«Порою блажь великая»
Блог

А што б сёння рабілі Капскі і Салей? Цалкам дурны, але натуральны інтарэс

Вы ж таксама пра гэта думалі?

Я часта думаю пра памерлых. Не пра тых, хто яшчэ пры жыцці счарніў душу падтрымкай гвалту і злачынстваў, а пра рэальных памерлых. Хаця і наконт жывых, што ўжо не з намі, таксама хапае пытанняў. Адно з іх – а ці існуе ў Беларусі інстытут рэпутацыі? Ці мае ён для нас значэнне?

Гэта пытанне паўстае, калі я бачу, як Максім Недасекаў радуе сабой дзяцей. І калі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце ён сустракаўся з адборнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў чырвона-зялёных гальштучках, то ў правінцыяльных школах паглядзець на скакуна прыходзілі розныя вучні. Ці па ўласным жаданні? Ці ведаюць яны што пра Недасекава-грамадзяніна? А ці ведалі бацькі, што іх дзяцей будуць арыентаваць на такі прыклад? Арыентаваць на чалавека, які ўхваляе катаванні і нават збіццё брата Домрачавай успрымае як норму. Чалавека, які радуецца, што Ціманоўскую адхілiлі ад Алімпіяды за меркаванне і ледзьве не вывезлі сілай у Беларусь.

У Недасекава ёсць рэпутацыя. Але ці мае гэта значэнне для нашага грамадства?

Хаця нельга выключаць, што некаторыя бацькі адпраўляюць дзяцей на сустрэчу з Недасекавым асэнсавана і выключна з мэтай вывучэння антрапагенезу. Усё ж такі спартовец удала яднае чалавека сучаснага з мінуўшчынай праз безумоўную прыхільнасць да жорсткасці і праз спрыт у скачках (гэты навык вельмі дапамагаў нашым продкам у часы, калі яны ратаваліся ад небяспекі на дрэвах). У такім ракурсе Максім – цікавы хлопец без аніякіх пытанняў.

Але часцей я думаю пра сапраўдных памерлых. Пра тых, каго з намі фізічна ўжо няма, але хто да гэтага часу быццам бы прысутнічае ў беларускім спорце. Як Анатоль Капскі, якога не стала тры гады таму і ўва славу якога БАТЭ працягвае гуляць па сёння. Што б ён рабіў зараз, у такі неспакойны для краіны час?

Не аднойчы чуў меркаванне, што Капскі быў бы з Лукашэнкам, бо падтрымліваў яго пры жыцці і быў яго даверанай асобай напярэдадні выбараў-2010, якія таксама нічым добрым не скончыліся, а хутчэй атрымаліся лайт-рэпетыцыяй выбараў-2020. Тады Капскі не саромеўся сваёй пазіцыі, як і не хаваў таго, што вельмі паважае Уладзіміра Пуціна – актыўнага сябра ўсіх дыктатараў.

Тым не менш, у мяне хапае падстаў верыць у лепшае. Капскі ведаў, як дорага каштуе здароўе. Ён сам доўга змагаўся з дзіцячай траўмай, праз якую не мог хадзіць, а яшчэ з анкалогіяй ды іншымі хваробамі. Ці мог бы Капскі спакойна глядзець на тое, як беларусаў збіваюць у мяса гумовымі дручкамі і нявечаць светлашумавымі гранатамі? Як для палітычных да гэтага часу ствараюць нечалавечыя ўмовы ў ізалятарах, каб яны ўдзесяцёх у камеры на дваіх заражалі адзін аднаго каранавірусам, каб бамжыхі дзяліліся з астатнімі вошамі ды іншай трасцай.

Барысаўскія футблаісты заўжды лячыліся ў найлепшых нямецкіх і італьянскіх клініках. Бос БАТЭ сур’ёзна ставіўся да чужога здароўя (не думаю, што тут справа выключна ў бізнесе), як сур’ёзна ён ставіўся і да сямейных стасункаў. Ён ведаў жонак гульцоў, ведаў пра побытавыя абставіны. Калі хтосьці перажываў жыццёвыя складанасці, Капскі гэта заўважаў і падтрымліваў. Тут можна адшукаць адносна свежую гісторыю ад Слабадана Сімавіча, які да гэтага часу помніць увагу кіраўніка. І што, Капскі спакойна глядзеў бы на разбурэнне сотняў сямей, калі адны сядзяць, другія чакаюць, або калі ўсе разам кідаюць краіну і з’язджаюць за мяжу? Штосць я ў гэтым не ўпэўнены.

А яшчэ адраджэнец барысаўскага футбола дакладна цаніў свабоду слова, бо гаварыў па тэлефоне, напэўна, не меней за 10 гадзін у суткі. «Трыбуна» для яго магла быць прадузятай, неаб’ектыўнай, некампетэнтнай, але дакладна не экстрэмісцкай. Да журналіста Сашы Івуліна, які сядзіць у СІЗА ўжо больш за 100 дзён, Капскі ставіўся як да сына, пра што сам не аднойчы казаў. Андрэй, зводны Сашын «брат», маўчыць па любых нагодах. Але няўжо б маўчаў яго бацька? Хаця футбол у гэтым сэнсе ўмее здзіўляць. З Бахарам Саша ладзіў чэлендж, з Жукоўскім вудзіў рыбу, з Філіпенкам аджыгаў. І што? А нічога. Хаця прыклад Альшэўскага, пляменніка Капскага, паказвае, што можа быць па-рознаму.

Цяперака ўсе інтэрв’ю Анатоля Анатольевіча «Трыбуне», як і ўсе яго інтэрв’ю TUT.BY, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пасмяротна. У Беларусі і не такое бывае.

Яшчэ адзін несумненны аўтарытэт і для правых, і для левых, і для балотных цэнтрыстаў – Руслан Салей, яго мы таксама нядаўна ўзгадвалі на чарговую гадавіну гібелі яраслаўскага «Лакаматыва». А што б рабіў ён? Брат-бізнесовец гуляе ў начной лізе і мае доступ да цела, а многія сябры-таварышы па зборнай прысягнулі страўнікам рэжыму. Якія падставы лічыць, што Салей павёў бы сябе інакш?

Але Вольга Барабаншчыкава, якая сябравала з Расці, упэўненая, што павёў бы. Дакладна не стаў бы маўчаць. Але і Дзмітрый Баскаў, напрыклад, не маўчыць. Пры гэтым Салей шмат часу правёў у ЗША. Там па-ранейшаму жывуць яго жонка і дзеці. Цікава, як бы Руслан тлумачыў ім, што махляваць на выбарах – гэта добра, як і збіваць людзей? Вось жывеш ты ў ЗША, дзе ад паліцэйскіх звычайна не шарахаюцца і дзе да падліку галасоў ставяцца вельмі адказна, а пасля ўключаеш тэлевізар і бачыш жахі на Радзіме – і кажаш дзецям: «Ды норм, так і трэба. Цалкам падтрымліваю!»

Здаецца, такое немагчыма, але досвед жыцця за мяжой і жонка-замежніца не перашкаджае ігнараваць беззаконне ў Беларусі Міхаілу Грабоўскаму (яго бацька ўвогуле, здаецца, кайфуе), як і выказваць словы захаплення Баскаву, які адзін у адзін падобны да чалавека, які мае дачыненне да смерці Рамана Бандарэнкі.

Сяргей Рутэнка пажыў у Славеніі і Іспаніі, а Аляксандр Глеб – у Англіі і Нямеччыне. Немцы маглі яму і распавесці пра Ёзафа Гебельса і яго ролю ў фашысцкіх злачынствах, але для былога футбаліста прапагандысты Азаронак і Тур, якія апраўдваюць беларускі рэжым, – нармалёвая кампанія для баўлення часу і сумеснага фота.

Але ж лепей я даверуся Барабаншчыкавай. Бо заўжды хочацца, каб паважаныя табой людзі ў складаных сітуацыях былі з табой адной думкі. Але так хочацца не толькі мне, натуральна.

Навошта чапаць нябожчыкаў? Навошта іх прыплятаць да таго, што адбываецца зараз? Я і сам разумею, што гэта цалкам дурны занятак, прычым рызыковы, з вялікай верагоднасцю памыліцца, але скажыце шчыра – хто з вас гэтым не займаўся? Хто з вас не задаваўся пытаннем, а што б у цяперашніх абставінах рабіў бы Салей, маці якога нядаўна сказала, што ў 81 год марыць пра мір і спакой (што б гэта ні значыла)? А што Капскі? Няўжо па-ранейшаму падтрымліваў бы Лукашэнку і пайшоў бы на так званы УНС замест Андрэя?

Задавацца такімі пытаннямі – справа дурная, але і натуральная. Людзі пакінулі вялікі след у гісторыі беларускага спорту, яны – несумненныя аўтарытэты, і іх слова дорага каштавала. Яны мелі рэпутацыю, і рэпутацыя перажыла ўладальнікаў. Гэта таксама шмат аб чым сведчыць.

Наўрад ці праз колькі-колькі гадоў у нейкай складанай сітуацыі хоць хтосьці задасца пытаннем, а што б на яго месцы зрабіў Недасекаў.

Ну хіба што сам Максім.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные