Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/УЕФА стаў у адзін шэраг з АМАПам і ГУБАЗіКам, пры гэтым бос еўрафутбола добра ведае, што такое грамадзянская вайна

УЕФА стаў у адзін шэраг з АМАПам і ГУБАЗіКам, пры гэтым бос еўрафутбола добра ведае, што такое грамадзянская вайна

У адным акопе з Лукашэнкам.

9 октября 2021, 11:00
11
УЕФА стаў у адзін шэраг з АМАПам і ГУБАЗіКам, пры гэтым бос еўрафутбола добра ведае, што такое грамадзянская вайна

У адным акопе з Лукашэнкам.

Ну і каша заварылася ў Беларусі. Нажорыстая, але вельмі нясмачная – смярдзіць вар’яцтвам, жахам і пакутамі. І кашы так многа, што беларусам яе занадта. Можам пачаставаць-накарміць любога, нават калі той не просіць. Суседзі вось ужо некалькі месяцаў сёрбаюць з беларускага кацялка супраць волі. Ну а ў пятніцу да іх з вялізнай лыжкай па ўласнай ахвоце далучыўся Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый.

Ну што ж, сардэчна вітаем за нашым сталом!

Сатырык Міхаіл Задорнаў любіў называць амерыканцаў, каб пацешыць постсавецкую публіку, тупымі. Я нікога весяліць такім чынам не хачу, але на эмоцыях не магу падабраць іншых слоў. Ну не веру, што ва УЕФА працуюць настолькі тупыя функцыянеры, што не могуць разабрацца ў беларускім пытанні. Хаця б у тым, што датычыцца сцягоў і колераў. У прынцыпе, пытанне вельмі простае, асабліва для арганізацыі, якую ўзначальвае юрыст топ-узроўню (так, славенец Аляксандар Чэферын быў вельмі паспяховым адвакатам). Крыху пагугліць або замовіць аналітычную запіску ў даследчыкаў – усё ж такі з беларускай сімволікай УЕФА сутыкаецца не ўпершыню. Ды і ўвогуле крызіс у РБ досыць актуальны для Еўропы. Так, футбол можа быць па-за палітыкай, але ж не можа ён хавацца ад разумнага сэнсу.

Здаецца, на кантыненце, калі браць еўрапейскую яго частку, у асноўным склаўся кансэнсус: рэжым Лукашэнкі зляцеў са шпулек. Ці то неафашысцкі, ці то неасталінскі, але дакладна дыктатарскі – вось так яго характарызуюць і большасць з тых, хто ўнутры, і большасць з тых, хто звонку. Окей, яшчэ можна прыняць гатоўнасць УЕФА супрацоўнічаць хоць з Ганібалам Лектарам, каб развіваць футбол у пэўнай краіне, якая, так бы мовіць, трапіла ў зону турбулентнасці, але паслухмяна станавіцца інструментам, з дапамогай якога за мяжой ажыццяўляюцца рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў, – няўжо гэта так неабходна аўтарытэтнай футбольнай арганізацыі?

Магчыма, справа ў карпаратыўнасці, але ж карпаратыўныя стандарты, напэўна, варта цягнуць да вядучых чальцоў, а не апускаць да тых, чыё асноўнае дасягненне – рэгулярная генерацыя праблем і спрэчных сітуацый. Або Беларуская федэрацыя футбола мае нейкія спартыўныя дасягненні ці нейкія прарыўныя ідэі?

Штосьці пра такое я не чуў.

Затое чуў аб прымусе футбалістаў да падпісання ліста за Лукашэнку. Чуў, што бос АБФФ, каб падтрымаць дыктатара, удзельнічаў у пакатушках на роварах. Чуў, што дзяржава праз міністэрства спорту па шыю ў футбольных справах. Чуў пра дамоўныя матчы і шмат чаго яшчэ. Упэўнены, куды больш цікавага ўтрымлівае справаздача Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, якая прысвечана Дому футбола ў Мінску і ўжо накіравана ў Ньён. Хаця ўменню спартыўных функцыянераў ігнараваць відавочныя парушэнні і адхіленні ад правілаў могуць пазайздросціць нават дасведчаныя палітыкі.

Здаецца, нацыянальны каларыт ніяк не ўплывае на рэпутацыю беларускай федэрацыі ў вачах УЕФА. Беларусі, дзе колькасць палітычных зняволеных расце штотыдзень, давяраюць адборачны міні-турнір юнацкага Еўра-2021/22. Да функцыянераў АБФФ, мяркуючы па ўсім, прыслухоўваюцца, калі вырашаецца пытанне, з якім сцягам можна падтрымліваць зборную Беларусі, а з якім нельга. Тое самае з адзеннем – нават у гэтым пытанні без беларускай федэрацыі не разабрацца?

Хаця, ведаеце, у гэтым пытанні я магу і грашыць на АБФФ. УЕФА мае ўласныя правілы, якія дазваляюць выкарыстоўваць на матчах толькі афіцыйныя сцягі. Зроблена гэта, каб пазбегнуць канфліктных сітуацый. Ну, напрыклад, каб іспанцам не муляў вочы сцяг Каталоніі. Але адна справа – сцяг правінцыі, і зусім іншая – афіцыйны сцяг краіны, няхай і былы. У рэжыма Лукашэнкі да БЧБ хваравітае стаўленне. І ўжо хіба гэта павінна насцеражыць футбольных функцыянераў, бо ўсе ведаюць, які чалавек любіць называць чорнае – белым і наадварот. Калі УЕФА забараняе нацыянальны сцяг беларусаў па ўласнай ініцыятыве, ад душы, тым горш для арганізацыі. Як па мне, БЧБ заслугоўвае выключэння і асаблівага стаўлення са знакам плюс хаця б праз тыя ганенні, якім падвяргаецца дома (можа запытаць у мэра Рыгі, што ды як).

Што да ролі АБФФ, то калі ў Германіі сцюарды ладзілі паляванне на людзей з БЧБ і «Пагоней» на шаліках, яны спасылаліся на актыўнасць беларускай федэрацыі. Не бачу падстаў, каб думаць, што гэтым разам нешта адбывалася інакш (ну вось хто дадумаўся ў Нямеччыне ўнесці нацыянальную каштоўнасць герб «Пагоню» у пералік забароненай сімволікі? Немцы?).

Ох, гэтая неверагоднасць. Нават у прымусовай эміграцыі не можам пазбавіцца ад сумнеўнага выхавання, што бясплатна дручком атрымалі на Радзіме. А ці можна на стадыён з бел-чырвона-белым сцягам? А можна ў бела-чырвоным адзенні? Дзіўна, што ва УЕФА не ацанілі далікатнасці гэтых пытанняў беларускіх заўзятараў напярэдадні матча ў Таліне. Гэта насамрэч шмат чаго пра нас гаворыць. Мы паважаем парадак, закон, паважаем ажно занадта (бачыце, якія экстрэмісты!), а ў адказ – такое стаўленне. Не пушчаць, таму што гэта можа знерваваць людзей, якіх Лукашэнка прызначыў руліць футболам у Беларусі. А раптам яны адмовяцца класці штучныя футбольныя газоны на чужы рахунак? Нельга так рызыкаваць.

Калі ўжо УЕФА узяўся за каларыстыку, то як там церпяць чырвона-белых палякаў на трыбунах? Гэта спалучэнне, калі быць паслядоўным, уяўляе небяспеку для ўсіх народаў свету. Або толькі беларусы млеюць ад яго? У літоўцаў – «Пагоня», таксама непарадак. А што рабіць з ірландцамі? Нацыянальным сцягам маюць трыкалор, а самі ходзяць у смарагдавых футболках – гэта ж неяк падазрона. Колеры сцягу і адзення не б’юцца, але ж нічога, і ірландцы, і УЕФА з гэтым неяк жывуць.

Праз сваё нежаданне разбірацца ў сітуацыі (яшчэ раз падкрэсліваю, што ў тупасць футбольных функцыянераў я не веру) УЕФА стаў на адну прыступку з арганізацыямі, прызнання якіх тэрарыстычнымі не адзін месяц дабіваюцца беларусы, пацярпелыя ад катаванняў. І падстаў для такіх захадаў хапае, проста сітуацыя занадта ўжо нетыповая. Ці то дзякуючы настойлівасці АБФФ, ці то ў імя сваіх дакументаў УЕФА зараз нічым не адрозніваецца ад АМАПа і ГУБАЗіКа, якія кідаюць людзей за краты праз колер адзення, не такі позірк, лішняе пытанне. Футбольныя функцыянеры пакуль ужываюць больш мяккія рэпрэсіі, але, магчыма, ім яшчэ не расказалі, што можна інакш. Дзябёлыя хлопцы ў балаклавах, гэтыя Іваны Івановы гатовыя да камандзіровак у еўрапейскія краіны. Папрасіце майстар-клас – вам не адмовяць, і будзе ў выніку «очэнь інцерэсна».

УЕФА ўмее ігнараваць нязручныя пытанні. «Трыбуна» ўжо не раз цікавілася ў арганізацыі і пра колеры адзення, і пра сцягі, і пра тое, чаму ў Беларусі на падставе палітычных матываў пазбаўляюць акрэдытацыі журналістаў. Адказы з Ньёну прыходзяць вельмі рэдка, прычым звычайна вельмі сухія, але нам нескладана. Мы абавязкова яшчэ раз пацікавімся ва УЕФА, што яны робяць і чаму, і хто іх гэтаму навучыў.

Ну там жа не тупыя людзі працуюць, ну!

Прыкра ад таго, што юрыст Чэферын добра ведае, што такое грамадзянская вайна. У свой час ён у шэрагах славенскага войска вырываўся з югаслаўскіх абдымкаў. Дык вось, што такое грамадзянская вайна, шэф УЕФА ведае, але, магчыма, не зусім ўяўляе, якой яна можа быць. Гэта ж не абавязкова стрэлы і танкі. Вынішчэнне іншадумства, татальныя рэпрэсiі ў дачыненні да большай часткі грамадства – так, гэта відавочнае вычварэнства, аднак і такое бывае. Нават у Еўропе XXI стагоддзя.

На гэтую вайну Чэферын выправіўся добраахвотнікам. І трэба ж – апынуўся ў адным акопе з Лукашэнкам (палкоўнік Базанаў, падайце гранатамёт!).

Так, беларуская каша – страва для асаблівых гурманаў.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты