сацсетках я падпісаны на дзяўчыну былога следчага Яўгена Юшкевіча. Гэты хлопец сышоў з органаў і стаў праграмістам, а ўлетку 2020-га стаў прапаноўваць усім сілавікам, якія маюць сумленне і не хочуць служыць Лукашэнку, дапамогу ў засваенні IT-спецыяльнасці. Зараз былыя калегі трэніруюць на Юшкевічу сваю фантазію. Яго ўжо падазравалі і ў акце тэрарызму, і ў масавых беспарадках, і ў арганізацыі групавых дзеянняў. Добры такі букет. Але калі вы глянеце сацсеткі яго дзяўчыны, то адразу і не здагадаецеся, што яе малады чалавек патрапіў у палон. Яна амаль увесь час смяецца і нават гаворыць пра вяселле, хаця жаніху лёгка могуць намаляваць пятнашку за спакушэнне сілавікоў.

І яна ж мае так сябе паводзіць?

Нават самае глыбокае гора губляе сваю вастрыню. І нават самыя дзікунскія абставіны праз нейкі час могуць стаць нармальнасцю, няхай і ненармальнай. Вось так многія беларусы і жывуць. З прыхаваным унутры болем і ў цалкам дзікунскіх абставінах. Яны ходзяць на спектаклі, ладзяць сямейныя святы, глядзяць Еўра на стадыёне «Дынама», часам смяюцца.

Можа, гэта азначае, што ім усім пофіг, што яны жорсткія і бяздушныя? Не думаю.

Мне здаецца, што людзей, у якіх паныласць – натуральны стан, у атачэнні Лукашэнкі куды больш, чым сярод тых, хто супраць яго. Помніце акцыі пратэста-2020? Гэта быў карнавал, а не хаўтуры. Так, жыццё і падзеі штурхаюць нас да трагізму, але, можа, усё ж такі не трэба адразу бачыць у беларусах горшае. Яшчэ не так даўно мы з захапленнем глядзелі на вуліцах адзін на аднаго.

Ці не надта хутка настала расчараванне ў тым ліку праз быццам бы неналежныя паводзіны? Або смутак і туга – нейкае прадвесце поспеху? Калі шчыра, пра такое не чуў.

Увогуле, ведаю нямала людзей, хто ў 2020-м не прапусціў ніводнага маршу (толькі не трэба пытацца хто, бо ўсё роўна не скажу). Дык вось, гэтыя людзі да цяперашняга часу знаходзяцца ў краіне і з болем рэагуюць на кожны новы выбрык тых, хто сілай захапіў уладу. Яны дакладна не перагарнулі старонку. І пры гэтым – сустракаюцца з сябрамі, сплаўляюцца на байдарках, гатуюць штосьці смачнае, ездзяць у Турцыю, каб перазагрузіцца. Наўрад ці вы пабачыце гэтых людзей у роспачы. Наадварот, яны энергічныя, бадзёрыя, дзейныя.

І што, іх за гэта папракаць?

Карацей, кожны паводзіць сябе, як яму хочацца. Мы не можам заглянуць унутр незнаёмых людзей, каб даведацца, што ў іх насамрэч на душы, нават калі яны весяляцца. А таму лепей арыентавацца па тых, каго вы ведаеце – па сваяках, сябрах, блізкіх. Ці многія з іх за мінулы год палюбілі Лукашэнку? Ці многія з іх пачалі лічыць, што катаваць і гвалтаваць зняволеных у вязніцах – гэта норм, як і фальсіфікаваць выбары? Можа, ёсць заўзятары, якія з большай павагай сталi ставіцца да футбольнага боса Базанава і спартыўнага так бы мовіць міністра Кавальчука?

Я такіх людзей не сустракаў. А вы?

Канешне, часам здараюцца выпадкі вострай неадпаведнасці, якія проста лупяць цябе па галаве. Носьбіты формы знішчаюць TUT.BY, важнейшы для незалежнай Беларусі медыярэсурс (шкада, калі хтосьці гэтага не ўсведамляе), а жонка Філіпенкі на гэтым фоне выбірае залаты столік. У дзень, калі становіцца вядома, што Івулін не выйдзе пасля адміністратыўнага арышту, і што яму будуць ляпіць крыміналку, яго таварыш з беларускага футбола Іван Бахар раскрывае пацанскі цытатнік і раіць часцей усміхацца новаму дню і казаць «кахаю» тым, каго кахаеш. Так, калі гэтыя бакі жыцця стаяць побач, то выглядаюць незразумела, недарэчна і нават ашаламляльна.

Але ці варта рабіць з гэтага маштабныя высновы? Можа, жонка Філіпенкі набывае сабе адзін залаты столік сабе, а грошы, якіх хапіла бы на яшчэ два столікі, пералічвае ў фонды салідарнасці. Раптам?

Той жа Бахар і так ужо славіў хейту больш чым хто ў белфутболе, хаця можна выказаць здагадку, што ён там дакладна не горшы чалавек. Так, зараз мы ведаем, што ён падпісаўся за Лукашэнку, але не ведаем чаму, і помнім, што перад выбарамі Іван не надта хаваў сваю пазіцыю, і яна была досыць празрыстай – за перамены. І пакуль няма падстаў лічыць, што яна разгарнулася на 180 градусаў. Ну а тое, што ён посціць у сацсетках…

Каму не бывала сорамна за тое, што ён рабіў у 22 гады?

Зразумела, што хейтам на свой бок нікога не перацягнеш і ні ў чым не пераканаеш. Хутчэй наадварот. Занадта маралізатарская пазіцыя пасуе хіба што Папе Рымскаму, але дакладна не «Трыбуне». Таму калі хтосьці пачаў нас лічыць занадта рыгарыстычнымі і занадта таксічнымі, мы пастараемся быць хаця б крыху весялейшымі.

А што рабіць, калі на душы балюча? Калі не можаш забыць палітвязняў, якіх за кратамі ўжо хутка будзе 600? Што рабіць з той злосцю, якая кіпіць, калі бачыш беззаконне?

Ну, дакладна не дасылаць праклёны кожнаму сустрэчнаму і не патрабаваць ад усіх, каб насілі жалобу. Так і мясцовым вар’ятам лёгка стаць, ад яго ўрассыпную будуць кідацца нават паплечнікі. Замест наракання на чужую абыякавасць лепш задаць сабе некалькі простых пытанняў, і плёну ад гэтага дакладна будзе болей. Ці ўсё я раблю, каб змяніць Беларусь да лепшага? Ці дапамагаю сем’ям, якія часова сталі няпоўнымі праз уладалюбства Лукашэнкі? Ці падтрымліваю словам або дзеяннем тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы? Пры пэўнай шчырасці досыць высокая верагоднасць, што атрымаецца цікавая споведзь перад самім сабой.

Ну а калі злосць не адпускае? Усё ж такі паспрабуйце крыху павесяліцца. Бо калі Беларусь жыве, то і нам усім варта жыць – і тым, хто за кратамі, і тым, хто аказаўся ў палоне без замкнёных дзвярэй.

Другие посты блога

Все посты